Пятніца, 18 Чэрвень 2021 09:08

27 чэрвеня 2021 г. — 90 гадоў з часу пераўтварэння мястэчка Ляхавічы ў горад (1931)

Горад Ляхавічы Брэсцкай вобласці размешчаны на рацэ Ведзьма. Упершыню ў дакументах упамінаецца ў 1492 г. як дзяржаўнае ўладанне ВКЛ, цэнтр Ляхавіцкай воласці (маёнтка). У 1533 г. Ляхавічы — горад і замак, цэнтр воласці, уладанне Гаштольдаў. З 1551 г. горадам валодаў вялікі князь Жыгімонт II Аўгуст. У 1572 г. пасяленне перайшло да Я. Е. Хадкевіча і яго нашчадкаў, якія з канца ХVI ст. пачалі называцца «графы на Ляхавічах».

 

У канцы ХVI ст. гетман Ян Хадкевіч пабудаваў тут драўляны замак, так званую Ляхавіцкую фартэцыю, які лічыўся самым значным з падобных пабудоў у Рэчы Паспалітай. Меў у плане форму правільнага чатырохкутніка з чатырма вялікімі бастыёнамі і брустверамі. У глыбіні двара стаяў двухпавярховы мураваны палац у стылі рэнесансу. Замак меў навейшыя гарматы, адлітыя ў пачатку ХVII ст. у людсвісарнях Хадкевіча і Сапегі. Пад аховаю замка значна вырасла і само мястэчка.

У 1635 г. праз дынастычны шлюб Ляхавічы перайшлі да Сапегаў. У ХVII ст. Ляхавічы ўжо былі мястэчкам, у якім налічвалася 216 «дымоў» (1636). Неаднаразова Ляхавічы цярпелі і ад войнаў. У 1654–1667 гг. у вайну Расіі з Рэччу Паспалітай чатыры разы былі спаленыя і разбураныя. Спустошаны і ў час Паўночнай вайны (1700–1721), замак быў разбураны шведамі. У 1760 г. мястэчка перайшло ва ўладанне Масальскіх. З 1791 г. уваходзіла ў Случарэцкі павет Навагрудскага ваяводства.

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. Ляхавічы ў складзе Расійскай імперыі. З 1797 г. — цэнтр Ляхавіцкай воласці Слуцкага павета Мінскай губерні. Прыватнаўласніцкае мястэчка было перададзена вялікаму гетману літоўскаму С. Касакоўскаму. У ХIХ ст. яно заставалася ва ўладанні Касакоўскіх.

Штуршком да эканамічнага росту Ляхавіч стала будаўніцтва Палескай чыгункі. У 1880-х гг. праз мястэчка быў пракладзены участак чыгункі Баранавічы – Лунінец. Паводле перапісу 1897 г. у Ляхавічах налічвалася 150 двароў, 5016 жыхароў. Тут працавалі ганчарныя майстэрні, вінакурны завод, было 30 крам, бальніца. Праводзіліся тры кірмашы на год. У 1900 г. з’явілася пошта, працавала 91 дробнае прамысловае прадпрыемства.

У Першую сусветную вайну Ляхавічы апынуліся ў прыфрантавой паласе. У лютым – снежні 1918 г. былі акупіраваны германскімі войскамі. 17 красавіка 1919 г. Ляхавічы захапілі польскія войскі. А ўжо ў ліпені 1920 г. мястэчка Ляхавічы было вызвалена Чырвонай арміяй. Згодна з Рыжскай мірнай дамовай (1921) Ляхавічы апынуліся ў складзе Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяводства.

27 чэрвеня 1931 г. мястэчка Ляхавічы зноў атрымала статус горада, адначасова да яго далучылі пункты з аднайменнай гміны — вёску Малая Лотва і чыгуначную станцыю. Быў створаны гарадскі магістрат, члены якога назначаліся дзяржаўнай адміністрацыяй. Бюджэт быў нязначным, амаль цалкам ішоў на ўтрыманне сваіх муніцыпальных органаў. У сярэдзіне 1930-х гг. гарадскія органы ў Заходняй Беларусі былі пазбаўлены самастойнасці, пераўтварыліся ў выканаўчы орган дзяржаўнай адміністрацыі, функцыянавалі незалежна ад волі большасці жыхароў горада. З дапамогай адміністрацыйнага нажыму і фальсіфікацыі ўлады забяспечылі палякам дамінуючыя пазіцыі ў гарадскім самакіраванні.

У верасні 1939 г. Чырвоная армія ўвайшла ў Ляхавічы, 18 верасня была ўстаноўлена Савецкая ўлада. 15 студзеня 1940 г. горад Ляхавічы стаў цэнтрам Ляхавіцкага раёна Баранавіцкай вобласці, з 8 студзеня 1954 г. — Брэсцкай вобласці. За час нямецка-фашысцкай акупацыі (1941–1944) гітлераўскія карнікі знішчылі ў горадзе 4983 чалавекі. У 1999 г. на замчышчы ўстаноўлены памятны знак «Ляхавіцкая фартэцыя», у цэнтры горада — мемарыяльная капліца ў гонар заснавання горада.

