Панядзелак, 21 Чэрвень 2021 09:21

14 ліпеня 2021 г. — 55 гадоў з дня нараджэння Альфрэда Аляксандравіча Мікуса (1966), фатографа, фотамастака, фотажурналіста

Альфрэд Аляксандравіч Мікус нарадзіўся 14 ліпеня1966 г.у пружанскім раддоме. Змаленства жыў з бабуляй і дзядуляй у вёсцы Плябанцы Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. У пяцігадовымузросце маці, Надзея Мікалаеўна Мікус, забрала яго ў Мінск, але кожнае лета Альфрэд праводзіў у Плябанцах.

 

Паралельна з навучаннем у пачатковых класах Альфрэд Мікус наведваў мастацкую школу. У той жа час пачаў захапляцца і фатаграфіяй. Яго дзядзька Мікалай Макараў, вядомы ў свой час у Пружанах чалавек (маёр, служыў у вайсковай часці п. Шарашова), быў спраўным фатографам і часам дазваляў Альфрэду з братам прысутнічаць у цёмным пакоі, каб назіраць за фотапрацэсам. Пазней, калі Альфрэд вучыўся ў класе восьмым, тата падарыў яму фотаапарат «Смена-8», з дапамогай якога хлопец стаў займацца фатаграфаваннем.

Пасля сярэдняй школы Альфрэд Мікус скончыў Мінскі радыётэхнічны інстытут (1988), некаторы час працаваў інжынерам па запуску аўтаматычных ліній на заводах Міністэрства абароны. Пасля развалу СССР вырашыў заняцца бізнесам — арганізаваў маленькае прадпрыемства, якое пастаўляла кандытарскую сыравіну для хлебазаводаў. Калі з’явілася магчымасць з сям’ёй паездзіць па прыгожых мясцінах і паглядзець свет, купіў сабе добры фотаапарат. І дзе б ні быў, заўсёды фіксаваў на памяць усё, што бачыў.

У прафесійную мастацкую фатаграфію Альфрэд Мікус прыйшоў у 42 гады. Для прафесійнай працы ведаў не хапала і давялося вучыцца. Ён пайшоў на гадавыя курсы практычнай фатаграфіі ў Акадэміі мастацтваў, дзе сярод іншых там выкладаў адзіны ў Беларусі кандыдат навук па тэарэтычнай кампазіцыі Уладзімір Голубеў. Як прафесійны інжынер, А. А. Мікус даволі хутка разабраўся з залатым сячэннем, тэорыяй святла, тэорыяй позірку і гэтак далей. У фотаклубе «Мінск» яго потым нават крыху крытыкавалі  работы настолькі правільныя і бездакорныя, што «душы не адчуваецца». Вучыўся яшчэ і пры Саюзе дызайнераў у знакамітага фатографа Вадзіма Качана, у міжнароднай школе ў расійскага фотадакументаліста Ігара Мухіна.

Фатограф пабываў у дзясятках краін, рэалізаваў самыя розныя праекты, але разам з гэтым усвядоміў, што ўнікальныя кадры можна зрабіць і ў роднай Беларусі — дастаткова бліжэй з ёй пазнаёміцца, з яе культурай, старажытнымі традыцыямі, абрадамі, якія і сёння падтрымліваюць у многіх вёсках. Вядомы яго здымкі абрадаў «Гуканне вясны», «Чырачка», «Жаніцьба Цярэшкі» і інш.

Наведванне народных свят і абрадаў у вёсках і малых гарадах Беларусі для Альфрэда Аляксандравіча — хобі і праца. У сваіх фотарэпартажах ён збірае ўзоры народнай спадчыны, узнаўляе страчанае і дае традыцыям новае жыццё. Дзякуючы сумеснай рабоце з жонкай, якая працуе журналістам у раённай газеце г. Паставы, фотамастак абездзіў дзясяткі хутароў і вёсак у гэтым рэгіёне. Пазнаёміўся са шматлікімі мясцовымі жыхарамі, зацікавіўся каталіцкімі абрадамі на Пастаўшчыне.

Па работах Альфрэда Мікуса пазнаюць і вывучаюць нязведаную Беларусь. На фота можна ўбачыць і апошнія мацэвы на яўрэйскіх могілках, і ўнікальныя народныя абрады, прызнаныя нематэрыяльнай культурнай спадчынай. У Лельчыцкім раёне фотамастак зрабіў унікальныя здымкі амаль згубленага промыслу — бортніцтва. Беларускія спецыялісты лічаць, што палескае бортніцтва годна ўвайсці ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Першыя вялікія перамогі на конкурсах пачаліся ў 2013 г., калі Альфрэд Мікус прывёз тры ўзнагароды з прэстыжнага міжнароднага конкурсу «Humanity Photo Awards» у Кітаі, што ў той год праводзіўся сумесна з ЮНЕСКА. Да яго з Беларусі толькі адзін фатограф там перамагаў — Андрэй Лянкевіч з праектам «Паганства».

