Аўторак, 19 Люты 2013 10:04

2013 г. – 310 гадоў з часу першага ўпамінання (1703) г.п. Антопаль (Драгічынскі р-н) у пісьмовых крыніцах

Антопаль – гарадскі пасёлак у Драгічынскім раёне, цэнтр Антопальскага пасялковага савета. Размешчаны на аўтадарозе Кобрын – Драгічын, за 28 км ад Драгічына, 127 км ад Брэста, 2 км ад чыгуначнай станцыі Гарадзец (лінія Брэст – Гомель).

{gcontent}У пісьмовых крыніцах на пачатку XVIII ст. згадваецца з двайной назвай: Прышыхаты і Антопаль – сяленне каля тракту з Кобрына ў Пінск. 3 1703 года мястэчка ў Берасцейскім павеце Берасцейскага ваяводства Вялiкага княства Лiтоўскага. Праз 28 гадоў (1731) мястэчку дадзены прывілей на правядзенне трох штогадовых кірмашоў. У сярэдзіне XVIII ст. ў мястэчку згадваюцца манастыр базыльянаў і сінагога. У 1773 годзе тут існавала сярэдняя публічная школа (калегіум). Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Антопаль увайшоў у склад Расійскай імперыі і адносіўся да Кобрынскага павета Слонімскай губерніі, з 1797 года – да Літоўскай, з 1801 года – да Гродзенскай. У 1854 годзе пабудавана праваслаўная Васкрасенская царква, якая стала цэнтрам Антопальскага благачыння. На 1860 год у Антопалі пражывалі 1563 жыхары. У 1862 годзе было заснавана народнае вучылішча.

Побач з мястэчкам быў маёнтак Антопаль, уласнасць графа Казіміра Ажароўскага, якому належалі 228 рэвізскіх душ сялян.

У 1882 годзе пабудавана чыгунка Пінск – Жабінка, што спрыяла ажыўленню гандлю і гаспадарчага жыцця мястэчка. У 1886 годзе ў Антопалі налічвалiся 363 жыхары-сяляне i 4305 мяшчан, валасное праўленне, дзве праваслаўныя царквы, капліца, сінагога, школа, 42 крамы, 3 заезныя двары, 6 піцейных дамоў.

На пачатку ХХ ст. ў мястэчку пражывала 5235 жыхароў. Працавалі паштова-тэлеграфнае аддзяленне, царкоўна-прыходская i пачатковая школы. У 1910 годзе адчынена лячэбніца на 10 ложкаў. У 1915 годзе акупіраваны германскімі, а ў 1919 годзе – польскімі войскамі. У 1921–1939 гадах Антопаль знаходзіцца ў складзе Польшчы, цэнтр гміны Кобрынскага павета Палескага ваяводства. У 1931 годзе Антопаль названы горадам.

3 канца 1939 года горад знаходзіцца ў складзе БССР. З 15 студзеня 1940 года гарадскі пасёлак, у 1940–1959 гадах – цэнтр Антопальскага раёна Брэсцкай вобласці. 3 1959 года Антопаль уваходзіць у склад Драгічынскага раёна. У 2005 годзе ў гарадскiм пасёлку было 2080 жыхароў. У Антопалi размешчаны ватна-прадзільная фабрыка, паліклініка i бальніца, сярэдняя школа, дзiцячая музычная школа, дзве бібліятэкі, Дом культуры, турбаза.

Гістарычныя месцы Антопаля: брацкая магіла чырвонаармейцаў і паўстанцаў; брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну; магіла савецкіх актывістаў; Васкрасенская царква (1854); касцёл (1838); гандлёвыя рады (XIX ст.).

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Драгiчынскай цэнтральнай раённай бiблiятэкай. Трыфанава Наталля Iванаўна, гал. бiблiёграф

{/gcontent}

  1. Антопаль // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя : Брэсцкая вобласць. Мінск : БелЭн, 2006. Т 3, кн. 1. С. 253–255.
  2. Антополь // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2007. Т. 2. С. 122–123.
  3. Антопаль // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Минск, 1996. Т. 1. С. 388.
  4. Антопаль // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1993. Т. 1. С. 124.
  5. Антопаль // Культура Беларусі : энцыклапедыя. Мінск : БелЭн, 2010. Т. 1. С. 173.
  6. Антопаль // Брэстчына : назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданняў / склад., запіс, апрац. А. М. Ненадаўца. Мiнск : Беларусь, 1995. С. 114–118.
  7. Граник, С. Легенда старого Антополя : страницы истории / Сергей Граник // Драгічынскі веснік. 2010. 21 крас.
  8. Гуміна, С. Антопаль : [гісторыя г.п. Антопаль] / С. Гуміна // Народная трыбуна. 1998. 24 снеж. С. 4
  9. Дзенісейка, А. Адкрываем Радзіму – пазнаем сябе : [пра вечар гiсторыi Антопаля ў бiблiятэцы] / Анатолiй Дзенісейка // Драгічынскі веснік. 2003. 17 снеж.
  10. Пирожник, И. И. Антополь // Пирожник, И. И. Дорогами дружбы / И. И. Пирожник. Минск : Полымя. 1985. С. 69–71.
  11. Чепко В. В. Города Белоруссии в первой половине ХIХ века : экономическое развитие / В. В. Чепко. Минск : Изд–во БГУ, 1981. С. 143.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2630 разоў Апошняя змена Аўторак, 20 Красавік 2021 10:11