Аўторак, 19 Люты 2013 10:22

28 студзеня 2013 г. – 70 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Мікалаевіча Пташука (1943–2002), кiнарэжысёра, народнага артыста Беларусi, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусi

Пташук Міхаіл Мікалаевіч – вядомы савецкі і беларускі кінарэжысёр, акцёр, чые фільмы неаднаразова былі адзначаны на міжнародных, усесаюзных і рэспубліканскіх кінафестывалях.

{gcontent}Нарадзіўся Міхаіл Пташук 28 студзеня 1943 года ў сялянскай сям’i ў вёсцы Федзюкі Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласцi. Пра свае пасляваеннае дзяцiнства М. Пташук часта ўспамiнаў: “Мяне гадавалi дзве жанчыны: мацi i бабуля – Марыя Сямёнаўна i Лiзавета Раманаўна. Яны ўвесь час плакалi, былi ў бязумнай працы… Такое адчуванне, што я вырас сярод слёз… Усё жыццё здымаю сваю хату. Любую дэкарацыю будую, як свой вясковы дом”. Вёска была вельмi тэатральнай, часта ставiлi “Паўлiнку”: на Сёмуху, а потым на 7 лiстапада, на 1 мая. З дзяцiнства хадзiў у драматычны гурток.

Пасля заканчэння сярэдняй школы ў Баранавiчах падаўся вучыцца ў Маскву. У 1967 годзе скончыў Маскоўскае тэатральнае вучылішча
імя Б. Шчукіна, працаваў рэжысёрам у тэатрах Масквы, Казанi, Сiмферопаля (1967–1970). У 1973 годзе скончыў Вышэйшыя рэжысёрскія курсы Дзяржкіно СССР у Маскве (майстэрня Георгiя Данелiя). Яго дыпломная работа – лiрычны фiльм “Пра Вiцю, пра Машу i пра марскую пяхоту” (1973) – атрымала Гран-пры мiжнароднага кiнафестывалю ў Iспанii (Барселона).

З 1974 года працаваў на кінастудыі “Беларусьфільм”. Асноўныя карцiны Мiхаiла Пташука спалучаюць асабiстую яркую эмацыянальную памяць дзяцiнства пра родныя мясцiны i глыбокi роздум пра падзеi айчыннай гiсторыi ХХ ст. Пра падзеi Вялiкай Айчыннай вайны ў вострадраматычнай форме расказаў фiльм “Час абраў нас” (1978). Істотную вядомасць набылі экранізацыі літаратурных твораў класікаў беларускай літаратуры “Вазьму твой боль” (паводле твора Івана Шамякіна, 1980), “Чорны замак Альшанскі” (паводле твора Уладзіміра Караткевіча, 1984), “Знак бяды” (паводле твора Васіля Быкава, 1986). Фiльм “Знак бяды” атрымаў прыз “Статуя Свабоды” на мiжнародным кiнафестывалi ў Югаславii, Гран-пры Бi-бi-сi – у Вялiкабрытанii.

Сярод фільмаў канца 1980-х – пачатку 1990-х – гісторыка-палітычныя кінастужкі пра сталiнскую эпоху, час рэпрэсiй, пра ўспрыняцце гiстарычнай мiнуўшчыны сучаснымi людзьмi: “Наш браняпоезд” (1988), «Кааператыў „Палітбюро“, або Будзе доўгім развітанне» (1992). Гэтыя стужкi атрымалi прэмii i Гран-пры на некалькiх мiжнародных кiнафестывалях (Польшча, 1992; Стакгольм, 1993; Цiраспаль, 1994; Чэхiя, 1995). Адна з асноўных тэм у творчасці рэжысёра – ваенная (“Знак бяды”, “У жніўні 44-га”, “Час выбраў нас”, “У чэрвені 41-га”). Неаднаразова сваімі фільмамі Міхаіл Пташук акрэсліваў пытанне адказнасці асобы за гістарычнае мінулае краіны і людзей («Кааператыў “Палітбюро”, або Будзе доўгім развітанне», “Наш браняпоезд”, “Вазьму твой боль”).

