Пятніца, 23 Ліпень 2021 11:46

18 лістапада 2021 г. — 90 гадоў з дня нараджэння Анатоля Ільіча Вярцінскага (1931), журналіста, пісьменніка, заслужанага работніка культуры БССР

Анатоль Ільіч Вярцінскі нарадзіўся 18 лістапада 1931 г. у вёсцы Дзямешкава Лепельскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1956 г. закончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна.

 

Пасля заканчэння БДУ Анатоля Вярцінскага запрасіў у г. Давыд-Гарадок Брэсцкай вобласці яго сябар па студэнцтве Павел Андрэевіч Місько (1931–2011), які з 1955 г. працаваў адказным сакратаром, намеснікам рэдактара давыд-гарадоцкай раённай газеты «Чырвоны сцяг» (з 1957 г. «Сцяг Леніна»).

Двум сябрам-літаратарам стала весялей працаваць. У «раёнцы» ажывілі куток сатыры і гумару і літаратурную старонку. Абодва хацелі пісаць мастацкія творы, выкрайвалі хвіліны для творчасці, пасылалі ў розныя рэдакцыі фельетоны, нарысы, вершы. Вясной 1957 г. ездзілі ў Брэст на абласную нараду маладых літаратараў, дзе пазнаёміліся з літаратуразнаўцам У. А. Калеснікам.

Сябры працавалі ў Давыд-Гарадку нядоўга. У 1959 г. Павел Місько перайшоў на пасаду ўласнага карэспандэнта газеты «Звязда» па Гродзенскай вобласці. Анатоль Вярцінскі, які пачаў свой прафесійны шлях журналіста і літаратара ў Давыд-Гарадку, паехаў працаваць у рэдакцыях раённых газет у Камянцы Брэсцкай, Клімавічах Магілёўскай, Рагачове Гомельскай абласцей, але нідзе надоўга не затрымаўся.

З 1962 г. А. І. Вярцінскі жыве ў Мінску; працаваў у рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», выдавецтве «Беларусь». У 1967–1982 гг. — літкансультант, адказны сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР. У 1986–1990 гг. — галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва». Адначасова рэдагаваў штогоднік перакладной літаратуры «Далягляды». Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР і Рэспублікі Беларусь (1990–1995).

Анатоль Вярцінскі дэбютаваў з вершамі ў студэнцкай шматтыражнай газеце ў 1951 г., у рэспубліканскім друку — у 1954 г. Выдаў кнігі вершаў і паэм: «Песня пра хлеб» (1962), «Тры цішыні» (1966), «Чалавечы знак» (1968), «Выбранае» (1973), «З’яўленне» (1975), «Час першых зорак» (1976), «Ветрана» (1979), «Святло зямное» (1981) і інш. Паэзія Анатоля Вярцінскага вызначаецца злабадзённасцю тэматыкі, вострай палемічнасцю, актыўным гуманістычным пафасам. Паэт арыентуе чытача на спасціжэнне высокага ідэалу, на пошукі ім гармоніі, глыбокае разуменне сэнсу жыцця.

Аўтар п’ес для дзяцей «Дзякуй, вялікі дзякуй» (1978), «Скажы сваё імя, салдат» (1977) і інш. Брэсцкі абласны тэатр лялек у 1990 г. паставіў яго п’есу «Рыгорка — Ясная зорка» (рэжысёр А. Жугжда).

Крытыка і публіцыстыка Анатоля Вярцінскага вылучаюцца актуальнасцю пастаўленых праблем, наватарскім поглядам на шматлікія з’явы і працэсы літаратурна-грамадскага жыцця. Аўтар зборніка літаратурнай крытыкі і публіцыстыкі «Высокае неба ідэала» (1980). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1988) за кнігу публіцыстычных нататак «Нью-Йорская сірэна» (1987).

