Серада, 12 Студзень 2022 09:00

17 студзеня 2022 г. — 95 гадоў з дня нараджэння Мікалая Васільевіча Гойшыка (1927–1944), удзельніка партызанскага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны

Мікалай Васільевіч Гойшык нарадзіўся 17 студзеня 1927 г. у вёсцы Воля Косаўскага павета Палескага ваяводства (цяпер Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці). Сялянская сям’я Васіля Дзям’янавіча і Вольгі Андрэеўны Гойшыкаў жыла на хутары. Коля быў малодшым з двух дзяцей. Пасля аб’яднання Заходняй Беларусі з БССР бацьку назначылі старшынёй Яблонкаўскага сельскага Савета.

 

Мікалай Гойшык навучаўся ў польскай школе, а потым — у Яблонкаўскай пачатковай школе. Адзін з першых уступіў у піянеры, марыў стаць у будучым даследчыкам таямніц прыроды.

24 чэрвеня 1941 г. Івацэвіцкі раён быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Чатырнаццацігадовы Мікалай Гойшык актыўна ўключыўся ў барацьбу з акупантамі. Піянер збіраў зброю і боепрыпасы, якія бацькі перапраўлялі ў лес партызанам. Распаўсюджваў сярод насельніцтва лістоўкі, выконваў заданні партызан-разведчыкаў. Валодаючы добрай памяццю, прыносіў каштоўныя звесткі аб колькасці немцаў у гарнізонах, аб наяўнасці варожай тэхнікі.

У лютым 1943 г. немцы высачылі і арыштавалі Васіля Дзям’янавіча Гойшыка (1901–1943), які як партызанскі сувязны прыходзіў у Івацэвічы. Над ім здзекаваліся, патрабавалі навесці на партызан, але ён маўчаў. Патрыёта расстралялі 17 лютага. Над яго сям’ёй навісла пагроза расправы. Маці, старэйшая сястра Ніна і Мікалай пайшлі ў Жытлінскі лес да партызан.

Мікалай Гойшык уліўся ў партызанскае жыццё 112-га атрада. Першым камандзірам атрада быў Аляксей Пятровіч Чарткоў (1920–1943). У красавіку 1943 г. Мікалая Гойшыка прынялі ў камсамол. Юнака залічваюць у камсамольска-дыверсійную групу 112-га партызанскага атрада брыгады імя Ф. Э. Дзяржынскага. Мікалай Гойшык удзельнічаў у падрыве сямі варожых эшалонаў з тэхнікай і жывой сілай.

Партызанская брыгада імя Ф. Э. Дзяржынскага створана ў снежні 1943 г. на базе атрадаў імя Молатава (арганізаваны ў красавіку 1942 г. як 112-ты партызанскі атрад, у ліпені 1942 г. аб’яднаны з атрадам В. М. Манахава, з кастрычніка 1942 г. называўся атрадам імя Молатава) і інш. Дзейнічала на тэрыторыі Бярозаўскага, Косаўскага і Целяханскага раёнаў, удзельнічала ў «рэйкавай вайне» на ўчастку чыгункі Бяроза – Івацэвічы.

Вечарам 23 красавіка 1944 г. партызанам стала вядома, што у трэцяй гадзіне ночы ў накірунку Мінска пройдзе цягнік з танкамі. Падарваць гэты цягнік пайшлі Коля Гойшык і Лёня (Аляксей) Савошчык. На чыгуначным перагоне Бяроза – Івацэвічы замініраваць рэйкі не ўдалося з-за ўзмоцненай нямецкай аховы. Мікалай Гойшык кінуўся з мінай (сумка з 10 кг толу) пад надыходзячы эшалон, адбегчы і ўратавацца не паспеў. У выніку ўзрыву цягнік быў скінуты ў адхон: паравоз і 16 вагонаў з танкамі, гарматамі і жывой сілай ворага, было забіта каля 200 гітлераўцаў. Чыгунка была выведзена са строю на 17 гадзін.

