Серада, 18 Жнівень 2021 10:07

19 жніўня 2021 г. — 75 гадоў з дня нараджэння Віктара Канстанцінавіча Гардзея (1946), пісьменніка, перакладчыка, лаўрэата Літаратурнай прэміі імя І. Мележа

Віктар Канстанцінавіч Гардзей нарадзіўся 19 жніўня 1946 г. у вёсцы Малыя Круговічы Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння Круговіцкай сярэдняй школы (1964) працаваў у мясцовым калгасе «Сцяг Леніна», а потым — у ляхавіцкай раённай газеце «Будаўнік камунізму», з 1966 г. — у ганцавіцкай раённай газеце «Савецкае Палессе» (загадчык аддзела пісем, адказны сакратар, намеснік рэдактара).

 

Завочна скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна (1984). З 1983 г. Віктар Гардзей працаваў у часопісах «Беларусь», «Родная прырода», «Маладосць», «Полымя», «Вожык», выдавецтве «Мастацкая літаратура», у 2010–2015 гг. — у газеце «Літаратура і мастацтва».

Цяга да літаратурнай творчасці праявілася рана. Першыя літаратурныя творы Віктар Гардзей надрукаваў у 1963 г. яшчэ школьнікам. Творчы ўзлёт пісьменніка адносіцца да ганцавіцкага перыяду жыцця, калі ён працаваў у газеце, рэдактарам якой быў вядомы журналіст і пісьменнік Васіль Фёдаравіч Праскураў (1926–1987) — яго першы настаўнік і дарадца. Менавіта тады Віктар Гардзей выдаў свае першыя кнігі паэзіі «Касавіца» (1975), «Верасное палясоўе» (1978), «Засевак Радзімы» (1983).

Пяру Віктара Гардзея належаць паэтычныя зборнікі «Незабудкі азёр» (1985), «Узрушэнне» (1988), «Дзікая пчала» (1994), «Зялёныя дажджы» (1997), «Межань» (1999), «Трыадзінства» (2010), a таксама кнігі прозы «Дом з блакітнымі аканіцамі» (1984), «Карані вечнага дрэва» (1988), «Уратуй ад нячыстага» (1992), «Ці то грэбля, ці то гаць», «З мінулага не вяртаюцца…» (2013), трылогія «Аселіца ў басейне Чорнага мора» (2000), раман «Бедна басота» (2003).

В. К. Гардзей таксама з’яўляецца аўтарам шматлікіх кніжак для дзяцей: «Чырвоны грабенчык» (1976), «На арэхавай палянцы» (1982), «Коцікі на вярбе» (1988), «Мой тата — трактарыст» (1989), «Зай, які лічыў варон» (1991), «Зайкава балалайка» (1998), «Малая дзіцячая Чырвоная кніга» (2008), «Мудры воран» (2013), «Сарочына цырульня» (2013), «Лясная трывога» (2015).

Віктар Гардзей — тонкі лірык і цікавы празаік. Галоўнае месца ў яго творчасці займаюць маральна-этычныя і сацыяльныя праблемы сучаснай вёскі, людзі і прырода роднага краю. Уся творчасць у вершах і прозе пранізана духам Бацькаўшчыны, а яго літаратурнымі героямі сталі жыхары роднай вёскі Малыя Круговічы. У сваіх вершах паэт выказвае замілаванасць краявідамі роднай зямлі, многія вершы прасякнуты непакоем за экалагічны стан роднага Палесся.

Значную частку творчага партфеля Віктара Гадзея займаюць літаратуразнаўчыя артыкулы. Пісаў пра Б. Стральцова, В. Стрыжака, А. Каско, М. Рудкоўскага, М. Дубянецкага і іншых беларускіх паэтаў. Аўтар тэксту кнігі «Ганцаўшчына — край легенд і паданняў народных» (2011), укладальнік зборніка «Паміж Бобрыкам і Ланню: Ганцаўшчына літаратурная» (2007; з К. Мохарам). Займаецца і перакладчыцкай дзейнасцю. На беларускую мову пераклаў раманы Г. Флабэра «Саламбо» і Р. Стывенсана «Чорная страла», аповесць-казку Э. Гофмана «Шчаўкунчык і мышыны кароль», кнігу казак народаў Еўропы «Хрустальны калодзеж» і інш.

Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1979 г. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа (1993) за кнігу «Уратуй ад нячыстага», дыпламант рэспубліканскага конкурсу на лепшы літаратурны твор года «Залаты Купідон» (2008) у намінацыі «Крытыка і літаратуразнаўства».

У Малых Круговічах да 50-годдзя пісьменніка імем Віктара Гардзея названа вуліца, на якой ён нарадзіўся і жыў, а ў чэрвені 2017 г. на месцы былой бацькоўскай хаты, быў устаноўлены памятны знак. Імя пісьменніка ўвекавечана на Алеі пісьменства ў Ганцавічах, што была адкрыта ў 2011 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Ганцавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя В. Ф. Праскурава. Кулан Алена Юр’еўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

Творы В. К. Гардзея

  1. Птушка года Беларусі, 2000–2020 : вершы і замалёўкі пра ганаровых птушак Беларусі / Віктар Гардзей ; [фота С. Зуёнка і інш. ; мастакі: Р. Долбік і інш.]. – Мінск : Народная асвета, 2020. – 95 с. : іл.
  2. Лясная трывога : казка : [для дашк. і мал. шк. узросту] / Віктар Гардзей ; [мастак Ю. Пякіна]. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2015. – 16 с. : іл.
  3. Сарочына цырульня: вершы / Віктар Гардзей ; [іл. А. Пазняка]. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2013. – 53, [2] с. : іл.
  4. З мінулага не вяртаюцца… : аповесці, апавяданні / Віктар Гардзей. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2013. – 511 с.
  5. Мудры воран : легенды, паданні, прымхі, павер’і, казкі : [для дзяцей мал. і сярэд. шк. узросту] / Віктар Гардзей ; [мастак В. Дударэнка]. – Мінск : Звязда, 2013. – 144 с. : іл.
  6. Трыадзінства : кніга паэзіі / Віктар Гардзей; [прадм. А. Марціновіча]. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2010. – 319 с.
  7. Малая дзіцячая Чырвоная кніга. Ахоўная флора / Віктар Гардзей ; [мастак В. У. Давыдоўскі]. – Мінск : Беларусь, 2010. – 150 с., [2] л. іл.
  8. Бедна басота : раман / Віктар Гардзей. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2003. – 189 с.
  9. Аселіца ў басейне Чорнага мора : аповесці / Віктар Гардзей. – Мінск : Беларусь, 2000. – 462 с. – (Школьная бібліятэка).
  10. Межань : кніга лірыкі / Віктар Гардзей. – Мінск : Беларускі кнігазбор, 1999. – 144 с.
  11. Зайкава балалайка : вершы і казкі : [для дзяцей дашк. і мал. шк. узросту] / Віктар Гардзей. – Мінск : Юнацтва, 1998. – 111 с. : іл.
  12. Зялёныя дажджы : вершы / Віктар Гардзей. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1997. – 350 с.
  13. Дзікая пчала : вершы / Віктар Гардзей. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. – 189 с.
