Аўторак, 05 Красавік 2022 14:32

15 красавіка 2022 г. – 115 гадоў з дня нараджэння Кірыла Варфаламеевіча Смалюка ( 1907–1942), удзельніка антыфашысцкага падполля

Кірыл Варфаламеевіч Смалюк нарадзіўся 15 красавіка 1907 г. у вёсцы Крыўляны Брэсцкага павета Гродзенскай губерні (цяпер Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці) у беднай сялянскай сям’і. З ранніх гадоў пазнаў паднявольную працу, батрачыў у памешчыкаў. У час польскай акупацыі ўдзельнічаў у падпольнай рабоце за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне.

 

Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР пачалі стварацца першыя калектыўныя гаспадаркі. 12 сакавіка 1940 г. у Крыўлянах Рэчыцкага сельсавета быў створаны калгас імя Варашылава – першы ў раёне. Арганізатарам і першым старшынёй калгаса з’яўляўся Кірыл Смалюк. У калгас аб’ядналіся 38 сялянскіх бядняцка-серадняцкіх гаспадарак.

7 сакавіка 1941 г. выканкам Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў працоўных зацвердзіў першых кандыдатаў на Усесаюзную сельскагаспадарчую выставу, і першым сярод іх быў калгас імя Варашылава Камянецкага раёна. На той час гаспадарка дасягнула лепшых вынікаў сельскагаспадарчай вытворчасці: у 1940 г. сабралі па 11,4 ц збожжа на плошчы ў 140 гектараў, па 180 ц бульбы. Кандыдатамі на выставу былі зацверджаны старшыня праўлення К. В. Смалюк і брыгадзір Рыгор Акімавіч Садоўскі.

Яны аднымі з першых прадстаўнікоў Брэсцкай вобласці пабывалі на Усесаюзнай сельскагаспадарчай выставе ў Маскве. Акрамя агляду выставы для іх была арганізавана экскурсія ў парк культуры і адпачынку імя М. Горкага, маўзалей і музей У. І. Леніна, на будаўніцтва Палаца Саветаў і канала Волга – Масква. Вялікае ўражанне зрабілі метро, шырокія вуліцы, магазіны, новабудоўлі. У маі на агульным сходзе калгаснікаў К. В. Смалюк зрабіў справаздачу аб убачанным у сталіцы СССР. Вытрымкі з прамовы былі надрукаваны ў абласной газеце «Зара».

З першых дзён гітлераўскай акупацыі Камянецкага раёна Кірыл Смалюк актыўна ўключыўся ў падпольную барацьбу, удзельнічаў у арганізацыі груп антыфашысцкага падполля. Выступаў з прамовамі ў многіх вёсках, заклікаючы людзей змагацца з ворагам. Штодзённа прымаў па радыё зводкі Савінфармбюро і распаўсюджваў іх сярод насельніцтва, збіраў зброю і перадаваў партызанам. Ажыццяўляў сувязь паміж раённым антыфашысцкім камітэтам і групамі народных мсціўцаў. Удзельнічаў у многіх сутычках з нямецкімі акупантамі.

У чэрвені 1942 г. пры выкананні баявога задання К. В. Смалюк быў схоплены гітлераўцамі і памешчаны ў камянецкі засценак. Пасля некалькіх месяцаў катавання расстраляны 3 верасня 1942 г. у Прускаўскім лесе разам яшчэ з 300 актывістамі. Там жа расстраляны Р. А. Садоўскі (1910–1942).

Хату і ўсю маёмасць Смалюкоў фашысты спалілі. Жонка Кірыла Смалюка, Ульяна Піліпаўна, з трыма маленькімі дзяцьмі (Мікалаем, Марыяй і Вольгай) цудам засталіся жывымі ў той дзень. Няпроста было хаваць дзяцей ад вачэй карнікаў. Жылі ўсе паасобку ў розных вёсках Камянецкага, Пружанскага і Жабінкаўскага раёнаў па некалькі дзён. Старэйшы брат Кірыла Смалюка, Піліп Варфаламеевіч Смалюк (1900–1941), да вайны працаваў міліцыянерам, расстраляны гітлераўцамі ў жніўні 1941 г.

У 1959 г. на брацкай магіле ва ўрочышчы «Прускаўскі Лес» быў устаноўлены абеліск. У 1982 г. помнік абноўлены: па праекту мясцовых архітэктараў была зроблена і ўстаноўлена скульптура воіна на фоне разгорнутага сцяга, а на магільнай пліце былі выбіты прозвішчы трагічна загінуўшых тут людзей.

У 1979 г. імем К. В. Смалюка названа вуліца ў в. Рэчыца Камянецкага раёна, якая з’яўлялася цэнтральнай сядзібай калгаса «Рассвет» – правапрыемніка калгаса імя Варашылава. У Рэчыцы была ўстаноўлена мемарыяльная дошка першаму старшыні калгаса.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Камянецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя У. М. Ігнатоўскага. Табольчык Ларыса Мікалаеўна,

бібліёграф 1 кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Смалюк Кирилл Варфоломеевич // Кто есть кто в Республике Беларусь. 2005. Минск, 2005. С. 250.
  2. Смалюк Кірыла Варфаламеевіч // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 301.
  3. З успамінаў У. П. Смалюк : [пра мужа, К. В. Смалюка] / запісаў У. Яфімовіч // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 224.
  4. «Рассвет» : [гісторыя калгаса, першым старшынёй якога быў К. В. Смалюк] // Памяць. Камянецкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 1997. С. 464–465.
  5. Козловская, М. Н. Могила советских воинов, активистов и мирных жителей : [в 2 км к югу от г. Каменец] / М. Н. Козловская // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 220.
  6. Слесарук, Т. А. Братская могила советских воинов, памятник землякам : [д. Речица Каменецкого района] / Т. А. Слесарук, М. Н. Козловская // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 236–237.
  7. Магіла савецкіх воінаў, актывістаў і мірных жыхароў : [за 2 км на поўдзень ад г. Камянец] // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 198.
  8. Слесарук, Т. А. Брацкая магіла савецкіх воінаў, помнік землякам : [в. Рэчыца Камянецкага раёна] / Т. А. Слесарук, М. М. Казлоўская // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць. Мінск, 1984. С. 213–214.
  9. Смалюк, У. За волю і шчасце народа : [успаміны жонкі К. В. Смалюка Ульяны Піліпаўны] / У. Смалюк // Ленінец. Камянец, 1989. 16 верасня. С. 2.
  10. Бакун, С. Вечна жывыя : [пра адкрыццё помніка героям-землякам у Прускаўскім лесе; фота сям’і К. В. Смалюка] / С. Бакун // Ленінец. Камянец, 1984. 17 мая. С. 2.
  11. Ефимович, В. Улица Смалюка : [именем К. Смалюка названа улица в д. Речица Каменецкого района] / В. Ефимович // Заря. 1979. 28 декабря.
  12. Яфімовіч, Ул. Каб квітнела родная зямля : [аб першым калгасе Камянецкага раёна – імя Варашылава і яго старшыні К. В. Смалюку] / Ул. Яфімовіч // Ленінец. Камянец, 1978. 15 ліпеня. С. 4 ; 10 жніўня. С. 4.
  13. Яфімовіч, Ул. Песня-сказ пра першага старшыню : [верш пра К. В. Смалюка] / Ул. Яфімовіч // Ленінец. Камянец, 1978. 10 жніўня. С. 4.
Чытаць 353 разоў