З данясення партызанскага атрада: «М. Гойшык загінуў 25 красавіка 1944 пры выкананні баявога задання, падарваўшы фашысцкі эшалон».

Мікалай Гойшык быў пахаваны на брацкіх могілках партызан ва ўрочышчы Курылец. У 1959 г. перазахаваны ў брацкай магіле воінаў і партызан у скверы па вуліцы Савецкая г. Івацэвічы.

27 красавіка 1945 г. М. В. Гойшык узнагароджаны медалём «Партызану Айчыннай вайны» І ступені (пасмяротна). Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 30 снежня 1948 г. М. В. Гойшык узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені (пасмяротна).

Каля в. Міхнавічы Івацэвіцкага раёна, дзе загінуў герой, у Дзень савецкай моладзі ў 1968 г. урачыста адкрыты помнік (скульптар М. Рыжанкоў, архітэктары В. Занковіч, Л. Левін) Мікалаю Гойшыку і ў Завадскім раёне г. Мінска ўсталяваны бюст юнага героя. Імя Колі Гойшыка прысвоена Яглевіцкай сярэдняй школе Івацэвіцкага раёна, многім піянерскім дружынам. Яго імем названы вуліцы ў гарадах Івацэвічы, Ганцавічы, Мінск, а таксама ў населеных пунктах Брэсцкай вобласці: у аграгарадку Воля, вёсках Міхнавічы, Корачын Івацэвіцкага раёна, Бронная Гара Бярозаўскага раёна.

У г. Івацэвічы дзейнічаў народны музей Колі Гойшыка, размяшчаўся ў доме (вул. Дзяржынскага, 18), дзе пражывала яго маці. Вольга Андрэеўна Гойшык вяла вялікую выхаваўчую работу сярод піянераў і камсамольцаў, бывала на сходах, перапісвалася з піянерскімі дружынамі. У 1993 г. на базе грамадскага музея створаны Івацэвіцкі раённы гісторыка-краязнаўчы музей.

