Чацвер, 26 Жнівень 2021 11:17

25 жніўня 2021 г. — 95 гадоў з дня нараджэння Васіля Фёдаравіча Праскурава (1926–1987), пісьменніка, публіцыста, заслужанага дзеяча культуры БССР (1968)

Васіль Фёдаравіч Праскураў нарадзіўся 25 жніўня 1926 г. у вёсцы Нягоціна Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і. Бацька, Фёдар Карпавіч, працаваў лесніком, маці, Санклета Максімаўна, хадзіла ў наймы, бо сваёй зямлі бацькі не мелі, у 1929 г. бацькі ўступілі ў калгас. У вялікай сям’і Васіль быў пятым дзіцём.

 

У 1934 г. Васіль Праскураў пайшоў вучыцца ў Нягоцінскую пачатковую школу, пасля працягваў вучобу ў Святошыцкай няпоўна-сярэдняй школе. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны скончыў сем класаў, болей вучыцца ў дзённай школе яму не давялося. У перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі жыў разам з маці, бабуляй і сёстрамі ў сваёй роднай вёсцы. Бацька памёр у пачатку вайны, і іх сям’і, як і ўсім аднавяскоўцам, удосталь прыйшлося зведаць і голаду, і холаду.

У 1945 г. Васіль Праскураў быў прызваны ў Савецкую армію, пяць гадоў служыў у Цэнтральнай Групе Войск — у Венгрыі, Аўстрыі, Германіі, быў карэспандэнтам армейскай газеты «За честь Родины». Пасля дэмабілізацыі прыехаў дамоў. Маці і бабуля к гэтаму часу памерлі, сёстры павыходзілі замуж. Прыпыніўся ў старэйшай сястры Ганны, якая працавала ў Ганцавічах настаўніцай. Уладкаваўся на работу ў мясцовы райспажыўсаюз. На працягу сямі гадоў працаваў старшынёй сельпо, загадчыкам гандлёвага аддзела, старшынёй райспажыўсаюза. Адначасова скончыў сярэднюю школу рабочай моладзі, экстэрнам — Брэсцкую гандлёва-кааперацыйную школу.

Аднак В. Ф. Праскураў усё жыццё жадаў стаць журналістам і ў 1958 г. уладкаваўся на работу літсупрацоўнікам у ганцавіцкую раённую газету «Сялянская праўда». У
1950–1960-я гг. пісаў вершы, апавяданні. Паступіў на завочнае аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна, якое закончыў з дыпломам з адзнакай (1965).

З 1962 г. па 1966 г. В. Ф. Праскураў працаваў карэспандэнтам па Ганцавіцкай зоне ў ляхавіцкай раённай газеце «Будаўнік камунізму». У сувязі з аднаўленнем Ганцавіцкага раёна (1967) быў прызначаны на пасаду рэдактара ганцавіцкай раённай газеты «Савецкае Палессе». Больш за дваццаць гадоў ён рэдагаваў гэтае рэгіянальнае выданне. У розны час супрацоўнікамі рэдакцыі былі пісьменнікі Віктар Гардзей, Іван Кірэйчык, Міхась Рудкоўскі. За плённую працу на ніве журналістыкі Васіль Фёдаравіч узнагароджаны чатырма медалямі СССР, дзвюма Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР. Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР (1968), лаўрэат прэміі Саюза журналістаў СССР, Дзяржаўнай прэміі БССР імя П. М. Лепяшынскага (1986).

Побач з клапатлівай рэдактарскай пасадай шмат пісаў для газеты. I не толькі для сваёй, але для абласной «Зари» і рэспубліканскіх. Ён упадабаў адзін з самых прэстыжных газетных жанраў — нарыс і пісаў аб людзях Палесся, стварыўшы галерэю сацыяльна-этнаграфічных партрэтаў. На гэтым жанры ён заслужыў славу сапраўднага майстра слова, вялікага знаўцы чалавечых душ. У самым пачатку 1987 г. стаў членам Саюза пісьменнікаў СССР.

З газетных палос нарысы Васіля Фёдаравіча ўвасабляліся ў зборнікі, якія выходзілі ў розных выдавецтвах рэспублікі: «Святая сівізна» (1966), «Трое з-за Лані» (1967), «Людзі-суседзі» (1974), «Пакажы чалавеку дарогу» (1979), «Пакланіся зямлі-карміцельцы» (1982), «Чорны хлеб» (1984). Апошні зборнік пісьменніка «Наўсцяж вясковай вуліцы» выйшаў пасля яго смерці, у 1995 г., куды ўвайшлі акрамя нарысаў няскончаная аповесць, апавяданні і дакументальныя матэрыялы.

22 мая 1987 г. В. Ф. Праскураў пасля працяглай хваробы памёр, пахаваны ў Ганцавічах на старых могілках.

