Пятніца, 06 Жнівень 2021 10:04

11 чэрвеня 2021 г. — 110 гадоў з дня нараджэння Яўгена Рыгоравіча Пякарскага (1911–1942), удзельніка рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі і барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі

Яўген Рыгоравіч Пякарскі нарадзіўся 11 чэрвеня 1911 г. у вёсцы Турна Брэсцкага павета Гродзенскай губерні (цяпер Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. З успамінаў яго сястры Ганны Рыгораўны Малыхі ён рос паслухмяным і сціплым. Скончыў сем класаў агульнаадукацыйнай польскай школы.

 

Яўген Пякарскі рана стаў на шлях рэвалюцыйнай барацьбы. З 1928 г. ён належаў да ячэйкі Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі ў в. Блювінічы, потым уступіў у члены Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, быў выбраны членам райкама КПЗБ. Вывешваў і захоўваў рэвалюцыйныя транспаранты, праводзіў партыйныя канферэнцыі і сходы на тэрыторыі дзейнасці Чарнаўчыцкага райкама КПЗБ.

У 1931 г. паліцыя арыштавала актывістаў Чарнаўчыцкага райкама КПЗБ. 21 сакавіка быў арыштаваны і Яўген Пякарскі. Жандары знайшлі схаваныя ім чырвоныя сцягі і напісаныя яго рукой транспаранты. Ён быў пасаджаны разам з іншымі аднадумцамі ў Брэсцкую турму. У акце абвінавачвання ад 25 студзеня 1932 г. Я. Р. Пякарскаму ставілася ў віну ўдзел з 1928 г. у рэвалюцыйнай дзейнасці і прыналежнасць да КПЗБ, за што быў асуджаны на чатыры гады турэмнага зняволення.

5 верасня 1932 г. Я. Р. Пякарскі быў пераведзены з Брэста ў Седлецкую турму, а 10 чэрвеня 1933 г. — з Седлецкай ў Беластоцкую турму. Выйшаў на свабоду 2 жніўня 1935 г. і яшчэ з большай актыўнасцю прадоўжыў займацца рэвалюцыйнай дзейнасцю.

У верасні 1939 г. удзельнічаў у ваеннай аперацыі ў радах Чырвонай арміі супраць Польшчы. 22 кастрычніка Я. Р. Пякарскага абралі дэпутатам Народнага сходу Заходняй Беларусі, які адбыўся ў Беластоку. Пасля ўваходжання Заходняй Беларусі ў склад БССР землякі выбралі яго старшынёй Турнянскага валаснога камітэта.

У абласной газеце «Зара» 1 студзеня 1940 г. у сваім артыкуле «Незабыўны год» Я. Р. Пякарскі пісаў: «…Сяляне ўзяліся за навуку, за будаўніцтва. У воласці працуе дзесяць вячэрніх школ для дарослых, у якіх яны ліквідуюць сваю непісьменнасць і малапісьменнасць. Амаль ва ўсіх вёсках адкрыты чырвоныя куткі, куды сяляне збіраюцца чытаць газеты, часопісы. У вёсках Чарнаўчыцы, Турна, Хмялёва, Дзяменічы адкрыты клубы. Нядаўна пачала працаваць бальніца. У 1940 г. мы мяркуем пабудаваць у васьмі вёсках сельскія магазіны, у трох — новыя школы».

Перад Вялікай Айчыннай вайной Яўген Пякарскі працаваў старшынёй выканкама Прускаўскага сельскага Савета дэпутатаў працоўных. З першых дзён акупацыі раёна гітлераўскімі захопнікамі ўстанавіў сувязь з камуністамі, вёў падпольную работу, з’яўляўся членам Відамлянскай антыфашысцкай арганізацыі. Падтрымліваў сувязь з партызанамі, збіраў зброю, распаўсюджваў сярод насельніцтва зводкі Савінфармбюро.

