Панядзелак, 03 Студзень 2022 14:45

23 чэрвеня 2021 г. — 60 гадоў з дня нараджэння Валерыя Анатольевіча Кухарчука (1961), паэта, літаратара, журналіста

Валерый Анатольевіч Кухарчук нарадзіўся 23 чэрвеня 1961 г. у пасёлку Індустрыяльны Нурынскага раёна Карагандзінскай вобласці (Казахстан), куды бацькі-беларусы па камсамольскай пуцёўцы паехалі на асваенне цалінных зямель. Дзяцінства Валеры прайшло ў в. Ляхавічы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці.

 

Першая нізка вершаў была надрукавана ў іванаўскай раённай газеце «Чырвоная звязда», калі юны аўтар яшчэ вучыўся ў сярэдняй школе № 2 г. Іванава. Гэта паўплывала на выбар будучай прафесіі. У 1979 г. яго, нядаўняга дзесяцікласніка, запрасілі на штатную працу ў раёнку, дзе пазней асвоіў усе пасады: ад карэспандэнта да намесніка рэдактара.

Валерый Кухарчук адслужыў у Савецкай арміі, закончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна. Член Беларускага саюза журналістаў. Журналісцкая дзейнасць не шкодзіла яго станаўленню і як паэта, літаратара. Гэтаму спрыялі пастаянныя творчыя кантакты з больш сталымі пісьменнікамі, актыўная работа ў мясцовай літаратурнай сябрыне «Ясельда», цеснае супрацоўніцтва з многімі перыядычнымі выданнямі рэспублікі.

Двойчы прымаў удзел у семінарах творчай моладзі ў Каралішчавічах і Іслачы. Вершы, апавяданні Валерыя Кухарчука друкаваліся на старонках абласных газет «Заря» і «Народная трыбуна», рэспубліканскіх — «Чырвоная змена», «Звязда», «Белорусская нива», «Настаўніцкая газета», «Літаратура і мастацтва», часопісаў «Першацвет», «Маладосць», літаратурнага альманаха «Гоман», гучалі па абласным і рэспубліканскім радыё і тэлебачанні, перекладзены на рускую (калектыўны зборнік «Белой Вежи свет») і ўкраінскую мовы (любашоўская газета «Нове життя»).Творы змешчаны ў шматлікіх калектыўных зборніках: «Дзень паэзіі», «Анталогія беларускай пародыі», «Берасцейскія карані», «Дзядзінец», «Добрыя словы кажыце», «З калядным падарункам».

Аўтар кніг паэзіі «Снежаньскі гром» (2004), «Галактыка верлібра» (2006), «Вясёлка ў тумане» (2018), нарысаў і публіцыстыкі «Восеньскі першацвет» (2018), «В год апокалипсиса» (2018). Падрыхтаваў да друку зборнік дзіцячай прозы «Каратысты мышак не баяцца. Сямейныя чытанкі». Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2006 г.

Да выезду ў Амерыку Валерый Кухарчук цягам больш за два дзясяткі гадоў узначальваў іванаўскае літаратурнае аб’яднанне «Ясельда». Зараз Валерый Кухарчук жыве ў г. Юціка (штат Нью-Ёрк, ЗША).

Брэсцкае абласное аддзяленне СПБ па выніках 2018 г. вылучыла Валерыя Кухарчука на рэспубліканскі конкурс «Нацыянальная літаратурная прэмія» ў намінацыі «Лепшы твор (зборнік твораў) паэзіі» за кнігу «Вясёлка ў тумане». Настальгія — асноўны матыў зборніка. Сузіраючы амерыканскія прэрыі, высакагорныя краявіды горада Юцікі, аўтар згадвае роднае поле, заснежанае наваколле, вясковыя дарогі і сяброў-суайчыннікаў, з якімі вандраваў па абшарах Бацькаўшчыны. Радкі напоўнены шчырымі пачуццямі, поўняцца душэўнай тугой па Радзіме, сумам аб развітанні і далёкіх сустрэчах.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава. Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

