Серада, 12 Студзень 2022 09:07

7 студзеня 2022 г. — 80 гадоў з дня нараджэння Ганны Мікалаеўны Шутро (1942–2020), заслужанага работніка прамысловасці Рэспублікі Беларусь

Ганна Мікалаеўна Шутро нарадзілася 7 студзеня 1942 г. у вёсцы Зарой Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці. Сваю працоўную дзейнасць пачала маладой дзяўчынай у 1959 г. на Навагрудскім агародніна-сушыльным заводзе рабочай сокавага цэха. За кароткі час авалодала шэрагам спецыяльнасцей. Працавала на гэтым прадпрыемстве зваршчыкам кансервавага цэха, хімікам, майстрам, інжынерам-тэхнолагам і зарэкамендавала сябе здольным, вопытным, граматным спецыялістам.

 

У 1971 г. Ганна Шутро скончыла Маскоўскі ўсесаюзны завочны інстытут харчовай прамысловасці і была накіравана галоўным інжынерам на Ліёзненскі кансервавы камбінат (Віцебская вобласць), дзе працавала з 1972  па 1978 гг. За час працы Ганны Мікалаеўны на камбінаце быў пабудаваны і ўведзены ў дзеянне цэх па перапрацоўцы бульбяной крупкі.

Біяграфія Ганны Шутро на Кобрыншчыне пачалася ў 1978 г., калі яе, галоўнага інжынера Ліёзненскага кансервава-агароднінасушыльнага камбіната, перавялі на пасаду дырэктара Кобрынскага кансервавага завода. На той час Ганна Мікалаеўна мела добрую практыку ў кансервавай галіне, дасканала ведала вытворчасць і метады кіравання. Ужо праз год яе кіраўніцтва Кобрынскі кансервавы завод быў занесены на гарадскую Дошку Гонару. Прадукцыю прадпрыемства ведалі не толькі ў рэспубліцы, але i ва ўсім Савецкім Саюзе. Завод стаў пастаянным уладальнікам пераходнага Чырвонага Сцяга, а пасля распаду Саюза — яго захавальнікам.

Ганна Шутро прысвяціла Кобрынскаму заводу 22 гады.Пад яе кіраўніцтвам і непасрэдным удзеле праведзена тэхнічнае асваенне новых тэхналогій, паляпшэнне ўмоў працы, ажыццяўлялася будаўніцтва склада незгаральных матэрыялаў, зроблена рэканструкцыя цэха зялёнага гарошка, пабудаваны склад шклотары, склад гатовай прадукцыі, механічная майстэрня, сталярная майстэрня. Узровень механізацыі работ павялічыўся да 70 %.Прадрыемства выпускала больш за 50 найменняў прадукцыі. Па ініцыятыве дырэктара былі распрацаваны новыя віды прадукцыі, якія атрымалі высокую адзнаку на ВДНГ, уведзена ў дзейнасць лінія па ўпакоўцы кансерваў у тэрмаўсадачную плёнку, трохлітровыя слоікі заменены еўрабутэлькамі. З 1982 па 1991 гг. калектыў завода неаднаразова заносіўся на гарадскую Дошку Гонару.

З 1991 па 1992 гг. Ганна Мікалаеўна Шутро — упаўнаважаная Брэсцкага абласнога філіяла Беларускага рэспубліканскага аддзялення Пенсійнага фонду СССР па Кобрынскім раёне. З 1992  па 1995 гг.— дырэктар МП «Аніта» г. Кобрын.З 1995 па 2000 гг. працавала на пасадзе дырэктара ААТ «Кобрынскі кансервавы завод». У 2006–2009 гг. — намеснік дырэктара па вытворчасці, выканаўчы дырэктар ААТ «Кобрынскі кансервавы завод».

Ганна Мікалаеўна неаднаразова з’яўлялася дэпутатам Кобрынскага гарадскога Савета народных дэпутатаў, выконвала вялікую грамадскую і палітычную работу. Выбіралася сакратаром камсамольскай арганізацыі на Навагрудскім агароднінасушыльным заводзе, сакратаром партыйнага бюро на Ліёзненскім кансервава-гароднінасушыльным заводзе, з’яўлялася членам Кобрынскага гаркама КПБ, членам партыйнага бюро завода, намеснікам старшыні Савета дырэктараў прамысловых прадпрыемстваў горада, членам прэзідыума абкама прафсаюзаў аграпрамысловага комплексу, выбіралася дэлегатам XIX з’езда прафсаюзаў СССР. Знаходзячыся на заслужаным адпачынку, Ганна Мікалаеўна з’яўлялася членам прэзідыума Кобрынскага раённага савета ветэранаў і старшынёй савета ветэранаў ААТ «Кобрынскі кансервавы завод».