  14. Уратуй ад нячыстага : аповесці, апавяданні / Віктар Гардзей. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1992. – 367 с.
  15. Зай, які лічыў варон : вершы, небыліцы, пацешкі : [для дашк. узросту] / Віктар Гардзей ; [мастак В. І. Валынец]. – Мінск : Юнацтва, 1991. – 45 с., [2] л. іл.
  16. Узрэшэнне : лірыка / Віктар Гардзей ; [рэд. Х. Д. Жычка]. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1988. – 142 с. : іл.
  17. Коцікі на вярбе : вершы і казкі : [для дашк. узросту] / Віктар Гардзей ; [мастак Л. І. Зяневіч]. – Мінск : Юнацтва, 1988. – 63 с., [1] л. іл.
  18. Карані вечнага дрэва : аповесць, апавяданні / Віктар Гардзей. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1988. – 254 с. : іл.
  19. Незабудкі азёр : лірыка / Віктар Гардзей ; [мастак В. С. Сідарава]. – Мінск : Юнацтва, 1985. – 126 с. : іл.
  20. Дом з блакітнымі аканіцамі : аповесць і апавяданні / Віктар  Гардзей. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1984. – 256 с.
  21. Засевак Радзімы : вершы / Віктар Гардзей. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1983. – 94 с.
  22. Верасное палясоўе : вершы / Віктар Гардзей. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1978. – 56 с.
  23. На перасячэнні зорных пуцявін : [вершы] / Віктар Гардзей // Полымя. 2021. № 3. С. 3–7.
  24. Калядная рапсодыя : эсэ / Віктар Гардзей ; фота Кастуся Дробава // Літаратура і мастацтва. 2020. 24 снежня (№ 49). С. 8.
  25. «Вечар дзіўны ў памяці збярог...» : [цыкл вершаў] / Віктар Гардзей // Літаратура і мастацтва. 2020. 7 жніўня (№ 29). С. 8.
  26. Светлы панадворак : [вершы] / Віктар Гардзей // Полымя. 2020. № 7. С. 3–7.
  27. «Казачны вечар з царэўнаю спячай...» : [вершы] / Віктар Гардзей // Літаратура і мастацтва. 2020. 31 студзеня (№ 4). С. 8.
  28. Россып зарніц : [вершы] / Віктар Гардзей // Полымя. 2019. № 5. С. 3–6.
  29. Наканаванне ; Ружовыя юнацтва вечары ; Да дзяўчат! ; На растаннях ; Балотныя агні : [вершы] / Віктар Гардзей // Літаратура і мастацтва. 2018. 14 снежня (№ 49). С. 8.
  30. Палёт Ікара : [вершы] / Віктар Гардзей // Полымя. 2018. № 2. С. 3–8.
  31. «Я звычайнага шчасця хачу...» : [цыкл вершаў] / Віктар Гардзей // Літаратура і мастацтва. 2018. 12 студзеня (№ 2). С. 8.
  32. Калі цвіла ліпа… : апавяданне / Віктар Гардзей // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 2017. 9 снежня. С. 10.
  33. Каляровыя прысняцца сны… : [вершы] / Віктар Гардзей // Полымя. 2017. № 5. С. 3–9.
  34. Час ляціць, як перапёлка ў жыта... : [вершы] / Віктар Гардзей // Полымя. 2017. № 3. С. 3–7.
  35. Пра сваё нараджэнне ; Судны дзень ; Фантазія : [вершы] / Віктар Гардзей // Літаратура і мастацтва. 2017. 24 лютага (№ 8). С. 8.

 

