Серада, 07 Красавік 2021 12:10

2021 г. — 115 гадоў з часу брэсцка-пружанскіх выступленняў сялян (1906) у перыяд Рускай рэвалюцыі 1905–1907 гг.

У перыяд Рускай рэвалюцыі 1905–1907 гг. рэвалюцыйны пад’ём Гродзенскай губерні быў меней заўважным у параўнанні з Мінскай і Віленскай. Сяляне Брэсцкага і Пружанскага паветаў Гродзенскай губерні пад уплывам рэвалюцыйнай прапаганды выступалі супраць землеўладання памешчакаў. Асаблівай актыўнасцю былі адзначаны выступленні падзёншчыкаў і батракоў у Пружанскім павеце.

 

У другой палове лістапада 1905 г. у Пружанскім павеце пачаўся ўздым сялянскага руху. Сяляне спынялі працу, цэлымі вёскамі ішлі ў панскія маёнткі і патрабавалі аддаць зямельныя ўгоддзі, павысіць заработную плату. Спынілі працу 12 вінакурных заводаў, рабочыя патрабавалі павысіць зарплату. Як форма барацьбы супраць памешчыкаў, сяляне высякалі лес у маёнтках Хойнікі, Мікіцічы, Сухопаль. У снежні губернскія ўлады накіравалі ў павет значныя ваенныя сілы — 5 рот пяхоты і эскадрон кавалерыі. Аднак выкарыстаць зброю губернатар Іван Львовіч Блок не адважыўся, бо сярод салдат назіраліся пасіўныя адносіны да загадаў.

З мая 1906 г. падзёншчыкі і батракі патрабавалі ад памешчыкаў павялічыць плату за падзённыя сельгасработы, не дапускалі да працы штрэйбрэхераў. Сяляне паслі сваю жывёлу на памешчыцкіх землях маёнткаў Іолін, Зіновіль, Кабакі, Каралін, Ківацічы, Лінова, Ліноўка, Нікіцічы, Обержа, Шэні, Белавусаўшчына. Да ліпеня 1906 г. з 19 валасцей Пружанскага павета хваляванні ахапілі 11.

Для падаўлення сялянскіх выступленняў улады накіравалі ў Пружанскі павет 5 эскадронаў кавалерыі і 12 рот пяхоты. З прыбыццём войск пачаліся арышты сялян, штодня ў пружанскую турму прыводзілі па 30-40 чалавек. Аднак задушыць сялянскі рух было няпроста. Жыхары шэрага вёсак аказалі войскам супраціўленне, былі забітыя і раненыя, многія арыштаваны.

Сялянскія выступленні нарасталі ў Брэсцкім павеце, асабліва вакол Камянца. Забастоўкі прайшлі ў маёнтках Лышчыцы, Высока-Літоўск, Тумін, Антонін, Баранкі, Лісоўшчыцы, Сухоўшчына, Лумна, Ставы, Прытулкі, Вістычы Брэсцкага павета. Сяляне патрабавалі павышэння платы за сваю працу, самавольна пасвілі жывёлу на памешчыцкіх угоддзях, страўлівалі пасевы, сяклі лес.

24 чэрвеня 1906 г. сяляне в. Барадзёўка (Бардзёўка) Брэсцкага павета (цяпер Камянецкага раёна) накіраваліся ў маёнтак Сухоўшчызна (Сукаўшчызна) графіні М. Патоцкай, каб вывесці з поля батракоў, якія за нізкую плату касілі памешчыцкае жыта. Эканом звярнуўся за дапамогай да ваенных з 194-га пяхотнага рэзервовага Мсціслаўскага палка. Капітан Мікалай Міхайлавіч Гніласыраў з 4-й роты загадаў сялянам разысціся, але яны не паслухаліся. Сяляне не верылі, што ў іх стануць страляць, і пайшлі насустрач салдатам, якія па камандзе капітана адкрылі агонь. Трое былі забіты, чацвёра паранены, натоўп рассыпаўся. Абураныя жыхары Высока-Літоўскай воласці падалі скаргу ў Дзяржаўную думу, якая не мела вынікаў. 4 ліпеня салдаты адкрылі агонь па сялянскіх каровах, якія зайшлі на канюшыннае поле графіні М. Патоцкай.

Марыя Канстанцыя Патоцкая (1837–1923) з роду Сапегаў, з 1865 г. у Высока-Літоўску валодала палацам, вялікім маёнткам з шасцю фальваркамі, вяла інтэнсіўную гаспадарчую дзейнасць. Тут разводзілі лепшыя пароды жывёлы, вырошчвалі эфектыўныя сельскагаспадарчыя культуры, дзейнічалі прамыслова-сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Вышэйшая заслуга гаспадаркі — ва ўзорных адносінах да прадукцыі і селекцыі адборнага насення збожжа, траў, караняплодаў. Вяліся доследы па акліматызацыі раслін. У 1889 г. насенне з гаспадаркі М. Патоцкай атрамала залаты медаль Сусветнай выстаўкі ў Парыжы, а ў 1900 г. — Гран-пры гэтай выстаўкі. Вялікая заслуга ў гэтым агранома, выдатнага селекцыянера Ксаверыя Бяляўскага (1847–1903), які працаваў тут з 1880 г.

У вёсках Брэсцкага павета ў 1906 г. парубкі лесу, самавольная пасьба жывёлы, захопы сена і канюшыны суправаджаліся сутыкненнямі са стражай і паліцыяй. Такія выпадкі адзначаны ў маёнтках Прыбарава, Сычы, Зводы, Яцкавічы. Атрымала развіццё другая сацыяльная вайна — барацьба з кулацтвам. Сяляне вёсак Кустынь, Рудавец і Ратайчыцы (цяпер Брэсцкага раёна) у ліпені 1906 г. захапілі маёнтак Трасцянец, якім валодалі некалькі багацейшых сялян, а гаспадароў выгналі. Зарэгістраваны 4 нападзенні і 16 падпалаў маёнткаў і іншай маёмасці памешчыкаў.