Апошнiм буйным творам Мiхаiла Пташука ў Беларусi стаў фiльм “У жнiўнi 44-га…” (2000) паводле рамана Уладзiмiра Багамолава “Момант iсцiны”. У канцы вайны героi фiльма – савецкiя контрразведчыкi – шукаюць i знаходзяць у тыле фронта нямецкiх агентаў-парашутыстаў. Гэта сюжэтна востры “баявiк” з рысамi дэтэктыву, псiхалагiчнай драмы i гiстарычнай хронiкi.

У 1989 годзе арганiзаваў незалежную студыю “НС” (з В. Рыбаравым), з 1991 па 2001 год быў яе дырэктарам i мастацкiм кiраўнiком. У 1999 годзе Мiхаiл Мiкалаевiч набраў рэжысёрскi курс у сваю майстэрню ў Беларускай дзяржаўнай акадэмii мастацтваў, але не паспеў зрабiць iх выпуск. Удзельнiчаў у здымках у Галiвудзе фiльма “Песня Розы” (2001).

Творы Міхаіла Пташука неаднаразова былі пераможцамі прэстыжных кінафестываляў, а сам рэжысёр атрымаў званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР (1982), народнага артыста БССР (1990), Дзяржаўную прэмію БССР за экранізацыю рамана Івана Шамякіна “Вазьму твой боль” (1982), прэмію Ленінскага камсамола Беларусi за кінафільм “Час выбраў нас” (1980).

Па ўспамiнах сяброў Мiхаiл Пташук – высокi, залатавалосы, яснавокi хлопец з дужымi рукамi. З гадамi стаў аб’ёмней i грузней, але да канца ў iм заставалася штосьцi хлапчуковае. Чырванеў па любым поваду, прыемнаму альбо непрыемнаму. Умеў цярпець i нiколi не падаць духам. У яго была асаблiвая аура, быў выдатным суразмоўнiкам. Мiхаiл Пташук не плыў супраць цячэння, ён арганiчна злiваўся з патокам жыцця i мяняўся, толькi калi мянялася жыццё. Быў вясёлым чалавекам, з нейкiм здаровым пачуццём гумару, патрэбнасцю ў гэтым гумары, як у нейкiм энергетычным жывеннi. Нельга ўявiць нават на кароткi мiг заспакоенным, сузiральнiкам, расслабленным, абыякавым. Ён пастаянна некуды бег, ехаў, ляцеў, удзельнiчаў, спрачаўся, званiў, даказваў, захапляўся. Захапляцца ўмеў, якую б адзнаку каму нi ставiў, заўсёды дабаўляў плюс ад шчодрасцi душы. У iм было здзiўляючае разуменне жаночага характара. Зрэдку быў вельмi гучны, мог быць жорсткiм i грубым. Ён быў хiтры, але розуму было намнога больш, чым хiтрасцi. Гэта быў свабодны, раскаваны чалавек, працаваць з iм было ўтульна i ўпэўнена. Палiтра рэжысёрскай манеры Мiхаiла Пташука была заўсёды светлай i тэатральнай, адсюль i лёгкасць у рашэннi сцэн. Ён не нажымаў на акцёра, не патрабаваў iграць толькi так, як яму здаецца. Ён любiў сваю прафесiю, быў аддадзены ёй да канца. Любiў усё, што мела адносiны да яго творчасцi, прафесii: акцёраў, харошую лiтаратуру, сваiх вучняў, сам працэс пошуку. З зайздроснай настойлiвасцю ён рабiў толькi тое, што хацеў, – ствараў фiльмы. Ён быў розным, як па-сапраўднаму моцная асоба, а ў глыбiнi гэта быў успрымальны, ранiмы, вельмi трапяткi чалавек. Толькi зрэдку ў iм быў заўважны смутак. Ён хацеў жыць, працаваць, хацеў поспеху, хацеў перамагаць тут i зараз.