Адданасць і шчырасць у працы Г. М. Шутро адзначаны шматлікімі ўзнагародамі, сярод якіх сярэбраны медаль ВДНГ СССР і ордэн Дружбы народаў (1986). У 1999 г. Ганне Мікалаеўне было прысвоена званне «Заслужаны работнік прамысловасці Рэспублікі Беларусь». У энцыклапедычнае выданне «Кто есть Кто в Республике Беларусь», прысвечанае 70-годдзю Вялікай Перамогі, унесена яе імя. Такое прызнанне Г. М. Шутро атрымала за значныя дасягненні ў прафесіянальнай дзейнасці і актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Ганна Мікалаеўна Шутро памерла 24 верасня 2020 г.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Шутро Анна Николаевна // Кто есть кто в Республике Беларусь. Минск : Энциклопедикс, 2015. С. 218.
  2. Шутро Ганна Мікалаеўна // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 429.
  3. Заслужаны работнік прамысловасці Рэспублікі Беларусь. Шутро Ганна Мікалаеўна // Па працы – пашана : біябібліяграфічны даведнік / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 126 : фат. (Серыя «Імёны на карце Кобрыншчыны»).
  4. 80 гадоў з дня нараджэння Г. М. Шутро (1942–2020) // Зводны каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021–2025 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын: Цэнтральная раённая бібліятэка, 2020. С. 60.
  5. Шутро Анна Николаевна : [некролог] / Кобринский районный исполнительный комитет, Кобринский районный Совет депутатов // Кобрынскі веснік. 2020. 30 верасня. С. 7 : фот.
  6. Елизарова, Ж. «Время выбрало нас»: [Анна Шутро первая женщина-руководитель в г. Кобрине] / Жанна Елизарова // Кобрынскі веснік. 2019. 2 кастрычніка. С. 4.
  7. Дубіна, Л. Жыла жыццём завода / Людміла Дубіна // Кобрынскі веснік. 2015. 15 жніўня. С. 4.
  8. Мельнік, Р. Добрыя справы не забываюцца : [у гарадскім Палацы культуры ўпершыню адбыўся ўрачысты прыём заслужаных людзей Кобрыншчыны, узнагароджаных працоўнымі ордэнамі і медалямі, у ліку якіх Г. М. Шутро] / Раман Мельнік // Кобрынскі веснік. 2013. 6 сакавіка. С. 2.
  9. Елизарова, Ж. Мои года – мое богатство : [о бывшем директоре Кобринского консервного завода А. Н. Шутро] / Жанна Елизарова // Кобрин-информ. 2012. 12 января (№ 2). C. 5.
  10. Мельнік, Р. Вернасць роднаму калектыву : [аб ветэране працы Кобрынскага кансервавага завода Ганне Мікалаеўне Шутро] / Раман Мельнiк // Кобрынскі веснік. 2011. 1 кастрычніка. С. 4.
  11. Мельнік, Р. Ісці насустрач былым калегам : [з 2000 г. Г. Шутро выконвае абавязкі старшыні пярвічнай ветэранскай арганізацыі ААТ «Кобрынскі кансервавы завод»] / Раман Мельнік // Кобрынскі веснік. 2006. 22 лістапада.
  12. Пянко, А. Крэда дырэктара: [пад кіраўніцтвам Г. Шутро на Кобрынскім кансервавым заводзе ўкаранілі новыя тэхналогіі, асвоілі шматлікія віды прадукцыі] / А. Пянко // Кобрынскі веснік. 1998. 23 верасня. С. 2.
  13. Шутро, Г. З’яднанасць у агульнай справе : Кансерваваму заводу – 40 гадоў / Г. Шутро // Камуністычная праца. Кобрын, 1988. 19 лістапада. С. 2.
  14. Шутро, Г. Няма месца самазаспакоенасці / Г. Шутро // Камуністычная праца. 1986. 6 лютага. С. 2.
  15. Шутро, Г. Упэўнены крок наперад / Г. Шутро // Камуністычная праца. Кобрын, 1985. 7 лістапада. С. 2.
  16. Шутро, Г. Упэўненым поступам / Г. Шутро // Камуністычная праца. Кобрын, 1983. 1 мая.
  17. Шутро, Г. Акрыленыя поспехам / Г. Шутро // Камуністычная праца. 1982. 7 лістапада.
  18. Шутро, А. К нашему столу : [директор Кобринского консервного завода о повышении качества выпускаемой продукции] / Анна Шутро // Заря. 1981. 18 июля. С. 2.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 396 разоў