Аўторак, 03 Жнівень 2021 09:28

31 кастрычніка 2021 г. — 90 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Барысавіча Андрэйчава (1931), былога вязня фашызму, доктара тэхнічных навук

Уладзімір Барысавіч Андрэйчаў нарадзіўся 31 кастрычніка 1931 г. у г. Днепрапятроўску (Украіна). Бацька, Барыс Рыгоравіч Андрэйчаў (1906–1998), паходзіў з Кубані, інжынер, будаўнік мастоў; у 1940 г. быў накіраваны ў Брэст на будаўніцтва чыгуначнага моста цераз Заходні Буг. У Брэсце маці, Яўгенію Андрэеўну (1908–1953), паставілі загадваць магазінам.

 

У пачатку чэрвеня 1941 г. Валодзя, закончыўшы другі клас у г. Васкрасенску Маскоўскай вобласці, прыехаў да бацькоў на канікулы. Бацька, маці і двухгадовая сястра Нэлі жылі ў адным з пакояў барака ў Шпановічах — на ўсходняй ускраіне Брэста. Для хлопчыка пачаліся цудоўныя дні канікул на беразе Мухаўца, у горадзе пагранічнікаў, з новымі сябрамі — дзяцьмі камандзіраў з Брэсцкай крэпасці.

На досвітку 22 чэрвеня пачалася Вялікая Айчынная вайна. Пасля моцнага артылерыйскага абстрэлу ў Брэст уварваліся нямецкія захопнікі. Валодзя стаў сведкам подзвігу савецкіх пагранічнікаў, абаронцаў Брэсцкай крэпасці, а таксама злачынстваў акупантаў.

Праз нейкі час нехта, верагодна, падпольшчык, адвёз сям’ю інжынера ў в. Хмелева Жабінкаўскага раёна, яны пасяліліся ў сялянкі Арыны Захараўны Казыркі. Сына гаспадыні Васіля фашысты павесілі за захаванне зброі. Першыя месяцы Андрэйчавых ніхто асабліва не чапаў, Валодзя стаў пастушком пры авечках. У пачатку 1942 г. забралі ў турму бацьку, потым яго адправілі ў канцлагер.

5 верасня 1942 г. распачалася фашысцкая карная аперацыя «Трохвугольнік». Акупанты сталі збіраць «усходнікаў», сем’і чырвоных камандзіраў у Жабінку. Усіх загналі ў дамы яўрэйскага гета, дзе пачаткова налічвалася 1500 вязняў, паступова іх знішчылі, застаўшыеся ў жывых 360 чалавек былі расстраляны 27 верасня. Валодзя часам пакідаў гета, выбраўшыся цераз агароджу, каб знайсці харчы для маці і сястры, навучыўся пабірацца і нават красці. Вязняў ганялі на розныя работы, многія, асабліва малыя дзеці, паміралі ад голаду і тыфу.

У канцы кастрычніка 1942 г. немцы аб’явілі збор людзей быццам для адпраўкі ў Германію. Сабралі каля паўтысячы «ўсходнікаў», групамі па 20–30 чалавек адвозілі за горад і расстрэльвалі. Андрэйчавых карнікі вывезлі ўжо ў прыцемках, яны пабачылі вялікія ямы з расстралянымі. Калі немцы загадалі распрануцца дагала, Валодзя з маці і сястрычкай кінуліся ўцякаць, па іх стралялі, але ім пашчасціла схавацца ў лесе.

Доўга брадзілі па наваколлі, хаваліся на сенавалах, нарэшце вярнуліся ў Хмелева. Пазней пайшлі ў партызанскі атрад. Дачакаліся вызвалення 21 ліпеня 1944 г. Бацька застаўся ў жывых, яны сустрэліся пасля вайны. Валодзя вучыўся ў Хмелеўскай школе, шмат чытаў, авалодаў беларускай мовай. У Хмелева нарадзіўся брат Валерый. 16 верасня 1953 г. здарыўся вялікі пажар, які знішчыў шмат хмелеўскіх хат. У пажары загінула Яўгенія Андрэеўна, паспеўшы выпхнуць Валеру з палаючай хаты. Пасля трагедыі бацька вырашыў перасяліцца на сваю малую радзіму — на Кубань.

