Панядзелак, 20 Верасень 2021 08:55

2021 г. — 475 гадоў з часу першага згадвання в. Лелікава ў пісьмовых крыніцах (Кобрынскі раён; 1546)

Вёска Лелікава Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці вядома з XVI ст. Упершыню ўпамінаецца ў 1546 г. як вёска Лолікаўцы ў складзе Дзівінскай воласці Берасцейскага павета Вялікага Княства Літоўскага. Пасля 1795 г. на расійскіх картах стала называцца на расійскі манер «Лелікава». Вёска акружана мноствам балот, дзе сапраўдным гаспадаром была птушка бусел, па-ўкраінску «лелека», альбо па-палеску «лелька». Магчыма, адсюль і ўтварылася назва паселішча — Лелікава — буслінае месца.

 

З 1569 г. Лелікава ўваходзіла ў Ратненскі павет Каралеўства Польскага. У 1774 г. — маёнтак у Холмскай зямлі Рэчы Паспалітай. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) — у складзе Расійскай імперыі, у Ковельскім павеце.

З 1883 г. — цэнтр Лелікаўскай воласці, у Ратненскай паліцэйскай акрузе. Побач знаходзіўся аднайменны фальварак, уладанне Быкоўскіх. Паводле мясцовых пераказаў, К. Быкоўскі, якога лелікаўцы дагэтуль завуць «окомун» (аканом), пасля скасавання прыгоннага права не паведамляў пра гэта сялянам, працягваў трымаць іх у залежнасці і быў вядомы сваёй сквапнасцю і жорсткасцю. Месца, дзе па яго загадзе сялян быццам бы каралі смерцю, да сённяшняга часу мае назву «Шыбеніца».

З 1921 г. — у складзе Польшчы. У 1921–1926 гг. — цэнтр гміны ў складзе Камень-Кашырскага павета Палескага ваяводства, з 1926 по 1939 г. — Кобрынскага павета. На тэрыторыі Лелікаўскай гміны налічвалася 136 населеных пунктаў, 10 372 жыхары, у вёсцы Лелікава — 157 дамоў, 744 жыхары. У 1930-я гг. у вёсцы працавалі школа, вячэрнія курсы, чытальня, тэатральны гурток.

З 1939 г. в. Лелікава сярод вызваленых раёнаў Заходняй Беларусі, якія далучыліся да БССР. З 15 студзеня 1940 г. — у Дзівінскім раёне Брэсцкай вобласці, з 12 кастрычнiка 1940 да 16 ліпеня 1954 г. — цэнтр Лелікаўскага сельсавета, потым у складзе Павіццеўскага, Дзівінскага сельсаветаў (1970). У 1940 г. у вёсцы 266 двароў, 1294 жыхары, няпоўная сярэдняя і пачатковая школы, магазін, хата-чытальня, паштовае аддзяленне, сельсавет, медпункт, пажарнае дэпо, участкі лясгаса і леспрамгаса.

У гады Вялікай Айчыннай вайны Лелікава акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі (з чэрвеня 1941 па ліпень 1944 г.). У баях з ворагам загінулі 39 аднавяскоўцаў (у 1965 г. на могілках устаноўлены абеліск).

Пасля адыходу немцаў (ліпень 1944 г.) з-за вялікага ўплыву УПА сфарміраваць у Лелікава сельскі Савет не было магчымасці. Для барацьбы з бандэраўцамі былі прыцягнуты буйныя сілы. Але паступова мірнае жыццё наладжвалася. У 1949 г. 60 вясковых гаспадарак аб’ядналіся ў калгас «Чырвоная зорка».

У сувязі з узбуйненнем раёнаў з 8 жніўня 1959 г. в. Лелікава ўвайшла ў склад Кобрынскага раёна. Паводле перапісу 1959 г. вёска налічвала 960 жыхароў, у 1970 г. — 1084 жыхары, дзейнічала праўленне калгаса. У 1999 г. налічвалася 354 гаспадаркі, 1064 жыхары, цэнтр калгаса «Чырвоная зорка». Працуюць магазін, фельчарска-акушэрскі пункт, Дом культуры, бібліятэка, сярэдняя школа, аддзяленне сувязі. Па стане на 1 студзеня 2007 г. у в. Лелікава пражывала 903 жыхары, у 2015 г. — 613, у 2021 г. — 425 жыхароў.