Творы В. А. Кухарчука

  1. В год апокалипсиса : дневник публициста / Валерий Кухарчук. – Смоленск : Ноопресс, 2018. – 111 с.
  2. Восеньскі першацвет : публіцыстыка, нарысы, апавяданні, эсэ / Валерый Кухарчук. – Мінск : Смэлтак, 2018. – 155 с.
  3. Вясёлка ў тумане : вершы, паэма / Валерый Кухарчук. – Мінск : Энцыклапедыкс, 2018. – 49 с.
  4. Галактыка верлібра : [вершы] / Валерый Кухарчук. – Брэст : Академия, 2006.
  5. Снежаньскi гром : (вершы) / Валерый Кухарчук ; [рэдактары А. Каско, А. Крэйдзіч]. – Брэст : Акадэмiя, 2004. – 74 с.
  6. Гэта Амерыка, братка! ; Дзе Янка коніка паіў? ; Анюціна навука, або Колькі слоў зноў пра мову ; Касалапы рабаўнік : [апавяданні] / Валерый Кухарчук // Берасцейская скарбніца : літаратурна-мастацкі альманах Брэсцкага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» / укладальнік С. С. Мартынюк. Брэст, 2019. Вып. 2. С. 168–177.
  7. «Напрасткі праз Вербную нядзелю...» ; Памяці Мікалая Елянеўскага ; «Пасвячу чужому ліхтаром...» ; Вясёлка ў тумане ; «Зноў з цягніком, сваім надзейным гідам...» / Валерый Кухарчук // Літаратурная прастора Брэстчыны : анталогія твораў сяброў Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Брэст, 2018. С. 188–191.
  8. Трыялеты : [вершы] / Валерый Кухарчук // Берасцейская скарбніца : альманах. Брэст, 2018. Вып. 1. С. 188–192.
  9. «Лысеет сарай...» ; «Твое имя...» : [стихи] / Валерий Кухарчук // Белой вежи свет : сборник поэзии Брестчины в переводах Валерия Гришковца. Минск, 2010. С. 165.
  10. Зімовы флірт ; Квінта трыялетаў ; Незнаёмка ; «Саспела рэха...» : [вершы] / Валеры Кухарчук // Ясельда : юбілейны зборнік Іванаўскага літаб’яднання / рэд. і ўклад. Р. Сыраватка. Іванава, 2006. С. 33–36.
  11. Я чытаю цябе... : [вершы] / Валерый Кухарчук // Дзядзінец : паэзія Берасцейшчыны. Брэст, 1999. С. 216–221.
  12. Трыялеты : [вершы] / Валерый Кухарчук // Літаратура і мастацтва. 2020. 11 верасня (№ 34). С. 8.
  13. Трыялеты : [вершы] / Валерый Кухарчук // Літаратура і мастацтва. 2018. 31 жніўня (№ 34). С. 9.

Аб жыцці і творчасці В. А. Кухарчука

  1. Кухарчук Валерый Анатольевіч // Творчы партрэт пісьменніцкай суполкі : біяграфічны даведнік Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Брэст, 2018. С. 108–111.
  2. Валерый Кухарчук // Іванаўшчына літаратурная: ад сярэднявечча да сучаснасці : зборнік нарысаў / уклад. А. Крэйдзіч. – Мінск, 2018. С. 36–37.
  3. Валерый Кухарчук // Літаратурная карта Берасцейшчыны / уклад. А Крэйдзіч. Брэст, 2008. С. 247–248.
  4. Будовіч, Я. «Сярод снягоў бязмежных, як агмень...» : [аб новай кнізе В. Кухарчука «Вясёлка ў тумане»] / Яна Будовіч // Літаратура і мастацтва. 2019. 23 студзеня (№ 4). С. 7.
  5. Соломка, И. Грядет апокалипсис? : [о книге В. Кухарчука «В год апокалипсиса»] / Ирина Соломка // Янаўскі край. Іванава, 2018. 18 студзеня. С. 10.
  6. Саломка, І. Водар «восеньскага першацвету» : [пра кнігу В. Кухарчука «Восеньскі першацвет»] / І. Саломка // Янаўскі край. Іванава. 2018. 21 верасня. С. 13.
  7. Саломка, І. На чужыне сніцца родны бераг : [пра Валерыя Кухарчука, які наведаў родныя мясціны] / Ірына Саломка // Янаўскі край. Іванава, 2018. 26 студзеня. С. 9.
  8. Гапееў, В. Першая кніга паэта / Валерый Гапееў // Івацэвіцкі веснік. 2006. 29 снежня.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 533 разоў Апошняя змена Панядзелак, 03 Студзень 2022 14:53