Панядзелак, 16 Жнівень 2021 08:46

13 кастрычніка 2021 г. — 105 гадоў з дня нараджэння Лізаветы Карпаўны Кухаравай (1916–2009), бібліятэчнага работніка, заслужанага дзеяча культуры БССР

Лізавета Карпаўна Кухарава нарадзілася 13 кастрычніка 1916 г. у Саратаўскай губерні. У 1933–1936 гг. навучалася ў Саратаўскім бібліятэчным тэхнікуме, пасля заканчэння якога ёй была прысвоена кваліфікацыя «Загадчык раённай бібліятэкі».

 

Прафесійную дзейнасць Лізавета Кухарава пачала ў 1936 г. у Саратаўскай абласной бібліятэцы, куды была накіравана пасля тэхнікума. Працавала бібліятэкарам аддзела перыёдыкі, які ўзначаліла ў 1937 г. У 1940 г. была прынята ў партыю.

У час Вялікай Айчыннай вайны (ліпень 1942 г.) Л. К. Кухарава была пераведзена ў Волжскі райкам ВКП(б), працавала бібліятэкарам парткабінета і прапагандыстам. У 1943 г. адазвана Саратаўскім абкамам і накіравана ў Растоўскую вобласць, дзе працавала намеснікам загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі гаркама партыі г. Растова-на-Доне. У лютым 1944 г. накіравана на курсы ў Вышэйшую партыйную школу пры ЦК ВКП(б) у г. Маскве. Па заканчэнні курсаў стала працаваць лектарам Мінскага гаркама КПБ.

Яе муж, Мікалай Маркавіч Унукаў (1915–1958), закончыў Мінскі камуністычны інстытут журналістыкі імя С. М. Кірава (1937), напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны працаваў у кобрынскай газеце «Труд», у 1945 г. быў назначаны загадчыкам сельгасаддзела рэспубліканскай газеты «Савецкі селянін». У снежні 1946 г. Л. К. Кухарава атрымала накіраванне ў Дзяржаўную бібліятэку БССР імя У. І. Леніна на пасаду загадчыка аддзела кнігазахоўвання. Вяла работу па адборы кніг, вывезеных немцамі, а цяпер вяртаемых на радзіму.

У лістападзе 1946 г. ЦК КПБ накіраваў М. М. Унукава на працу ў Пінскі абкам КПБ загадчыкам сектара друку. Л. К. Кухарава ў 1947 г. пераехала ў г. Пінск, прынята на пасаду намесніка дырэктара Пінскай абласной бібліятэкі. Вышэйшую адукацыю атрымала на завочным аддзяленні Маскоўскага дзяржаўнага бібліятэчнага інстытута імя В. М. Молатава (1946–1951). У сувязі са скасаваннем Пінскай вобласці і абласной бібліятэкі (1954) пераведзена ў Пінскую цэнтральную гарадскую бібліятэку бібліёграфам.

Пасля скасавання Пінскага абкама М. М. Унукава накіравалі ў Брэст, у 1954–1958 гг. працаваў дырэктарам Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага. Пасля пераезду ў Брэст Л. К. Кухарава з лютага 1955 г. стала загадваць гарадской бібліятэкай імя Янкі Купалы ў мікрараёне «Граеўка». Хадзіла па Граеўцы, знаёмілася з жыхарамі, запрашала ў бібліятэку, у выніку колькасць чытачоў значна вырасла: ад 600 да 5000 розных узростаў.

16 лютага 1961 г. Л. К. Кухарава назначана дырэктарам Брэсцкай абласной дзіцячай бібліятэкі, якая была заснавана на базе дзіцячага аддзялення абласной бібліятэкі імя М. Горкага. Сваім станаўленнем установа абавязана найперш Лізавеце Карпаўне, чалавеку, цалкам адданаму бібліятэчнай справе, яе ўпартаму баявому характару.

Для бібліятэкі выдзелілі будынак, у якім не было нават пячэй. Дырэктар хадзіла па інстанцыях, дабівалася належнага рамонту будынка. Давялося нават ехаць у ЦК КПБ, нарэшце сродкі былі выдзелены. Тады кожную дошку, кожны цвік трэба было здабываць. Л. К. Кухаравай удалося да 1969 г. зрабіць рэканструкцыю старога аднапавярховага з пячным ацяпленнем будынка ў двухпавярховы з паравым ацяпленнем (вул. Куйбышава, 32). Потым у ЦК КПБ дабілася выдзялення аўтамашыны, каб арганізаваць перасоўныя бібліятэчкі і выезды ў вёскі.

За дзень у дзіцячую бібліятэку прыходзілі 100–150 юных чытачоў, але бібліятэкары паспявалі з кожным пагутарыць, кожнаму падабраць кнігі. Бібліятэка мела пункты выдачы ў школах горада, даводзілася насіць туды стосы кніг, абслугоўваць вучняў, альбо астаўляць кнігі пад адказнасць педагогаў. Для бібліятэчнага абслугоўвання сельскіх чытачоў былі арганізаваны выезды аўтамашынай у вёскі Тэльмы, Раманаўскія хутары, Страдзеч, Знаменку, Камарова.

