Панядзелак, 13 Верасень 2021 14:35

20 лістапада 2021 г. — 80 гадоў з дня нараджэння Аркадзя Аляксандравіча Грэся (1941), вучонага ў галіне ўралогіі, выдатніка аховы здароўя

Аркадзь Аляксандравіч Грэсь нарадзіўся 20 лістапада 1941 г. у в. Жабінцы Гарадзішчанскага раёна Баранавіцкай вобласці (цяпер Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. У 1950-я гг. сям’я перабралася ў г. Баранавічы, дзе Аркадзь закончыў сярэднюю школу (1958). Хацеў вучыцца далей, выбраў лячэбны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута, які закончыў у 1964 г.

 

Пасля заканчэння ВНУ Аркадзь Грэсь служыў у Савецкай арміі (фельчарам воінскай часці пад Гродна), а затым працаваў уролагам Гродзенскай абласной бальніцы. Скончыў клінічную ардынатуру па ўралогіі пры Мінскім медыцынскім інстытуце (1969) і быў накіраваны асістэнтам курса ўралогіі Гродзенскага медінстытута.

А. А. Грэсь абараніў кандыдацкую дысертацыю «Аутоцистодубликатура как метод лечения мионейрогенной атонии мочевого пузыря» (1970). У 1971 г. выбраны асістэнтам кафедры ўралогіі Беларускага дзяржаўнага інстытута ўдасканалення ўрачоў (пазней Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі). У 1975 г. яму было прысвоена званне дацэнта. Доктарскую дысертацыю «Хирургическое лечение неврогенной дисфункции мочевого пузыря и прямой кишки» абараніў у 1983 г. у Кіеве. Доктар медыцынскіх навук (1984), прафесар (1986). З 1991 па 2009 г. — загадчык кафедры ўралогіі.

З 1990 г. — галоўны пазаштатны ўролаг Мінздрава рэспублікі, у 1991 г. арганізаваў Рэспубліканскі андралагічны цэнтр і андралагічнае аддзяленне ў Мінскай абласной бальніцы. У наступным дапамагаў адкрыццю андралагічных поліклінічных прыёмаў ва ўсіх абласных цэнтрах. З 1989 па 1992 г. — дэкан хірургічнага факультэта. У 1992–2008 гг. — галоўны ўролаг Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Навуковую стажыроўку А. А. Грэсь праходзіў у Берліне ў 1991 г. Галоўныя напрамкі навуковых даследаванняў: неўрагенныя расстройствы мочаспускання, запаленчыя захворванні прастаты, запаленчыя захворванні печані, структуры ўрэтры, лячэнне, прафілактыка і метапрафілактыка мочакаменнай хваробы.

Аўтар і суаўтар 182 навуковых работ, з іх 9 у замежных выданнях, 9 вынаходстваў, 4 падручнікаў і навуковых дапаможнікаў, 4 метадычных рэкамендацый і 2 інструкцый, зацверджаных Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, энцыклапедычнага даведніка «Сексология» (1993), манаграфій «Экспертные системы иммунологического прогнозирования пиелонефрита» (2000), «Рак предстательной железы» (2003).

Пад кіраўніцтвам прафесара А. А. Грэся выкананы 3 доктарскія і 9 кандыдацкіх дысертацый. Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі ўролагаў, член Еўрапейскай і Сусветнай асацыяцый уролагаў, Міжнароднай акадэміі герантолагаў, Прафесійнай асацыяцыі андролагаў Расіі. Член Савета па абароне дысертацый па хірургіі, уралогіі і анестэзіялогіі.

А. А. Грэсь узнагароджаны дыпломам лаўрэата НТТМ ВДНГ (Масква, 1973), Ганаровымі граматамі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, медалём Пірагова, медалём «20 лет Победы над фашистской Германией».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Баранавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Чачота. Філіпава Яна Уладзіміраўна, бібліёграф

 

Працы А. А. Грэся

  1. Ниткин, Д. М. Возрастные нарушения андрогенного статуса и болезни предстательной железы : учебно-методическое пособие / Д. М. Ниткин, А. А. Гресь, Н. И. Доста. – Минск : БелМАПО, 2016. – 25 с.
  2. Современные возможности медикаментозной терапии доброкачественной гиперплазии предстательной железы / Гресь А. А., Филиппович В. А. – Минск : [б. и.], 2006. – 27 с.
  3. Диагностика и лечение хронического простатита : методические рекомендации / Гресь А. А., Вощула В. И. – Минск : БелГИУВ, 2000. – 26 с.
  4. Сексология : энциклопедический справочник по сексологии и смежным областям. – Минск : Белорусская энциклопедия, 1993. – 350 с. : ил.
  5. Хирургическое лечение неврогенной дисфункции мочевого пузыря и прямой кишки : автореферат диссертации ... доктора медицинских наук : 14.00.40 / Гресь Аркадий Александрович. – Киев, 1983. – 33 с.
  6. Аутоцистодубликатура как метод лечения мионейрогенной атонии мочевого пузыря : автореферат диссертации ... кандидата медицинских наук : 777 / Гресь Аркадий Александрович. – Минск, 1969. – 24 с.

 

Аб жыцці і дзейнасці А. А. Грэся

  1. Грэсь Аркадзь Аляксандравіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1997. Т. 5. С. 495–496.
  2. Гресь Аркадий Александрович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 301–302.
  3. Гресь Аркадий Александрович // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2006. Т. 3. С. 206.
  4. Гресь Аркадий Александрович // Заведующие кафедрами и профессора Белорусской медицинской академии последипломного образования (1931–2001). Минск, 2002. С. 335–336.
  5. Гресь, А. А. Откуда родом бесплодие / А. А. Гресь ; [записала Лилия Ломсадзе] // Дело. 2019. № 7/8. С. 80–81.
  6. Клещенок, Е. Дорога в профессуру Аркадия Греся / Елена Клещенок // Медицинский вестник. 2011. 1 сентября (№ 35). С. 8–9.
  7. Гресь, А. А. Профессор Аркадий Гресь: «Компьютерное поколение бездумно программирует себя на бесплодие» : [беседа] / А. А. Гресь // Медицинский вестник. 2011. 7 апреля (№ 14). С. 8–9.
  8. Гресь, А. А. Диагноз: эректильная дисфункция / А. А. Грэсь ; записала Н. Говоровская // Здоровье и успех. 2004. № 4. С. 9.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 640 разоў