Панядзелак, 06 Снежань 2021 11:28

21 лістапада 2021 г. — 320 гадоў з дня асвячэння Свята-Міхайлаўскай царквы ў в. Чэрск (Брэсцкі р-н; 1701), помніка драўлянага дойлідства

Краязнаўцы лічаць, што ў ХVІІ ст. на месцы в. Чэрск Брэсцкага раёна быў дубовы гай, вакол яго — непраходныя балоты. Сюды прыйшлі перасяленцы, якія пабудавалі з дубоў невялікую царкву. Пазней, калі тут з’явілася вёска, храм быў дабудаваны, асвячоны ў імя святога архангела Міхаіла. Мяркуецца, што здарылася гэта 21 лістапада 1701 г.

 

Чэрск (раней Чэрнск) вядомы з канца ХV ст. як уласнасць Валашынаў. З архіваў вядома, што 29 ліпеня 1701 г. храму ў Чэрску вялікім канцлерам ВКЛ князем Каралем Станіславам Радзівілам адноўлены фундуш — дзве валокі зямлі з усімі палямі, лясамі і іншымі прыналежнасцямі.

Пачаткова Чэрская царква была ўніяцкай, праваслаўнай стала пасля ліквідацыі Брэсцкай уніі ў 1839 г. У храме ўсталявалі праваслаўны іканастас. Замест уніяцкіх крыжоў з паўмесяцам устанавілі праваслаўныя крыжы, перад храмам пабудавалі трох’ярусную званіцу адметнай архітэктуры. У 1860-я гг. храм быў адрамантаваны.

Царква складаецца з квадратнага ў плане асноўнага зруба, завершанага дахам з галоўкай, і больш вузкага зруба з трохграннай алтарнай часткай, накрытага вальмавым дахам з галоўкай. Да галоўнага фасада прыбудаваны непрапарцыянальна вялікі квадратны ў плане прытвор, да якога далучылі вялікую веранду, каля алтара прыбудавана рызніца. Сцены вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі. Вокны прамавугольныя. Унутры асноўны зруб перакрыты корабавым скляпеннем старажытнай канструкцыі, алтарны — плоскай столлю.

Перад царквой стаіць зрубна-каркасная трох’ярусная званіца-брама. Ніжні ярус — чацверыковы зруб (5 х 5 м), ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі. Верхні — каркасны, таксама чацверыковы, завершаны шатровым дахам з невялікай галоўкай. Прамежкавы ярус вырашаны ў выглядзе развітога прычолка, які на заходнім і ўсходнім фасадах мае трапецападобныя вертыкальныя шчыты з чатырма арачнымі праёмамі і дэкаратыўнай панэллю.

З 1844 да 1968 г. у храме служыў свяшчэннік Іосіф Целякоўскі. У 1863 г. ля царквы ўсталяваны вялікі драўляны крыж у гонар адмены прыгоннага права (1861).

На 1899 г. прыход Свята-Міхайлаўскай царквы налічваў 1856 чалавек — жыхароў вёсак Чэрск, Кабёлка, Ляплёўка і Рудня. У царкоўнай школе навучаліся 197 хлопчыкаў і 18 дзяўчынак. Да пачатку ХХ ст. захоўвалася рукапіснае Евангелле ХVІ ст., напісанае на старабеларускай і старапольскай мовах. У 1930 г. у прыходзе было 2003 чалавекі.

У час Вялікай Айчыннай вайны храм дзейнічаў. У 1942 г. прыхаджане ноччу знялі і закапалі ў зямлю тры званы, каб выратаваць іх ад нямецкай канфіскацыі. Нямецка-фашысцкія акупанты спалілі ў Чэрску 35 дамоў, загубілі 25 жыхароў. 16 чэрвеня 1942 г. партызаны расстралялі святара Іосіфа Ермаковіча. Па словах жыхароў, айцец Іосіф раіў гнаць партызан, калі яны прыйдуць у вёску. Помнік расстралянаму святару стаць злева ад царквы, нагадваючы пра складаныя ўмовы збройнага і ідэйнага змагання.

У савецкі перыяд праваслаўны прыход у Чэрску быў зарэгістраваны 12 лютага 1945 г., налічвалася 150 прыхаджан. Былі назначаны стараста, казначэй і прасвірніца. Захоўваліся «Литовские епархиальные ведомости» за 1863–1872 гг. Захаваўся драўляны разны іканастас, зроблены ў 1830-я гг. Меліся іконы ХVІІІ–ХІХ стст.: «Раство Іаана», «Спас Панкратар», «Хрыстос у сілах», «Тайная вячэра», «Маці Божая Адзігітрыя», «Маці Божая Пачаеўская» і «Архангел Міхаіл», абразы апостальскага чыну іканастаса. Але ў 1990-я гг. некаторыя каштоўныя абразы былі страчаны.

Маляўнічай аздобай помніка эпохі барока былі тры барочныя купалы. У выніку рамонту і перабудовы 2002 г. былі заменены старажытныя крыжы — адмысловыя творы кавальскага мастацтва ХVІІ – пачатку ХVІІІ ст. Таксама заменены барочныя купалы на грувасткія і вялікія на тоўстых шыях. Каштоўны помнік змяніўся, але захоўваецца магчымасць навукова абгрунтаванай рэстаўрацыі.

