Пятніца, 10 Верасень 2021 16:26

11 мая 2021 г. — 70 гадоў з дня нараджэння Мікалая Канстанцінавіча Літвіна (1951), кампазітара

Мікалай Канстанцінавіч Літвін нарадзіўся 11 мая 1951 г. у вёсцы Пятрэвічы Баранавіцкага раёна Баранавіцкай (цяпер Брэсцкай) вобласці. Скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па класе кампазіцыі прафесара, народнага артыста БССР Анатоля Васільевіча Багатырова(1977).

 

З 1979 г. Мікалай Літвін выкладае інструментоўку ў Беларускай акадэміі музыкі, быў дацэнтам кафедры інструментоўкі, аранжыроўкі і чытання партытур. У жніўні 2015 г. кафедра інструментоўкі была аб’яднана з кафедрай кампазіцыі, гісторыі і тэорыі музыкі, Мікалай Канстанцінавіч увайшоў у яе склад. Асноўным кірункам дзейнасці кафедры кампазіцыі з’яўляецца выхаванне і навучанне кампазітарскай прафесіі.

Член Саюза кампазітараў Беларусі (1979). Сярод твораў Мікалая Літвіна сімфоніі, кантаты, сюіты, музычныя п’есы, песні і інш. Вобразы Беларусі з’яўляюцца галоўнымі ў творчасці кампазітара. Яны напаўняюць аркестравую і вакальную музыку, у якой праслаўляецца жыццё і духоўная прыгажосць беларускага народа. Нацыянальная ідэя атрымлівае рознабаковае ўвасабленне, з’яўляючыся асновай твораў малых і буйных форм. У камерна-інструментальнай музыцы кампазітар умела выкарыстоўвае багаты каларыт народных інструментаў, у вакальнай — імкнецца да шырокага лірычнага выказвання, якое арганічна ўбірае ў сябе фальклорную інтанацыйнасць. У розныя перыяды ствараліся п’есы для баяна, цымбалаў, дудак, якія дэманструюць глыбокае адчуванне беларускай песенна-інструментальнай культуры з уласцівымі для яе музычна-стылістычнымі асаблівасцямі.

Сярод твораў 1980-х гг. важнае месца займае харавы цыкл «Родныя вобразы» на вершы Янкі Купалы і Якуба Коласа. Твор адметны шырынёй праявы нацыянальных пачуццяў і лірычна пераасэнсаванымі вобразамі патрыятызму. Вытокі выразнай меладычнасці хароў, якая спалучае і свабодную пявучую кантылену, і дэкламацыйнасць, і пранікнёную распеўнасць, — у беларускай народнай песеннасці.

У народна-аркестравай музыцы кампазітар паўстае і як яркі жанрыст, які добра адчувае прыроду танцавальнага фальклору, і як тонкі, удумлівы мастак. Адсюль — спалучэнне нястрымнай стыхіі танца і элегічнасці, адкрытага выяўлення пачуццяў і мяккай меланхоліі, што вызначае эмацыянальны тонус «Калыханкі», «Весялухі», «Вясенняга карагоду».

I ў камернай, і ў аркестравай музыцы Мікалай Літвін выступае прыхільнікам канцэртнага стылю, які дае магчымасць увасобіць усё багацце і своеасаблівасць народнай выканаўчай культуры, тэмбравай палітры народных інструментаў, а таксама ўсю паўнату характару беларускага народа.

У розныя перыяды кампазітарам ствараліся разнастайныя песні, якія вызначаюцца шырокім і рознабаковым праяўленнем лірыкі. Яна пранікае і ў тыя сферы, дзе пануюць патрыятычныя матывы. Песня, па меркаванні кампазітара, — гэта тая «музыка душы», якая дазваляе перадаць самыя розныя думкі і настроі. У 1982 г. за песню «Моё отечество» кампазітару было прысвоена званне лаўрэата рэспубліканскага конкурсу.

Яркія, эмацыянальна напоўненыя творы Міхаіла Літвіна гучаць на канцэртах, па радыё і тэлебачанні. Яны ўвайшлі ў рэпертуар многіх калектываў, якія прадстаўляюць беларускае мастацтва.

М. К. Літвін правёў аўтарскія канцэрты ў Мінску (Малая зала Беларускай дзяржаўнай філармоніі; 2001), Баранавічах (2002), Гродна (2011). Узнагароджаны Ганаровымі граматамі Саюза кампазітараў СССР (1986), ЦК ВЛКСМ (1986), Палітупраўлення Беларускай ваеннай акругі (1988), Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2001).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Баранавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Чачота. Філіпава Яна Уладзіміраўна, бібліёграф

 