У 2005 г. Акадэміяй праблем бяспекі, абароны і правапарадку (Расія) Мікалай Васільевіч Гойшык узнагароджаны ордэнам Святога князя Аляксандра Неўскага І ступені (пасмяротна). Узнагароджванне беларускага партызана праходзіла ў зале Перамогі Цэнтральнага музея Узброеных Сіл (Масква).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Івацэвіцкай раённай бібліятэкай імя П. Пестрака. Джэжора Людміла Сяргееўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Гойшык Мікалай Васільевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1997. Т. 5. С. 321.
  2. Гойшик Николай Васильевич // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2006. Т. 3. С. 65.
  3. Коля Гойшык // Памяць. Івацэвіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 230–232.
  4. Гойшык Мікалай Васільевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 55.
  5. Гойшык Мікалай Васільевіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 169.
  6. Гойшик Коля (Николай Васильевич) // Их именами названы… : энцикл. справочник. Минск, 1987. С. 146–147.
  7. Гойшык Коля (Мікалай Васільевіч) // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1971. Т. 3. С. 527.
  8. Лапцевич, Л. Г. Братское кладбище партизан и советских воинов : [д. Верешки, урочище Гута-Михалин] / Л. Г. Лапцевич, В. С. Поссе, А. А. Факторович // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 204.
  9. Ермоленко, Г. М. Памятник Гойшику Николаю Васильевичу : [д. Михновичи] / Г. М. Ермоленко // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 212.
  10. Лапцэвіч, Л. Г. Брацкія могілкі партызан і савецкіх воінаў : [в. Верашкі] / Л. Г. Лапцэвіч, У. С. Пасэ, А. А. Фактаровіч // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 183.
  11. Пасэ, У. С. Помнік Гойшыку Мікалаю Васільевічу : [в. Міхнавічы, урочышча Гута-Міхалін] / У. С. Пасэ, А. А. Фактаровіч, Г. М. Ярмоленка // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 190–191.
  12. Партызанская брыгада імя Ф. Э. Дзяржынскага // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 430.
  13. Николай Гойшик // Маленькие солдаты большой войны. Минск : Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2019. С. 46.
  14. Николай Гойшик // Юные герои Великой Отечественной войны : Минск, 2012. С. 10–14.
  15. Туричин, И. А. Недремлющий лес : повести / Илья Афроимович Туричин. – Ленинград : Лениздат, 1982. – 320 с. : ил.
  16. Калиберов, В. Ф. От сердца к сердцу : воспоминания / Василий Фёдорович Калиберов. – Минск : Беларусь, 1981. – 206 с. – Из содерж.: Гойшик Коля. С. 118.
  17. Ромма, Ф. Мужала молодость в боях : записки секретаря подпольного обкома комсомола / Федор Дмитриевич Ромма ; [лит. обработка Н. Грицана]. – Минск : Беларусь, 1974. – 261 с., [12] л. портр. : ил.
  18. Шымук, В. Коля Гойшык / Віктар Мікалаевіч Шымук. – Мiнск : Беларусь, 1971. – 24 с. : іл.
  19. Шымук, В. Помняць пушчы і паляны / Віктар Мікалаевіч Шымук. – Мiнск : Беларусь, 1969. – 64 с. : іл.
  20. Коля Гойшик // Пионеры-герои. Минск, 1968. С. 182–193.
  21. Коля Гойшик / [автор текста В. Лукин]. – Минск : Творческая студия Союза журналистов БССР «Фото и жизнь», [1967]. – 1 л. (слож. в 6 раз) : ил., портр.
  22. Лукін, В. Заўсёды з намі : [аб беларускіх піянерах-героях : для сярэдняга шк. узросту] / Віталь Сцяпанавіч Лукін ; малюнкі У. Лося. – Мінск : Дзяржаўнае выдавецтва БССР, 1963. – 27 с. : іл. – Са змету: Коля Гойшык. С. 14–17.
  23. Туричин, ИА. Недремлющий лес : [повесть о Коле Гойшике] / Илья Афроимович Туричин. – Минск : Госиздат БССР, 1962. – 253 с. : ил.
  24. Туричин, ИА. Недремлющий лес : повесть : [о Коле Гойшике : для сред. и ст. шк. возраста] / Илья Афроимович Туричин ; предисловие Б. Шумилина. – Москва : Советская Россия, 1959. – 236 с.: ил.
