Серада, 07 Красавік 2021 11:51

2021 г. — 140 гадоў з часу пабудовы Свята-Ільінскай царквы ў в. Велямічы (Столінскі р-н; 1881), помніка народнага драўлянага дойлідства

Свята-Ільінская царква пабудавана ў 1881 г. у вёсцы Велямічы Мазырскага павета Мінскай губерні (цяпер Столінскага раёна Брэсцкай вобласці) на месцы царквы 1724 г., якая была невялікай (65 кв. м) і патрабавала капітальнага рамонту.

 

Новая царква ў гонар святога прарока Іліі пабудавана з дрэва. Квадратны ў плане асноўны аб’ём, бабінец і 5-гранная алтарная апсіда з дзвюма невялікімі рызніцамі абапал алтара ўтварылі
3-зрубную глыбінна-прасторавую кампазіцыю. Асноўны аб’ём пры дапамозе ветразей пераходзіць ў 2-ярусны верх «васмярык на чацверыку», апсіда і бабінец увянчаны 8-граннымі вярхамі з гранёнымі барочнымі купалкамі складанай формы.

У 1888 г. да асноўнага аб’ёму далучаны бакавыя прыбудовы, увянчаныя васьмерыковымі вярхамі. У выніку царква атрымала 5-купальную крыжова-цэнтрычную кампазіцыю. Плошча храма — 280 кв. м.

Сцены вертыкальна ашаляваны (цяпер афарбаваны ў блакітны колер), умацаваны лапаткамі, вокны прамавугольныя (у апсідзе — крыжовае). З боку галоўнага фасада 3 тамбуры ўваходаў у бабінец і бакавыя прыбудовы накрыты 2-схільнымі дахамі з франтонамі.

Цэнтральнае месца ў інтэр’еры займае галоўны 3-ярусны аб’ём, злучаны шырокімі праёмамі з 2-ярусным бабінцам, апсідай і бакавымі прыбудовамі. Іканастас трох’ярусны, у ім 29 ікон. Захавалася Евангелле 1798 г.

На паўднёвы захад ад царквы стаіць 3-ярусная зрубна-каркасная званіца (васьмярык на двух чацверыках), накрытая шатровым дахам. У званіцы былі 4 званы: 10 і 6 пудоў, 3 пуды і 1 пуд.

З 1875 г. настаяцелем прыхода быў Іаан Каржанеўскі, выпускнік Мінскай духоўнай семінарыі, які адслужыў тут больш за 37 гадоў. Царква мела 60 дзесяцін зямлі: палі, сенакос, лес. У прыход уваходзілі Велямічы і Альпень (у Альпені ў 1888 г. пабудавана свая царква). У Велямічах у 1886 г. было 95 двароў, 530 жыхароў. Паводле перапісу 1897 г. — 161 двор, 1234 жыхары, царкоўна-прыходская школа, карчма, хлебазапасны магазін. З 1875 г. дзейнічала царкоўна-прыходская школа, у якой навучаліся 20 хлопчыкаў. У 1911 г. вучыліся 114 дзяцей, з іх 17 дзяўчынак. У 1934 г. у прыходзе былі дзве школы, у якіх навучаліся 458 вучняў.

У час Вялікай Айчыннай вайны два званы са званіцы Свята-Ільінскай царквы былі зняты, каб захаваць ад ворага, затоплены ў возеры Сіяцы, але дасюль не знойдзены. У 1943 г. нямецка-фашысцкія акупанты разрабавалі і спалілі вёску, загубілі 16 жыхароў.

У 1953 г. настаяцелем стаў айцец Іакаў (Якаў Рыгоравіч Каляда, ураджэнец в. Рубель, выпускнік Пінскага духоўнага вучылішча, у 1959 г. скончыў завочны сектар Ленінградскай духоўнай семінарыі), які вельмі любіў музыку, меў выдатны слых і голас (барытон). Нотную грамату вывучаў самастойна, таму запісы музыкі, якія засталіся пасля яго, цяпер немагчыма расшыфраваць. Новы настаяцель стварыў моцны царкоўны хор з 60 чалавек, што стала з’явай для беларускага вясковага жыцця, асабліва, калі ўлічыць савецкі атэістычны час. Жыхары вёскі прыходзілі на рэпетыцыі позна ўвечары, старанна развучвалі псалмы, канты, песнапеннi, духоўныя песні. Хор выконваў каля 75 твораў.

З 1990 г. настаяцелем служыць іярэй Іаан Цімафеевіч Пешка. З 2009 г. у храме праводзіліся рамонтныя работы: рэканструкцыя даху, афарбоўка фасада, рамонт купалаў, устаноўка каванай агароджы. Свята-Ільінская царква — помнік Палескай школы драўлянага народнага дойлідства з рысамі барока. Прастольнае свята — 2 жніўня. Метрычныя кнігі Свята-Ільінскай царквы за 1786–1808 гг. і часткова за некаторыя наступныя гады захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Веляміцкая Ільінская царква // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 70.
  2. Веляміцкая Ільінская царква // Культура Беларусі : энцыклапедыя : у 6 т. Мінск, 2011. Т. 2. С. 247–248.
  3. Велемичская Ильинская церковь // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 227.
  4. Царква ў імя святога прарока Іліі : [в. Велямічы] // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 74.
  5. Велемичская Свято-Ильинская церковь // Туристская энциклопедия Беларуси / сост.: Л. В. Ловчая, Т. И. Жуковская. Минск, 2007. С. 82.
  6. Ильинская церковь : [д. Велемичи] / Ю. А. Якимович // Свод памятников истории и культуры Белоруссии, Брестская область. Минск, 1990. С. 385.
  7. Веляміцкая Ільінская царква // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 594–595.
  8. Густова, Л. А. Музыкально-певческая культура Православной Церкви Беларуси / Л. А. Густова. – Минск : «Бестпринт», 2006. – 167 с.
  9. Густова, Л. А. Духовно-нравственные аспекты творчества церковного музыканта : [Яков Григорьевич Коляда/ Л. А. Густова // Вопросы искусствоведения, этнологии и фольклористики / Институт искусствоведения, этнографии и фольклора имени К. Крапивы НАН Беларуси. Минск, 2011. Вып. 10. С. 161–165.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 553 разоў