Пятніца, 10 Верасень 2021 16:11

4 красавіка 2021 г. — 125 гадоў з дня нараджэння Платона Андрэевіча Крэня (1896–1962), паэта, публіцыста, мемуарыста, удзельніка Першай сусветнай і Грамадзянскай войнаў

Платон Андрэевіч Крэнь нарадзіўся 4 красавіка 1896 г. у фальварку Ярашэва Слонімскага павета Гродзенскай губерні (цяпер в. Ярашоўка Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці). Бацька, Андрэй Кандратавіч Крэнь, — умелы цясляр і сталяр, быў пісьменным, займаўся грамадскімі справамі, выбіраўся прысяжным Наваградскага і Слонімскага акруговых судоў, узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства земляробства і імянным нагрудным знакам. У доме панаваў культ кнігі: зімовымі вечарамі за сталом шкаляр Платон уголас чытаў творы Сянкевіча, Гогаля, Пушкіна. Вучыўся ў мужчынскай гарадской гімназіі г. Кельцы (Польшча), потым у Клецкай настаўніцкай школе, якую скончыў у 1913 г.

 

Паехаў у г. Сарны вучыцца на тэлеграфіста, але пачалася Першая сусветная вайна. У жніўні 1915 г., калі фронт устанавіўся ў Беларусі, Платон Крэнь быў мабілізаваны ў Рускую армію. Накіраваны ў Пецяргофскую школу прапаршчыкаў, якую скончыў у 1916 г. з афіцэрскім чынам. Служыў у Фінляндыі ў 423-м пяхотным Лужскім палку. Публікаваў вершы ў газеце «Финляндские известия».

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. — у Чырвонай арміі, накіраваны на Дон у якасці ад’ютанта палкавога камандзіра. Там захварэў, трапіў у Харкаўскі гарадскі шпіталь. Украіну захапілі немцы, пачалася вярбоўка афіцэраў у Белую гвардыю. Платон Крэнь пайшоў служыць у Астраханскую армію князя Тундутава. З войскам адступіў у Крым і эвакуіраваўся ў Турцыю. Зацягнуты лёсам у дзікую стыхію Грамадянскай вайны, Платон Крэнь зрабіўся сведкам масавага кровапраліцця і чалавеканенавісніцтва.

У жніўні 1921 г. Платон Крэнь вярнуўся ў Заходнюю Беларусь, якая апынулася пад уладай Польшчы. Займаўся гаспадаркай ў роднай вёсцы. У 1920-я гг. член Беларускай сялянска-работніцкай грамады і Таварыства беларускай школы. Друкаваў вершы пад псеўданімамі ў віленскіх беларускіх выданнях, ладзіў у вёсцы беларускія вечарыны і спектаклі.

Нягледзячы на земляробчыя клопаты, пісьменніка цягнула да паперы. Было жаданне выліць свае пачуцці, адгукнуцца на жыццё-быццё і яго праявы. У фельетонах высмейваў парадкі ў панскай Польшчы. У вершаў спяваў пра хараство роднай старонкі. Радкам паэта ўласцівы вонкавая простасць і пачуццёвая напоўненасць, вобразная яснасць і пластыка.

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР Платон Крэнь уключыўся ў новае жыццё, удзельнічаў у сходах, абмяркаваннях змен па-савецку. Зімой 1939–1940 гг. настаўнічаў у вясковай школе. Пісаў у абласную газету «Звязда» вершы патрыятычнай тэматыкі. Але быў звольнены са школы з запісам «кулак і белагвардзеец», занесены ў спісы на дэпартацыю з Беларусі. Высылцы перашкодзіў пачатак Вялікай Айчыннай вайны.

У час вайны Платон Крэнь разам з жонкаю Пелагеяй Пятроўнай ратавалі савецкіх акружэнцаў, дапамагалі ім чым маглі. Пад пагрозай вывазу ў Германію на прымусовыя работы пайшоў працаваць у гарадскую ўправу. Публікаваў фельетоны ў «Баранавіцкай газэце». Падтрымліваў сувязі з партызанамі, вёў падпольную работу, збіраў і перадаваў партызанам лекі, гадзіннікавыя механізмы для мін, дакументы. Пелагея Крэнь стала партызанскай сувязной.

