Аўторак, 22 Чэрвень 2021 09:05

2021 г. — 40 гадоў з часу выяўлення святой крыніцы ля в. Вяжное Пружанскага раёна (1981), помніка прыроды

Побач з вёскай Вяжное Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці працякала невялічкая рачулка Кубанька. Была яна такая вузенькая, што мясцовыя жыхары жартам называлі яе Пераплюйкай. Але прыйшоў час і па рэчышчы Кубанькі вырашылі пракласці меліярацыйны канал. Калі пракладвалі яго ў 1981 г., у адным з месцаў з-пад каўша экскаватара ўвысь ускінуліся некалькі магутных трохмятровых фантанаў вады. Пасля напор вады аслабеў, а каб засцерагчы гэтую ваду ад іншай, было ўстаноўлена бетоннае кальцо. 

 

 

З гэтага часу пра крыніцу клапацілася Ганна Кандрацьеўна Андрэева, былая настаўніца пачатковай школы, адзіная тады жыхарка в. Вяжное. Крыніца знаходзілася непадалёк ад дома адважнай жанчыны і канчаткова прывязала яе душу да гэтага закінутага людзьмі мястэчка. Падзвіжніца жыла доўгія гады адна ў асяроддзі блізка падступіўшага лесу ды апусцелых суседскіх дамоў. Сачыла за належным парадкам вакол крыніцы.

Крыніца явіла сябе менавіта ў той год, калі Вяжноўскі Свята-Мікалаеўскі храм, пабудаваны ў 1781 г., святкаваў сваё 200-годдзе. Храм заўсёды дзейнічаў, уцалеў у час Вялікай Айчыннай вайны. I зараз на амвоне бачны след ад трапіўшага ў царкву снарада; хвоі, якія растуць у двары, нашпігаваны смертаносным металам. Пры вызваленні гэтых мясцін у 1944 г. каля Вяжноўскай царквы завязаўся жорсткі бой, у царкоўным двары былі пахаваны 14 чырвонаармейцаў (пазней перепахаваны ў в. Слабудка). Помнік драўлянай архітэктуры з элементамі традыцыйнага народнага дойлідства ахоўваецца дзяржавай.

Жыхары наваколля, прыхаджане Свята-Мікалаеўскага храма карысталіся вадой Вяжноўскай крыніцы, атрымліваючы палёгку пры розных хваробах. Праз некаторы час у адным з мінскіх навукова-даследчых інстытутаў быў арганізаваны аналіз крынічнай вады. Высветлілася, што ў ёй маюцца амаль усе неабходныя для арганізма мікраэлементы. На Вяжноўскую крыніцу звярнула ўвагу Брэсцкае міжраённае культурна-асветніцкае грамадскае аб’яднанне «Кліч» (кіраўнік Лідзія Яўгенаўна Стасюк). Па яго ініцыятыве і пры падтрымцы Брэсцкай епархіі і мясцовай Свята-Мікалаеўскай царквы, а таксама жыхароў навакольных вёсак вакол крыніцы выклалі каменем, паставілі невялікую часоўню, абсталявалі побач купальню.

28 жніўня 2002 г. адбылося ўрачыстае асвячэнне крыніцы ў гонар свяціцеля Мікалая Цудатворца, якое правёў епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Сафроній (Юшчук). У 2006 г. па благаславенні епіскапа Брэсцкага і Кобрынскага Іаана тут пачалося ўладкаванне скіта Брэсцкага Свята-Ражджаства-Багародзічнага жаночага манастыра. 10 ліпеня 2006 г. крыніца была перададзена ў вядзенне манастыра.

На хутары Вяжное зявіліся служачыя манастыра. На той момант тут стаялі пяць дамоў (толькі адзін жылы — ГанныКандрацьеўны), паўразбураная пачатковая школа, на пагорку — Свята-Мікалаеўская царква. З тых часоў хутар Вяжное, размешчаны на мяжы Пружанскага і Камянецкага раёнаў, змяніўся. Некалькі закінутых і паўразбураных дамоў адрамантавалі. На месцы кустоўя і травы разбілі клумбы і агароды.

У 2011 г. у благаславенне ад Святой Гары Афон для Свята-Мікалаеўскага скіта быў напісаны абраз свяціцеля Мікалая ў келлі свяціцеля Мікалая Буразеры (ад Ватапедскага манастыра). У 2018 г. з дапамогай спецыялістаў Інстытута меліярацыі была праведзена рэканструкцыя пабудоў ля святой крыніцы, якая зноў была асвячона 18 студзеня 2019 г. іераманахам Германам (Капыловым). Малітва, асцярожнасць і ўпэўненасць у праведнасці справы сталі спадарожнікамі работ ля гэтай крыніцы.

Уладкаваную крыніцу добра відаць з новай трасы Р98 «Пясчатка – Камянец – Шарашова – Свіслач», шырокая стужка якой тут перасякае мяжу Камянецкага і Пружанскага раёнаў. Вяжному наканавана лёсам стаць святым месцам. Адысці ў нябыт яму не далі старадаўняя царква, крынічка з цудадзейнай вадой, слава пра якую разышлася далёка. Будаўніцтва скіта працягваецца, і разам з ім ажываюць апусцелыя наваколлі.

