Серада, 09 Люты 2022 11:34

23 студзеня 2022 г. – 70 гадоў з дня нараджэння Марыі Аляксееўны Мартынавай (1952–2021), кандыдата хімічных навук, вядучага навуковага супрацоўніка Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі

Марыя Аляксееўна Мартынава нарадзілася 23 студзеня 1952 г. у г. Кобрыне Брэсцкай вобласці. Бацька, Аляксей Міхайлавіч Мартынаў (1904–1999), даследчык гісторыі Кобрыншчыны, першы дырэктар Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А. В. Суворава, ганаровы грамадзянін г. Кобрына. Ад бацькоў яна атрымала любоў да кніг, рознабаковасць інтарэсаў і ўменне ладзіць з людзьмі. Калі Аляксей Міхайлавіч быў аўтарытэтам для ўсіх у пытаннях навукі і палітыкі, то маці, Лідзія Пятроўна, вядомая ў горадзе акушэрка, была аўтарытэтам у галіне медыцыны і вядзення хатняй гаспадаркі.

 

З дзяцінства Марыя ведала больш, чым яе аднакласнікі, і карысталася беспярэчным аўтарытэтам. У школу яна пайшла на год раней агульнапрынятага, скончыла сярэднюю школу № 2 з залатым медалём. Адразу пасля заканчэння школы паступіла на фізічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна, які скончыла ў 1973 г.

З 1978 г. Марыя Мартынава працавала ў Інстытуце біяфізікі і клетачнай інжынерыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (да 2004 г. – Інстытут фотабіялогіі НАН Беларусі). З 1983 г. па 1986 г. праходзіла навучанне ў аспірантуры лабараторыі хіміі ліпідаў Інстытута біяарганічнай хіміі імя М. М. Шамякіна АН СССР (Масква), дзе ў 1987 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю «Исследование липопротеидов плазмы крови человека с помощью липид-специфических флуоресцентных зондов» (навуковы кіраўнік член-карэспандэнт, прафесар Л. Д. Бергэльсон) па спецыяльнасці «Біяхімія».

На працягу 43 гадоў М. А. Мартынава прапрацавала ў Інстытуце біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі. З 2005 г. па 2018 г. яна ўзначальвала лабараторыю біяфізікі і інжынерыі клеткі. З 2011 г. уваходзіла ў склад групы навукова-арганізацыйнага суправаджэння Дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў, такіх як ДПНД «Фундаментальныя асновы біятэхналогіі» (2011–2015), ДПНД «Біятэхналогіі» (2016–2020). Была членам Беларускага грамадскага аб’яднання фотабіёлагаў і біяфізікаў і Беларускага таварыства біяхімікаў і малекулярных біёлагаў.

Марыя Аляксееўна з’яўлялася адным з вядучых навукоўцаў Беларусі ў галіне ліпідалогіі, вывучэння малекулярна-мембранных механізмаў фарміравання ўні- і мульціламелярных ліпасом, якія ўтрымоўваюць інкапсуляваны лекавы прэпарат. Яна ўнесла істотны ўклад у сусветную распрацоўку тэхналогій вытворчасці і формаў лекавых прэпаратаў новага пакалення, якія значна больш эфектыўна лечаць і бяспечныя для арганізма ў параўнанні са звычайнымі лекамі з іх негатыўнымі пабочнымі наступствамі.

М. А. Мартынавай праведзены работы па даследаванні ўмоў лакальнага асептавання пітнай вады «Аквадзіў» шляхам азанавання і распрацаваны тэхналагічны рэгламент на яе апрацоўку азонам перад разлівам і бутэляваннем, на падставе якога вырабляецца прадукцыя вышэйшай катэгорыі якасці і рэалізуецца ў гандлёвай сетцы. Марыя Аляксееўна актыўна развівала ў лабараторыі новы напрамак – распрацоўку экспрэс-метадаў ацэнкі індывідуальнай адчувальнасці клетак да хіміяпрэпаратаў з выкарыстаннем першасных клетачных культур.

Апублікавана больш за 120 навуковых работ у часопісах, зборніках матэрыялаў канферэнцый і з’ездаў. М. А. Мартынава атрымала восем патэнтаў на вынаходствы і карысныя мадэлі, з іх адзін патэнт на вынаходства СССР і адзін патэнт на вынаходства Расійскай Федэрацыі. Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь зацверджаны дзве Інструкцыі па ўжыванні («Оценка влияния противоопухолевых лекарственных средств на опухолевые клетки рака молочной железы в первичной культуре», «Определение чувствительности опухолевых клеток рака молочной железы в первичной культуре к противоопухолевым лекарственным средствам с целью выбора оптимальных схем химиотерапии»), атрыманы тры акты аб укараненні распрацовак у навучальны працэс у вышэйшых навучальных установах.

За шматгадовую плённую навуковую дзейнасць, значны ўклад у развіццё навуковых даследаванняў у галіне біяфізікі М. А. Мартынава ўзнагароджана граматамі шэрагу ўстаноў і Падзякай Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі (загад НАН Беларусі ад 23.01.2017 № 15-к).

14 верасня 2021 г. ва ўзросце 69 гадоў Марыя Аляксееўна Мартынава раптоўна памерла.

