Чацвер, 19 Май 2022 11:53

3 чэрвеня 2022 г. — 100 гадоў з дня нараджэння Івана Яраслававіча Сайдаля (1922–2010), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, грамадскага дзеяча

Іван Яраслававіч Сайдаль нарадзіўся 3 чэрвеня 1922 г. на Гомельшчыне. Вучыўся ў тэхнікуме. Летам 1941 г. прыехаў дамоў на канікулы і тут яго застала Вялікая Айчынная вайна. Быў мабілізаваны ў Чырвоную армію, накіраваны на паскораныя курсы артылерыстаў у г. Тамбоў. Па заканчэнні курсаў Іван Сайдаль быў накіраваны на Волхаўскі фронт.

 

Служыў наводчыкам цяжкой дальнябойнай гарматы калібрам 122 мм. Там на Волхаўскім фронце атрымаў першае раненне. Пасля лячэння ў шпіталі ўдзельнічаў у баях за зняцце блакады Ленінграда, служыў артылерыйскім разведчыкам, карэктыроўшчыкам агню. Быў паранены другі раз, лячыўся ў тылавым шпіталі за Уралам. Затым – на 1-м Беларускім фронце. Вызваляў Варшаву. На тэрыторыі Польшчы вызначыўся ў знішчэнні варожых танкаў. Дзень Перамогі сустрэў у Магдэбургу.

За гераізм і адвагу, праяўленыя ў баях, Іван Яраслававіч узнагароджаны ордэнамі Славы ІІІ ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі «За освобождение Варшавы», «За взятие Берлина», «За победу над Германией в Великой Отечественной войне 1941–1945 гг.», падзякамі Вярхоўнага галоўнакамандуючага, юбілейнымі медалямі.

Пасля вайны І. Я. Сайдаль быў дэмабілізаваны і накіраваны на Палессе. Працаваў інструктарам Столінскага райкама КПБ(б). З сакавіка 1967 г. па красавік 1982 г. – старшыня Давыд-Гарадоцкага гарадскога Савета народных дэпутатаў, старшыня выканкама Савета.

У 1980 г. у горадзе было 7700 жыхароў. У Давыд-Гарадку не было буйных прадпрыемстваў, працавалі масласырзавод, хлебазавод, сельгастэхніка, завод слясарна-мантажнага інструменту. З-за недахопу працоўных месцаў насельніцтва праяўляла прадпрымальніцкі талент, было шмат рамеснікаў: шаўцы, цесляры, сталяры, муляры, печнікі, лодачнікі і інш. Многія сем’і вырошчвалі на прысядзібных участках кветкі, збіралі з іх насенне і вясною вазілі прадаваць па розных гарадах СССР. З гэтымі гандлярамі насеннем, якіх называлі спекулянтамі, гарсавет вёў пастаянную барацьбу, пра што з’явілася аповесць Уладзіміра Глушакова «Семена» (1981). У 1970-я гг. назіраўся росквіт малявання «цікетак» – унікальнай з’явы народнай мастацкай творчасці. Дарэчы, дзясяткі гарадчукоў працавалі мастакамі-надомнікамі Пінскай мастацкай фабрыкі.

У 1975 г. з’явілася дзіцяча-юнацкая спартыўная школа і новы будынак кніжнага магазіна. Дом культуры месціўся ў былым касцёле, затое быў папулярны кінатэатр «Заря», які працаваў без выхадных, штодня мяняліся фільмы. Не спынялася адметная традыцыя святкавання шчадровак «Конікі», хоць улады змагаліся з традыцыяй у рамках ваяўнічага атэізму.

Рака Гарынь падзялае горад, а драўляны мост у 1969 г. разбурыўся, пераправа стала паромнай, потым – па наплаўным мосце. Новы жалезабетонны мост будавалі восем гадоў. Горад пастаянна цярпеў ад моцных паводак, найбольш разбуральная была ў 1979 г. У 1980-я гг. У абыход горада быў пракапаны канал, па якім накіравалі воды Гарыні.