Адусюль сюды едуць паломнікі, каб памаліцца і набраць гаючай вады.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма.
Казлоўская Надзея Анатольеўна, бібліёграф ДБС 

 

  1. Вяжное // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя.Мінск, 2007. Т. 4. С. 499.
  2. Грядунова, О. И. Современное состояние водных ресурсов Пружанского района : [родник в д. Вежное] / О. И. Грядунова // Белавежжа: мінулае і сучаснасць : V Навукова-краязнаўчая канферэнцыя / Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пружанскага райвыканкама, Музей-сядзіба «Пружанскі палацык». Брэст, 2016. С. 24.
  3. Шарков, А. В. Родник Вежнянский в честь Святителя Николая Чудотворца : [Пружанский район] / А. В. Шарков, Е. И. Хорошевич // Святые родники Белой Руси / А. В. Шарков, Е. И. Хорошевич. Минск, 2017. С. 70–71.
  4. Вежновская Николаевская церковь // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 226.
  5. Царква ў імя свяціцеля Мікалая Цудатворца : [в. Вяжное] // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 95.
  6. Алисейчик, В. В. Николаевская церковь : [д. Вежное] / В. В. Алисейчик // Свод памятников истории и культуры Белоруссии, Брестская область. Минск, 1990. С. 358.
  7. Вяжноўская царква // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 704–705.
  8. Новик, Г. Там, где жизнь нестяжательная... : [история Свято-Никольского женского монастыря в Пружанском районе] / Галина Новик // Навіны Камянеччыны. 2020. 18 красавіка (№ 16). С. 6–7.
  9. Новик, Г. И жаждующие Твои водою насытятся... : после реконструкции преобразилось криничное место у Никольского скита / Галина Новик ; фото Наталии Ковпанько // Навіны Камянеччыны. 2019. 26 студзеня (№ 4). С. 8–9.
  10. Трибулева, Е. Родниковый край : в каких природных источниках самая чистая вода, а где — нитраты выше нормы? : [о природных и целебных источниках, в т. ч. об источнике Вежное] / Елена Трибулева // Навіны Камянеччыны. 2018. 27 кастрычніка (№ 43). С. 6.
  11. Аляксандра. Святыні побач белыя, як дзіва, у абдымках хмараў і высокіх дрэў... : [на хутары Вежнае развіваецца Свята-Мікалаеўскі скіт Брэсцкага жаночага праваслаўнага манастыра; гутарка з гаспадыняй-настаяцельніцай] / ігумення Аляксандра ; гутарыла Алена Зялевіч ; [фота] Сяргея Талашкевіча // Раённыя будні. Пружаны, 2017. 8 ліпеня. С. 11.
  12. 100 достопримечательностей Брестчины. Новый проект «Вечерки» : [о достопримечательностях и памятных местах Пружанского и Каменецкого районов] // Вечерний Брест. 2014. 29 августа. С. 12.
  13. Новік, Г. Вяжное. Цішыня і малітва : [пра будаўніцтва Свята-Нікольскага жаночага скіта] / Галіна Новік // Навіны Камянеччыны. 2014. 11 кастрычніка. С. 5.
  14. Антонаў, М. Святым словам і добрай справай : [сацыяльныя абекты рэлігійных арганізацый Брэстчыны, у т. л. Вяжное] / Мікола Антонаў // Раённыя будні. Пружаны, 2013. 24 жніўня. С. 3.
  15. Мазіна, Г. Астраўкі міласэрнасці, або Як людзі могуць дапамагчы адзін другому : [пра сацыяльныя аб’екты рэлігійных арганізацый Брэстчыны, пра хутар Вяжное на Пружаншчыне] / Галіна Мазіна // Народная трыбуна. 2013. 23 жніўня. С. 1.
  16. Муха, Ф. По зову души и сердца... : [о деятельности религиозных объединений Брестчины, хутор Вежное] / Федор Муха // Заря. 2013. 20 августа. С. 5.
  17. Горбач, А. Тот же лес, тот же воздух и та же вода… : [про Надежду Кондратьевну Андрееву, последнюю жительницу д. Вежное, хранительницу святого источника] / Александр Горбач // Вечерний Брест. 2009. № 31. С. 9.
  18. Данилова, Е. Родной земли живые родники : [о работе Брестского межрайонного культурно-просветительского общественного объединения «Зов» по возрождению родников] / Елена Данилова // Заря. 2009. 11 июня. С. 1, 4.
  19. Аляксеева, М. У вёсцы, якой няма : у в. Вяжное Пружанскага раёна жыве толькі адна жыхарка, затое ёсць дзеючая царква / Марыя Аляксеева // Народная трыбуна. 2007. 14 красавіка. С. 9.
  20. Чуль, Р. Свято-Николаевская церковь села Вежное Пружанского района / Р. Чуль // Брестские епархиальные ведомости. 2007. № 3. С. 41.
  21. Глущенко, Т. Родник в канаве не утонет : [про обустройство родника в д. Вежное] / Тамара Глущенко // Вечерний Брест. 2007. 18 мая.
  22. Кабяк, В.У Пружанскім раёне будзе ўзведзены скіт / Вольга Кабяк // Звязда. 2006. 1 чэрвеня.
  23. Хадаровіч, Г. Зямля пад божай ласкай : паселішча Вяжное  святая крынічка, старажытны храм і манаскі скіт / Ганна Хадаровіч // Раённыя будні. Пружаны. 2006. 29 красавіка. С. 1, 3.
  24. Ролич, О. Свято-Николаевская церковь в д. Вежное / Ольга Ролич // Заря. 2005. 11 октября. С. 3.
  25. Зырко, Н. Живи, родник, живи! : [об освящении родника у д. Вежное Пружанского района] / Нина Зырко ; фото Валерия Короля // Заря. 2002. 3 сентября. С. 5.

 

Чытаць 715 разоў Апошняя змена Аўторак, 22 Чэрвень 2021 09:17