Летам 1942 г. пры выкананні баявога задання Я. Р. Пякарскі быў схоплены фашыстамі і пасля жорсткіх катаванняў расстраляны ў Прускаўскім лесе 3 верасня 1942 г.

Імем Яўгена Пякарскага названа вуліца ў г. Камянцы. У 1978 г. вучні Турнянскай сярэдняй школы пасадзілі 31 бярозку і назвалі алею яго імем. Роўна столькі гадоў пражыў Яўген Рыгоравіч Пякарскі.

Ва ўрочышы «Прускаўскі лес», што за 2 км ад Камянца, на магіле расстраляных воінаў, актывістаў і мірных жыхароў у 1959 г. быў устаноўлены абеліск. У маі 1984 г. на гэтым месцы адбылося адкрыццё новага помніка — скульптуры воіна на фоне разгорнутага флага. Аўтарам кампазіцыі з’яўляецца беларускі скульптар Аляксандр Іванавіч Лышчык, ураджэнец Камянца.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна,

бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Пекарский Евгений Григорьевич // Кто есть кто в Республике Беларусь. Минск, 2005. Т. 1. С. 230.
  2. Пекарский Евгений Григорьевич // Их именами названы... : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 475.
  3. Яфімовіч, У. За свабоду роднага краю / У. Яфімовіч // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 166167.
  4. Козловская, М. Н. Могила советских воинов, активистов и мирных жителей : [Каменец; краткая биография Е. Г. Пекарского] / М. Н. Козловская // Свод памятников истории и культуры Белоруссии, Брестская область. Минск, 1990. С. 220.
  5. Панасюк, Н. В. Крона вечного дерева / Н. В. Панасюк, В. В. Татун. – Минск : Беларусь, 1987. – 127 с., 12 л. ил. – Из содерж.: Огонь на себя : об аллее памяти Е. Пекарского в д. Турна. С. 104–109.
  6. Магіла савецкіх воінаў, актывістаў і мірных жыхароў : [Камянец] // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі, Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 198.
  7. Яфімовіч, У. Патрыёт з Турны : да 70-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР / Уладзімір Яфімовіч // Навіны Камянеччыны. 2009. 12 верасня.
  8. Бакун, С. Вечна жывыя : адкрыццё помніка героям-землякам у Прускаўскім лесе / С. Бакун // Ленінец. Камянец, 1984. 17 мая. С. 2.
  9. Ефимович, В. Песня о Пекарском и Кузько : вальс молодоженов / слова Владимира Ефимовича ; музыка Ларисы Скаскевич // Ленінец. Камянец, 1980. 20 сакавіка. С. 3.
  10. Яфімовіч, У. Алея імя героя Пякарскага : [у в. Турна] / У. Яфімовіч // Ленінец. Камянец, 1978. 9 мая. С. 4.
  11. Яфімовіч, У. Растуць у Турне бярозкі : [верш] / У. Яфімовіч // Ленінец. Камянец, 1978. 9 мая. С. 4.
  12. Лібяроўская, Т. Д. Яўген Рыгоравіч Пякарскі : даведка Дзяржархіва Брэсцкай вобласці аб яго рэвалюцыйнай дзейнасці ў перыяд буржуазна-памешчыцкай Польшчы / Т. Д. Лібяроўская, Г. В. Церабунь // Ленінец. Камянец, 1978. 21 лютага ; 23 лютага.
  13. Яфімовіч, У. З «Інтэрнацыяналам» у сэрцы навекі : [пра Я. Р. Пякарскага] / У. Яфімовіч // Ленінец. Камянец, 1978. 21 лютага ; 11 сакавіка.
  14. Пякарскі, Е. Г. Незабываемы год : [перадрукавана з абласной газеты «Зара» за 1 студзеня 1940 г.] / Е. Г. Пякарскі // Ленінец. Камянец, 1978. 21 лютага. С. 4.
  15. Алесін, П. Знак Грунвальда : [пра Я. Пякарскага з в. Турна] / П. Алесін // Настаўніцкая газета. 1976. 29 снежня.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 450 разоў