Панядзелак, 03 Студзень 2022 14:54

9 кастрычніка 2021 г. — 75 гадоў з дня нараджэння Валерыя Іванавіча Мікалаева (1946), работніка культуры, паэта

Валерый Іванавіч Мікалаеў нарадзіўся 9 кастрычніка 1946 г. у г. Магілёве. У 1967 г. скончыў Магілёўскае культасветвучылішча. Быў вельмі здольным студэнтам у выкладчыка па акцёрскім майстэрстве і мастацкім чытанні В. І. Ермаловіча. За чатыры гады вучобы яны выпусцілі тры спектаклі, галоўныя ролі ў якіх сыграў Валерый Мікалаеў. Там жа, у вучылішчы, ён сустрэў дзяўчыну, якая стала яго жонкай, у маладых нарадзіўся сын Роберт.

 

Пасля завяршэння вучобы Валерый Мікалаеў быў прызваны ў Савецкую армію. Пасля службы з сям’ёй пераехаў у Гомель, дзе і пачалася яго працоўная дзейнасць. Працаваў рэжысёрам тэатральнага аддзела Дома мастацкай самадзейнасці Гомельскага аблсаўпрафа, вядучым тэлеперадач на Гомельскім тэлебачанні. Разам з жонкай яны прысвяцілі сябе тэатру. У 1976 г. абодва скончылі Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут.

У 1986 г. яны рассталіся, былая жонка з сынам з’ехалі ў Амерыку, а Валерый Іванавіч застаўся на радзіме і з галавой акунуўся ў працу. На базе СШ № 39 і клуба завода «Цэнтраліт» ён стварыў падлеткавы клуб «Натхненне». Пры клубе працавалі два гурткі: бальнага танца і лялечны. А ў вольны час Валерый Іванавіч працягваў пісаць вершы.

З 1990 г. жыве ў Ружанах Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. У Ружанах пазнаёміўся з выдатнай жанчынай Людмілай Аляксееўнай, якая пасля многіх гадоў адзіноты паэта стала яго жонкай. Пяць шчаслівых гадоў пражылі яны ў Ружанах. Жонка служыла ў вайсковай часці, размешчанай недалёка ад пасёлка, а Валерый Іванавіч — дырэктарам мясцовага Дома культуры.

Расійская ракетная воінская часць, у якой служыла Людміла Аляксееўна, у 1995 г. была выведзена з тэрыторыі Беларусі і адпраўлена ў г. Чыту (Расія). Валерый Іванавіч адправіўся ўслед за жонкай. Працаваў ён там на паўтары стаўкі ў Доме культуры і ў дзіцячай школе мастацтваў. За кошт сродкаў адміністрацыі г. Чыты-46 быў выдадзены першы зборнік вершаў Валерыя Мікалаева «Свеча».

У канцы 1999 г. Мікалаевы вярнуліся ў Ружаны. Валерыю Іванавічу прапанавалі зноў працаваць з дзецьмі ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Тут у яго зявіліся выдатныя сябры: настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ружанскай сярэдняй школы Вера Антонаўна Шамяцюк і Людміла Хрыстафораўна Донік. Дзякуючы гэтаму супрацоўніцтву былі пастаўлены некалькі спектакляў з дзецьмі сярэдняга і старэйшага ўзросту, літаратурна-мастацкіх праграм і тэматычных вечароў, навагодніх ранішнікаў.

Валерый Іванавіч дапамагаў са сцэнарнымі матэрыяламі мясцовым бібліятэкам і работнікам Ружанскага дома культуры. Напісаў тэксты некалькіх песень, адна з якіх — «Ружаны» — стала візітнай карткай вакальнага ансамбля «Ваколіца» Ружанскага ДК.

У 2000 г. Валерый Іванавіч прыйшоў да праваслаўнай веры. Дапамагла яму ў гэтым Лілія Лявонцьеўна Галаўко, былы бібліятэкар. З гэтага моманту ўсе яго вершы, проза, праграмы пра пісьменнікаў і паэтаў звязаны з духоўнай тэматыкай. Валерый Іванавіч стаў рэгулярна наведваць Ружанскі храм. Некалькі разоў бываў на службе ў Жыровіцкім манастыры.

Настаяцель Ружанскага храма запрасіў Валерыя Іванавіча папрацаваць з дзецьмі ў Нядзельнай школе. Так з’явіліся спектаклі па духоўнай тэме. За гэтую сваю дзейнасць В. І. Мікалаеў тройчы быў узнагароджаны ганаровымі граматамі, якія ўручаў архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан.