Уладзімір Андрэйчаў закончыў тэхнікум, інстытут, жыццё прысвяціў будаўніцтву. Прафесар, доктар тэхнічных навук, ганаровы буданіўнік Расіі, заслужаны будаўнік нафтагазавай галіны. Дваццаць гадоў быў прарэктарам Краснадарскага політэхнічнага інстытута (з 1993 г. — Кубанскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт), дванаццаць гадоў — прэзідэнтам асацыяцыі «Кубаньнефтегазстрой», лідара сярод будаўнічых арганізацый нафтагазавага комплексу Паўночна-Каўказскага рэгіёна. Абіраўся ў склад Расійскага савета нафтагазбудпрафсаюза (2001–2011), ганаровы член прэзідыума Краснадарскага краявога камітэта прафсаюза. Узнагароджаны ордэнамі Еўрапейскай славы (2003), каралевы Велікабрытаніі (2005), «Слава России», медалём «Непокорённые. 1941–1945» і інш.

Уладзімір Барысавіч любіць кнігі, шмат чытае, сабраў добрую дамашнюю бібліятэку. Падтрымліваў сувязь з Раманам Аляксандравічам Левіным, сынам капітана з Брэсцкай крэпасці, выжыўшым вязнем Брэсцкага яўрэйскага гета, якога хавала ў Жабінцы Флорыя Будзішэўская і які пасля вайны стаў вядомым паэтам. Ветэран толькі пад семдзесят гадоў атрымаў пасведчанне былога малалетняга вязня фашызму, часта бываў у школах, тэхнікумах і інстытутах, каб расказаць моладзі аб перажытым.

У гісторыка-дакументальнай хроніцы «Памяць. Жабінкаўскі раён» (1999) Андрэйчавы памылкова занесены ў спіс расстраляных у 1942 г. У. Б. Андрэйчаў зрэдку прыязджаў у Брэст, Хмелева і Жабінку, быў тут у 2003, 2016 і 2021 гг. Прыходзіў на месца, дзе іх расстрэльвалі, на матуліну магілу. У Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны 2021 г. прысутнічаў на мітынгу-рэквіеме і ваенна-гістарычнай рэканструкцыі ў Брэсцкай крэпасці.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Мірнае насельніцтва («восточники»), якія былі расстраляны на тэрыторыі Жабінкаўскага раёна : Андрейченко Евгения, двое детей // Памяць. Жабінкаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1999. С. 355.
  2. «Трохвугольнік» // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 591.
  3. Бензярук, А. «На той пагост, дзе маміна магіла...» : [аб прыездзе ў Жабінку У. Б. Андрэйчава] / Анатоль Бензярук // Заря. 2021. 24 июля. С. 10–11.
  4. Ярмош, Л. «Нас расстреляли в Жабинке...» : [о В. Б. Андрейчеве, пережившем Великую Отечественную войну в Беларуси] / Любовь Ярмош // Правда. Москва, 2021. 2–5 июля. С. 7.
  5. Бензярук, А. На той пагост, дзе маміна магіла : [аб прыездзе ў Жабінку У. Б. Андрэйчава] / Анатоль Бензярук // Сельская праўда. Жабінка, 2021. 26 чэрвеня. С. 6.
  6. Андрейчев, В. Брест – Кубань главная дорога судьбы : (из воспоминаний почетного строителя России В. Б. Андрейчева) / Владимир Андрейчев // Заря. 2018. 1 марта. С. 18–19.
  7. Чубарян, Л.От президента ассоциации до члена президиума краевого комитета : [о В. Б. Андрейчеве, пережившем Великую Отечественную войну в Беларуси] / Людмила Чубарян // НГСП-информ. Москва, 2016. № 9. С. 9–13.
  8. Бензярук, А. Жыць, а не паміраць... : [успаміны Уладзіміра і Валерыя Андрэйчавых аб дзяцінстве ў в. Хмелева Жабінкаўскага раёна] / Анатоль Бензярук // Заря. 2013. 28 ноября. С. 6–7.
  9. Бензярук, А. Лёс, быццам слёзы — горкі і салодкі... : [аб прыездзе У. Б. Андрэйчава ў Жабінку і Хмелева] / А. Бензярук // Сельская праўда. Жабінка, 2003. 8 кастрычніка. С. 2.
Чытаць 81 разоў