Цяпер асноўныя жыхары вёскі — пажылыя людзі.Але насельніцтва, якое тут жыве, клапоціцца аб дабрабыце, імкнецца захаваць сацыяльныя аб’екты.Засталіся фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне паштовай сувязі, тры крамы, адна з іх прыватная, школа. З 2021 г. Лелікаўская сярэдняя школа, якая носіць імя Уладзіміра Шапецюка, загінуўшага земляка-афганца, стала базавай.

Лелікава — адзіная вёска Кобрыншчыны, мова якой адносіцца да гэтак званых тараканскіх гаворак, названых так мовазнаўцам Ф. Клімчуком па назве вёскі Таракань (цяпер Імянін) Драгічынскага раёна, дзе ён упершыню запісаў іх. Лелікаўцы да сённяшняга часу захавалі свой дыялект, сваю моўную культуру, што сведчыць аб глыбокіх і моцных каранях самабытнасці жыхароў вёскі.

Лелікаўцы змаглі захаваць свае традыцыі, абрады, што зарадзіліся тут адвеку. Сярод адметных — лелікаўская сваха, касцюм якой у 2018 г. вылучылі як элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь пад назвай «Традыцыі вырабу і выкарыстання ўбору лелікаўскай свахі ў вёсках Лелікава і Павіцце».

Свята-Дзмітрыеўская царква ў Лелікава — помнік архітэктуры XVIII ст. У сакавіку 2019 г. у царкве здарыўся пажар, які практычна знішчыў культавы будынак. Зараз набажэнствы праводзяць у адным з пустуючых дамоў. Вяскоўцы спадзяюцца на хуткае аднаўленне храма.

У жніўні 2006 г. у в. Лелікава быў аткрыты тэнісны корт, які пабудаваў на ўласныя сродкі Іван Панасюк, грамадскі дзеяч, прадпрымальнік, мецэнат, кандыдат філасофскіх навук. Святы вёскі Лелікава ў 2003 і 2006 гг., арганізаваныя Іванам Паўлавічам, з’яўляюцца ўнікальнымі для Беларусі па маштабнасці, без прыцягнення бюджэтных сродкаў.

Вядомыя ўраджэнцы: Анастасія Старыкава, кавалер ордэна Леніна; Анатолій Трубчык, генерал расійскай арміі; Уладзімір Шапяцюк, воін-афганец, пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі; Пётр Шапяцюк, мясцовы краязнавец, паэт, носьбіт традыцыйнай культуры.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна,

гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Лелікава // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 9. С. 195.
  2. Лелікава // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя.Мінск, 2007. Т. 4, кн. 2. C. 158–159.
  3. Лелікава / В. М. Князева // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 589.
  4. Лелікава // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1972. Т. 6. С. 299.
  5. Лелікаўская Дзмітрыеўская царква // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2014. Т. 5. С. 47–48.
  6. Леликовская Дмитриевская церковь // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 16.
  7. Свята-Дзмітрыеўская царква ў в. Лелікава // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 464–465.
  8. Д. Леликово, Дивинский сельсовет. Дмитриевская церковь. Памятник землякам // Свод памятников истории и культуры Белоруссии, Брестская область. Минск, 1990. С. 258.
  9. В. Лелікава, Дзівінскі сельсавет. Дзмітрыеўская царква. Помнік землякам // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі, Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 234.
  10. Помнікі архітэктуры. Вёска Лелікава, Дзівінскі сельсавет: Дзмітрыеўская царква XVIII cт. // Гісторыка-культурная спадчына Кобрыншчыны. Баранавічы, 2001. С. 11.
  11. Шапяцюк Уладзімір Васільевіч // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 447–448.
  12. Шапяцюк, П. С. Скарбонка майго краю в. Лелікава / П. С. Шапяцюк. – Лелікава, 2005. – 45 с.
  13. Малой радзімы прыцяжэнне : інфармацыйна-бібліяграфічны паказальнік да
    475-годдзя з часу першага згадвання ў пісьмовых крыніцах вёсак Лелікава і Павіцце Кобрынскага раёна / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. С. Д. Курачук. – Кобрын, 2021. – 88 с. : каляр. фат. – (Па вёсках нашага краю).
  14. Юбілейныя даты населеных пунктаў Кобрынскага раёна. Лелікава — 475 гадоў з часу першага ўпамінання (1546) // Зводны каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021–2025 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 8.
  15. Панасюк Іван Паўлавіч // Людзі навукі нашага краю : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук. 2-е выд., дапрац. і дап. Кобрын, 2020.
    С. 113–116.
  16. Помнікі воінам-інтэрнацыяналістам. Лелікава. Мемарыяльная дошка Шапецюку У. В. // Захавальнікі гісторыі роднага краю : турыстычна-бібліяграфічны даведнік / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2016. С. 134–135.
  17. Бакун, Е. Почтальон — звучит гордо : [о работе отделения почтовой связи в д. Леликово Кобринского района] / Елена Бакун // Кобрынскі веснік. 2021. 5 мая. С. 5.
  18. Кирилюк, Л. В центре внимания — сваха! : костюме леликовской свахи] / Лилия Кирилюк // Кобрин-информ. 2021. 10 июня (№ 23). С. 24.
  19. Пашковіч, Л. Прамяні ізумруднага вяселля : [пра сям’ю Васіля і Ганны Жук з в. Лелікава, якія адзначаюць 55 гадоў сумеснага жыцця] / Людміла Пашковіч // Кобрынскі веснік. 2021. 6 сакавіка. С. 5.
  20. Строцкая, Г. Сваха приглашает! / Галина Строцкая // Беларускі час. 2021. 28 мая – 3 чэрвеня (№ 21). С. 18.
  21. Бакун, Е. Прерванный полет, или Между небом и землей : [воин-интернационалист В. Шепетюк из д. Леликово достойно исполнил свой долг перед Родиной] / Елена Бакун // Кобрынскі веснік. 2020. 15 лютага. С. 4, 9.
  22. Вовк, Ю. О костюме свахи, или Нематериальное культурное наследие Кобринщины / Юлия Вовк ; фото Юрия Киндина // Кобрин-информ. 2020. 7 мая (№ 19). С. 4.
  23. Казакова, А. Сохраним ли шедевр народного зодчества? : [о том, как решается судьба сгоревшего храма в д. Леликово Кобринского района] / Анна Казакова // Кобрынскі веснік. 2020. 11 красавіка. С. 3.
  24. Козлович, В. Сваха в перьях : [о костюме леликовской свахи Кобринского района] / Валентина Козлович ; фото Александра Кулевского // СБ. Беларусь сегодня. 2020. 19 февраля. С. 8.
  25. Лосич, П. Говорит и показывает Леликово / Павел Лосич // Рэспубліка. 2020. 18 студзеня. С. 9.
  26. Вечорко, С. Нужно дома бывать не гостем : [бизнесмен-меценат Иван Панасюк благоустраивает родную деревню Леликово в Кобринском районе] / Светлана Вечорко // 7 дней. 2019. 15 августа. С. 17.
  27. Яскевіч, С. Сын малой радзімы : [расійскі бізнесмен і мецэнат І. Панасюк дапамагае добраўпарадкоўваваць родную вёску Лелікава] / Святлана Яскевіч // Звязда. 2019. 7 верасня. С. 11.
  28. Марчук, Н. История села Леликово Кобринского района / Нина Марчук // Кобрин-информ. 2018. 4 января. С. 6–7.
  29. Бакун, А. З любоўю да зямлі роднай: [Пётр і Анастасія Шапецюкі — вядомая сямейная пара з в. Лелікава] / Алена Бакун // Кобрынскі веснік. 2017. 11 студзеня. С. 8.
  30. Дубіна, Л. Толькі б ты, наша вёска, жыла! : [у в. Лелікава адзначылі 470-годдзе з першага згадвання пра вёску ў летапісных крыніцах] / Людміла Дубіна // Кобрынскі веснік. 2016. 12 кастрычніка. С. 5.
  31. Хоміч, І. Аўсвайс-кантроль і аўтэнтычнасць : жыццё ў памежнай зоне : [в. Лелікава Кобрынскага раёна: асаблівасці жыцця] / Іна Хоміч // Брестский курьер. 2014. № 21. С. 9.
  32. Белов, Д. Оазис в глубинке : [о теннисном корте и других достопримечательностях д. Леликово / Дмитрий Белов // Кобрынскi веснiк. 2008. 14 чэрвеня. C. 2.
  33. Гордей, Е. Над селом — лелеки: [краевед Пётр Шепетюк о д. Леликово/ Е. Гордей // Белорусская нива. 2007. 10 ноября. C. 14.
  34. Ляшкевiч, I. Лелікава будзе жыць / І. Ляшкевіч // Звязда. 2007. 31 мая.
  35. Вясковае свята з расійскім акцэнтам : [в. Лелікава адзначыла 460-годдзе з часу заснавання] // Народная трыбуна. 2006. 2 верасня. С. 3.
  36. Куварына, Т. Край, куды вяртаюцца буслы : [свята в. Лелікава] / Т. Куварына // Маладосць. 2006. № 11. С. 106–111.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 606 разоў