26 красавіка 2002 года Мiхаiл Мiкалаевiч Пташук загiнуў у вынiку аўтамабiльнай аварыi ў Маскве па дарозе на цырымонiю ўручэння кiнематаграфiчнай прэмii “Нiка”. Пахаваны ў Мiнску на Усходнiх могiлках.

Памяць аб земляку беражлiва захоўваецца на радзiме. На будынку кiнастудыi “Беларусьфiльм” ў 2003 годзе замацавана мемарыяльная дошка. У 2004 годзе знята дакументальная стужка “Незакончаная песня. Мiхаiл Пташук” (рэж. В. Аслюк). У в. Федзюкi Ляхавiцкага раёна адкрыта мемарыяльная дошка на бацькоўскай хаце (2010), у Ляхавiчах адна з вулiц названа яго iмянем. Да 70-годдзя з дня нараджэння М. Пташука ў Ляхавiцкiм ГДК i Доме кiно ў Мiнску праведзены вечары памяцi, у кiнатэатрах адбылiся паказы яго фiльмаў.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г. Ляхавiцкай цэнтральнай раённай бiблiятэкай iмя Я. Купалы

{/gcontent}

  1. Михаил Пташук: исповедь кинорежиссера : Сценарий художественного фильма. Публикации. Воспоминания / ред.-сост. Л. М. Пташук ; худ. В. П. Свентаховский. Минск : Мастацкая літаратура, 2004. – 366 с., ил.
  2. Гісторыя кінамастацтва Беларусі : у 4 т. / НАН Беларусі, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы. Мінск : Беларуская навука, 2004. Т. 4. 335 с., іл. Са зместу: Пра творчасць М. Пташука. – С. 62–67, 174–175, 185–197.
  3. Мяснiкоў, А. Міхаіл Пташук (1943–2002): “Зоркі” патухаюць… ноччу // Мяснікоў, А. Сто асоб беларускай гісторыі : гістарычныя партрэты / Анатоль Мяснікоў. Мінск : Литература и искусство, 2008. С. 321–324.
  4. Паўлючык, Л. Сцяжынка да свайго дому : [творчасць М. Пташука] / Л. Паўлючык // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна. Мінск : БелЭН, 1989. С. 432–436.
  5. Пташук Михаил Николаевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1: в 2 кн. Кн. 2: Лабуда – Снегирев. С. 290.
  6. Пташук Михаил Николаевич // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. Минск, 2008. Т. 6. С. 321–322.
  7. Пташук Мiхаiл Мiкалаевiч // 250 асоб з Беларусi ў дыялогах культур : даведачнае выданне : на бел. i англ. мовах. Мiнск, 2008. С. 339–340.
  8. Бунеева, Л. “Я горжусь 41-ой!..” : [да 70-годдзя з дня нараджэння М. Пташука] / Людмiла Бунеева // Вечерний Брест. 2013. 1 февр. С. 3.
  9. Канько, Г. “У кожным фiльме… ёсць часцiнка мяне” : [да 70-годдзя з дня нараджэння М. Пташука] / Галiна Канько // Ляхавiцкi веснiк. 2013. 30 студз.
  10. Ажаль, Г. 10 гадоў без Пташука / Генадзій Ажаль // Ляхавіцкі веснік. 2012. 5 мая. С. 3.
  11. Анцелевич, А. Человек земли белорусской : [М. Пташук] / А. Анцелевич // Народная газета. 2008. 31 янв. С. 1, 8.
  12. Бондарава, Е. Здзейсненае і няйздзейсненае : [пра М. Пташука]/ Ефрасіння Бондарава // Роднае слова. 2003. № 9. С. 94–98.
  13. Боровикова, Р. Он ушел в свое небо… : [о М. Пташуке из книги воспоминаний] / Раиса Боровикова // Знамя юности. 2003. 25 апр. С. 18.