На сённяшні дзень у Валерыя Іванавіча 9 зборнікаў вершаў. У Ружанах выйшлі зборнікі «Слава Богу за всё!» (вершы і п’еса пра дзекабрыстаў), «Покаяние» (біблейскі цыкл; 2006), «На милость Божью уповая» (духоўная паэзія і п’есы; 2011), «Так Бог велел» (паэтычныя выслоўі і паданні; 2013), «Верую!» (п’есы і дакументальна-мастацкія праграмы пра Льва Талстога, пра Мікалая ІІ, пра Распуціна, вершы па духоўнай тэме; 2016), «Лампады тихий свет» (паэтычныя прыпавесці і паданні, аўтабіяграфічная аповесць; 2012). Перавыдадзены зборнік «Свеча» (любоўная і грамадзянская лірыка; 2015). Выйшлі ў свет «Любовь — это сердце всего» (самы любімы зборнік Валерыя Іванавіча; 2017), «Душа, распахнутая настежь» (2020).

Акрамя таго, Валерыем Іванавічам напісаны кнігі: «И душа с душою говорит» (2019), «Природы дивная краса» (суаўтар Л. Л. Галаўко; 2020), «Всё начинается с любви» (2020), «Поэзии прекрасная страна» (пра паэтаў Сярэбранага веку; 2021). Гэтыя зборнікі былі выдадзены з дапамогай работнікаў Ружанскай дзіцячай бібліятэкі. Маляўнічыя месцы Ружаншчыны натхнялі і працягваюць натхняць паэта, В. І. Мікалаеў працуе над дзясятым зборнікам вершаў.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г. Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма. Казлоўская Надзея Анатольеўна, бібліёграф ААІ

 

 

Творы В. І. Мікалаева

 

  1. Природы дивный свет / В. И. Николаев, Л. Л. Головко.Ружаны : [б. и.], 2020.  180 с.
  2. И душа с душою говорит/ В. И. Николаев.Ружаны: [б. и.], 2019. – 100 с.
  3. Верую! : стихи / В. И. Николаев.Ружаны: [б. и.], 2016. –205 с.
  4. Свеча: стихи / В. И. Николаев.Ружаны: [б. и.], 2015. –231 с.
  5. Так Бог велел : поэтические притчи и сказания / В. И. Николаев.Ружаны : [б. и.], 2013. 251 с.
  6. Покаяние : библейский цикл / В. И. Николаев.Ружаны: [б. и.], 2013. – 149 с.
  7. Лампады тихий свет : поэтические притчи и сказания / В. И. Николаев. – Ружаны : [б. и.], 2012. –287 с.
  8. На милость Божью уповая : духовная поэзия / В. И. Николаев.Ружаны : [б. и.], 2011. 238 с.
  9. Библейские мотивы : [стихи] / В. И. Николаев.Ружаны : [б. и.], 2001. –63 с.
  10. Кліча вёска : верш / Валерый Мікалаеў // Раённыя будні. Пружаны, 2021. 17 ліпеня. С. 6.
  11. Вясна і жанчына : верш / Валерый Мікалаеў // Раённыя будні. Пружаны, 2020. 7 сакавіка. С. 6.
  12. Родны край : верш / Валерый Мікалаеў // Раённыя будні. Пружаны, 2020. 25 студзеня. С. 11.

 

Аб жыцці і творчасці В. І. Мікалаева

 

  1. Севасцьянчык, Н. «Душа, расчыненая насцеж…» : [творчая сустрэча з паэтам Валерыем Мікалаевым прайшла ў Ружанскай гарпасялковай бібліятэцы] / Ніна Севасцьянчык // Раённыя будні. Пружаны, 2021. 11 снежня. С. 11.
  2. Галаўко, Л. Талент паэта раскрыўся ў Ружанах : [пра ружанскага паэта Валерыя Іванавіча Мікалаева] / Лілія Галаўко // Раённыя будні. Пружаны, 2021. 27 кастрычніка. С. 6.
  3. Терехова, В. «Не надо лезть без спросу в мою душу...» : [про одарённого и талантливого жителя Ружан Валерия Ивановича Николаева, который пишет стихи] / Вера Терехова // Раённыя будні. Пружаны, 2020. 6 лістапада. С. 8.
  4. Галаўко, Л. Святло паэтычнага слова : [да юбілею ружанскага паэта Валерыя Іванавіча Мікалаева] / Л. Галаўко // Раённыя буднi. Пружаны, 2011. 12 лiстапада. С. 3.
  5. Галаўко, Л. «Отдохновенье для души»... : [пра творчую сустрэчу з паэтам Валерыем Нікалаевым] / Л. Галаўко // Раённыя буднi. Пружаны, 2000. 22 красавіка.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 479 разоў Апошняя змена Панядзелак, 17 Ліпень 2023 09:12