Аўторак, 05 Красавік 2022 14:27

13 красавіка 2022 г. – 75 гадоў з дня нараджэння Івана Аляксандравіча Пасвенчука (1947), вынаходніка, доктара філасофіі ў галіне інфармацыйных тэхналогій

Іван Аляксандравіч Пасвянчук нарадзіўся 13 красавіка 1947 г. у в. Лука Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. Бацькі, Аляксандр Савіч і Надзея Фёдараўна, працавалі ў калгасе. Вучыўся Іван у Лукскай пачатковай школе, потым у Шамятоўскай васьмігадовай школе. Сярэднюю адукацыю атрымаў у школе працоўнай моладзі ў г. Кобрыне. Працаваў на прадпрыемствах Кобрына і раёна фрэзероўшчыкам, шафёрам.

 

У 1974 г. закончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі (цяпер Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт). Універсітэтамі Івана Пасвенчука стала праца загадчыкам рамонтнымі майстэрнямі ў саўгасе «Дружба», галоўным інжынерам калгаса імя Кутузава і калгаса «За мір» Кобрынскага раёна. За час працы ў гэтых гаспадарках ён паказаў сябе як вынаходнік і рацыяналізатар. Пад кіраўніцвам І. А. Пасвенчука былі праведзены рэспубліканскія семінары па вывучэнні вопыту ў гэтых гаспадарках: па арганізацыі тэхабслугоўвання сельскагаспадарчай тэхнікі, машына-трактарнага парка, вытворчасці новых машын на базе сельгастэхнікі, якая была спісана.

Потым была праца ў інстытуце «Брэстсельгасбудпраект» інжынерам-тэхнолагам, выконваючым абавязкі дырэктара па камплектацыі аб’ектаў будаўніцтва, галоўным спецыялістам.Пазней Іван Александравіч працаваў дырэктарам ТАА «Саюз» у Кобрынскім раёне. З 2001 г. па 2007 г. – дырэктар ААТ «Двигатель» у г. Брэсце. Адначасова па сумяшчальніцтве з’яўляўся дырэктарам ПУП «Спецматор».

Вынаходніцкай дзейнасцю Іван Пасвянчук займаўся са студэнцкіх гадоў. За аснову свайго вынаходства ён узяў магчымасць утварэння цягі на прынцыпах, якія адрозніваюцца ад рэактыўных. У 1976 г. падаў заяўку на вынаходства, але яму было адмоўлена. Вучоны савет палічыў, што ні адзін рухавік не можа працаваць, калі яго прылада супярэчыць рэактыўным законам механікі. Аднак у 2003 г. мадэль была зроблена і паспяхова запрацавала. І толькі пасля гэтага з’яўленне ўнікальнага «Движителя» было зарэгістравана Камітэтам Расійскай Федэрацыі па патэнтах і таварных знаках, Дзяржаўнымпатэнтным камітэтам і Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці Рэспублікі Беларусь, а таксама Еўразійскай патэнтнай арганізацыяй. Вынаходства адносіцца да вобласці энэргетычных установак, у прыватнасці, да рухавікоў, якія пераўтвараюць круцільны паток газу ў цягавае намаганне, і можа быць выкарыстана ў многіх галінах народнай гаспадаркі.

І. А. Пасвянчук, правёўшы ўласныя даследаванні, распрацаваў «Двигатель» і «Движитель», праца якіх заснавана на нерэактыўных прынцыпах. У выніку ўпартай шматгадовай працывынаходніка атрыманы эфект, заснаваны на віхравых струменнях. Акрамя таго, у якасці прывада «Движителя» можа выступаць любы тып рухавіка. Гэта і ёсць не што іншае, як прарыўная тэхналогія, пра што сведчаць выдадзеныя на яе шматлікія аўтарытэтныя патэнты.

Пасля аналізу праведзеных даследаванняў унесены змены ў закон механікі, аспрэчана сцвярджэнне аб нязменнасці колькасці руху, складзена новае ўраўненне, якое растлумачвае, што колькасць руху, энергія і праца здольныя пераходзіць з аднаго стану ў іншыя. Незвычайны прыбор пад назвай рухавік, абаронены патэнтамі Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Беларусь і Еўразійскай патэнтнай арганізацыяй, здольны зрабіць фурор у галіне беларускага машынабудавання і авіяцыі.

І. А. Пасвянчук прымаў удзел у выставах «Аўтатэхэкспа-2006» і «Ататэхэкспа-2010».

Міжнародная Акадэмія Інфармацыйных Тэхналогій у 2014 г. ўзнагародзіла І. А. Пасвенчука медалём М. С. Высоцкага, акадэміка НАН Беларусі, Героя Беларусі. Па сукупнасці вынаходак, абароненых патэнтамі Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Беларусь і Еўразійскай патэнтнай арганізацыі, І. А. Пасвенчуку ў 2015 г. была прысвоена вучоная ступень доктара філасофіі ў галіне інфармацыйных тэхналогій (машынабудаванне).

У перспектыўных планах Івана Аляксандравіча – укараненне «Движителя» на мотадэльтапланах, глісерах, у аўтатрактарнай тэхніцы.

Галоўны рэдактар газеты «Export&ImportNews», доктар філасофіі, член-карэспандэнт МАІТ Р. Н. Шаўко прысвяціў Івану Пасвенчуку верш «Звезда Посвенчука»: «Посвенчук доказал оппонентам / Всех расчетов своих высоту / Труд его увенчали патенты, / Подтвердили его правоту. / Ясно всем в науке появилась / Кометой яркою звезда Посвенчука».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Курачук Святлана Дзмітрыеўна, гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Автобиография / составлена И. А. Посвенчуком. – Брест, 2005. – 3 с.
  2. Посвенчук, И. А. Силы нереактивного происхождения / И. А. Посвенчук // Проблемы создания информационных технологий : сборник научных трудов / МНОО «Международная академия информационных технологий». – Москва : Технополиграфцентр, 2014. – Вып. 25. С. 125–128.
  3. Пасвянчук Іван Аляксандравіч// Людзі навукі нашага краю : біябібліяграфічны даведнік / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. : С. Д. Курачук. 2-е выд., дапрац. і дап. Кобрын, 2020. С. 116–117 : фат. (Серыя «Імёны на карце Кобрыншчыны»).
  4. 75 гадоў з дня нараджэння І. А. Пасвенчука (1947) // Зводны Каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021–2025 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад. : С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 55–56.
  5. «В Беларуси немало талантов...» : [стихи к 70-летию И. А. Посвенчука] // Кобрин-информ. 2017. 13 апреля (№ 15). С. 24.
  6. Посвенчук, И. «Мои «двигатель» и «движитель» можно будет эксплуатировать в воздушном, водном, безвоздушном пространстве, а также в смешанном режиме без внесения существенных изменений в их конструкцию» / Иван Посвенчук // Международная деловая газета. 2015. № 11–12. С. 4.
  7. Савчук, М. Необычный прибор – движитель : [ученая степень доктора философии в области информационных технологий в области машиностроения присвоена И. А. Посвенчуку, уроженцу д. Лука] / Маргарита Савчук // Кобрин- информ. 2014. 23 января. С. 7.
  8. Против правил работает Движитель из Бреста : [необычный прибор под названием «Движитель» изобретателя Ивана Посвенчука, способен произвести фурор в области белорусского машиностроения] // 5-е колесо. 2006. № 6. (Приложение).

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 387 разоў