Вясною 1943 г. па даносе быў арыштаваны СД. Выратаваўся, дзякуючы заступніцтву ўплывовага чалавека, які не здагадваўся аб падпольнай дзейнасці. Вызваленне Беларусі прынесла надзею на спакойнае жыццё. Аднак у 1945 г. Платон Крэнь быў арыштаваны савецкай дзяржбяспекай як «вораг народа», абвінавачаны ў хаўрусніцтве з немцамі і агітацыі ў выглядзе вершаў і фельетонаў, асуджаны на 8 гадоў зняволення. Пакаранне адбываў ва Унжлагу МУС у Горкаўскай вобласці.

Пасля вызвалення ў 1953 г. вярнуўся ў Ярашоўку. Хварэў. Пачаў занатоўваць успаміны, выйшаў на магістральную тэму сваёй творчасці — ГУЛАГ. Пісаў па-беларуску і па-руску. Пісаць у той час пра тое, што такое ГУЛАГ, пра пакуты чалавека ва ўмовах дэспатызму і тыраніі — на тое трэба было мець мужны характар. «Лагерная» тэма праходзіць праз шматлікія вершы Платона Крэня, гэта поўная драматызму старонка ў гісторыі беларускай паэзіі. Частка рукапісных твораў была выкрадзена з хаты.

П. А. Крэнь памёр 23 верасня 1962 г. у Ярашоўцы. На зыходзе ХХ ст. трагічная постаць беларускага паэта ўваскрэсла з нябыту. Літаратурная спадчына 1952–1962 гг. была выдадзена пасмяротна дзякуючы намаганням яго дачкі, Ірыны Платонаўны, якая ашчадна сабрала лепшыя творы бацькі ў кнізе «Бывай, Ярашоўка» (1999).

Ірына Платонаўна Крэнь (1929–2005) закончыла БДУ, была літаратарам, пісала вершы, працавала ў Інстытуце літаратуры АН БССР, у беларускіх выдавецтвах, рэдакцыях газет і часопісаў. Сын Платона Андрэевіча, Іван Платонавіч Крэнь (1936–2014), — беларускі гісторык, кандыдат гістарычных навук (1981), прафесар, дэкан факультэта гісторыі і культуры Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Баранавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Чачота. Філіпава Яна Уладзіміраўна, бібліёграф

 

Творы П. А. Крэня

  1. Бывай, Ярашоўка : [успаміны, нарысы, вершы] / Платон Крэнь ; уклад., прадмова, камент. Ірыны Крэнь ; уступ. артыкул Васіля Быкава. – Мінск : Беларускі кнігазбор, 1999. – 223 с. : фат.
  2. «Я некалі пісаў пра сонечныя далі...» : [падборка вершаў] / Платон Крэнь // Роднае слова. 2001. № 7. С. 17–18.
  3. Грамадзянская вайна : успаміны Платона Крэня / Платон Крэнь ; уступ. слова Васіля Быкава, Ірыны Крэнь // Полымя. 1998. № 5. С. 183–218.
  4. Унжлаг : [успаміны] / Платон Крэнь ; падрыхтоўка да друку і публікацыя Ірыны Крэнь // Полымя. 1999. № 7. С. 153–178 ; № 8. С. 169–201.

 

Аб жыцці і творчасці П. А. Крэня

  1. Крэнь Платон Андрэевіч // Рэпрэсаваные літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1974–1991 : даведнік : у 3 т. / Леанід Маракоў. Мінск, 2002. Т. 1.
  2. Канюта, В.«Платон Крэнь — інтэлігент з народа» : так Васіль Быкаў назваў пісьменніка Платона Крэня, майго прадзеда, у прадмове да яго кнігі «Бывай, Ярашоўка» / Вераніка Канюта // Звязда. 2012. 13 снежня. С. 6.
  3. Бічэль, Д. Памяці маёй сяброўкі Ірыны Крэнь : (25.17.1929–20.02.2005) / Данута Бічэль // Наша вера. 2007. № 7. С. 42–47.
  4. Бельскi, А. Платон Крэнь: хто ён? Лёс і творчая спадчына беларускага аўтара з Ярашоўкі / Алесь Бельскі // Роднае слова. 2001. № 7. C. 12–16.
  5. Бiчэль-Загнетава, Д. Абажур на лямпе лёсу з папяровых лiстоў з вершамi, з нявольнiцкiх дарог i пакут : [пра кнігу П. А. Крэня «Бывай, Ярашоўка» (1999)] / Данута Бічэль-Загнетава // Гродзенская праўда. 2000. 18 лiпеня. С. 3.
Чытаць 66 разоў