Цікава праходзілі «Тыдні дзіцячай і юнацкай кнігі», арганізаваныя сумесна з абласным Палацам піянераў і школьнікаў. Адбыліся сустрэчы з пісьменнікамі: Агніяй Кузняцовай, Міхаілам Герчыкам і інш. Два разы на год праходзілі мерапрыемствы для бацькоў і дзяцей «Усёй сям’ёй — на сустрэчу з кнігай». Традыцыйна да Дня аховы дзяцей у парку культуры і адпачынку «1 Мая» праводзілі святы кнігі. У 1969 г. бібліятэка атрымала тэлевізар, дзеці прыходзілі, каб паглядзець тэлеперадачы.

Дырэктару абласной бібліятэкі даводзілася часта ездзіць па раёнах, курыраваць работу бібліятэк з дзяцьмі, пры гэтым выяўляліся недахопы ў матэрыяльным забеспячэнні. Л. К. Кухарава як член савета ўпраўлення культуры аблвыканкама хадзіла ў райкамы і райвыканкамы і дабівалася вырашэння праблем: рамонту бібліятэчных памяшканняў, выдзялення мэблі альбо дроў. У студзені 1974 г. Лізавета Карпаўна перадала кіраўніцтва бібліятэкай Аляксандры Васільеўне Яцэвіч.

У 1967 г. Л. К. Кухаравай было прысвоена званне «Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР». Узнагароджана медалямі «За доблестный труд в Великой Отечественной войне 1941–1945 гг.», «За доблестный труд. В ознаменование 100-летия со дня рождения В. И. Ленина», «Ветеран труда», многімі граматамі.

Застаўшыся без мужа, які рана памёр, выхавала сына і трох дачок, вывела іх у людзі. Дачка, Марына Мікалаеўна Пуціліна, доўгі час працавала ў Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага. Другая дачка, Вольга Мікалаеўна Унукава, таксама бібліятэкар, працавала ў абласной дзіцячай бібліятэцы, Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя А. С. Пушкіна.

Л. К. Кухарава памерла 30 мая 2009 г., пахавана на гарадскіх могілках «Плоска новая» (сектар 13).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Кухарева Елизавета Карповна // Кто есть кто в Брестской областной библиотеке / Брестская областная библиотека им. М. Горького ; [сост.: А. С. Кузьмина, Ю. М. Майкевич]. Молодечно, 2016. С. 76–77.
  2. Заслужаныя дзеячы культуры : Кухарава Лізавета Карпаўна // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хоніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 623.
  3. Кухарева, Е. К.Борьба за огонь : из воспоминаний Елизаветы Карповны Кухаревой / Л. К. Кухарева // Листая памяти страницы... : Брестской областной библиотеке имени М. Горького 70 лет / сост. А. М. Суворов. Брест, 2009. С. 56–59.
  4. Библиотека детская областная // Брест : энцикл. справочник. Минск, 1987.
    С. 91–92.
  5. Бурина, Г. И. Очерк истории Брестской областной библиотеки им. М. Горького / Г. И. Бурина // Нарысы гісторыі бібліятэк Брэсцкай вобласці / Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага, Аддзел бібліятэказнаўства ; [склад. Л. І. Рачкоўская, А. М. Мяснянкіна]. Выд. 2-е, дап. і перапрац. Брэст, 2001. С. 108–109.
  6. Яцевич, А. Очерк истории Брестской областной библиотеки им. М. Горького / А. Яцевич // Очерки истории библиотек Брестской области. Брест, 1996. С. 65–71.
  7. Внуков Николай Маркович // Кто есть кто в Брестской областной библиотеке / Брестская областная библиотека им. М. Горького ; [сост.: А. С. Кузьмина, Ю. М. Майкевич]. Молодечно, 2016. С. 68–69.
  8. Внукова Ольга Николаевна // Кто есть кто в Брестской областной библиотеке / Брестская областная библиотека им. М. Горького ; [сост.: А. С. Кузьмина, Ю. М. Майкевич]. Молодечно, 2016. С. 89.
  9. Путилина (Кухарева) Марина Николаевна // Кто есть кто в Брестской областной библиотеке / Брестская областная библиотека им. М. Горького ; [сост.: А. С. Кузьмина, Ю. М. Майкевич]. Молодечно, 2016. С. 153.
  10. Литвинович, Е. Книга жизни Елизаветы Кухаревой : областную детскую библиотеку создавала женщина, чьи обращения находили понимание у первого секретара ЦК КПБ и главы советского государства / Евгений Литвинович // Заря. 2006. 16 марта. С. 18.
Чытаць 76 разоў