Пражываючы і працуючы ў сталіцы, Марыя Аляксееўна ніколі не забывала пра свой родны горад, часта прыязджала ў Кобрын, у бацькоўскі дом, марыла пасля завяршэння працоўнай дзейнасці абавязкова вярнуцца сюды. Яе адрознівалі бясконцая любоў і адданасць сваёй сям’і і сваёй малой радзіме. Больш за 20 гадоў Марыя Аляксееўна арганізоўвала сустрэчы памяці, прысвечаныя яе бацьку – заснавальніку і першаму дырэктару кобрынскага музея.

Марыя Аляксееўна жыва цікавілася жыццём горада. Заўсёды наведвала гарадскія мерапрыемствы, прысвечаныя розным памятным падзеям, удзельнічала ў канферэнцыях на гістарычныя тэмы. Штогод, у святочны дзень 9 мая, абавязкова з букетам кветак з уласнага агарода, прыходзіла на мітынг і ўскладала жывыя кветкі ля абеліска.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

Працы М. А. Мартынавай

  1. Академик НАН Беларуси С. В. Конев : воспоминания современников / сост. М. А. Мартынова ; под ред. И. Д. Волотовского. – Минск : Право и экономика, 2011. – 173 с. – (Серия «Людзi беларускай навукi»).
  2. Исследование липопротеидов плазмы крови человека с помощью липид-специфических флуоресцентных зондов : автореферат диссертации ... кандидата химических наук : 03.00.04 / Мартынова Мария Алексеевна. – Москва, 1987.
  3. Влияние заряда на эффективность инкорпорирования паклитаксела в липосомы / И. М. Бушмакина, М. А. Мартынова, М. М. Молчан, Н. А. Шуканова // Вестник фармации. 2019. № 2. С. 57–62.
  4. Фагоцитарная активность нейтрофильных гранулоцитов в присутствии иммуностимуляторов : [исследования на лабораторных животных] / Мартынова М. А., Бушмакина И. М., Карпович А. И., Красочко П. А., Борисовец Д. С., Шакунова Н. А. // Эпизоотология, иммунобиология, фармокология, санитария. Москва, 2016. № 1. С. 54–58.
  5. Бушмакина, И. М. Влияние липосомального «БИЕНА» на функциональную активность альвеолярных макрофагов / И. М. Бушмакина, Н. И Дроздова, М. А. Мартынова // Химико-фармацевтический журнал. Москва, 2011. Т. 45, № 1. С. 5153.
  6. Бушмакина, И. М. Фагоцитарная активность альвеолярных макрофагов в присутствии липосомального «БИЕНА» / И. М. Бушмакина, Н. И Дроздова, М. А. Мартынова // Бюллетень экспериментальной биологии и медицины. 2009. Т. 147, 8. С. 170172.
  7. Условия локального асептирования питьевой воды «Аквадив» методом озонирования / Cкоринко Е. В., Мартынова М. А., Бушмакина И. М., Дроздова Н. И., Молчан М. М., Юрченко И. С. // Водоснабжение и санитарная техника. 2009. № 11. С. 1420.
  8. Липосомальный рифампицин – новая лекарственная форма противотуберкулезного антибиотика / М. А. Мартынова // Веды. 2006. 9 студзеня (№ 1).
  9. Бушмакина, И. М. О методах оценки степени инкорпорирования рифампицина в липосомы / И. М. Бушмакина, Н. И. Дроздова, М. А. Марытнова // Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Серыя біялагічных навук. 2007. № 1. С. 60–62.
  10. Влияние холестерина на состояние липидной фазы в липосомальном рифампицине / И. М. Бушмакина, М. А. Мартынова, Н. И. Дроздова, С. В. Конев // Доклады Национальной академии наук Беларуси. 2005. Т. 49, № 2. С. 77–79.
  11. Бушмакина, И. М. Влияние продуктов окисления антибиотика рифампицина на состояние липидов в липосомах / И. М. Бушмакина, М. А. Мартынова, С. В. Конев // Доклады Национальной академии наук Беларуси. 2004. № 5. С. 70–72.
  12. Получение липосомального рифампицина с использованием природных фосфолипидов различного происхождения / И. М. Бушмакина, В. К. Матус, М. А. Мартынова, Н. С. Голенко, В. П. Никольская, С. В. Конев // Новости медико-биологических наук. 2004. № 2. С. 110–114.

 

Аб жыцці і дзейнасці М. А. Мартынавай

  1. Мартынава Марыя Аляксееўна // Людзі навукі нашага краю : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук. Кобрын, 2020. С. 102–103.
  2. 70 гадоў з дня нараджэння М. А. Мартынавай (1952) // Зводны каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2020–2025 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 54.
  3. Мартынова М. А. Краткая информация о научной деятельности / сост. кандидатом химических наук М. А. Мартыновой. Минск, 2017.
  4. Рысь, Е. Не сказаны важнейшие слова : к 70-летию со дня рождения Марии Алексеевны Мартыновой / материал подготовила Елена Рысь // Кобрин-информ. 2022. 3 февраля (№ 5). С. 4–5 : фот.
  5. Памяти Марии Мартыновой // Навука. 2021. 12 октября (№ 41). С. 7 : фот.
  6. Патыко, Д. Раку покажут комбинацию : [заведующей лабораторией биофизики и инженерии клетки Института биофизики и клеточной инженерии НАН Беларуси работает уроженка г. Кобрина кандидат химических наук Мария Мартынова] / Дмитрий Патыко ; фото Юрия Мозолевского // Рэспубліка. 2014. 1 ліпеня. С. 7.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 408 разоў