Пятніца, 10 Верасень 2021 16:38

6 красавіка 2021 г. — 85 гадоў з дня нараджэння Фёдара Пятровіча Сянько (1936–2020), дзяржаўнага дзеяча, Героя Сацыялістычнай Працы (1971)

Фёдар Пятровіч Сянько нарадзіўся 6 красавіка 1936 г. у в. Казлякевічы Навамышскай гміны Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяводства (цяпер Навамышскага сельсавета Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у сям’і селяніна. Жылі небагата, бацькі з дзяцінства прывучалі трох сыноў да працы на зямлі. У школу хлопчыкі хадзілі за 7 км, цягнуліся да ведаў, марылі аб лепшым жыцці. Бацька ў 1943 г. пайшоў на фронт, загінуў пад Кёнігсбергам.

 

Фёдар вучыўся ў сярэдняй школе і ў чыгуначнай школе ў Баранавічах. Пасля заканчэння ў 1957 г. Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута працаваў намеснікам старшыні калгаса імя М. І. Калініна Гродзенскага раёна Гродзенскай вобласці. У 1958 г. уступіў у КПСС.

У 1959–1972 гг. — старшыня калгаса «Прагрэс» Гродзенскага раёна. Фёдар Сянько быў выбраны старшынёй у няпоўныя 23 гады. У той момант калгас знаходзіўся ў цяжкім эканамічным стане і займаў апошнія месцы ў раёне. Новы старшыня пачаў сваю дзейнасць з увядзення найстражэйшага рэжыму эканоміі, распрацоўкі тарфянікаў. За два гады сямігодкі валавая вытворчасць малака ў параўнанні з 1957 г. вырасла амаль у два разы, мяса — у чатыры. Вырасла культура земляробства, усё шырэй знаходзіла прымяненне механізацыя на палях і фермах калгаса.

У 1963 г. замест пяці паляводчых і адной трактарнай брыгады ў «Прагрэсе» былі створаны тры вытворчыя ўчасткі, за якімі замацавалі пэўныя землі і тэхніку. Быў укаранёны гасразлік. У калгасе разгарнулі шырокае жыллёвае будаўніцтва.

За поспехі, дасягнутыя ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці і выкананне плана, калгас «Прагрэс» у 1971 г. быў узнагароджаны ордэнам Леніна. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 8 красавіка 1971 г. за выдатныя поспехі, дасягнутыя ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці і выкананні плана продажу дзяржаве прадуктаў земляробства і жывёлагадоўлі, Ф. П. Сянько прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат». За планіроўку і забудову пасёлка Верцялішкі ўдастоены Дзяржаўнай прэміі СССР (1971).

У 1972–1976 гг. Ф. П. Сянько працаваў на пасадзе першага намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама. Атрымаў вучоную ступень кандыдата эканамічных навук (1972). У 1976–1979 гг. — першы намеснік міністра, а з 20 сакавіка 1979 па 25 лістапада 1985 г. — міністр сельскай гаспадаркі Беларускай ССР.

У 1985–1989 гг. — намеснік загадчыка аддзела сельскай гаспадаркі і харчовай прамысловасці, у 1989–1990 гг. — намеснік загадчыка аграрнага аддзела ЦК КПСС. У 1990–1991 гг. — намеснік старшыні Савета Міністраў БССР, старшыня Дзяржаўнага камітэта БССР па сельскай гаспадарцы і харчаванні. У сакавіку – лістападзе 1991 г. — намеснік прэм’ер-міністра СССР. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1966–1970;
1975–1990).

У 1990-я гг. Ф. П. Сянько з’яўляўся прэзідэнтам ЗАТ «Агратэхналогія» (Масква), членам Кансультацыйнага Савета пры Міністэрстве сельскай гаспадаркі Расійскай Федэрацыі.

Узнагароджаны ордэнам Леніна (1971), трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1973, 1976, 1982), ордэнам «Знак Пашаны» (1965), медалямі.

Ф. П. Сянько памёр 23 красавіка 2020 г., пахаваны на Траякураўскіх могілках у Маскве.

Малодшы брат Ф. П. Сянько, Ілья Пятровіч Сянько (1940–2017), скончыў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут, працаваў аграномам, з 1967 г. — старшыня калгаса «Шлях да камунізму» Гродзенскага раёна; Герой Сацыялістычнай Працы (1986), ганаровы грамадзянін Гродзенскага раёна (2010).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Баранавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Чачота. Філіпава Яна Уладзіміраўна, бібліёграф

 

  1. Сенько Фёдор Петрович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2015. Т. 4, кн. 2. С. 337.
  2. Сенько Фёдор Петрович // Твои герои, Беларусь! Герои Социалистического Труда : биографический справочник. Минск, 2014. С. 198.
  3. Сенько Фёдор Петрович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 347.
  4. Сенько Фёдор Петрович // Беларусь: созвучие политических имен : историко-биографический справочник / Э. А. Корнилович. Минск, 2009. С. 292.
  5. Сенько Илья Петрович ; Сенько Фёдор Петрович // Книга героев Гродненской области / сост.: Ю. М. Алексей, О. М. Якубович. Гродно, 2005. С. 142143.
  6. Сенько Фёдор Петрович // Государственная власть СССР. Высшие органы власти и управления и их руководители, 1923–1991 гг. : историко-биографический справочник / сост. В. И. Ивкин. Москва, 1999. С. 517.
  7. Сянько Фёдар Пятровіч // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Гродзенскага раёна. Мінск, 1993. С. 396.
  8. Сянько Фёдар Пятровіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Минск, 1981. Т. 5. С. 588.
  9. Верцялішкі / В. Н. Емяльянаў // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 601602.
  10. Сенько, Ф. П. Горизонты белорусского села / Ф. П. Сенько. Минск : Ураджай, 1983. – 151 с. : ил., [12] л. ил.
  11. Сенько, Ф. П. Сельское хозяйство Белоруссии / Ф. П. Сенько. Минск : Ураджай, 1982. – 28 с.
  12. Сенько, Ф. П. Социальное развитие колхоза «Прогресс» / Ф. П. Сенько. – Минск : Ураджай, 1973. – 134 с. : ил.
  13. Сенько, Ф. П. Новые Вертилишки / Ф. П. Сенько. Минск : Ураджай, 1970. – 36 с. : ил.
  14. Светлая, Н. Один из лучших СПК Беларуси отметил 60-летие : [в празднике принял участие Ф. П. Сенько] / Надежда Светлая // Гродзенская праўда. 2010. 9 верасня.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 65 разоў