Аб жыцці і творчасці В. К. Гардзея

  1. Гардзей Віктар Канстанцінавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1997. Т. 5. С. 59.
  2. Гардзей Віктар Канстанцінавіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя : у 6 т. Мінск, 2011. Т. 2. С. 530.
  3. Гордей Виктор Константинович // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2006. Т. 3. С. 128.
  4. Віктар Гардзей // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / [склад. А. К. Гардзіцкі]. Мінск. 1994. С. 123.
  5. Гардзей Віктар / Г. М. Праневіч // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. Мінск. 1993. Т. 2. С. 120–123.
  6. Віктар Гардзей // Анталогія беларускай паэзіі : у 3 т. Мінск, 1993. Т. 3. С. 419–423.
  7. Віктар Гардзей // Літаратурная карта Берасцейшчыны / уклад. А. Крэйдзіч. Брэст, 2008. С. 156–159.
  8. Віктар Гардзей (Віктар Канстанцінавіч) // Культура малых гарадоў Брэсцкай вобласці. Ганцавічы / склад. С. Несцярэнка, І. Абакумава. Брэст, 2012. С. 14.
  9. Віктар Гардзей // Ганцаўшчына — край легенд і талентаў народных / аўт. тэксту В. К. Гардзей. Мінск, 2011. С. 166.
  10. Віктар Гардзей: З глыбінь народных // Памяць. Ганцавіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1999. С. 425.
  11. Гардзей Віктар // Паміж Бобрыкам і Ланню. : Ганцаўшчына літаратурная : паэзія, проза, публіцыстыка / уклад. В. Гардзей, К. Мохар. Мінск, 2007. С. 409–410.
  12. 19 жніўня — 75 гадоў з дня нараджэння (1946) В. К. Гардзея, пісьменніка, перакладчыка / складальнікі: В. Я. Асаёнак, Г. В. Брага, К. С. Быстрова ; рэдактар К. Д. Варанько // Новыя кнігі: па старонках беларускага друку. 2021. № 6. С. 2–4 (дадатак: Даты беларускага календара).
  13. Кунцэвіч, С. Віктар Гардзей: «Мая планета — Малое Сяло»: [аб жыцці і творчасці В. Гардзея] / Святлана Кунцэвіч // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 2018. 18 жніўня. С. 10.
  14. Дамарацкая, І. Памятны знак устаноўлены пры жыцці пісьменніка : [на месцы хаты, дзе нарадзіўся паэт В. Гардзей, устаноўлены памятны знак] / Ірына Дамарацкая // Ганцавіцкі час. 2017. 29 чэрвеня (№ 26). С. 10.
  15. Маляўка, Т. Шматгранны талент : [да 70-годдзя пісьменніка В. Гардзея] / Таццяна Маляўка // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 2016. 14 верасня. С. 5.
  16. Дамарацкая, І. На свяце ў Круговічах Віктар Гардзей атрымаў «залаты» медаль / Ірына Дамарацкая // Ганцавіцкі час. 2016. 25 жніўня (№ 34). С. 6.
  17. Яцушкевіч, К. Блаславёны той край, які нараджае паэтаў : [да юбілею В. Гардзея] / Кацярына Яцушкевіч // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 2016. 24 жніўня. С. 2.
  18. Трафімчык, А. Нашчадак беднай басоты : [да 70-годдзя з дня нараджэння В. Гардзея] / Анатоль Трафімчык // Заря. 2016. 20 августа. С. 9.
  19. Мохар, К. З родных каранёў : [аб жыцці і творчасці В. Гардзея] / Кастусь Мохар // Народная трыбуна. 2016. 19 жніўня (№ 34). С. 11.
  20. Мохар, К. Летапісец малога краю і паэзіі неспакою : [да 70-гадовага юбілею пісьменніка В. Гардзея] / Кастусь Мохар // Літаратура і мастацтва. 2016. 19 жніўня (№ 33). С. 5.
  21. Дамарацкая, І. Віктар Гардзей — унікальны чалавек / Ірына Дамарацкая // Ганцавіцкі час. 2016. 18 жніўня (№ 33). С. 8.
  22. Рудкоўская, І. Ён знайшоў свае лепшыя словы : [аб творчасці В. Гардзея] / Ірына Рудкоўская // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 2016. 17 жніўня. С. 1.
  23. Мохар, К. З глыбінь народных вытокі : [аб творчасці В. Гардзея] / Кастусь Мохар // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 2016. 13 жніўня. С. 9.
  24. Трафімчык, А. Самародак зямлі круговіцкай: штрыхі да творчага партрэта Віктара Гардзея / Анатоль Трафімчык // Роднае слова. 2016. № 8. С. 9–13.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 693 разоў