Серада, 02 Сакавік 2022 14:53

2022 г. – 185 гадоў з часу знаходкі манетнага скарбу ў г. Брэсце (1837), буйнейшага са скарбаў з пражскімі грошамі на тэрыторыі Беларусі

Манетныя скарбы з’яўляюцца важнымі гістарычнымі крыніцамі вывучэння грашова-весавых сістэм, заканамернасцей, інтэнсіўнасці і эвалюцыі грашовага звароту, міжнародных эканамічных і палітычных сувязей. На тэрыторыі Брэсцкай вобласці на працягу апошніх двух стагоддзяў пры гаспадарчай дзейнасці шмат разоў знаходзілі манетныя і манетна-рэчавыя скарбы, асобныя манеты. Першы навукова зарэгістраваны манетны скарб быў знойдзены ў Пінску ў 1804 г. Сістэматычная рэгістрацыя беларускіх кладаў праводзілася ў 1859–1919 гг. Археалагічнай камісіяй ў Пецярбургу.

 

У 1830-я гг. у Брэст-Літоўску Гродзенскай губерні ішло будаўніцтва крэпасці – важнага ваенна-стратэгічнага аб’екта Расійскай імперыі. Фактычна старажытны горад быў знесены, яго жыхары пераселены за 2 вярсты на ўсход – у Кобрынскае прадмесце. Мабыць, пры земляных работах у 1837 г. быў знойдзены манеты скарб, які складаўся з 1034 пражскіх грошаў ХIV–ХV стст. і 1 кракаўскага гроша Казіміра ІІІ (1333–1370) агульнай вагой 3,028 кг. З іх 114 грошаў манетнага двара Кутна Гора (Чэхія) часоў Карла І (1346–1378), 406 грошаў Вацлава ІV (1378–1419), 514 грошаў Кракаўскага манетнага двара.

Дзякуючы высокай якасці і масавай эмісіі пражскія грошы шырока распаўсюдзіліся ў Еўропе. У Вялікім Княстве Літоўскім у ХIХ–ХV стст. пражскі грош складаў аснову грашовай гаспадаркі. Схаваны скарб быў у 1420-я гг. Гэта быў самы буйны скарб пражскіх грошай і адзінкавы выпадак знаходкі кракаўскага гроша на тэрыторыі Беларусі. Пасля вывучэння знаходкі ў Эрмітажы, скарб быў перададзены ў Прыдворную кантору (Санкт-Пецярбург). Далейшы лёс скарбу невядомы.

У Брэст-Літоўску ў ХІХ ст. не аднойчы знаходзілі скарбы старажытных манет. Найбольш вядомы некалькі. У 1834 г. знайшлі манетна-рэчавы скарб, у якім былі: сярэбраная чара, 2 кавалкі сярэбранага лому, 470 медных і 87 сярэбраных манет: 470 медных солідаў (1659–1666) і 54 шасцігрошавікі (1660–1968) Яна Казіміра, 9 шасцігрошавікаў (1679–1683) Яна Сабескага (Рэч Паспалітая); 17 гасцігрошавікаў і ортаў (1679–1686) Фрыдрыха Вільгельма, 6 манет (1699) Фрыдрыха ІІІ (Прусія) і сярэбраная манета (1694) Іаана Георга ІV (Саксонія). Вядома, што 39 манет са скарбу паступілі ў калекцыю Эрмітажа.

У 1884 г. паміж Варшаўска-Цярэспальскай чыгункай і яе Мухавецкай галіной знойдзены манеты скарб, які ўтрымліваў 153 сярэбраныя манеты: шасцігрошавікі польскія (1660–1666) Яна Казіміра; шасцігрошавікі польскія (1678, 1679, 1681, 1682, 1684) Яна Сабескага (Рэч Паспалітая), палупатагон Брабанта (1657) Філіпа ІV (Іспанскія Нідэрланды), шасцігрошавікі (1679, 1682, 1863, 1685, 1686) Фрыдрыха Вільгельма (Прусія). Скарб быў здадзены на пераплаўку на Пецярбургскі манеты двор.

У гады Вялікай Айчыннай вайны нумізматычныя фонды музеяў Беларусі былі амаль цалкам знішчаны. У пасляваенны час на тэрыторыі рэспублікі было знойдзена больш за 400 скарбаў, якія трапілі ў музеі. У Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі захоўваюцца 18 манетных скарбаў, сярод іх знойдзены ў в. Кашалёва Брэсцкага раёна (99 экз.), в. Кусцічы Камянецкага раёна (126 экз.) і інш. Усяго ў калекцыі «Нумізматыка» – больш за 16 тысяч музейных прадметаў.

