Панядзелак, 16 Жнівень 2021 08:55

30 жніўня 2021 г. — 85 гадоў з дня нараджэння Аляксандры Васільеўны Яцэвіч (1936), бібліятэчнага работніка, краязнаўца

Аляксандра Васільеўна Яцэвіч нарадзілася 30 жніўня 1930 г. у в. Дзяменічы Брэсцкага павета Палескага ваяводства (цяпер Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Яе бацька ў 1930-я гг. быў членам КПЗБ, актыўным дзеячам барацьбы за нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне Заходняй Беларусі, у 1942 г. расстраляны фашыстамі. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў сям’я пераехала ў г. Брэст. Аляксандра ў 1945 г. упершыню трапіла ў абласную бібліятэку, была здзіўлена вялікай колькасцю кніг, якіх у вёсцы не было. Закончыла СШ № 5 г. Брэста (1954).

 

У 1954–1959 гг. Аляксандра Яцэвіч навучалася ў Брэсцкім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А. С. Пушкіна па спецыяльнасці «Руская і беларуская мова і літаратура». Пасля заканчэння ВНУ Аляксандра Яцэвіч прынята на работу ў Брэсцкую абласную бібліятэку імя М. Горкага. У 1960–1961 гг. працавала выхавацелем ў сярэдняй школе г. Савецк Калінінградскай вобласці, пасля чаго вярнулася ў Брэст і зноў прынята на работу ў абласную бібліятэку. У 1963–1969 гг. працавала ў метадычным аддзеле.

У 1969 г. бібліятэка пераехала ў новы будынак, з’явіліся новыя аддзелы. А. В. Яцэвіч узначаліла аддзел беларускай літаратуры і краязнаўства. Тут чыталі літаратуразнаўцы У. А. Калеснік, В. Я. Ляшук, гісторык У. У. Меляшкевіч, паэты М. Рудкоўскі, М. Пракаповіч, Н. Загорская і інш. Бібліятэка ўстанавіла сувязі з абласным тэлебачаннем, сістэматычна інфармавала чытачоў аб новых творах пісьменнікаў Брэстчыны. Пачалі праводзіцца вечары-сустрэчы з паэтамі і празаікамі, цыкл мерапрыемстваў аб Героях Савецкага Саюза, Героях Сацыялістычнай Працы — ураджэнцах Брэстчыны.

У 1974 г. А. В. Яцэвіч назначана дырэктарам Брэсцкай абласной дзіцячай бібліятэкі, прыняла ўстанову ад Лізаветы Карпаўны Кухаравай (1916–2009). Калектыў быў вельмі дружны, усе супрацоўнікі былі адданыя бібліятэчнай прафесіі. Тады было абавязковым кожнаму чытачу выдаваць не толькі мастацкую, але і галіновую літаратуру. Меліся дзве чытальныя залы: для вучняў 1–3-х класаў i 4–8-х класаў.

Абласная дзіцячая бібліятэка была метадычным цэнтрам для бібліятэк усіх сістэм і ведамстваў, якія абслугоўвалі дзяцей. Выдавала інфармацыйныя і рэкамендацыйныя спіскі новых паступленняў літаратуры, метадычныя дапаможнікі па прапагандзе мастацкай і пазнавальнай літаратуры. Арганізоўвала павышэнне кваліфікацыі работнікаў дзіцячых і школьных бібліятэк вобласці. Работнікі бібліятэкі часта ўдзельнічалі ў тэлеперадачах Брэсцкай абласной студыі тэлебачання.

Са студзеня 1985 г. А. В. Яцэвіч — дырэктар абласной бібліятэкі імя М. Горкага, прыняўшы пасаду ад Зінаіды Мікалаеўны Потлавай (1929–2010). Па ініцыятыве ўпраўлення культуры аблвыканкама ў студзені 1986 г. да абласной бібліятэкі імя М. Горкага была далучана абласная дзіцячая бібліятэка, якая стала яе аддзелам. У 1989 г. правялі рамонт даху асноўнага будынка, былі афарбаваны фасады, адрамантавана адміністрацыйнае крыло, абноўлены інтэр’еры актавай залы і кабінетаў, фае.

Аляксандра Васільеўна актывізавала вучобу кадраў, узмацніла ролю бібліятэкі як метадычнага цэнтра, прынесла шмат навацый у работу з грамадскасцю. У студзені 1992 г. бібліятэка атрымала статус юрыдычнай асобы, была створана бухгалтэрыя. Бібліятэка пачала працаваць ва ўмовах новага гаспадарчага механізму. У мінулае адышла камуністычная нікараванасць дзейнасці бібліятэк. Прыярытэтнымі кірунакамі работы сталі: папулярызацыя кніг і ведаў аб нацыянальнай культуры, роднай мове, літаратуры, народных традыцыях; краязнаўчая дзейнасць; інфармацыйная работа і работа з дзяцьмі.

У 1990-я гг. бібліятэка жыла насычаным творчым жыццём. З’яўляліся новыя формы работы, платныя паслугі, пачалося вывучэнне гісторыі бібліятэк вобласці. Вялося супрацоўніцтва з Бяла-Падляскай ваяводскай публічнай бібліятэкай (Польшча). У актавай зале праходзілі сустрэчы розных грамадскіх аб’яднанняў і таварыстваў горада — польскага, украінскага, яўрэйскага і інш. Чытачы сустракаліся з вядомымі беларускімі пісьменнікамі. Значна вырасла колькасць чытачоў, наведванняў, кнігавыдач.

