Панядзелак, 11 Люты 2013 14:43

2 лютага 2013 г. – 175 гадоў з дня нараджэння Кастуся (Канстанцiна Вiкенцiя Сямёнавiча) Калiноўскага (1838, Гродзенскi пав. – 1864), рэвалюцыянера-дэмакрата, аднаго з кiраўнiкоў паўстання 1863–1864 гг., мыслiцеля, публiцыста, паэта

Канстанцiн Калiноўскi нарадзiўся 2 лютага (па старым стылi 21 студзеня) 1838 года ў в. Мастаўляны Гродзенскага павета (цяпер тэрыторыя Польшчы).

{gcontent}Род Калiноўскiх паходзiць з Мазовii (Польшча), дзе ўспамiнаецца з канца ХV ст. Бацька быў беззямельным шляхцiчам з Гродна, валодаў невялiкай ткацкай мануфактурай, дзе выраблялiся абрусы i сурвэткi. Мацi памерла, калi Кастусю было пяць год. У Кастуся было 11 братоў i сясцёр, якiя, якрамя Вiктара, памерлi ў дзяцiнстве. Мачаху не прыняў, канфлiктаваў з ёю i дарослым. Прыкладна ў 1850 годзе сям’я Калiноўскiх пераехала ў невялiкi фальварак Якушоўка Ваўкавыскага павета.

Паспяхова скончыў Свiслацкае павятовае вучылiшгча ў 1855 годзе. Гэта навучальная ўстанова ў невялiкiм гарадку была адзiнай прагрэсiўнай школай на тагачаснай Гродзеншчыне. Тут панавалi свабодалюбства i вольны абмен думкамi пра будучыню Бацькаўшчыны. У 1855 годзе 17-гадовы Канстанцiн Калiноўскi стаў студэнтам Маскоўскага ўнiверсiтэта, але праз паўгода паехаў услед за братам у Пецярбург. Вучыўся на юрыдычным факультэце Пецярбургскага ўнiверсiтэта, якi скончыў у 1860 годзе. Вучыўся ён увогуле няблага. Па беднасцi быў вызвалены ад платы за навучанне, але ледзь зводзiў канцы з канцамi. Разам са старэйшым братам Вiктарам (памёр ад сухотаў в 1862 г.) Калiноўскi актыўна ўдзельнiчаў у студэнцкiх зямляцтвах i рэвалюцыйных гуртках. Светапоглад К. Калiноўскага складваўся ў абставiнах узрастання сялянскага руху, пад уплывам iдэй рускiх радыкальна настроеных публiцыстаў М. Г. Чарнышэўскага, А. I. Герцэна.

У пачатку 1861 года вярнуўся ў Беларусь з мэтай падрыхтоўкi ўзброенага паўстання. У 1861–1862 годах стварыў у Гродне i Гродзенскай губернii шэраг нелегальных рэвалюцыйных арганiзацый, каардынаваў сваю дзейнасць з рэвалюцыйнымi сiламi Польшчы. Адзiн са стваральнiкаў восенню 1861 года Камiтэта руху – арганiзацыйнага цэнтра “чырвоных” па падрыхтоўцы паўстання. З кастрычнiка 1862 года – старшыня Лiтоўскага правiнцыяльнага камiтэта.

1 лютага 1863 года ўзначалiў Часовы правiнцыйны ўрад Лiтвы i Беларусi. У сакавiку 1863 года адхiлены “белымi” ад кiраўнiцтва i накiраваны на пасаду рэвалюцыйнага камiсара Гродзенскага ваяводства. Са жнiўня 1863 года зноў на чале ўзброеннай барацьбы ў Лiтве i Беларусi, старшыня Выканаўчага аддзела Лiтвы. Не атрымаўшы шырокай падтрымкi ў народзе, не маючы адзiных канкрэтных мэт, не адчуўшы дапамогi i з боку заходнiх дзяржаў, паўстанцы не маглi супрацьстаяць магутнай царскай армii. У сярэдзiне мая 1863 года пачалося фiзiчнае падаўленне паўстання. Па афiцыйных даных, у Беласрусi i Лiтве 128 чалавек былi пакараны смерцю, 12483 – адпраўлены на катаргу i на пасяленне ў Сiбiр, арыштанцкiя роты i гэтак далей. Канстанцiн Калiноўскi ў лютым 1864 года арыштаваны, паводле рашэння ваенна-палявога суда 22 сакавiка павешаны на Лукiшскай плошчы ў Вiльнi.