Перакладаў на беларускую мову вершы з класічнай і сучаснай рускай, украінскай, літоўскай, латышскай, балгарскай, польскай паэзіі. Творы Анатоля Вярцінскага перакладаліся на многія мовы свету. З 1964 г. — член Саюза пісьменнікаў СССР, цяпер — Саюза беларускіх пісьменнікаў.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

Творы А. І. Вярцінскага

  1. Тым часам... : вершы, эсэ, публіцыстыка / Анатоль Вярцінскі. – Мінск : Кнігазбор, 2020. – 206 с. – (Кнігарня пісьменніка).
  2. Жыцьмем : вершы і паэмы / Анатоль Вярцінскі. – Мінск : Кнігазбор, 2012. – 13  с. – (Кнігарня пісьменніка).
  3. Асобныя радкі розных гадоў / Анатоль Вярцінскі. – Мінск : Галіяфы, 2010. – 102 с. – (Другі фронт мастацтваў).
  4. Жанчына. Мужчына. Каханне... : лірыка / Анатоль Вярцінскі ; [прадмова Л. Дранько-Майсюка].  Мінск : Чатыры чвэрці, 2003.  63 с.
  5. Высокае неба ідэала : літаратурная крытыка і публіцыстыка / Анатоль Вярцінскі.  Мінск : Мастацкая літаратура, 1980.  33с.
  6. Ветрана : кніга паэзіі / Анатоль Вярцінскі. Мінск : Мастацкая літаратура, 1979.  142 с.
  7. Час першых зорак : вершы / Анатоль Вярцінскі. Мінск : Мастацкая літаратура, 1976.  11с.  (Песню бярыце ў дарогу).
  8. Зяўленне : вершы і паэмы / Анатоль Вярцінскі. Мінск : Мастацкая літаратура, 1975. – 110 с.
  9. Чалавечы знак : вершы і паэмы / Анатоль Вярцінскі. Мінск : Беларусь, 1968. – 126 с., [1] л. партр.
  10. Песня пра хлеб : вершы і паэма / Анатоль Вярцінскі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1962. – 66 с.
  11. Камітэт — калектыўны важак ; На пярэднім краі ; Лепшы з лепшых : [пісьмы з камсамольскай арганізацыі калгаса «Запаветы Леніна» Давыд-Гарадоцкага раёна] / А. Вярцінскі, П. Місько // Чырвоная змена. 1958. 14 мая ; 16 мая ; 18 мая.

 

Аб жыцці і творчасці А. І. Вярцінскага

  1. Вярцінскі Анатоль Ільіч / М. І. Мішчанчук // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 397.
  2. Вярцінскі Анатоль Ільіч // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск, 2002. Т. 1. С. 231.
  3. Анатоль Вярцінскі // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / склад. А. К. Гардзіцкі. Мінск, 1994. С. 113–114.
  4. Вярцінскі Анатоль / М. А. Губернатараў // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. Мінск, 1993. Т. 2. С. 72–80.
  5. Цвірко, Н. Л. Верш Анатоля Вярцінскага «Два полі» : (урок у 6-м класе) / Н. Л. Цвірко // Беларуская мова і літаратура. Серыя «У дапамогу педагогу». 2020. № 5. С. 35.
  6. Жуковіч, В. Клопаты Анатоля Вярцінскага : [творчы партрэт пісьменніка] / Васіль Жуковіч // Дзеяслоў. 2018. № 6. С. 228–237.
  7. Бароўская, І. А. «Асобны мацярык нацыянальнай паэзіі» Анатоля Вярцінскага / І. А. Бароўская // Веснік Брэсцкага ўніверсітэта. Серыя 3, Філалогія. Педагогіка. Псіхалогія. 2017. № 2. С. 28–35.
  8. Ярац, А. Карані і крона дабрыні : лаканічны верш Анатоля Вярцінскага / Алег Ярац, Віктар Ярац // Роднае слова. 2016. № 11. С. 11–14.
  9. Вашчанка, А. П. Слова пра старэйшага сябра : [пра А. Вярцінскага] / Аляксандр Вашчанка // Полымя. 2016. № 11. С. 154157.
  10. Ярмашук, Л. Святло зямное Анатоля Вярцінскага : урок-партрэт беларускай літаратуры (10-ы клас) / Людміла Ярмашук // Роднае слова. 2015. № 7. С. 5658.
  11. Герцык, А. В. Вывучэнне паэзіі Анатоля Вярцінскага ў XI класе / А. В. Герцык // Беларуская мова і літаратура. Серыя «У дапамогу педагогу». 2013. № 2. С. 44–50.
  12. Місько, П. На покліч душы : замест аўтабіяграфіі / Павел Місько // Маладосць. 1981. № 3. С. 142–160.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 896 разоў