Свята-Міхайлаўская царква у Чэрску — помнік драўлянага дойлідства стылю барока ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, прапанавана ўключыць яго ў Спіс сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА як унікальны помнік драўлянай архітэктуры Беларускага Палесся.

Цяпер настаяцелем Чэрскага храма служыць протаіерэй Сяргей Васільевіч Дзмітрук. У прастольнае свята 21 лістапада 2021 г. адбылася ўрачыстасць з нагоды 320-годдзя асвячэння Свята-Міхайлаўскага храма.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Чэрская Міхайлаўская царква // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2003. Т. 17. С. 334.
  2. Черская Михайловская церковь // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 460.
  3. Черская Михайловская церковь и колокольня // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2008. Т. 7. С. 533.
  4. Царква ў імя святога архангела Міхаіла : [в. Чэрск] // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 424.
  5. Свята-Міхайлаўская царква : [в. Чэрск] // Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2001. С. 207.
  6. Кулагін, А. М. Помнікі архітэктуры : Міхайлаўская царква ў в. Чэрск / А. М. Кулагін // Памяць. Брэсцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1998. С. 519–520.
  7. Самбук, С. Ф.Михайловская церковь и колокольня : [д. Черск] / С. Ф. Самбук // Свод памятников истории и культуры Белоруссии, Брестская область. Минск, 1990. С. 148.
  8. Якімовіч, Ю. А. Чэрская Міхайлаўская царква і званіца / Ю. А. Якімовіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 540–541.
  9. Самбук, С. Ф.Міхайлаўская царква : [в. Чэрск] / С. Ф. Самбук // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі, Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 112.
  10. Мараськевич, Я. Деревянная архитектура северной части Еврорегиона Буг : западная часть Брестской земли / Я. Мараськевич, А. Башков ; фот.: Я. Мараськевич, Д. Мараськевич ; пер.: Э. Д. Пашкевич [и др.] – Бяла Подляска : Бяльско-подл. об-во Регионального Развития, 2006. 96 с. : фот.
  11. Мароз, В. В. ХVІІ ст., Чэрск / В. В. Мароз // Драўляныя сакральныя помнікі Беларусі : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. Мінск, 2018. С. 149–150.
  12. Мароз, В. В. Ахова помнікаў сакральнай культуры — клопат усяго грамадства : [на прыкладзе культавых пабудоў вёсак Здзітава, Чэрск, Чарнаўчыцы, Астрамечава, Олтуш, Воўчын, г. Іванава] / В. В. Мароз // Краязнаўства Берасцейшчыны: стан і перспектывы развіцця : матэрыялы круглага стала, Брэст, 12 снеж. 2006 г. Брэст, 2007. С. 35–36.
  13. Званіца ў в. Чэрск Брэсцкага раёна, 18 ст. // Рэлігія і царква на Беларусі : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 2001. С. 118.
  14. Миронова, О. Дом Божий на черской земле : на прошлой неделе один из историко-культурных памятников, что в Брестском районе, отметил свое 320-летие со дня освящения / Ольга Миронова // Брестский вестник. 2021. 25 ноября (№ 47). С. 14.
  15. Свято-Михайловская церковь в Черске // Астрамечаўскі рукапіс. Брэст, 2018. № 1. 3-я с. вокл. : фат.
  16. Габрусь, Т. Адкуль пайшлі беларускія драўляныя званіцы : [узгадваецца званіца ў в. Чэрск Брэсцкага раёна] / Тамара Габрусь // Роднае слова. 2018. № 1. С. 7782.
  17. Гневушева, А. Храмы Брестчины в Список ЮНЕСКО! : [о старинных деревянных церквях в Здитово, Черске, Збирогах, Дивине и Степанках Брестской области, которые предлагается включить в список ЮНЕСКО] / Алена Гневушева // Заря. 2017. 18 ноября. С. 4.
  18. Стаднік, В. Узнімаецца над Чэрскам старажытны храм... : [гісторыя Свята-Міхайлаўскага храма ў в. Чэрск] / Вольга Стаднік // Заря над Бугам. Брест, 2016. 22 декабря (№ 51). С. 7.
  19. Козлович, В. Старое лучше нового : [в Списке всемирного наследия ЮНЕСКО могут оказаться пять православных храмов Брестской области] / Валентина Козлович // Советская Белоруссия. 2015. 11 апреля. С. 3.
  20. Самосевич, М. Пережившая войны : [о праздновании 310-летия со дня освящения Свято-Михайловской церкви в д. Черск Брестского района] / Марина Самосевич // Брестские епархиальные ведомости. 2011. № 4. С. 56.
  21. Самосевич, М. Пережившая войны : [о праздновании 310-летия со дня освящения Свято-Михайловской церкви в д. Черск] / Марина Самосевич // Заря над Бугом. Брест, 2011. 23 ноября. С. 3.
  22. Медь колоколов, золото души : [об окончании ремонта Свято-Михайловской церкви в д. Черск] // Заря над Бугом. Брест, 2006. 23 сентября. С. 3.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 401 разоў