К. Калiноўскi адзiн з выдаўцоў, аўтар i рэдактар газеты для сялян на беларускай мове “Мужыцкая праўда”. На працягу лiпеня 1862 – красавiка 1863 гадоў выйшла сем нумароў. Пiсаў пад псеўданiмам “Яська-гаспадар з-пад Вiльнi”. У 1863–1864 гадах К. Калiноўскiм выдавалiся таксама газеты “Choragiew swobody” (“Сцяг свабоды”), “Glos z Litwy” (“Голас з Лiтвы”), на старонках якiх праводзiлiся iдэi сацыяльнай i нацыянальнай свабоды, неабходнасцi аб’яднання беларускiх i лiтоўскiм зямель у суверэнную дзяржаву. Выступаў у абарону унiяцтва, супраць прымусовага пераводу беларускiх сялян у праваслаўе. З публiцыстычнай дзейнасцю К. Калiноўскага звязана развiццё ў Беларусi рэвалюцыйнага дэмакратызму. Садзейнiчаў станаўленню беларускай лiтаратурнай мовы. Этапнай з’явай у гiсторыi беларускай лiтаратуры сталi яго публiцыстыка (“Лiсты з-пад шыбенiцы”) i вершы (“Марыська, чарнаброва галубка мая”, прысвечаны Марыi Ямант, i “Калi за нашу праўду Бог нас стаў караць” – развiтанне з беларускiм народам). Пераклаў на беларускую мову з польскай рэвалюцыйныя песнi (мазурка Дамброўскага “Яшчэ Польшча не загiнула” i iнш.).

На аснове шматлiкiх ацэнак асобы i дзейнасцi К. Калiноўскага гiсторыкi малююць абагульнены партрэт. Сучаснiкi адзначалi, што росту ён быў вышэй сярэдняга, шаракаплечы, моцнага складу. Знешне ў iм бачылася духоўная прыгажосць: ён адкрыты, шчыры, чэсны, свабодалюбiвы, даверлiвы, меркаваў пра людзей па сабе. Умеў знаходзiць з усiмi агульную мову, камунiкабельны i таварыскi, у яго было шмат сяброў, але сяброўства з iм часам прыносiла нечаканасцi i непрыемнасцi. Ён адкрыта ставiў задачу весцi за сабой iншых, валодаў яркiм, магнетычным узхдзеяннем на асобных людзей. Вельмi эмацыянальны, нярэдка браў нахрапам, iмкнуўся быць i быў аўтарытэтам для многiх суайчыннiкаў. Паддаваўся страшнаму ўплыву iдэй, што западалi ў душу, i быў адданы высокай iдэi, у iмя якой, як фанатык, гатовы быў ахвяраваць усiм, нават жыццём. Ведаў, чаго хоча, запаляў сваёй iдэяй iншых. Меў выдатныя арганiзатарскiя якасцi, з поспехам займаўся адмiнiстрацыйнай дзейнасцю, але не навiдавоку. Умеў марыць i будаваць грандыёзныя планы i задумы, якiя з-за ўтапiчнасцi не маглi збыцца. Пачуццёвы, але схiльны да кахання-сяброўства, на аснове знешне раўнапраўных адносiнаў, аднак меркаванне каханай не браў у разлiк.

Вобраз слыннага сына нашай Бацькаўшчыны, якiя стаяў на варце яе iнтарэсаў у адзiн з самых складаных, лёсавызначальных i супярэчлiвых перыядаў гiсторыi, сфармiраваны i абгрунтавана выведзены ў даследаваннях вучоных, у свядомасцi беларускага народа. Вобраз Кастуся Калiноўскага шырока адлюстраваны ў розных вiдах мастацтва. Створаны спектаклi, мастацкi фiльм, опера, балет, паэмы i аповесцi. У г. п. Свiслач Гродзенскай вобласцi ў 1958 годзе яму пастаўлены помнiк (скульптар З. Азгур). Яго iмянем названы вулiцы ў Мiнску, Брэсце i iншых гарадах.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