На доме, дзе ён жыў, і на будынку рэдакцыі газеты, у якой працаваў, у яго гонар устаноўлены мемарыяльныя дошкі, яго імя носіць вуліца, на якой ён жыў. Імя В. Ф. Праскурава 29 сакавіка 1996 г. было прысвоенна Ганцавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэцы, таксама ўвекавечана на Алеі пісьменства ў Ганцавічах, што была адкрыта ў 2011 г. у Дзень беларускага пісьменства.

Штогод да дня нараджэння В. Ф. Праскурава, таленавітага публіцыста і празаіка, супрацоўнікі раённай бібліятэкі ладзяць тэматычныя «Праскураўскія чытанні». Бібліятэка падрыхтавала і выдала зборнік вершаў В. Ф. Праскурава «Плывут в бездонном небе журавли...» (2011), сумесна з Брэсцкай абласной бібліятэкай імя М. Горкага стварыла віртуальны музей «Непрачытаная кніга В. Ф. Праскурава» (2020).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Ганцавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя В. Ф. Праскурава. Кулан Алена Юр’еўна, бібліёграф

аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

Творы В. Ф. Праскурава

  1. Плывут в бездонном небе журавли... : сборник стихов / Василий Проскуров. – Ганцевичи : Ганцевичская РЦБС, 2011. –20 с.
  2. Рута-мята : аповесць / Васіль Праскураў // Паміж Бобрыкам і Ланню: Ганцаўшчына літаратурная : паэзія, проза, публіцыстыка / уклад. В. Гардзей, К. Мохар. Мінск, 2007. С. 115–165.
  3. Наўсцяж вясковай вуліцы : аповесці, апавяданні, нарысы, дакументальныя матэрыялы / Васіль Праскураў ; [укладальнікі: А. К. Каско, Л. С. Праскурава, Г. С. Тамашэвіч ; прадмова А. Каско]. – Брэст : Упраўленне інфармацыі аблвыканкама, 1995. – 249 с. : іл., партр.
  4. Чорны хлеб : нарысы / Васіль Праскураў ; паслясл. Б. Стральцова. – Мінск : Ураджай, 1984. – 208 с.
  5. Пакланіся зямлі-карміцельцы : нарысы пра Беларускае Палессе / Васіль Праскураў. – Мінск : Ураджай, 1982. – 240 с. : іл.
  6. Пакажы чалавеку дарогу : нарысы / Васіль Праскураў. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1979. – 107 с. – (Рэспубліка. Час. Людзі).
  7. Людзі-суседзі : нарысы / Васіль Праскураў. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1974. – 208 с. : іл.
  8. Трое з-за Лані : нарысы / Васіль Праскураў. – Мінск : Беларусь, 1967. – 32 с. – (Байцы пярэдняга краю).
  9. Святая сівізна : нарыс / Васіль Праскураў. – Мінск : Беларусь, 1966. – 36 с. – (Байцы пярэдняга краю).
  10. Сон у вясельную ноч : [апавяданне з блакнота журналіста] / Васіль Праскураў // Заря. 2016. 25 августа. С. 8.
  11. Это будет ; Бессмертник ; Пляшет в поле метель : [стихи] / Василий Проскуров // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 2016. 20 жніўня. С. 3.

 

