Панядзелак, 13 Верасень 2021 14:37

24 снежня 2021 г. — 85 гадоў з дня нараджэння Расціслава Афанасьевіча Жмойдзяка (1936–2018), беларускага географа, картографа, прафесара, заслужанага работніка народнай адукацыі Беларусі (1992)

Расцiслаў Афанасьевiч Жмойдзяк нарадзіўся 24 снежня 1936 г. у в. Яжона Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяводства (цяпер Падгорнаўскага сельсавета Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці). Вучыўся ў Яжонскай пачатковай школе, у Падгорнаўскай сямігадовай школе. У 1950–1954 гг. вучыўся ў Ганцавіцкім педагагічным вучылішчы, якое скончыў на выдатна. Паступіў на геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна, які скончыў па спецыяльнасці «эканамічная геаграфія».

 

Пасля заканчэння ВНУ Расціслаў Жмойдзяк працаваў навуковым супрацоўнікам НДІ эканомікі і арганізацыі сельгасвытворчасці Акадэміі сельскагаспадарчых навук БССР. З сакавіка 1961 г. педагагічная і навуковая дзейнасць Р. А. Жмойдзяка звязана з БДУ, дзе ён прайшоў шлях ад асістэнта да прафесара. Абараніў кандыдацкую дысертацыю «Спецыялізацыя і размяшчэнне сельскай гаспадаркі Мінскай вобласці» (1968). У 1971–1983 гг. быў намеснікам дэкана, у 1983–1998 гг. — дэканам геаграфічнага факультэта. Прафесар (1989). Адначасова, у 1980–2003 гг. — загадчык кафедры геаграфіі і картаграфіі. Праводзіў лекцыйныя заняткі па картаграфіі ў Ягелонскім універсітэце (Кракаў, Польшча).

Навуковыя інтарэсы Расціслава Афанасьевіча былі звязаны з праблемамі картаграфавання сельскагаспадарчай вытворчасці, дынамікі сельскага рассялення, сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі, экалагічнага картаграфавання і інш. У рамках дзяржаўнай праграмы фундаментальных работ кіраваў даследаваннямі па дынаміцы рэльефу асушаных тэрыторый і яе ўплыву на водны рэжым.

Пры ўдзеле таленавітага педагога і арганізатара Р. А. Жмойдзяка на геаграфічным факультэце БДУ былі адкрыты новыя спецыялізацыі, кафедры, навукова-даследчыя лабараторыі. Дзякуючы яго актыўнай гаспадарчай пазіцыі, энтузіязму была створана вучэбна-навуковая геаграфічная станцыя «Заходняя Беразіна» (Валожынскі раён), на якой адначасова могуць праходзіць вучэбную практыку 200 студэнтаў.

Аўтар каля 200 навуковых і вучэбна-метадычных работ, падручнікаў для ВНУ па тапаграфіі і картаграфіі. Шмат увагі надаваў падрыхтоўцы выданняў картаграфічнай прадукцыі. Распрацаваў карты па адукацыі, культуры, ахове здароўя, бытавым абслугоўванні насельніцтва і гандлі рэспублікі. Пад кіраўніцтвам Р. А. Жмойдзяка падрыхтаваны атлас «Белорусская ССР» (1990), «Атлас Рэспублікі Беларусь» (1998, 2000), атлас «География Беларуси» (2004). Навуковы кіраўнік раздзела «Национального атласа Беларуси» (2002).

Р. А. Жмойдзяк прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці ўніверсітэта: намеснік старшыні прафкама супрацоўнікаў універсітэта, намеснік прэзідэнта Геаграфічнага таварыства БССР, старшыня таварыства «Веды» факультэта. Член прэзідыума і секцыі картаграфіі вучэбна-метадычнага аб’яднання па геаграфічнай адукацыі ўніверсітэтаў СССР, рэдкалегіі часопісаў «Вестник БГУ», «Падарожнік», 18-томнай «Беларускай энцыклапедыі». У 1996 г. абраны членам-карэспандэнтам Міжнароднай акадэміі навук экалогіі і бяспекі жыццядзейнасці.

Узнагароджаны медалём «Ветеран труда» (1987), Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР (1982), нагрудным знакам Міністэрства вышэйшай адукацыі СССР «За отличные успехи в работе» (1982), знакам «Отличник картографии» Галоўнага ўпраўлення геадэзіі і картаграфіі пры Савеце Міністраў СССР, граматай ХХІІІ Міжнароднага кангрэса, Ганаровымі граматамі і медалём Геаграфічнага таварыства СССР (1981) і інш. У 1992 г. прафесару Р. А. Жмойдзяку было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны работнік народнай адукацыі Рэспублікі Беларусь». Лаўрэат прэміі імя А. Н. Сеўчанкі, прысуджанай Вучоным саветам БДУ ў 2003 г. за даследаванні па тэматычным картаграфаванні.

Р. А. Жмойдзяк выйшаў на пенсію ў жніўні 2015 г., памёр 12 студзеня 2018 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Баранавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Чачота. Філіпава Яна Уладзіміраўна, бібліёграф

 

Працы Р. А. Жмойдзяка

  1. Картография : курс лекций / Р. А. Жмойдяк, Л. В. Атоян. – Минск : БГУ, 2009. – 190 с.
  2. Геаграфічны факультэт : 60 год / Беларус. дзярж. ун-т ; аўт.-склад. Р. А. Жмойдзяк. – Мінск : [б. в.], 1994. – 14 с.
  3. Науменко, В. Я. Сельское хозяйство Белоруссии : учебное пособие для специальности 2107 «География с дополнительной специальностью биология» педагогических институтов / В. Я. Науменко, Р. А. Жмойдяк. – Минск : Университетское, 1988. – 150 с.
  4. Полевая практика по топографии с основами геодезии : учебное пособие для географических специальностей вузов / Р. А. Жмойдяк, Б. А. Медведев.  Минск : Университетское, 1987. – 235 с.
  5. Лабораторные занятия по топографии с основами геодезии : [учебное пособие для геогр. фак. вузов] / Р. А. Жмойдяк, В. Я. Крищанович, Б. А. Медведев. –2-е изд., перераб. и доп. – Минск : Вышэйшая школа, 1979. – 295 с. : ил.
  6. Экономическая картография : задания для практических занятий и методические указания к их выполнению / Р. А. Жмойдяк, В. Я. Крищанович. – Минск : Издательство БГУ, 1973. – 144 с.
  7. География сельского хозяйства Минской области : автореферат диссертации ... кандидата географических наук : 691. Экономическая география СССР / Р. А. Жмойдяк. – Минск, 1968. – 31 с.

 

Аб жыцці і дзейнасці Р. А. Жмойдзяка

  1. Жмойдзяк Расціслаў Афанасьевіч / П. М. Бараноўскі // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 6. С. 435.
  2. Жмойдяк Ростислав Афанасьевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 381.
  3. Жмойдяк Ростислав Афанасьевич // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2006. Т. 3. С. 561.
  4. Жмойдяк Ростислав Афанасьевич : к 75-летию : библиографический указатель / сост.: П. С. Лопух, И. Н. Мазаник, В. В. Слемнева. – Минск : БГУ, 2014. – 51 с.
  5. Лопух, П. С. Памяти ученого, руководителя и организатора подготовки кадров с высшим географическим образованием Р. А. Жмойдяка (24.12.1936–12.01.2018) / П. С. Лопух, А. П. Романкевич // Геаграфія. Серыя «У дапамогу педагогу». 2018. № 3. С. 58–60.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 579 разоў