{/gcontent}

  1. Калiноўскi, К. За нашую вольнасць : творы, дакументы / Кастусь Калiноўскi ; уклад., прадм., паслясл., пераклады i камент. Г. Кiсялёва. Мiнск : Беларускi кнiгазбор, 1999. 459 с.
  2. Калиновский Кастусь // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. Минск, 2006. Т. 3. С. 846.
  3. Калiноўскi Кастусь // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мiнск, 1998. Т. 7. С. 470–471.
  4. Кастусь Калiноўскi : бiблiяграфiчны паказальнiк / БДУ ; склад. Л. С. Бункевiч, В. Ф. Шалькевiч. Мiнск, 2000. 84 с.
  5. Чаропка, В. Дыктатар Лiтвы. Канстанцiн Калiноўскi // Чаропка, В. Лёсы ў гiсторыi / Вiтаў Чаропка. Мнск : Беларусь,2005. С. 535–556.
  6. Запрудскi, I. Беларускi сiндром i асоба Кастуся Калiноўскага // Полымя. 2008. № 2. С. 129–136.
  7. Гронский, А. Д. Кастусь Калиновский: конструирование героя : [полемическая трактовка образа известной исторической личности] / А. Д. Гронский // Беларуская думка. 2008. № 2. С. 82–87.
  8. Гронский, А. Д. Конструирование героя: Кастусь Калиновский / А. Д. Гронский // Свободная мысль. 2008. № 6. С. 157–164.
  9. Мяснiкоў, А. I ўсё ж ён герой : [працяг дыскусii аб ролi К. Калiноўскага ў айчыннай гiсторыi (Беларуская думка. 2008. № 2)] / А. Мяснiкоў // Беларуская думка. 2008. № 11. С. 104–110.
  10. Радзiк, Р. Канстанцiн Калiноўскi ў святле дакументаў / Р. Радзiк // ARCHE. 2009. № 5. С. 119–130.
  11. Гетман, I. У. Вобраз К. Калiноўскага ў заходнебеларускай лiтаратуры / I. У. Гетман // Паўстанне 1863 года i яго гiстарычнае значэнне : матэрыялы мiжнароднай навуковай канферэнцыi. Брэст, 10–11 кастр. 2003. Брэст, 2004. С. 129–133.
  12. Дубовiк, А. А. Асоба i дзейнасць К. Калiноўскага ў беларускай крытыцы : [канец ХХ – пачатак ХХI ст.] / А. А. Дубовiк // Весцi НАН Беларусi. Серыя гуманiтарных навук. 2006. № 4. С. 99–104. Бiблiягр. – 16 назв.
  13. Шалькевiч, В. Вiкенцiй Канстанцiн Калiноўскi (1838–1864) / В. Шалькевiч // Славутыя iмёны Бацькаўшчыны : зборнiк. Вып. 2 / пад рэд. А. Грыцкевiча. Мiнск, 2003. С. 207–218.
  14. Трызна, I. Канстанцiн Калiноўскi : [гiстарычны нарыс] / I. Трызна // Беларускi гiстарычны часопiс. 2003. № 7. С. 12–20.
  15. Авакян, Г. С. Змагар за народнае шчасце : [К. Калiноўскi] // Авакян, Г. С. Палiтычныя мыслiцелi i гуманiсты Беларусi / Г. С. Авакян. Мiнск, 2002. С. 70–77.
  16. Чаропка, В. Яська – гаспадар з-пад Вiльнi / В. Чаропка // Маладосць. 2007. № 4. С. 137–141.
  17. Жлоба, С. П. Национальный вопрос в публикациях и выступлениях К. Калиновского / С. П. Жлоба // Паўстанне 1863 года i яго гiстарычнае значэнне : матэрыялы мiжнароднай навуковай канферэнцыi. Брэст, 10–11 кастр. 2003. Брэст, 2004. С. 14–19.
  18. Борсук, Н. М. Постацi К. Калiноўскага ў асэнсаваннi сучаснай беларускай паэзii: [у т. л. творы М. Пракаповiча, А. Каско, Р. Баравiковай, Н. Мацяш] / Н. М. Борсук // Тадэвуш Касцюшка i яго час : матэрыялы мiжнароднай канферэнцыi, прысвечанай 210-годдзю паўстання пад кiраўнiцтвам Т. Касцюшкi. Брэст, 2004.
  19. Чэчат, А. Вывучэнне бiяграфii i творчасцi Кастуся Калiноўскага / А. Чэчат // Роднае слова. 2006. № 10. С. 41–44.
  20. Згрундо, I. “Каго любiш? Люблю Беларусь!” : урок па тэме “Кастусь Калiноўскi”, IХ клас / Iрына Згрундо // Роднае слова. 2008. № 2. С. 27–30.
  21. Киштымов, А. Л. Симон Калиновский – отец повстанца : штрихи к биографии / А. Л. Киштымов // Паўстанне 1863 года i яго гiстарычнае значэнне : матэрыялы мiжнароднай навуковай канферэнцыi. Брэст, 10–11 кастр. 2003. Брэст, 2004. С. 36–40.
  22. Целеш, Л. Крыжаванка “Юбiлей Кастуся” : (да 170-й гадавiны з дня нараджэння К. Калiноўскага) / Л. Целеш // Беларускi гiстарычны часопiсы. 2008. № 2. С. 74–75.
  23. Лободенко, Г. Кастусь / Г. Лободенко // Женский журнал. 2012. № 8. С. 33–40.
Чытаць 1401 разоў Апошняя змена Аўторак, 12 Май 2020 15:46