У 1960 г. у Брэсце быў знойдзены скарб, які ўтрымліваў каля 10 сярэбраных рублёвікаў Паўла І (1796–1801). Лёс гэтага скарбу невядомы. У 1961 г. былі знойдзены 2 медныя манеты Рымскай імперыі – выключна рэдкая знаходка антычных манет на Беларусі. У 1962 г. ля в. Страдзечы Брэсцкага раёна знайшлі рэчавы скарб: больш за 150 адзінак залатых і сярэбраных прадметаў, датаваных ХVІ–ХVІІ стст.

Значная знаходка была зроблена ў 1974 г. ля в. Лышчыцы Брэсцкага раёна – скарб сярэбраных дэнарыяў І–ІІ стст., адчаканяных пры рымскіх імператарах Веспасіяне (69–79), Траяне (98–117), Адрыяне (117–138), Антоніне (138–161), Марку Аўрэліі (161–180), Фаўстыне (147–173). 48 манет з гэтага скарбу захоўваюцца ў абласным краязнаўчым музеі.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўства

 

  1. Брестские монетные клады // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 167–168.
  2. Брэсцкі скарб : [1834 г.] // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 300.
  3. Брэсцкі манетна-рэчавы скарб : [1834 г.] // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 101.
  4. Брэсцкія манетныя скарбы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 2. С. 110–111.
  5. Брэсцкія скарбы // Археалогія і нумізматыка Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 1993. С. 102–103.
  6. Брестский монетный клад 1834. Брестский монетный клад 1837. Брестский монетный клад 1884. Брестский монетный клад 1960 // Брест : энциклопедический справочник. Минск, 1987. С. 133–134.
  7. Брестский клад : [1837 г.] // Белорусская ССР : краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1979. Т. 1. С. 105.
  8. Брэсцкі скарб : [1837 г.] // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1978. Т. 1. С. 125.
  9. Маркевіч, І. М. Брэсцкі абласны краязнаўчы музей / І. М. Маркевіч, П. С. Шылін // Археалогія і нумізматыка Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 1993. С. 99–100.
  10. Манетныя скарбы // Археалогія і нумізматыка Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 1993. С. 408–409.
  11. Грош пражскі  // Археалогія і нумізматыка Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 1993. С. 197–198.
  12. Грош кракаўскі // Археалогія і нумізматыка Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 1993. С. 197.
  13. Сідаровіч, В. Скарб рымскіх памент з-пад вёскі Ставішча Брэсцкага раёна / В. Сідаровіч // Studia Numismatica Albaruthenica. Мінск, 2011. Vol. 1. С. 41–47.
  14. Сидорович, В. Лыщицкий клад римских монет / В. Сидорович // ХV Всероссийская нумизматичекая конференция : тезисы докладов и сообщений. Москва, 2009. С. 44–45.
  15. Поболь, Л. Б. Находки римских монет на землях Беларуси : [в т. ч. на Брестчине] / Леонид Давыдович Поболь // Lietuvosarcheologua. 2001. Т. 21. С. 73–80.
  16. Шталенков, И. Н. История города в памятниках нумизматики : (к 1000-летию Бреста) / Илья Шталенков // Банкаўскі веснік = Банковский вестник. 2019. № 12. С. 6672.
  17. Гребенников, О. Клад римских серебряных денариев : [в фонде Брестского областного краеведческого музея] / Олег Гребенников // Заря. 2018. 13 марта. С. 4.
  18. Мощик, С. Проценты с клада больше, чем с банковского вклада : [в д. Збураж Малоритского района найден клад серебряных монет ХIХ в.] / Сергей Мощик // Вечерний Брест. 2008. 14 ноября. С. 3.
  19. Ішчанка, С. Збуражскі скарб – «на пробу» : [жыхар Маларыцкага раёна Яўген Бурштын перадаў знойдзены скарб у Брэсцкі краязнаўчы музей] / С. Ішчанка // Культура. 2008. 1723 мая. С. 45.
  20. Рубашевский, Ю. Клад збуражцев взбудоражил : [о новом экспонате областного краеведческого музея кладе монет из д. Збураж Малоритского района] / Юрий Рубашевский // Вечерний Брест. 2008. 14 мая. С. 24.
  21. Рубашевский, Ю. Серебро по «обменному» курсу : хозяин уникального клада сдал свою находку в милицию : [в д. Збураж Малоритского района найдены старинные монеты] / Юрий Рубашевский // Вечерний Брест. 2008. 30 апреля. С. 1, 4.
  22. Левков, В. Повезло, однако : [о найденном кладе монет в районе стадиона г. Столина] / В. Левков // Белорусская деловая газета. 2001. 27 апреля. С. 2.
  23. Рубашевский, Ю. Клады открывают тайны : [монетные клады в фонде Брестского областного краеведческого музея] / Юрий Рубашевский // Вечерний Брест. 2000. 15 декабря. С. 2.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 469 разоў