Пятніца, 02 Красавік 2021 09:16

21 жніўня 2021 г. — 65 гадоў з дня стварэння Брэсцкай абласной сельскагаспадарчай вопытнай станцыі (Пружанскі р-н; 1956)

На базе саўгаса «Белавусаўшчына» Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці 21 жніўня 1956 г. была створана Брэсцкая дзяржаўная абласная сельскагаспадарчая станцыя, падначаленая Дзяржаўнаму аграпрамысловаму камітэту БССР. З 1986 г. з’яўлялася галаўной арганізацыяй Брэсцкага навукова-вытворчага аб’яднання па сельскай гаспадарцы.

 

У складзе станцыі былі аддзелы: земляробства, лугавой і палявой кормавытворчасці, насенняводства і сартавой агратэхнікі сельскагаспадарчых культур, жывёлагадоўлі, плодабульбаводства, эканомікі, навукова-тэхнічнай інфармацыі, лабараторыя біяхімічных аналізаў.

Асноўныя задачы і напрамкі навукова-даследчай і вытворчай работы: удасканаленне і распрацоўка тэхналогій вырошчвання зернявых, зернебабовых, крупяных, пладовых культур і бульбы; арганізацыя іх пярвічнага насенняводства; селекцыя фасолі; распрацоўка эфектыўных метадаў стварэння і выкарыстання сенажацяў і паш; удасканаленне тэхналогій вытворчасці малака і вырошчванне маладняка буйной рагатай жывёлы; прапаганда і ўкараненне ў сельскагаспадарчую вытворчасць дасягненняў навукі і перадавога вопыту.

За першыя трыццаць гадоў дзейнасці станцыя рэалізавала ў калгасах і саўгасах вобласці 70 936 т элітнага насення зернявых, зернебабовых і крупяных культур, укараніла ў сельскагаспадарчую вытворчасць 5 вынаходніцтваў і 46 рацыяналізатарскіх прапаноў з эканамічным эфектам 506 тыс. рублёў. Вывучыла і рэкамендавала вытворчасці лепшыя травасумесі для сухадольных лугоў і спосабы іх вырошчвання, тэрміны, нормы высеву і дозы мінеральных угнаенняў для зернявых і зернебабовых культур; вывела сорт фасолі «Мотальская белая» і распрацавала тэхналогію яе вырошчвання; удасканаліла індустрыяльныя тэхналогіі вырошчвання і ўборкі бульбы і цукровых буракоў. Стварыла статак кароў чорна-пярэстай пароды з надоем малака ад кожнай каровы 4300 кг у год (тлустасць 3,7 %). Адабрала лепшыя клонавыя падвоі яблыні для садоў інтэнсіўнага тыпу.

Вытворчая эксперыментальная база станцыі размешчана ў аг. Белавусаўшчына. Дырэктарамі базы ў 1960–1970-я гг. былі Валянцін Мінавіч Карака, Іван Андрэевіч Трафімчук. Галоўны офіс станцыі пабудаваны ў Пружанах (вул. Урбановіча, 5). На 1986 г. на станцыі працавалі 20 кандыдатаў навук.

Шэраг работнікаў станцыі за дасягнутыя поспехі ў сельскагаспадарчай вытворчасці ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. Даярка эксперыментальнай базы «Белавусаўшчына» Яўгенія Андрэеўна Мелісевіч (1914–1987) за атрыманне высокіх надояў малака 22 сакавіка 1966 г. удастоена ганаровага звання Героя Сацыялістычнай Працы. Даярка Марыя Рыгораўна Макарчук (1922–?) атрымала званне Героя Сацыялістычнай Працы 8 красавіка 1971 г. Начальнік участка базы Яфрэм Паўлавіч Святы ўзнагароджаны ордэнам Леніна (1975). Галоўнаму аграному базы Ганне Раманаўне Шантаровіч у 1986 г. прысвоена званне «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі БССР».

З 2001 г. абласная вопытная станцыя — Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства. У 2002 г. станцыя ўвайшла ў структуру Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Цяпер гэта РУП «Брэсцкая вопытная сельскагаспадарчая станцыя НАН Беларусі». Дырэктар — Уладзімір Рыгоравіч Цімошчанка, кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт. Намеснік дырэктара па навуцы — Віктар Мікалаевіч Халецкі. Вучоны сакратар — Алена Міхайлаўна Чырко, кандыдат сельскагаспадарчых навук.

Прадпрыемства аказвае садзеянне гаспадаркам па вырошчванні сельскагаспадарчых культур, па складанні тэхналагічных карт, выкарыстанні ўгнаенняў і сродкаў абароны раслін. Праводзіць маніторынг росту сельскагаспадарчых культур і пры неабходнасці карэкціроўку элементаў тэхналогіі з улікам пагодных умоў. На палях вопытнай станцыі праводзяцца семінары па пытаннях насенняводства, агратэхнікі і абароны раслін.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Брестская областная сельскохозяйственная опытная станция Национальной академии наук Беларуси / В. Н. Халецкий // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 150.
  2. Сельскохозяйственная опытная станция // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 327.
  3. Макарчук Марыя Рыгораўна. Мелісевіч Яўгенія Андрэеўна // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Пружанскага раёна. Мінск, 1992. С. 420.
  4. Мелісевіч Яўгенія Андрэеўна // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 419.
  5. Макарчук Марыя Рыгораўна // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 390.
  6. Шантаровіч Ганна Раманаўна // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Пружанскага раёна. Мінск, 1992. С. 428.
  7. Святой Яфрэм Паўлавіч // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Пружанскага раёна. Мінск, 1992. С. 424.
  8. Липович, А. Через всю жизнь : [очерк о Е. А. Мелисевич] / А. Липович // Звезды земные. Минск, 1978. С. 213–216.
  9. Туров, В. Все семь цветов : [очерк о М. Г. Макарчук] / В. Туров // Звезды земные. Минск, 1978. С. 174–180.
  10. Муха, Ф. Достойный пример : [о работе механизаторов ОАО «Экспериментальная база Белоусовщина“» Пружанского района/ Федор Муха // Заря. 2020. 4 января. С. 19.
  11. Ганчук, А. Увосень — работ восем : [на базе ААТ «Эксперыментальная база „Белавусаўшчына“» і ААТ «Шані-аграпрадукт» Пружанскага раёна прайшоў абласны сельскагаспадарчы семінар-нарада] / Мікола Архуцік // Народная трыбуна. 2013. 30 жніўня (№ 35). С. 3.
  12. Тоболич, А. О фермах, кукурузе и сахарной свекле : [итоги областного семинара-совещания, который состоялся в Пружанском районе по вопросам организации уборки кукурузы и сахарной свеклы/ Адам Тоболич ; фото Валерия Короля // Заря. 2013. 29 августа. С. 3.
  13. Архуцiк, М. Трывалая база : экперыментальная база «Белавусаўшчына» — адна з найбольш эканамічна моцных гаспадарак у раёне / М. Архуцік // Раённыя буднi. Пружаны, 2005. Май. Спецвыпуск.
Чытаць 156 разоў