  25. Iвацэвiцкi гiсторыка-краязнаўчы музей / Р. I. Горбач // Музеi Беларусi. Мінск, 2008. С. 266–267.
  26. Добрияник, Е. А. Партизанская биография Николая Гойшика / Е. А. Добрияник ; [науч. рук. Сильванович С. А.] // Подвиг народа будет жить в веках : материалы Республиканской. студенческой военно-научной конференции, посвященной 68-й годовщине Победы в Великой Отечественной войне, 23 апр. 2013 г. Гродно : ГрГМУ, 2013. С. 68–70.
  27. Джагайла, В. Шаг в бессмертие : [стихотворение, посвящённое Коле Гойшику] / В. Джагайла // I памяць, i слава, i боль : творы ўдзельнiкаў абл. лiт. конкурсу / Брэсцкі дзяржаўны абласны цэнтр маладзёжнай творчасцi. Брэст : Академия, 2004. С. 30.
  28. Кузьмич, М. Героическая семья Гойшик / Марина Кузьмич // Народная газета. 2020. 30 красавіка (№ 18). С. 35 : фот.
  29. Горбач, А. Их имена в истории нашей... / Алина Горбач, Дарья Минюк, И. В. Мицкевич // Івацэвіцкі веснік. 2019. 20 лютага. С. 5 : фот.
  30. Ільяшэвіч, Г. Ганаровая падзяка за выхаванне сына / Ганна Ільяшэвіч // Івацэвіцкі веснік. 2018. 2 сакавіка. С. 3.
  31. Горбач, Р. К 90-летию подвига Николая Гойшика / Раиса Горбач // Івацэвіцкі веснік. 2017. 31 студзеня. С. 4 : фот.
  32. Чечет, В. В. Юные защитники Родины : [в т. ч. Н. В. Гойшик] / В. В. Чечет // Пачатковая школа. 2015. № 3. С. 48–50.
  33. Целюк, А. Подвигу Николая Гойшика – 70 лет / Анастасия Целюк // Івацэвіцкі веснік. 2014. 8 мая. С. 4.
  34. Мигно, В. Навечно с нами / Вика Мигно // Зорька. 2012. 23 мая.
  35. Горбач, Р. Мстил врагу с юных лет / Раиса Горбач // Івацэвіцкі веснік. 2009. 21 красавіка. С. 2.
  36. Хаванская, В. Коля Гойшык пасмяротна ўзнагароджаны Ордэнам Аляксандра Неўскага / В. Хаванская // Івацэвіцкі веснік. 2005. 11 лістапада. С. 3.
  37. Касько, В. Народны музей Мiкалая Гойшыка зноў працуе / Вiктар Касько // Івацэвіцкі веснік. 1999. 27 лютага.
  38. Геллер, М. Материнское сердце / М. Геллер // Зорька. 1986. 27 июня (№ 26). С. 3.
  39. Хаванскі, Ф. Назаўжды ў памяці / Ф. Хаванскі // Кастрычнік. Івацэвічы, 1984. 5 мая. С. 3.
  40. Зарэмба, М. Цаной свайго жыцця / М. Зарэмба // Піянер Беларусі. 1977. 13 студзеня (№ 2). С. 3.
  41. Гойшык, В. А. «Такім бачу ўсіх вас…» / Вольга Андрэеўна Гойшык ; літаратурны запіс М. Зарэмбы // Піянер Беларусі. 1974. 20 чэрвеня (№ 25). С. 4.
  42. Патапенка, У. Мікалаю Гойшыку : [верш] / У. Патапенка // Кастрычнік. Івацэвічы, 1973. 20 сакавіка.
  43. Шимук, В. Коля Гойшик / Виктор Шимук // Зорька. 1972. 7 апреля (№ 14). С. 4.
  44. Тамкович, А. Жизнь – факел / А. Тамкович, В. Величко // Заря. 1970. 8 сентября. С. 4.
  45. Ромма, Ф. Молодая Гвардия Брестчины. Во имя Родины / Фёдор Ромма // Заря. 1970. 23 сентября. С. 4.
  46. Шымук, В. Слова пра подзвіг / Віктар Шымук // Піянер Беларусі. 1969. 24 красавіка (№ 17). С. 2.
  47. Шымук, В. Ён быў героем : [аб маці Колі Гойшыка В. А. Гойшык] / Віктар Шымук // Работніца і сялянка. 1969. № 7. С. 2–3.
  48. Макарчук, Е. Памятник Герою-партизану / Е. Макарчук // Заря. 1968. 31 июля. С. 4.
  49. Рудич, А. Памятник юному партизану : [об открытии памятника Коле Гойшику] / А. Рудич, И. Михайлов // Заря. 1968. 3 июля.
  50. Шымук, В. Подзвіг / Віктар Шымук // Звязда. 1968. 19 мая.
  51. Шымук, В. Арлёнак – 1962 / Віктар Шымук // Чырвоная змена. 1962. 8 мая. С. 2.
  52. Гранская, М. Быць такім, як Коля Гойшык / М. Гранская // Піянер Беларусі. 1959. 12 чэрвеня (№ 24). С. 2.
  53. Бакіевіч, Г. Па партызанскіх сцежках / Грыша Бакіевіч / Піянер Беларусі. 1958. 26 верасня (№ 39). С. 4.
  54. Турэчын, І. Нядрэмны лес / Ілья Турэчын // Піянер Беларусі. 1957. 5 снежня (№ 49). С. 4.
Чытаць 476 разоў