Панядзелак, 19 Красавік 2021 10:23

2021 г. — 235 гадоў з часу пабудовы Спаса-Праабражэнскай царквы ў в. Дзмітравічы (Камянецкі р-н; 1786), помніка драўлянага народнага дойлідства

Спаса-Праабражэнскі храм у аг. Дзмітравічы — адзін з найстарэйшых помнікаў культавага народнага дойлідства Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці. Паводле афіцыйных дадзеных, ён быў пабудаваны на сродкі вернікаў пры ўдзеле святара Фёдара Будзіловіча ў 1786 г. Некаторыя гістарычныя факты сведчаць, што царква ўзводзілася не «з нуля», а была перабудавана з храма, які дзейнічаў да 1740 г.

 

Храм пабудаваны ў цэнтры вёскі з дрэва і пастаўлены на бутавы фундамент. Уяўляе сабою найбольш просты тып праваслаўнага храма. Гэта адназрубавае прамавугольнае ў плане памяшканне без асобнай апсіды з невялікім тамбурам на галоўным фасадзе. Сцены фасадаў вертыкальна ашаляваны і завершаны тонкапрафіляваным карнізам. Бакавыя фасады прарэзаны трыма (на кожным) высокімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Галоўны фасад завершаны высокім трохвугольным франтонам. Храм манументальны, дастаткова высокі, накрыты двухскатным дахам, які ў цэнтры вянчаецца цыбулістай глаўкай на васьмігранным барабане.

У інтэр’еры алтарную частку аддзяляе драўляны двух’ярусны іканастас, дэкараваны драўлянай разьбой з пазалотай, які выкананы ў 1830-я гг. і мае мастацкую каштоўнасць. У цэнтры іканастаса знаходзяцца Царскія вароты, дэкараваныя скразной драўлянай разьбой у выглядзе пляцення вінаграднай лазы, разьба пакрыта пазалотай. Драўляная разьба іканастаса Дзмітравіцкай царквы — прыклад народнага дэкаратыўнага мастацтва.

Побач з галоўным уваходам у царкву асобна стаіць двух’ярусная драўляная званіца каркаснай канструкцыі, гарызантальна ашалявана, накрыта шатровым дахам з металічным крыжам. На званіцы маюцца 4 званы.

Першапачаткова царква была акружана каменна-земляным валам, а ў 1980 г. была пастаўлена цагляная агароджа з паўднёвага і паўночнага бакоў. У агароджы ёсць крыжападобныя адтуліны.

Алтар царквы знаходзіцца на паўночным баку, што прымушае думаць, што яна пабудавана як уніяцкая, а праваслаўнай стала пасля 1839 г. Яшчэ ў 1819 г. у царкве меўся 16-галосы арган, што ўласціва для ўніяцкіх храмаў, але куды потым падзеўся інструмент — невядома.

Дзмітравіцкі прыход быў вялікім, але не багатым, а прыхаджане хоць і беднымі, але набожнымі. У 1903 г. сяляне в. Унучкі набылі і паднеслі храму абраз Свяціцеля Мікалая Угодніка. Ён і цяпер захоўваецца ў царкве разам з астатнімі рэліквіямі, як і Іверская ікона Божай Маці, падораная храму ў 1816 г.

З усіх служыўшых свяшчэннікаў варта адзначыць айца Келясціна Будзіловіча, служыўшага з 1863 па 1883 г. З 1910 па 1920 г. прыход прыняў айцец Петр Елінецкі, палкавы свяшчэннік, узнагароджаны ордэнам Святога Уладзіміра IV ступені. Ён адкрыў у прыходзе тры школы, заснаваў у Дзмітравічах крэдытнае таварыства для дапамогі малазямельным прыхаджанам.

У час Першай сусветнай вайны германскія войскі наступалі на тэрыторыю Гродзенскай губерні. У жніўні 1915 г. вайна ўшчыльную падступіла да Дзмітравіч, жыхары прыхода былі вымушаны падацца ў бежанства. Айцец Пётр, забраўшы з царквы богаслужбовыя кнігі, начынне і абразы, арганізаваў ад’езд сваёй шматдзетнай сям’і і вернікаў усіх 16 вёсак прыхода па чыгунцы з Брэста ў Ніжні Ноўгарад. Былі вывезены і 4 званы: 12, 4, 2 і 1 пуд, але найбольшы звон быў страчаны. У 1937 г. яго замянілі новым польскай вытворчасці.

Германскія войскі стаялі на Камянеччыне з 1915 па 1918 г. У Спаса-Праабражэнскай царкве немцы зладзілі палявы шпіталь для параненых нямецкіх салдат, за імі глядзелі рускія ваеннапалонныя. Памерлых хавалі ў паўночна-ўсходнім куце царкоўнага двара.

У снежні 1919 г. бежанцы вярнуліся на радзіму. Час тады быў страшны, галодны. Праз шведскі Чырвоны Крыж айцец Пётр, які таксама вярнуўся жывым і цэлым, дамогся харчовай дапамогі для сваіх прыхаджан. Узімку 1920 г., суправаджаючы абоз з харчаваннем з Брэста, ён прастудзіўся і памёр ад запалення лёгкіх. У 1923 г. у храме рабіўся рамонт, падчас якога купал пакрылі бляхай. Спякотным летам 1938 г. у вёсцы здарыўся вялікі пажар, але царква ўцалела. Расказваюць, што Марыя Палікарпаўна Елінецкая з малітвай і іконай стала на шляху полымя і яно адступіла.

