Аўторак, 21 Снежань 2021 11:38

7 снежня 2021 г. — 140 гадоў з дня нараджэння Янкі Сваяка (сапр. Марыян Фальскі; 1881–1974), перакладчыка, публіцыста, педагога, грамадскага дзеяча

Марыян Фальскі нарадзіўся 7 снежня 1881 г. у в. Нача Сіняўскай воласці Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у дробнамяшчанскай сям’і. Вучыўся ў Мінскай агульнаадукацыйнай школе і гімназіі, потым у Варшаўскім тэхналагічным інстытуце. Быў актыўным членам нелегальных вучнёўскіх і студэнцкіх гуртоў. У 1903 г. уступіў у Польскую партыю сацыялістычную (ППС), а ўжо ў1906 г. увайшоў у склад ППС-лявіцы — левага крыла ППС.

 

Улетку Марыян Фальскі жыў на радзіме, ладзіў і падтрымліваў сувязі з мясцовымі рэвалюцыйнымі арганізацыямі, у т. л. з Беларускай сацыялістычнай грамадой. Не раз прывозіў у Мінск і Гродна забароненыя для распаўсюджання беларускія пракламацыі рэвалюцыйнага зместу. Найбольш вядомымі з іх з’яўляюцца «Царская гаспадарка» і «Прызыўныя», а таксама свае пераклады твораў польскіх аўтараў. Апавяданне Стэфана Жаромскага «Да свайго Бога» (1903) было яго першым перакладам, а ў 1904 г. убачылі свет яшчэ два яго пераклады пад псеўданімам «Янка Сваяк».

Па-беларуску загучала апавяданне Генрыха Сянкевіча «Янка-музыкант» і аповесць невядомага аўтара «Ведзьма». Простая гісторыя пра трагічны лёс здольнага хлопчыка-музыкі пад пяром Г. Сянкевіча набыла сацыяльнае гучанне і імпанавала сваім зместам беларускаму чытачу. Янка Сваяк добра валодаў беларускай мовай, хоць там-сям трапляюцца паланізмы, перакладчык часам дубліруе польскі сінтантаксіс — азначэнне стаіць не перад назоўнікам, а пасля яго. Усё ж у перакладзе Янкі Сваяка беларускае слова гучыць натуральна і проста.

Летам 1906 г. Марыян Фальскі непадалёку ад маёнтка пана Аляксандра Крагельскага ў в. Мазуркі, у глухой леснічоўцы ля Шчары арганізаваў падпольную друкарню, у якой было выдадзена некалькі беларускіх і польскіх адозваў. За рэвалюцыйную дзейнасць у 1907 г. быў арыштаваны царскімі ўладамі і заключаны ў Варшаўскую цытадэль.

Пасля вызвалення Марыян Фальскі накіраваўся ў Кракаў, дзе працаваў хатнім настаўнікам. У 1909 г. паступіў у Ягелонскі ўніверсітэт, пачаў вывучаць псіхалогію і педагогіку. У гэты час ён захапіўся педагогікай, адышоў ад беларускага нацыянальна-вызваленчага руху. Марыян Фальскі — аўтар брашуры «Што будзе з зямлёй» (1910). У тым жа годзе ён падрыхтаваў і выдаў польскі лемантар (буквар) «Naukaczytaniaipisania» («Навука чытання і пісання»), які аб’ядноўваў лепшыя элементы лікава-гукавага метаду навучання слоў і вызначаўся перадавой методыкай. У далейшым лемантар некалькі разоў дапрацоўваўся аўтарам і на працягу 60 гадоў быў абавязковым падручнікам у польскіх школах.

У 1917 г. Марыян Фальскі абараніў доктарскую дысертацыю па псіхалогіі. У 1918 г. не прыняў прапанову ўзначаліць кафедру ў Ягелонскім універсітэце і выехаў у Варшаву. На працягу 1919–1939 гг. працаваў у Міністэрстве асветы Польшчы. Займаўся навуковымі даследаваннямі ў галіне школьнага навучання і школьнай статыстыкі. Быў экспертам Лігі нацый у Кітаі па пытаннях рэарганізацыі асветы (1931).

У час нямецка-фашысцкай акупацыі працягваў даследаванні пра стан і арганізацыю школьнай справы. Пад псеўданімам Praski публікаваў артыкулы, у якіх выступаў супраць фашысцкіх тэндэнцый у галіне асветы. Пасля вызвалення працаваў у Міністэрстве асветы, дзе ў 1945 г. пачаў арганізоўваць Статыстычны аддзел (пазней перайменаваны ў Бюро даследаванняў і статыстыкі), кіраваў ім да 1950 г. З 1953 г. — у Польскай акадэміі навук (ПАН). З 1954 г. — прафесар, з 1958 г. — кіраўнік аддзела арганізацыі асветы ПАН.

У 1964 г. падпісаў вядомы «Ліст 34» (аўтар польскі паэт Антоні Слонімскі) супраць цэнзуры і абмежаванняў даступнасці культуры. Навуковай дзейнасцю Марыян Фальскі займаўся да канца жыцця. Яго пяру належаць шматлікія працы па гісторыі і методыцы навучання выхавання школьнікаў. Пакінуў мемуары.

Марыян Фальскі памёр 8 кастрычніка 1974 г., пахаваны на Вайсковых могілках у Варшаве (магіла А32-2-6).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Купалы. Зелянко Таццяна Уладзіміраўна, загадчык сектара бібліятэчна-інфармацыйных і электронных рэсурсаў

 

  1. Сваяк Янка / М. А. Варвашэвіч ; [бібліяграфія: Т. М. Махнач] // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. Мінск, 1995. Т. 5. С. 273–274.
  2. Янка Сваяк (1881–1974) // Літаратурная карта Берасцейшчыны / уклад. А. Крэйдзіч. Брэст, 2008. С. 364–366.
  3. Александровіч С. Прафесар Марыян Фальскі / Сцяпан Александровіч // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Ляхавіцкага раёна. Мінск, 1989. С. 116–118.
  4. Александровіч С. Паронін – Закапанэ. Прафесар Марыян Фальскі / Сцяпан Александровіч // Слова — багацце : літаратурна-крытычныя артыкулы / Сцяпан Александровіч. Мінск, 1981. С. 32–42.
  5. Александровіч С. 5. Паронін – Закапанэ. Прафесар Марыян Фальскі / Сцяпан Александровіч // Кнігі і людзі : зборнік літаратурна-крытычных артыкулаў / Сцяпан Александровіч. Мінск, 1976. С. 30–38.
  6. Александровіч, С. Х. Пуцявіны роднага слова : праблемы развіцця беларускай літаратуры і друку другой паловы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя / С. Х. Александровіч. – Мінск : Выдавецтва БДУ, 1971. – 248 с. – Са зместу: Марыян Фальскі. С. 120–123.
  7. Александровіч С. З майго падарожжа : [у Польшчу] / Сцяпан Александровіч // Полымя. 1969. № 8. С. 169–199. Са зместу: 5. Паронін – Закапанэ. Прафесар Марыян Фальскі. С. 182–185.
  8. Туронак Ю. Удзел М. Фальскага ў беларускім выдавецкім руху / Юры Туронак ; пер. з пол. // Мадэрная гісторыя Беларусі / Юры Туронак. 2-е выд. Вільня, 2008. С. 20–21.
  9. Карнялюк С. Нашы знакамітыя землякі : [Марыян Фальскі] / С. Карнялюк // Ляхавіцкі веснік. 1997. 13 снежня. С. 2.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 400 разоў