  14. Галькевіч, А. Наш Міхаіл Пташук / Аляксандр Галькевіч // Маладосць. 2010. № 7. С. 125–126.
  15. Завадская, И. Частная коллекция : друзья и земляки Михаила Пташука создадут его музей / И. Завадская // СБ. Беларусь сегодня. 2009. 19 мая. С. 11.
  16. Крупнік, Я. Фільмы – працяг жыцця : [пра М. Пташука] / Яўген Крупнік // Беларуская думка. 2005. № 8. С. 168–170.
  17. Левчук, Н. Михаил Пташук: «Дочь – это лучший из моих фильмов» / Николай Левчук // Во славу Родины. 2008. 9 фев. С. 8.
  18. Нальшанскі, А. Малы музей вялікага кіно : [у школе в. Ніжняе Чарніхава Баранавіцкага р-на пачаў дзейнічаць музей М. Пташука] / Алесь Нальшанскі // Звязда. 2009. 23 мая. С. 4.
  19. Падаляк, Т. Міхаіл Пташук / Т. Падаляк // Звязда. 2008. 26 студз. С. 4.
  20. Пташук, Л. Вдова режиссера Лилия Пташук: “Миша ворвался в мою жизнь принцем датским…” / интервью вела Наталия Кривец // Комсомольская правда Белоруссии. 2008. 24 янв.
  21. Пташук, Л. Міхаiл Пташук невыпадкова нарадзiўся ў 43-м... : 28 студзеня вядомаму беларускаму кiнарэжысёру Мiхаiлу Пташуку споўнiлася б 65 гадоў : [гутарка з жонкай рэжысёра Ліліяй Пташук] / Таццяна Падаляк // Звязда. 2008. 26 студз.
  22. Пташук, Л. Лiлiя Пташук: «Нашым сумесным праектам было наша жыццё» : [гутарка з жонкай рэжысёра Міхаіла Пташука] / гутарыла Кацярына Тамковіч // Звязда. 2006. 2 лют.
  23. Пташук, Л. "С годами его не хватает все больше..." : [интервью жены режиссера М. Пташука Лилии Пташук] / Оксана Мытько // Культура. 2010. 29 апр. (№ 17). С. 28.
  24. Пташук, Л. Человек земли белорусской : [интервью жены режиссера М. Пташука Лилии Пташук] / Александра Анцелевич // Народная газета. 2008. 31 янв. С. 1, 8.
  25. Пташук, М. Каб было айчыннае кіно : [вытрымкі з інтэрв’ю Міхаіла Пташука 1988 года] / падрыхтаваў Мікалай Манохін // Культура. 2003. 18 студз. (№ 3). С. 15.
  26. Сідарэнка, А. Каб такія вогнішчы не палалі... : [у будынку базавай школы вёскі Ніжняе Чарніхава створаны музей Міхаіла Пташука] / Антон Сідарэнка // Культура. 2009. 23 мая (№ 21). С. 13.
  27. Шнитко, Н. На карте Беларуси появится Пташуковка? : первый шаг к этому уже сделан: в Ляховичах появилась улица имени народного артиста Беларуси, кинорежиссера Михаила Пташука / Наталья Шнитко // Народная газета. 2010. 20 крас. С. 8.
  28. Цвяткоў, Ю. Момант ісціны Багамолава – Пташука / Ю. Цвяткоў // ЛіМ. 2008. 9 мая (№ 19). С. 16.
  29. Час выбраў яго : 28 студзеня споўнілася 65 гадоў з дня нараджэння нашага выдатнага кінарэжысёра Міхаіла Пташука... / падрыхтавала Таццяна Команава // Культура. 2008. 2 лют. (№ 5). С. 19.

Шамякiн, I. Рэжысёр з вялiкай лiтары : да 60-годдзя з дня нараджэння М. Пташука / Iван Шамякiн // Маладосць. 2003. № 1. С. 148–150.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1332 разоў Апошняя змена Серада, 08 Ліпень 2020 12:21