Раней горад не меў свайго герба. Рашэннем Ляхавіцкага раённага Савета народных дэпутатаў ад 26 снежня 1994 г. зацверджаны герб горада Ляхавічы: у чырвоным полі варажскага шчыта срэбны план замка, узяты з гравюры 1660 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Янкі Купалы.
Зелянко Таццяна Уладзіміраўна, заг. сектара бібліятэчна-інфармацыйных і электронных рэсурсаў

 

  1. Ляхавічы // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 4. С. 250–255.
  2. Ляховичи // Туристские регионы Беларуси / сост. Л. В. Ловчая. Минск, 2008. С. 78.
  3. Ляхавічы // Рэспубліка Беларусь : вобласці і раёны : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 2004. С. 53–54.
  4. Ляхавіцкі замак / Міхась Ткачоў. Ляхавічы// Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 427–430.
  5. Ляхавіцкі замак / М. А. Ткачоў. Ляхавічы / С. Ф. Самбук // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1986. Т. 3. С. 331–332.
  6. Ляховичи // Гербы и флаги Беларуси / В. И. Адамушко, М. М. Елинская. Минск, 2006. С. 42–43.
  7. Памяць : гіст.-дакум. хроніка Ляхавіцкага раёна / рэд.-склад. В. У. Скалабан. – Мінск : БелСЭ, 1989. – 439 с., [8] л. іл.
  8. Ляховичи. Из прошлого в будущее / [автор концепции и текста А. М. Суворов ; фото: В. В. Байковский и др.]. – Брест : Полиграфика, 2013. – 175 с.
  9. Ляхавічы і ваколіцы : [гісторыя і сучаснасць горада] / гал. рэд. У. Шпарло. – Брэст : Вячэрні Брэст, 2010. – 95 с. : іл.
  10. Ляхавіцкі раён. Сцежкамі роднага краю : турыст. даведнік : [памятныя мясціны і помнікі гісторыі, культуры, архітэктуры] / тэкст: Г. В. Беразоўскі ; маст. афармленне, фота С. В. Чарановіча. – Мінск : Рыфтур, 2009. – 38 с. : іл.
  11. Ляхавіцкі край вачамі патэнцыяльнага турыста : [буклет-даведнік] / складзены і падрыхтаваны да друку ўстановай «Рэдакцыя раённай газеты „Ляхавіцкі веснік“» ; фота Сяргея Варановіча ; тэкст Святланы Стыкуць. – Брэст : [б. в.], 2007. – 20 с. : іл.
  12. Невядомае аб вядомым : цікавыя факты аб Ляхавіччыне / Ляхавіцкая раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма. – Ляхавічы : [б. в.], 2019. – 72 с.
  13. Татаринов, Ю. Города Беларуси. Брестчина:в некоторых интересных исторических сведениях : [г. Ляховичи] / Юрий Татаринов. – Минск : Смэлток, 2010. – 17 с. – (Беларусь историческая).
  14. Ляховичи // Брестчина, устремлённая в будущее : фотоальбом / гл. ред. Владимир Шпарло. Брест, 2009. С. 216–218.
  15. Ляховичи // От Беловежской пущи до полесских болот : путеводитель по Брестской области / [текст: Т. Хвагина, А. Варавва ; фото С. Плыткевича]. Минск, 2013. С. 164–166.
  16. Мельнікаў, І. Заходнебеларуская Атлантыда 1921–1941 гг. : [малавядомыя старонкі гісторыі Заходняй Беларусі] / І. Мельнікаў. – Мінск : Галіяфы, 2015. – 428 с. : іл.
  17. Загідулін, А. М. Нацыянальная і канфесійная палітыка польскіх улад у адносінах да беларускага насельніцтва Заходняй Беларусі (1921–1939 гг.) : дысертацыя ... кандыдата гістарычных навук / А. М. Загідулін. – Гродна, 2005.
  18. Полуян, И. В. Западная Белоруссия в период экономического кризиса
    1929–1933 гг. / И. В. Полуян ; под. ред. М. Г. Костюка. – Минск : Навука і тэхніка, 1991. – 207 с.
  19. Даркович, А. Л. Финансы городского самоуправления в Западной Белоруссии в 1919–1939 гг. / Александр Леонидович Даркович // Вопросы истории. 2012. № 2. С. 74–90.
  20. Даркович, А. Л. Городское самоуправление в Западной Белоруссии,
    1926–1939 гг. / Александр Леонидович Даркович // Вопросы истории. 2012. № 2. С. 74–90.
  21. Вабішчэвіч, А. Паміж паланізацыяй і асіміляцыяй. Этнакультурная сітуацыя ў Заходняй Беларусі / Аляксандр Вабішчэвіч // Беларуская думка. 2009. № 7.
    С. 66–71.
  22. Сляшчынскі, В. Нацыянальная палітыка польскіх улад на землях Усходняй Літвы і Заходняй Беларусі / В. Сляшчынскі ; пер. з пол. Э. Ярмусіка // Беларускі гістарычны часопіс. 2006. № 9. С. 10.
  23. Мілеўскі, Я. Е. Нацыянальная структура гарадскіх рад у перыяд з 1919 па 1939 год у Віленскім, Навагрудскім і Палескім ваяводствах / Я. Е. Мілеўскі // Беларускі гістарычны часопіс. 2000. № 1. С. 22–23.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 563 разоў