Аб жыцці і творчасці В. Ф. Праскурава

  1. Непрачытаная кніга Васіля Фёдаравіча Праскурава[Электронны рэсурс] : віртуальны музей // Брестская областная библиотека имени М. Горького : [официальный сайт]. Брест, 2014–2021. Режим доступа: http://brl.by/museum-praskurau/views/index.html. Дата доступа: 24.08.2021.
  2. Праскураў Васіль Федаравіч / Б. В. Стральцоў // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2001. Т. 13. С. 17–18.
  3. Праскураў Васіль Фёдаравіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя : у 6 т. Мінск, 2015. Т. 6. С. 217.
  4. Проскуров Василий Фёдорович // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2008. Т. 6. С. 298–299.
  5. Праскураў Васіль / Л. А. Бялевіч // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. Мінск. 1995. Т. 5. С. 49–50.
  6. Праскураў Васіль Фёдаравіч / Б. В. Стральцоў // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 4. С. 377.
  7. Васіль Праскураў // Літаратурная карта Берасцейшчыны / рэд. i ўклад. А. Крэйдзіч. Брэст, 2008. С. 144–147.
  8. Васіль Праскураў // Культура малых гарадоў Брэсцкай вобласці. Ганцавічы / кал. рэд. Т. Цібароўская ; склад. С. Несцярэнка, I. Абакумава. Брэст. 2012. С. 13.
  9. Васіль Праскураў // Ганцаўшчына — край легенд і талентаў народных / аўт. тэксту В. К. Гардзей, Мінск, 2011. С. 110–113.
  10. Васіль Праскураў // Памяць. Ганцавіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1999. С. 429–430.
  11. Васіль Праскураў : [аўтабіяграфія / Ганцавіцкая РЦБС, Аддзел бібліятэчнага маркетынгу ЦРБ імя В. Праскурава]. – Ганцавічы : Ганцавіцкая РЦБС, [2011]. – 23 с.
  12. Калеснік, У. Нарысы Васіля Праскурава : урывак з нарыса «Берасцейскае вогнішча» / Уладзімір Калеснік // Паміж Бобрыкам і Ланню: Ганцаўшчына літаратурная : паэзія, проза, публіцыстыка / укдад. В. Гардзей, К. Мохар. Мінск, 2007. С. 90–93.
  13. Гардзей, В. Пясняр Палескага краю / Віктар Гардзей // Паміж Бобрыкам і Ланню: Ганцаўшчына літаратурная : паэзія, проза, публіцыстыка / уклад. В. Гардзей, К. Мохар. Мінск, 2007. С. 104–113.
  14. Гардзей, В. Зорны сказ пра Палессе : летапісцы Берасцейскага краю / Віктар Гардзей // Нашчадкам слова застаецца / уклад. Г. С. Тамашэвіч. Брэст, 2001. С. 129–136.
  15. Русакевіч, У. Аб людзях-суседзях і зямлі-карміцельцы : [пра творы В. Праскурава] / Уладзімір Русакевіч // Берасцейскія карані : гісторыка-краязнаўчы і літаратурны зборнік. Брэст, 1993. С. 49.
  16. Ішчанка, Г. М. Шанаваць чалавека: маральна-этычная прастора Васіля Праскурава / Галіна Ішчанка // Жырандоля. 2016. № 8. С. 199–202.
  17. Кунцэвіч, С. Непрачытаная кніга : [аб ушанаванні памяці В. Ф. Праскурава ў Ганцавічах] / Святлана Кунцэвіч // Літаратура і мастацтва. 2020. 30 кастрычніка (№ 41). С. 2.
  18. Барадзіна, В. За радкамі гімна. Журналісцкага : [В. Праскураў] / Вольга Барадзіна // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 2020. 30 красавіка. С. 8.
  19. Панасюк, М. Згадкі пра Васіля Праскурава / Мікола Панасюк // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 2018. 8 жніўня. С. 4.
  20. Кунцэвіч, С. Васіль Праскураў: «Гады ідуць — як вада плыве» / Святлана Кунцэвіч // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 2018. 25 жніўня. С. 2.
  21. Матусевіч, Н. У творах — споведзь сэрца : [аб творчасці В. Ф. Праскурава] / Надзея Матусевіч // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 2017. 26 жніўня. С. 4.
  22. Яцушкевіч, К. Навечна слова застанецца : [успаміны пра В. Ф. Праскурава, таленавітага журналіста, публіцыста, паэта, аб яго дзейнасці; 90-годдзе; Праскураўскія чытанні] / Кацярына Яцушкевіч ; фота Паўла Свістуновіча // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 2016. 27 жніўня. С. 1–2.
  23. Паплаўскі, Г. Праскураўскія чытанні: [да 90-годдзя з дня нараджэння В. Ф. Праскурава] / Генадзь Паплаўскі // Заря. 2016. 27 августа. С. 12.
  24. Мохар, К. Летапісец Палескага краю : да 90-годдзя з дня нараджэння вядомага беларускага журналіста і пісьменніка Васіля Праскурава / Кастусь Мохар // Народная трыбуна. 2016. 26 жніўня (№ 35). С. 11.
  25. Апрэлеў, У. Дарогі Васіля Праскурава / Уладзімір Апрэлеў // Заря. 2016. 25 августа. С. 8.
  26. Пупач, Г. «Каб помнілася прысутнасць у свеце» : [пра В. Ф. Парскурава] / Галіна Пупач // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 2016. 24 жніўня. С. 4.
  27. Мохар, К. Летапісец Палескага краю : [да 90-годдзя з дня нараджэння В. Ф. Праскурава] / Кастусь Мохар // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 2016. 24 жніўня. С. 1, 4.
  28. Амяляшчык, І. Святло душы вялікага творцы : да 90-годдзя з дня нараджэння Васіля Фёдаравіча Праскурава / Іван Амяляшчык // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 2016. 20 жніўня. С. 3.
  29. Арэшка, М. Памяць аб слынным чалавеку : [вечарына, прысвечаная памяці В. Праскурава, адбылася ў Ганцавіцкай раённай бібліятэцы] / Міхась Арэшка // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 2014. 27 жніўня. С. 2.
  30. Яніцкі, М. Журналіст, публіцыст і пісьменнік : [да 85-годдзя з дня нараджэння В. Ф. Праскурава] / Міхась Яніцкі // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 2011. 24 жніўня. С. 2.
  31. Мохар, К. Такім ён чалавекам быў… : [пра жыццё і творчасць В. Праскурава] / Канстанцін Мохар // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 2014. 23 жніўня. С. 1, 4.
  32. Глінскі, Ф. Незабыўныя сустрэчы : [успаміны пра В. Праскурава] / Фёдар Глінскі // Савецкае Палессе. Ганцавічы, 2011. 1 чэрвеня. С. 3 : фат.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 505 разоў