Панядзелак, 28 Чэрвень 2021 14:02

1 ліпеня 2021 г. — 200 гадоў з дня нараджэння Івана Андрэевіча Качалава (1821–1884), генерал-лейтэнанта артылерыі, каменданта Брэсцкай крэпасці

Іван Андрэевіч Качалаў нарадзіўся 1 ліпеня 1821 г., паходзіў з дваран Наўгародскай губерні. Выхоўваўся ў Наўгародскім Аракчэеўскім корпусе, у 1842 г. атрымаў званне прапаршчыка Дваранскага палка.

У 1858 г. Іван Качалаў пераведзены ў Арэнбургскую ваенную акругу. У 1860 г. назначаны камандзірам крэпасной артылерыі ў форце Пяроўскі. Удзельнічаў у паходах супраць какандцаў, праявіў сябе пры ўзяцці Яны-Кургана, Дзін-Кургана, Туркестана, Чымкента і Ніязбека, за што адзначаны павышэннем у чынах і двума ордэнамі.

У 1866–1876 гг. Іван Качалаў з’яўляўся памочнікам начальніка артылерыі Кіеўскай ваеннай акругі. Нядоўга служыў начальнікам артылерыі Казанскай ваеннай акругі. 30 жніўня 1876 г. атрымаў чын генерал-лейтэнанта і назначаны камендантам Брэст-Літоўскай крэпасці ў Гродзенскай губерні.

Брэст-Літоўская крэпасць, пабудаваная ў 1840-я гг., на той час ужо не адпавядала свайму прызначэнню. Неабходнасць перабудовы ўмацаванняў выклікалася з’яўленнем наразной артылерыі, якая значна перавышала магчымасці гладкаствольнай. З 1864 г. крэпасць праходзіла мадэрнізацыю па праекце дырэктара інжынернага дэпартамента генерал-ад’юнкта Эдуарда Іванавіча Татлебена.

На тэрыторыі Кобрынскага ўмацавання пабудавалі Заходні і Усходні рэдуты, траверсы, парахавыя паграбы. У 1876 г. на тэрыторыі крэпасці быў пабудаваны Свята-Мікалаеўскі гарнізонны храм (архітэктар Давыд Іванавіч Грым).

18 лістапада 1878 г. быў зацверджаны план узмацнення Брэст-Літоўскай крэпасцi перадавымi ўмацаваннямi. Намячалася пабудаваць 7 асобных фартоў (апорных пунктаў) на адлегласці 3–4–5 км ад агароджы крэпасці і 3–4 км адзін ад аднаго. Інжынер-генерал-лейтэнант Канстанцін Якаўлевіч Звераў вызначыў дакладныя месцы будаўніцтва.

Работы па будаўніцтве сямі перадавых умацаванняў былі праведзены ў 1879–1880 гг., аднак амаль адразу неабходна было ўдасканальваць новабудоўлі. Гэта былi земляныя ўмацаваннi з размяшчэннем артылерыi на валах i з невялiкiмi казематамi для асабовага складу. За дзесяць гадоў (1879–1888) былi ўзведзены 9 фартоў. Кожны форт дазваляў размясцiць гарнiзон колькасцю 250 чалавек i да 20 гармат. Кола фартоў мела 32 км у акружнасці.

Да нашага часу найлепш захаваўся форт № 5, які будаваўся ў 1878–1888 гг. Прамавугольны ў плане цагляны форт быў абнесены земляным валам. Пад ім з цэнтральным траверсам размешчаны казармы з анфіладнай сістэмай памяшканняў і зводчатым перакрыццем. Роў з эскарпамі запаўняўся вадой.

У гэты час Брэст-Літоўск актыўна развіваўся. З 1879 г. праз горад праходзілі тры важнейшыя чыгункі: Варшаўска-Цярэспальская, Маскоўска-Брэсцкая і Паўднёва-Заходняя. У 1881 г. пачалася распрацоўка праекта чыгуначнага вакзала.

6 мая 1884 г. генерал-лейтэнант І. А. Качалаў узнагароджаны ордэнам Святога Аляксандра Неўскага, адной з вышэйшых узнагарод Расійскай імперыі.

І. А. Качалаў памёр 8 лістапада 1884 г., пахаваны на Гарнізонных могілках г. Брэста. Надмагілле добра захавалася.

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага.
Сухапар Уладз
iмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Брэсцкая крэпасць // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мiнск, 1996. Т. 3.
    С. 292–293.
  2. Брэсцкая крэпасць/ У. А. Абрамаў, Т. М. Ходцава // Энцыклапедыя гісторыіі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 94–96.
  3. Абрамаў, У. А. Крэпасць Брэст-Лiтоўск у 18–19 ст. / У. А. Абрамаў // Памяць. Брэст : гiст.-дакум. хронiка : у 2 кн. Мiнск, 1997. Кн. 1. С. 148–151.
  4. Борисовец, А. С. Крепостной форт № 5 / А. С. Борисовец, Е. П. Буяк // Свод памятников истории и культуры Белоруссии, Брестская область. Минск, 1990. С. 132.
  5. Брестская крепость на ветрах истории / авт. концепции и текста А. М. Суворов. – Брест : Редакция журнала СЭЗ, 2007. – 151 с. : ил.
  6. Митюков, А. Берестейские пушки : [история артиллерии Брестской крепости] / А. Митюков // Белорусская военная газета. 2007. 14 февраля. С. 4.

 

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 604 разоў