Пасля наш старэйшы фатограф з Магілёва Васіль Цітоў заахвоціў яго пачаць удзельнічаць у конкурсах FIAP — Міжнароднай федэрацыі фатаграфічнага мастацтва. Альфрэд Мікус паспрабаваў, і праз нейкі час пайшлі ўзнагароды, і нямала: без залішняй сціпласці яго можна назваць самым «медальным» фатографам Беларусі. Ёсць сярод іх і такая каштоўная ўзнагарода, як залаты медаль Фатаграфічнага таварыства Вялікабрытаніі, які вельмі рэдка каму-небудзь уручаецца, а ў Альфрэда Мікуса іх нават два. Таксама ён атрымаў пажыццёвае званне артыста FIAP, што дае права па ўсім свеце бясплатна карыстацца выстаўкамі, музеямі.

Альфрэд Мікус — адзіны з беларускіх фатографаў два гады запар трапляў у аўтарытэтны даведнік «Who's Who in Photography», які выпускаецца амерыканскім фатаграфічным таварыствам (PSA).

У А. А. Мікуса праходзіць мноства персанальных фотавыстаў. Яго работы экспанаваліся ў Берліне, Маскве, Чарнігаве, у мінскай галерэі імя М. Савіцкага, у музеі гісторыі Мінска, у галерэі фотаклуба «Мінск», у многіх гарадах Беларусі. З вялікім поспехам праходзіла фотавыстава з нацыянальным каларытам «Беларускія прыгажуні»: аўтар захаваў партрэты жанчын з глыбінкі розных узростаў і тыпажоў.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма.
Казлоўская Надзея Анатольеўна, бібліёграф ДБС

 

  1. Бортніцтва сувязь часоў = Бортничество — связь времен = Tree Beekeeping — Binding the Times = Bartnictwo — więź czasów / [укладальнік Л. Ф. Анцух ; аўтары тэксту, канцэпцыя: Р. С. Гамзовіч, І. Д. Восіпаў, Л. Ф. Анцух ; фота А. А. Мікуса]. – Мінск : Чатыры чвэрці, 2020. – 251 с. : фат. – (Культурная спадчына Беларусі).
  2. Мікус, А. Чалавек, які любіць / Альфрэд Мікус ; гутарыла Надзея Кудрэйка // Культура. 2021. 17 красавіка (№ 16). С. 12–13 : фат.
  3. Терентьева, Е. Пришли Громницы — снимай рукавицы : [об обрядовом празднике Громницы в д. Новое Полесье Лельчицкого района] / Елена Терентьева ; фото: Альфред Микус // Народная газета. 2021. 26 лютага (№ 8). С. 11 (приложение: Союзное вече ; № 8).
  4. Пладунова, Т. Палескае вяселле / Таццяна Пладунова ; фото Альфреда Мікуса // Алеся. 2021. № 1. С. 18–19.
  5. Терентьева, Е. «Смотреть лес и пчёл» / Елена Терентьева ; фото Альфреда Микуса // Форум плюс. 2020. № 5. С. 78–81.
  6. Мароз, М. Пісанкі Сапоцкіна / Марыя Мароз ; фота Альфрэда Мікуса // Алеся. 2020. № 3. С. 3335.
  7. Микус, А. Альфред Микус: «Стараюсь ловить моменты живых, настоящих эмоций» / Альфред Микус ; [беседовала] Елена Терентьева // Алеся. 2020. № 1. С. 23–27.
  8. Ляшкевіч, А. Што ў вёсцы вам маёй? : [фотамастакі Кацярына Аракчэева, Міхась Аракчэеў, Альфрэд Мікус] / Алена Ляшкевіч // Культура. 2018. 2 чэрвеня (№ 22). С. 1213.
  9. Мікус, А. Жыццё праз абектыў / Альфрэд Мікус ; гутарыла Алена Зялевіч // Раённыя будні. Пружаны, 2018. 14 красавіка. С. 11.
  10. Ляшкевіч, А. Што ў вёсцы маёй? : [аб адкрыцці ў Мінску фотавыставы «Адна зямля — адна памяць» фотаарцелі «Piligrim» і «Шчаслівыя разам» Альфрэда Мікуса] / А. Ляшкевіч // Культура. 2016. 5 сакавіка (№ 10). С. 9.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 663 разоў