Творы М. К. Літвіна

  1. Аркестравая музыка. Для сімфанічнага аркестра: Сімфонія (1976), Сімфанічныя варыяцыі (1976), эскіз «Горкі вырай» для чытальніка і аркестра (сл. М. Мятліцкага, 1993). Для народнага аркестра: «Калыханка», «Весялуха» (1987), «Вясенні карагод» (1990).
  2. Камерна-інструментальная музыка. Для баяна: Маленькая сюіта (1977), Парафраз на беларускія народныя тэмы (1980), «Экспромт», «Тэма з варыяцыямі» (1981), Фугета, Фантастычнае скерца (1987), зборнік п’ес «Урок музыкі» (1987), «Казка» (1992). Для фартэпіяна: Ронда (1982), Дзве прэлюдыі (1983), Фугета (1985). Для цьімбалаў і фартэпіяна: «Паэма» (1980), «Песня», «Бурлеска» (1982). Для ансамбля народных інструментаў: Сюіта (1980), Фантазія (1981). Для голасу з суправаджэннем: цыкл «Осенний триптих» (сл. I. Бурсава, 1977). Саната-паэма для віяланчэлі і фартэпіяна (1973), Паэма для домры і фартэпіяна (1979), Лірычная п’еса для альтовай дудкі і фартэпіяна (1982), п’есы «Вяснянка» і «Калыханка» для квінтэта беларускіх дудак (1982).
  3. Вакальная музыка. Для хору а капэла: цыкл «Родныя вобразы» (сл. Я. Купалы, Я. Коласа, 1983), хор для дзяцей «Камар» (сл. П. Пранузы, 1991). Для хору з суправаджэннем: «Маладая Беларусь» (сл. Я. Купалы, 1993), кантата «Беларуская калыханка» (сл. В. Віткі, 1977).
  4. Песні: «Чорны вочы здрада» (сл. В. Аколавай); «О чём вспоминают солдаты» (сл. С. Арлова); «Люди в мирных шинелях» (сл. Б. Бруснікава); «Открытие», «Хлеба высокие» (сл. В. Гіна); «Над Белай Руссю» (сл. А. Грачанікава); «Я остаться хочу твоей сказкой», «Бабье лето» (сл. М. Давыдзенкі); «Суніцы», «Васількі» (сл. У. Карызны); «Милицейский вальс», «Вальс под гитару», «Иду служить!» (сл. I. Кісялёва); «Синее небо» (сл. Т. Кузаўлёвай); «Десантники» (сл. Я. Мілаванава); «Солдаты России», «Моё Отечество» (сл. А. Пракоф’ева); «Я вясну малюю» (сл. П. Пранузы); «Гай закаханых» (сл. I. Скурко); «Баллада о бессмертии», «Сирень отголубела» (сл. А. Салаўёва); «Я Вас люблю всегда» (сл. М. Татура); «Признание» (сл. П. Труса); «Маленькія трубачы» (сл. М. Чарняўскага); «Сівізна Радзімы», «Сівыя бярозы» (сл. М. Ясеня).

 

Выданні твораў М. К. Літвіна

  1. Урок музыки [Ноты] : баян : [репертуарно-педагогический сборник для детских музыкальных школ] / Н. Литвин ; [методические рекомендации Г. Н. Мандруса]. – Минск : Беларусь, 1987. –31, [1] с. – Содерж.: Наигрыш ; Грустный дождик ; Кукушка ; Ручеек ; Озорник ; Хор ; Я рисую лето ; Маленькая сюита (1. Скерцино ; 2. Вальс ; 3. Колыбельная ; 4. Танец) ; Элегия ; Экспромт ; Весенний праздник.

 

Аб жыцці і творчасці М. К. Літвіна

  1. Літвін Мікалай Канстанцінавіч / Р. М. Аладава // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 9. С. 339.
  2. Літвін Мікалай Канстанцінавіч / В. Р. Гудзей-Каштальян // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2014. Т. 5. С. 123.
  3. Литвин Николай Константинович // Композиторы Беларуси / Т. Г. Мдивани, В. Г. Гудей-Каштальян. Минск, 2014. С. 321323.
  4. Литвин Николай Константинович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 28.
  5. Літвін Мікалай Канстанцінавіч // Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 615–616.
  6. Литвин Николай Константинович // Кто есть кто в Республике Беларусь. Люди дела. Минск, 1999. С. 124.
  7. Літвін Мікалай Канстанцінавіч // Кампазітары Беларусі / Т. Мядзівані, Р. Сергіенка. Мінск, 1997. С. 244–246.
  8. Літвін Мікалай Канстанцінавіч / Р. М. Аладава // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1986. Т. 3. С. 281.
  9. Свиридович, А. А. Воспитание патриотизма и любви к малой родине в хоровом творчестве белорусских композиторов Л. Мурашко, Н. Литвина, А. Безенсон / А. А. Свиридович, Т. С. Гажевская-Пешак // Веснік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. 2018. № 2. С. 142–148.
  10. Николай Константинович Литвин (род. 11.05.1951) / подготовил В. В. Ковалив // Пачатковае навучанне. 2015. № 10. С. 71.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 517 разоў