Панядзелак, 18 Кастрычнік 2021 11:11

10 лістапада 2021 г. — 80 гадоў з дня нараджэння Івана Іванавіча Тарасюка (1941–2009), заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь

Іван Іванавіч Тарасюк нарадзіўся 10 лістапада 1941 г. у в. Казаваты Ратнаўскага раёна Валынскай вобласці ў сям’і сельскіх працаўнікоў Матроны Сазонаўны і Івана Сідаравіча. Вучыўся ў сярэдняй школе ў в. Самары, куды з васьмі гадоў штодня 6 км хадзіў пешшу. Пасля заканчэння дзесяцігодкі працаваў трактарыстам у саўгасе «Самарскі».

 

У 1962 г. Іван Тарасюк быў прызваны ў Савецкую армію. Служба на Балтыйскім флоце заняла ў яго біяграфіі 12 гадоў, бо пасля тэрміновай была звыштэрміновая (1965–1974). Менавіта на флоце Іван Тарасюк прайшоў вялікую школу мужнасці, якая дапамагла яму стаць моцным і мэтанакіраваным. Службу на флоце ён сумяшчаў з вучобай на эканамічным факультэце Ленінградскага сельскагаспадарчага інстытута.

Свой лёс з вёскай Іван Тарасюк звязаў пасля заканчэння інстытута, калі па размеркаванні быў накіраваны ў Кобрынскі раён Брэсцкай вобласці. Спачатку быў намеснікам старшыні калгаса «Зара» (цяпер СВК «Узыходзячая зара»), а праз год, у 1975 г., яму даручылі кіраваць гаспадаркай. 35 гадоў гісторыя калгаса «Зара» стваралася пад кіраўніцтвам ініцыятыўнага арганізатара і вопытнага кіраўніка сельскагаспадарчай вытворчасці Івана Іванавіча Тарасюка. Глыбокія веды сельскагаспадарчай вытворчасці, арганізатарскія здольнасці і мэтанакіраванасць старшыні прынеслі свой плён: гаспадарка не толькі выстаяла ў цяжкія часы, але і стала флагманам сярод калгасаў раёна. Старшыня дабіўся ўстойлівай дынамічнай працы, стварыў усе ўмовы для нармальнай работы і дабрабыту вяскоўцаў.

Ідучы ў нагу з часам, І. І. Тарасюк быў пастаянна ў пошуках усяго новага і перадавога. Пад яго кіраўніцтвам уведзена ў строй другая чарга свінагадоўчага комплексу, пабудавана адна з лепшых у Рэспубліцы Беларусь малочнатаварная ферма з выкарыстаннем імпартнага абсталявання. У выніку прымянення сучасных тэхналогій гаспадарка паказвала другі вынік у Брэсцкай вобласці і чацвёрты ў рэспубліцы па надоях. Стабільна высокімі былі паказчыкі ўраджайнасці збожжавых.

І. І. Тарасюк не толькі ўтрымліваў на вышыні перадавую гаспадарку, але і надаваў асаблівую ўвагу развіццю сацыяльнай сферы. За гады яго работы ў калгасе былі пабудаваны кафэ-магазін, амбулаторыя, майстэрня, 50 жылых кватэр, заасфальтаваны ўсе дарогі, адноўлены жывёлагадоўчыя памяшканні. Гонарам калгаса стаў адзіны ў раёне спартыўна-аздараўленчы комплекс з зімовым садам. За кошт гаспадаркі было закуплена сучаснае стаматалагічнае абсталяванне ў амбулаторыю, пабудаваны дзіцячы сад «Сонейка», які цалкам утрымліваў на сваім балансе СВК «Узыходзячая зара». Лепшыя вучні Хідрынскай сярэдняй школы атрымлівалі калгасную стыпендыю.

Іван Іванавіч спадзяванні вяскоўцаў успрымаў блізка да сэрца, імкнуўся зрабіць іх жыццё лепшым і багацейшым. Усе вытворчыя планы, задумкі на будучае старшыня калгаса цесна звязваў з пастаянным ростам дабрабыту чалавека. Самай вялікай каштоўнасцю, як лічыў старшыня калгаса, з’яўляюцца людзі — галоўны патэнцыял усіх здзяйсненняў.

Больш як 30 чалавек калгаса «Зара» за старанную працу былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі. Двум работнікамгаспадаркі (Т. А. Сакалюк і М. К. Дубінку) прысвоена званне Герояў Сацыялістычнай Працы.У калгасе «Зара» аднымі з першых пачалі сур’ёзна займацца пытаннямі навуковай арганізацыі працы ў калгаснай вытворчасці. Менавіта тут з’явіліся першыя калгасныя эканамісты, даяркі перайшлі на двухзменную работу i пяцідзённы тыдзень.

