Панядзелак, 07 Чэрвень 2021 12:27

15 жніўня 2021 г. — 80 гадоў з дня нараджэння Мікалая Андрэевіча Барысюка (1941), вучонага ў вобласці ракетна-касмічнай тэхнікі, генерал-лейтэнанта, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Расійскай Федэрацыі ў галіне навукі і тэхнікі (1994)

Мікалай АндрэевічБарысюк нарадзіўся 15 жніўня 1941 г. у вёсцы Рэчыца Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. Ва Узброеных Сілах СССР з 24 жніўня 1959 г. Скончыўшы ў 1962 г. Ленінградскае ордэна Леніна Чырванасцяжнае вучылішча імя М. В. Фрунзэ, Мікалай Барысюк звязаў свой лёс з воінскімі часцямі касмічнага прызначэння.

З 1962 па 1987 г. М. А. Барысюк служыў на касмадроме «Байканур» (Казахстан), дзе прайшоў пасады ад камандзіра ўзвода да намесніка начальніка касмадрома па ракетным узбраенні. У 1971 г. завочна закончыў Ваенную інжынерную акадэмію імя Ф. Э. Дзяржынскага. З 1985 г. — начальнік службы ракетнага ўзбраення. Унёс значны ўклад у павышэнне абараназдольнасці краіны, прымаў удзел у правядзенні наземных і лётных выпрабаванняў вырабаў ракетна-касмічнай тэхнікі на касмадроме. Пад яго кіраўніцтвам былі адпрацаваны і прыняты на ўзбраенне ракетныя комплексы з міжкантынентальнымі балістычнымі ракетамі новага пакалення.

Далейшая служба М. А. Барысюка была звязана з Галоўным навукова-даследчым цэнтрам касмічных сродкаў Міністэрства абароны СССР. У 1987 г. ён назначаецца намеснікам начальніка 53-га Галоўнага цэнтра па кіраванні арбітальнымі групоўкамі касмічных апаратаў, кіруе працай дзяржаўных камісій па лётных выпрабаваннях перспектыўных ракетна-касмічных комплексаў.

М. А. Барысюк удзельнічаў у падрыхтоўцы і правядзенні выпрабаванняў ракетна-касмічнага комплексу «Энергія» — «Буран» (1988). У 1989 г. закончыў Вышэйшыя акадэмічныя курсы пры Акадэміі Генеральнага штаба Узброеных Сіл СССР імя К. Я. Варашылава. З 1991 г. — намеснік начальніка касмічных сродкаў Мінабароны Расійскай Федэрацыі па эксплуатацыі касмічных сродкаў, з 1993 па 1997 г. — першы намеснік камандуючага Ваенна-касмічнымі сіламі Расійскай Федэрацыі.

Лёс нашага земляка непарыўна звязаны з гісторыяй станаўлення і развіцця касманаўтыкі. Кіраўнік даследаванняў па многіх НДР, непасрэдны ўдзельнік больш за сотню баявых запускаў, аўтар 40 навуковых друкаваных прац. Актыўна прапагандуе дасягненні касманаўтыкі, займаецца сацыяльна-прававой працай, навукова-гістарычнай і інфармацыйнай дзейнасцю.

Палкоўнік-інжынер (1982), генерал-маёр (1987), генерал-лейтэнант (1993), кандыдат тэхнічных навук (1994), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Расійскай Федэрацыі ў галіне навукі і тэхнікі (1994), старшы навуковы супрацоўнік (1995), сапраўдны член Расійскай акадэміі касманаўтыкі імя К. Э. Цыялкоўскага.

У 1997 г. М. А. Барысюк звольнены ў запас па дасягненні гранічнага ўзросту знаходжання на ваеннай службе. Знаходзячыся на заслужаным адпачынку, працягвае актыўную грамадскую работу па выхаванні маладога пакалення абаронцаў Радзімы, прымае ўдзел у ветэранскім руху, з’яўляецца старшынёй міжрэгіянальнай грамадскай арганізацыі «Ветэраны касмадрома „Байканур“».

М. А. Барысюк узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны», «За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР» III ступені, медалямі СССР, Расійскай Федэрацыі і Федэрацыі касманаўтыкі Расіі. Ганаровы радыст СССР (1986),заслужаны выпрабавальнік касмічнай тэхнікі (2000), ганаровы грамадзянін горада Байканура (2004).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Кобрынскай цэнтральнай
раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна,
гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі.

 

 

  1. 50 лет 4 испытательному управлению космодрома Байконур (19622012) : буклет. Байконур : [б. и.], 2012. 6 с. : ил.
  2. Барысюк Мікалай Андрэевіч // Людзі навукі нашага краю : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Д. Курачук. 2-е выд., дапрац. і дап. Кобрын, 2020. С. 10–12 : фат.
  3. Ганаровыя грамадзяне-землякі іншых гарадоў. Барысюк Мікалай Андрэевіч // Імі ганарыцца Кобрыншчына. Ганаровыя грамадзяне кобрынскага краю : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Д. Курачук. Кобрын, 2020. С. 76–77.
  4. 80 гадоў з дня нараджэння М. А. Барысюка (1941) // Зводны каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021–2025 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. – Кобрын, 2020. – С. 11, 12.
  5. Борисюк, Н. А. Мы в Байконур вросли сердцами / Н. А. Борисюк, А. Я. Науджюнас // Красная звезда. 2014. 19 февраля
  6. Нечёса, Я. Сила Байконура : [председатель центрального совета ветеранов Байконура — генерал-лейтенант Николай Борисюк] / Ярослав Нечёса, Игорь Подгурский // Красная звезда. 2006. 26 декабря.
  7. Куринной, И. В строю ветеранов — гордость страны : [председателем совета ветеранской организации Байконура является один из старейших и уважаемых байконуровцев, лауреат Государственной премии, генерал-лейтенант в отставке Н. А. Борисюк] / Игорь Куринной // Красная звезда. 2004. 2 октября.
  8. Почтарев, А. Пионеры космических стартов : [достойным правопреемником, председателем ветеранского движения Байконура является генерал-лейтенант в отставке Николай Борисюк] / Андрей Почтарев // Красная звезда. 2004. 10 апреля.

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 601 разоў Апошняя змена Панядзелак, 07 Чэрвень 2021 12:37