Войскі знаходзіліся ў Брэсцкім і Пружанскім паветах да лістапада 1906 г. Памешчыкі былі вымушаны павялічыць плату батракам у сярэднім на 5 рублёў і падзёншчыкам з 15–30 капеек да 75.

У 1907 г. рэвалюцыйны пад’ём запаволіўся. У Гродзенскай губерні адбыліся 62 выступленні сялян, з іх 48 у Пружанскім і Кобрынскім паветах. У Пружанскім павеце былі падпалены 12 панскіх маёнткаў, забіты два паліцэйскія, у чатырох маёнтках у час начных нападаў захоплена маёмасць памешчыкаў.

У Брэсцкім павеце самым буйным за 1907 г. было выступленне сялян в. Падлессе Радваніцкай воласці. Яны аказалі рашучае супраціўленне атраду коннай варты, які намагаўся апісаць маёмасць за патравы і правесці арышты. Паліцыя адкрыла агонь па натоўпе, некалькі чалавек параніла, але выканаць загад змагла толькі з дапамогай роты салдат.

Батрацкі рух не атрымаў пашырэння, хоць заходы для яго арганізацыі і прымаліся. Улады правялі звальненні і арышты, прыслалі на палявыя работы салдат. Першая руская рэвалюцыя пайшла на спад, але ў рэвалюцыйнай барацьбе працоўныя атрымалі палітычную загартоўку.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Рэвалюцыя 1905–07 у Расіі / У. І. Філякоў // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2001. Т. 13. С. 542–543.
  2. Рэвалюцыя 1905–07 / Уладзімір Філякоў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2001. Т. 6, кн. 1. С. 164–165.
  3. Рэвалюцыя 1905–07 у Расіі / К. І. Шабуня // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1973. Т. 9. С. 235–238.
  4. Брестско-пружанские выступления крестьян, 1906 // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 161.
  5. Бардзёўскі расстрэл, 1906 / З. В. Шыбека // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1993. Т. 1. С. 306–307.
  6. Бордевский расстрел, 1906 // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 97.
  7. Каўрыга, В. На мяжы стагоддзяў / В. Каўрыга, В. Кісялёва // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Пружанскага раёна. Мінск, 1992. С. 47–50.
  8. Данясенне гродзенскага губернатара віленскаму генерал-губернатару пра сялянскі рух у Пружанскім павеце // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Пружанскага раёна. Мінск, 1992. С. 56–57.
  9. Данясенне гродзенскага віцэ-губернатара гродзенскаму губернатару аб характары аграрнага руху ў Пружанскім павеце // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Пружанскага раёна. Мінск, 1992. С. 57–58.
  10. Кіштымаў, А. Ад адмены прыгоннага права да польскай акупацыі (1861–1918) / А. Кіштымаў // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997.
    С. 121–134.
  11. Савіцкі, Э. М. На мяжы стагоддзяў / Э. М. Савіцкі // Памяць. Брэсцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 72–82.
  12. Пліско, Н. М. 1905 год на Кобрыншчыне / Н. М. Пліско // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 71–74.
  13. Очерки истории Брестской областной партийной организации. – Минск : Беларусь, 1989. – 448 с., [12] л. ил.
  14. Липинский, Л. П. Классовая борьба в белорусской деревне, 1907–1914 / Л. П. Липинский. – Минск : Изд-во БГУ, 1981. – 176 с.
  15. Майзель, Л. Н. 1905–1907 гг. на Беларусi : хронiка падзей / Л. Н. Майзель. – Мінск : Партвыдавецтва, 1934. – 531 с.
  16. Барадзёўка : [Камянецкі раён] // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 4, кн. 2. С. 18.
  17. Добрынин, М. А. Выдающийся селекционер и ученый агроном Ксаверий Белявский (1847–1903) / Михаил Андреевич Добрынин // Краеведение в учебно-воспитательном процессе школ и вузов. Брест, 2009. С. 25–26.
  18. Литвинович, Е. Эхо «кровавого воскресенья» : [события первой русской революции на Брестчине] / Евгений Литвинович // Заря. 2020. 11 января. С. 18.
  19. Василюк, А. Высокое. История «бизнес-леди» Марии Потоцкой / подготовила Алина Василюк // Навіны Камянеччыны. 2019. 17 жніўня. С. 67.
  20. Добрынин, М. Корни доброго зерна : о замечательном селекционере и агрономе Ксаверии Белявском / Михаил Добрынин // Брестский курьер. 2009. 21 мая (№ 21). С. 21.
  21. Калядзіч, Н. 1906 год у Пружанскім павеце / Г. Калядзіч // Зара Камунізму. Пружаны, 1986. 31 ліпеня.
  22. Сачак, М. Рэвалюцыйная барацьба сялян : [1905–1907 гг. у Камянецкім раёне] / М. Сачак // Ленінец. Камянец, 1986. 25 сакавіка.
  23. Церабунь, А. Рэвалюцыйныя падзеі 1905 года ў Пружанскім павеце / А. Церабунь // Зара Камунізму. Пружаны, 1980. 31 ліпеня ; 2 жніўня.
  24. Лазоўскі, А. Хваляванні на Камянеччыне : гэта было ў 1905 годзе / А. Лазоўскі // Ленінец. Камянец, 1980. 24 чэрвеня.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 13 разоў