Пятніца, 21 Май 2021 09:23

11 жніўня 2021 г. — 100 гадоў з нараджэння Яўгена Сцяпанавіча Парфенюка (1921–2008), праваслаўнага свяшчэнніка, ганаровага грамадзяніна г. Брэста

Яўген Сцяпанавіч Парфянюк нарадзіўся 11 жніўня 1921 г. у вёсцы Лядавiчы Драгічынскага павета Палескага ваяводства (цяпер Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці) у сям’і праваслаўнага свяшчэнніка. У 1930-я гг. вучыўся ў Рускай гімназіі г. Брэст-над-Бугам, дзе выхоўваўся ў духу рускага патрыятызму. У гімназію ездзіў за 15 км з Косічаў, дзе тады служыў бацька, айцец Стэфаній.

 

Яўген Парфянюк удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне. 4 лістапада 1942 г. у в. Астрамечава Брэсцкага раёна быў застрэлены старэйшы брат Анатоль, якога прыйшлі арыштоўваць немцы за сувязь з партызанамі.

Пасля вайны Яўген Парфянюк вучыўся на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна. Аднак на другім курсе яму прапанавалі адмовіцца ад бацькі-святара, які тады служыў у Астрамечаўскім Свята-Міхайлаўскім храме. Давялося пакінуць універсітэт. Працаваў настаўнікам сярэдняй школы ў Астрамечава.

У 1947 г. Яўген Парфянюк здаў экстэрнам за поўны курс Ленінградскай духоўнай семінарыі, быў рукапаложаны ў сан свяшчэнніка. Служыў у Трасцяніцы Камянецкага раёна, Гарадцы Кобрынскага раёна, у Кобрыне. У 1963 г. скончыў Духоўную акадэмію, атрымаў ступень кандыдата багаслоўя. У 1967–1969 гг. Маскоўскім патрыярхатам накіраваны ў Аргенціну, дзе ў Буэнас-Айрэсе дапамагаў мясцоваму духавенству весці будаўніцтва Свята-Благавешчанскага праваслаўнага сабора. У лістападзе 1968 г. абдылося асвячэнне новага сабора. Пасля вяртання на радзіму ўзначаліў Кобрынскае благачынне.

У 1987 г. айцец Яўген служыў у Брэсце, з’яўляўся благачынным Брэсцкай епархіі, сакратаром Брэсцкага епархіяльнага ўпраўлення і настаяцелем Свята-Сімяонаўскага кафедральнага сабора. Яго намаганнямі царкве была перададзена паўразбураная часоўня Афанасія Філіповіча ў в. Аркадзія (цяпер у межах г. Брэста), адрамантавана і асвечана ў 1988 г.

У Дзень Перамогі айцец Яўген прыходзіў у Брэсцкую крэпасць, там узнікла ідэя пабудаваць храм-помнік у гонар Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У 1994 г. пакінуў пасаду благачыннага, каб заняцца будаўніцтвам храма-помніка ў гонар 50-годдзя Вялікай Перамогі. Спачатку ўзвялі ніжні храм, прысвечаны Казанскай іконе Божай Маці, 7 красавіка 1995 г. правялі ў ім першую літургію. 24 чэрвеня 2001 г. Свята-Уваскрасенскі сабор асвяціў Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Алексій ІІ.

За шматгадовае служэнне протаіерэй Яўген Парфянюк удастоены шэрага царкоўных узнагарод, а таксама ордэнаў Серафіма Сароўскага, князя Уладзіміра, князя Данііла Маскоўскага, Сергія Раданежскага III ступені (2001), Крыжа прападобнай Еўфрасінні Полацкай (2007), залатога і сярэбранага медалёў Фонду Міру, прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» (2000). У ліпені 2007 г. яму было нададзена званне «Ганаровы грамадзянін горада Брэста».

Айцец Яўген Парфянюк памёр 10 сакавіка 2008 г., пахаваны на гарадскіх могілках «Плоска».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Парфенюк Евгений Степанович // Брест. Брэст. Brest. 1000 : энциклопедия / сост. А. Н. Вабищевич. Минск, 2019. С. 77.
  2. Свирид, А. Н. Воскресенский собор / А. Н. Свирид // Брест. Брэст. Brest. 1000 : энциклопедия / сост. А. Н. Вабищевич. Минск, 2019. С. 246.
  3. Сабор ў гонар Уваскрасення Хрыстовага / А. М. Кулагін // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 53–54.
  4. Вечная память : [памяти Евгения Парфенюка] // Воскресение. 2019. № 19.
    С. 21–22.
  5. Глущенко, Т. Иконы на алтаре Победы : [о храме-памятнике Победы в Великой Отечественной войне —Воскресенском соборе в Бресте] / Тамара Глущенко // Вечерний Брест. 2019. 6 сентября (№ 36). С. 3.
  6. Ролич, О. Светлой памяти протоиерея Евгения Парфенюка / Ольга Ролич // Царкоўнае слова. 2008. № 12. С. 14–15.
  7. Преображение души народного батюшки : [некролог] / подготовила Галина Гордеева // Брестский курьер. 2008. 13 марта. С. 10.
  8. Парфенюк Евгений Степанович (отец Евгений) : [некролог] // Вечерний Брест. 2008. 12 марта. С. 3.
  9. Холоднов, Д. Прославлен за дела свои : отца Евгения Парфенюка, настоятеля Свято-Воскресенского храма наградили орденом Креста Преподобной Ефросинии Полоцкой / Д. Холоднов // Брестский вестник. 2007. 27 декабря. С. 2.
  10. Сарычев, В. О несчастных и счастливых, о добре и зле... : [в Брестской городской библиотеке им. А. С. Пушкина прошла встреча с почётным гражданином г. Бреста, настоятелем Свято-Воскресенского собора Евгением Парфенюком] / Василий Сарычев // Вечерний Брест. 2007. 21 сентября. С. 3.
  11. Парфенюк, Е. «Заодно с другими на земле» / Евгений Парфенюк ; [интервью провёл] В. Петровский // Брестский вестник. 2007. 20 сентября. С. 2.
  12. Александров, А. Достойный гражданин своего города : [присвоено звание почётного гражданина г. Бреста отцу Евгению Парфенюку] / А. Александров // Брестский вестник. 2007. 16 августа. С. 1.
  13. Радость священнослужения у престола Господня : [звание «Почётный гражданин г. Бреста» присвоено настоятелю Свято-Воскресенского собора отцу Евгению Парфенюку] / подготовила Любовь Павлова // Брестский курьер. 2007. 9 августа. С. 8.
  14. По призыву Бога : [настоятелю Свято-Воскресенского храма г. Бреста, благочинному Брестского городского округа отцу Евгению Парфенюку — 85 лет] // Чырвоная звязда. Iванава, 2006. 15 жнiўня.
  15. Адамянц-Подъяков, В. Храм Победы отца Евгения : исполнилось 10 лет со дня первого богослужения в Храме Победы / В. Адамянц-Подъяков // Брестский курьер. 2005. 19 мая. С. 10.
Чытаць 728 разоў