У савецкія часы ў Спаса-Праабражэнскай царкве богаслужэнні не спыняліся, дзякуючы намаганням айца Мікалая Гарбачука. Настаяцелем храма ён служыў роўна паўстагоддзя (1953–2003), і служэнне гэта было падобна штодзённаму подзвігу.

Важнай і знамянальнай падзеяй у жыцці храма і ўсяго прыхода з’явілася наведванне яго 25 ліпеня 1995 г. Найсвяцейшым Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Алексіем ІІ. Патрыярх уручыў айцу Мікалаю вышэйшую царкоўную ўзнагароду — ордэн Прападобнага Сергія Раданежскага III ступені. Айцец Мікалай памёр у 2006 г., пахаваны каля царквы. Яго сын Георгій Мікалаевіч Гарбачук — настаяцель Спаса-Праабражэнскага храма ва Уладзіміры (Расія), рэктар Уладзімірскай Свята-Феафанаўскай духоўнай семінарыі, кожны год прыязджае на магілу бацькі.

Цяперашні настаяцель Спаса-Праабражэнскай царквы — айцец Іаан Пашкевіч. Ён падлічыў, што за ўсю доўгую гісторыю храма службы ў ім наведалі каля 2 млн чалавек. Хоць і навакольныя вёскі апусцелі за апошнія 100 гадоў, але галоўнае, што жывы людскі паток не змяншаецца і сёння, і прыхаджане сваю царкву па-ранейшаму любяць і шануюць. Асабліва шмат іх прыходзіць сюды на свята Праабражэння Гасподняга (19 жніўня) і ў дзень памяці велікамучаніка Дзімітрыя Салунскага (8 лістапада).

У склад прыхода ўваходзяць наступныя населеныя пункты: Дзмітравічы, Белая, Унучкі, Гарошкаўка, Дашэвічы, Каленікі, Макавішча, Мшанкі, Асіннікі, Падомша, Ражкоўка, Вялікія Селішчы, Сініцічы, Хваянаўка, Чарнакі. Свята-Праабражэнскі храм аг. Дзмітравічы ўнесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Дакументы царквы ХІХ–ХХ стст. захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў г. Гродне (фонд 409, 37 адзінак).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна,

бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Дмитровичская Спасо-Преображенская церковь // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 326–327.
  2. Царква ў гонар Праабражэння Гасподняга : [в. Дзмітравічы] / А. М. Кулагін // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 146.
  3. Спаса-Праабражэнская царква : [в. Дзмітравічы] / А. М. Кулагін // Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2001.
    С. 72–73.
  4. Свята-Спаса-Праабражэнская царква, в. Дзмітравічы // Праваслаўныя храмы Камянеччыны / [складальнікі: Сахарчук Ю. І., Карпішук А. М., Бішчук Л. А., іерэй Сергій Буркоўскі]. Брэст, 2012. С. 40–43.
  5. Драўляныя храмы XVIII стагоддзя : Спаса-Праабражэнская царква (в. Дзмітравічы) // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 68–69.
  6. Филатов, В. К. Преображенская церковь : [д. Дмитровичи] / В. К. Филатов // Свод памятников истории и культуры Белоруссии, Брестская область. Минск, 1990. С. 228.
  7. Мароз, В. В. Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, архітэктуры і культуры / В. В. Мароз. – Мінск : Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2018. – 512 с. : іл. – Са зместу: Царква ў Дзмітровічах (Камянецкі раён). С. 282.
  8. Мусевіч, Г. На мяжы Белавежскай і Камянецкай пушчы / Георгій Мусевіч // Бельскі гостінэць. 2013. № 2. С. 114–134.
  9. Мусевич, Г. Православные церкви моей Каменетчины / Георгий Мусевич // БЕВ. 2014. № 1. С. 6875.
  10. Рэзнічук, І. Храм у гонар Праабражэння Гасподня : сёлета царква ў Дзмітравічах адзначае 230-годдзе / Ірына Рэзнічук // Навіны Камянеччыны. 2016. 5 лістапада. С. 7.
  11. Трибулева, Е. Выстоявшая в веках : Спасо-Преображенская церковь в д. Дмитровичи готовится отпраздновать свое 230-летие / Елена Трибулева // Вечерний Брест. 2016. 2 ноября. С. 7.
  12. Парафянюк, Г. Паўвека — на царкоўнай службе / Г. Парафянюк // Навіны Камянеччыны. 1995. 19 жніўня. С. 3.
  13. Парафянюк, Г. Патрыярх Алексій Другі — на Камянецкай зямлі / Г. Парафянюк // Навіны Камянеччыны. 1995. 2 жніўня.
  14. Лесавік, Г. Падарожжа Патрыярха па Беларусі / Г. Лесавік // Навіны Камянеччыны. 1995. 29 ліпеня.
Чытаць 688 разоў