Аляксандра Васільеўна ставіла перад упраўленнем культуры аблвыканкама праблему рэканструкцыі будынка бібліятэкі з прыбудовай, каб размясціць значна вырасшы фонд, стварыць неабходныя ўмовы для карыстальнікаў і супрацоўнікаў. У 1996 г. пачалася аўтаматызацыя бібліятэчных працэсаў, быў створаны аддзел аўтаматызацыі. У жніўні 1996 г. абласной бібліятэцы быў перададзены фонд бібліятэкі былога Дома палітасветы; структурным падраздзяленнем стаў інфармацыйны сектар па абслугоўванні супрацоўнікаў дзяржапарату (вул. Камуністычная, 1).

У кастрычніку 1996 г. А. В. Яцэвіч пакінула пасаду дырэктара, засталася працаваць бібліятэкарам у сектары інфармацыі па культуры і мастацтве да мая 1997 г.

Узнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства культуры СССР і Цэнтральнага камітэта прафсаюза работнікаў культуры, Ганаровай граматай Міністэрства культуры БССР і рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў культуры, Ганаровымі граматамі Брэсцкага абкама КПБ і аблвыканкама, Брэсцкага гаркама КПБ і гарвыканкама, Ганаровай граматай Міністэрства культуры і друку Рэспублікі Беларусь, Ганаровымі граматамі ўпраўлення культуры аблвыканкама.

Праз некалькі гадоў пасля выхаду на заслужаны адпачынак, пераехала на жыхарства да сястры і дачкі ў г. Адэсу (Украіна). Думкі аб бібліятэцы і яе людзях не пакідаюць Аляксандру Васільеўну.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Яцевич Александра Васильевна // Кто есть кто в Брестской областной библиотеке / Брестская областная библиотека им. М. Горького ; [сост.: А. С. Кузьмина, Ю. М. Майкевич]. Молодечно, 2016. С. 71–72.
  2. Яцевич, А. В. Я благодарна... : из воспоминаний Александры Васильевны Яцевич / А. В. Яцевич // Листая памяти страницы... : Брестской областной библиотеке имени М. Горького 70 лет / сост. А. М. Суворов. Брест, 2009. С. 43–53.
  3. Бурина, Г. И. Очерк истории Брестской областной библиотеки им. М. Горького / Г. И. Бурина // Нарысы гісторыі бібліятэк Брэсцкай вобласці / Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага, Аддзел бібліятэказнаўства ; [склад. Л. І. Рачкоўская, А. М. Мяснянкіна]. Выд. 2-е, дап. і перапрац. Брэст, 2001. С. 108–109.
  4. Бурына, Г. І. Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага / Г. І. Бурына // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 593–594.
  5. Яцевич, А. Очерк истории Брестской областной библиотеки им. М. Горького / А. Яцевич // Очерки истории библиотек Брестской области. Брест, 1996. С. 65–71.
  6. Яцэвіч, А. В. Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага / А. В. Яцэвiч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 2. С. 92.
  7. Васіль Сцяпанавіч Яцевіч // Памяць. Брэсцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 122–123.
  8. Жабінкаўцы ў абласной бібліятэцы : [пра кнігу «Кто есть кто в Брестской областной библиотеке»] // Сельская праўда. Жабінка, 2017. 11 сакавіка. С. 1.
  9. Справа ўсяго жыцця : [да юбілею дырэктара Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага А. В. Яцэвіч] // Народная трыбуна. 1996. 31 жніўня (№ 35). С. 4.
  10. Яцэвіч, А. «Мы яшчэ патрэбныя...» / А. Яцэвіч ; гутарыў Л. Валынчук // Народная трыбуна. 1994. 9 ліпеня (№ 27). С. 1.
  11. Яцэвіч, А. Гаспадыня галоўнай бібліятэкі / А. Яцэвіч ; гутарыла З. Дудзюк // Народная трыбуна. 1993. 27 сакавіка (№ 12). С. 2.
  12. Яцевич, А. Объединились. Что дальше? : [опыт Брестской областной библиотеки им. М. Горького в вопросе объединения библиотек] / А. Яцевич // Библиотекарь. 1990. № 5. С. 27–29.
  13. Гурин, А. И тихо книгу перелистывай : [беседа с директором Брестской областной библиотеки им. М. Горького А. В. Яцевич о работе учрежления] / А. Гурин // Заря. 1988. 2 ноября. С. 4.
  14. Дзівасіл, А. Скарбніца ведаў : [пра Брэскую абласную дзіцячую бібліятэку — метадычны цэнтр па каардынацыі работы ўсіх дзіцячых бібліятэк вобласці] / А. Дзівасіл // Беларусь. 1978. № 2. С. 19.
  15. Яцевич, А. Школы мастерства и воспитания : [о школах коммунистического труда рассказывает выставка в отделе белорусской литературы и краеведения] / А. Яцевич // Заря. 1972. 14 апреля. С. 2.
  16. Яцевич, А. «Мир глазами белорусов» : [о выставке книг в Брестской областной библиотеке им. М. Горького] / А. Яцевич // Заря. 1971. 15 июня. С. 4.
  17. Яцевич, А. Юбиляру посвящается : [о книжной выставке к 75-летию со дня рождения К. Крапивы] / А. Яцевич // Заря. 1971. 4 марта. С. 4.
  18. Яцевич, А. «Белорусская Лениниана» : [о выставке книг к 100-летию со дня рождения В. И. Ленина] / А. Яцевич // Заря. 1970. 23 апреля. С. 4.
  19. Яцевич, А. Если хочешь знать свой край... : [о работе отдела белорусской литературы и краеведения Брестской областной библиотеки им. М. Горького] / А. Яцевич // Заря. 1969. 15 августа. С. 4.
Чытаць 79 разоў Апошняя змена Серада, 25 Жнівень 2021 12:15