І. І. Тарасюк карыстаўся заслужаным аўтарытэтам у кіраўніцтва вобласці і раёна, калег і працаўнікоў прадпрыемства. На ўсіх участках працы ён выяўляў сябе выключна працавітым чалавекам, высокакваліфікаваным спецыялістам. Адрознівалі старшыню калгаса вернасць грамадзянскаму абавязку, пачуццё асабістай адказнасці, граматнасць і кампетэнтнасць у вырашэнні самых складаных жыццёвых пытанняў. У складзе дэлегацыі ад Кобрыншчыны ён быў удзельнікам III Усебеларускага народнага сходу (2006).

Працоўная дзейнасць Івана Іванавіча адзначана заслужанымі ўзнагародамі: ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга (1986), «Знак Пашаны» III ступені (2006), медаль «За працоўную доблесць» (1981), бронзавы медаль ВДНГ СССР (1987). За высокія вытворчыя паказчыкі і сацыяльнае развіццё гаспадаркі ў жніўні 1998 г. прысвоена званне «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь». Па выніках абласнога конкурсу — ганаровае званне «Чалавек года 2007».

Жыццё выдатнага чалавека, аднаго з вопытнейшых кіраўнікоў аграпрамысловага комплексу Брэстчыны Івана Іванавіча Тарасюка абарвалася 1 снежня 2009 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай.
Курачук Святлана Дзмітрыеўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Заслужаныя работнікі Беларусі. Тарасюк Іван Іванавіч // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 429.
  2. Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.Тарасюк Іван Іванавіч // Па працы — пашана : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 133–134 : фат.
  3. Заслуженные работники Беларуси.Тарасюк Иван Иванович // Хидры — первый агрогородок на Кобринщине : информационно-аналитический очерк серии «Па вёсках нашага краю»/ Кобринская центральная районная библиотека, Отдел обслуживания и информации ; сост. СКурачук. Кобрин, 2007. С. 40.
  4. 80 гадоў з дня нараджэння І. І. Тарасюка (1941) // Зводны каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021–2025 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма», Цэнтральная раённая бібліятэка, Аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 23.
  5. Тарасюк Иван Иванович : [некролог] // Кобрынскі веснік. 2009. 5 снежня. С. 2.
  6. Савчук, М. Путь председателя : [35 лет история колхоза «Восходящая заря» создавалась под руководством грамотного руководителя сельскохозяйственного производства И. И. Тарасюка] / Маргарита Савчук // Кобрин информ. 2009. 10 декабря. С. 3.
  7. Дзяржаўныя ўзнагароды — працаўнікам Брэстчыны : [сярод узнагароджаных за высокія дасягненні ў вытворчай і сацыяльна-культурнай сферах, значны асабісты ўклад у выкананне прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі ў 2001–2005 гг. І. І. Тарасюк] // Заря. 2006. 4 марта. С. 3.
  8. Сацук, А. Яркий свет зари : [о трудовом пути И. И. Тарасюка свидетельствуют многочисленные грамоты, медали, другие награды] / Алексей Сацук // Кобрынскі веснік. 2006. 18 лістапада. С. 2.
  9. Скакун, А. Председателю колхоза «Заря» Кобринского района И. И. Тарасюку : [поздравление с 60-летием] / Алексей Скакун // Белорусская нива. 2001. 14 ноября.
  10. Лучший председатель года : [за большой личный вклад в развитие сельскохозяйственного производства области, укрепление экономики своих хозяйств объявлены благодарности руководителям: B. Г. Кузичу председателю колхоза имДимитрова Кобринского района; И. И. Тарасюку председателю колхоза «Заря» Кобринского района] // Заря. 2001. 22 марта.
  11. Сацук, А. Ёсць у «Зары» свае героі : [калгас «Зара» ўзначальвае вопытны кіраўнік І. І. Тарасюк] / А. Сацук // Кобрынскі веснік. 2000. 12 студзеня. С. 2.
  12. Аб узнагароджанні групы работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый Брэсцкай вобласці дзяржаўнымі ўзнагародамі Рэспублікі Беларусь : Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, 1998, № 62 : [Тарасюк Іван Іванавіч] // Заря. 1998. 7 февраля. 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 579 разоў Апошняя змена Аўторак, 19 Кастрычнік 2021 11:22