Пасля выхаду на пенсію І. Я. Сайдаль працаваў інспектарам па кадрах на Давыд-Гарадоцкім электрамеханічным заводзе, які быў адкрыты ў 1980 г. як цэх № 11, а потым — філіял Брэсцкага электрамеханічнага завода. Першым дырэктарам завода быў Мікалай Паўлавіч Бразоўскі. У 1985 г. на заводзе працавалі больш за 300 чалавек, у 1989 г. — ужо больш за 1300 чалавек, а пры вывадзе завода на поўную магутнасць павінны былі быць занятыя да 5 тысяч. Завод павінен быў стать самым буйным у Столінскім раёне, але новыя эканамічныя ўмовы пасля распаду СССР перакрэслілі планы.

І. Я. Сайдаль памёр 29 лістапада 2010 г., пахаваны на новых гарадскіх могілках.

Яго сын, Георгій Іванавіч Сайдаль (1956), закончыў СШ № 2 г. Давыд-Гарадка (1973), фізічны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава (1979) па кафедры «Тэарэтычная фізіка». Кандыдат фізіка-матэматычных навук, працуе ў вобласці фізікі нізкіх тэмператур. Аўтар больш за 100 навуковых работ, патэнтаў, дакладаў. Удзельнічаў у стварэнні сістэм на касмадромах Байканур і Плясецк, касмадрома «SHAR»у Індыі, касмічнай праграмы Кітайскай Народнай Рэспублікі. Распрацоўваў крыагенныя сістэмы і рэзервуары, імітатары космаса, тэрмаядзерныя ўстаноўкі і інш.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўства

 

  1. Сайдаль Георгій Іванавіч // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 509.
  2. Мельнік, В. І стаў салдатам : [пра І. Я. Сайдаля, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, інспектара па кадрах Давыд-Гарадоцкага электрамеханічнага завода] / В. Мельнік // Навіны Палесся. Столін, 1985. 7 сакавіка.
  3. Драздоў, Д. Добрая традыцыя : [аб урачыстых провадах прызыўнікоў у армію ў Давыд-Гарадку; узгадваецца ветэран вайны І. Я. Сайдаль] / Д. Даздоў // Навіны Палесся. 1982. 8 мая.
  4. Грычык, В. Клопаты аб развіцці культуры : [на сесіі Давыд-Гарадоцкага гарсавета абмеркавалі пытанне аб рабоце ўстаноў культуры, даклад зрабіў І. Я. Сайдаль] / В. Грычык // Навіны Палесся. 1975. 26 жніўня.
  5. Сайдаль, І. Дармаеды трымаюць адказ / І. Сайдаль // Навіны Палесся. Столін, 1974. 28 кастрычніка.
  6. Грычык, В. Святкаванне ў раёне. Давыд-Гарадок : [пра мітынг да 35-й гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі; узгадваецца старшыня гарсавета І. Сайдаль] / В. Грычык // Навіны Палесся. 1972. 9 лістапада.
  7. Сайдаль, І. Абавязацельствы і кантроль / І. Сайдаль // Навіны Палесся. 1972. 2 лістапада.
  8. Сайдаль, І. Сходы калектываў / І. Сайдаль // Навіны Палесся. Столін, 1972. 1 жніўня.
  9. Сахарэвіч, Л. Пашана юбіляру : [пра ўшанаванне ў Столінскім райвыканкаме старшыні Давыд-Гарадоцкага гарвыканкама І. Я. Сайдаля з нагоды яго 50-годдзя] / Л. Сахарэвiч // Навіны Палесся. Столін, 1972. 15 ліпеня.
  10. Палукошка, В. Байцы ўспамінаюць мінулыя дні : [пра вечар у Давыд-Гарадоцкім ГДК, дзе выступілі ўдельнікі вайны Я. Д. Карпенка, У. Я. Комар, І. Я. Сайдаль, Р. І. Карчмар] / В. Палукошка // Навіны Палесся. Столін, 1970. 21 лістапада.
  11. Сайдаль, І. Святкуе Століншчына. Давыд-Гарадок / І. Сайдаль // Навіны Палесся. Столін, 1970. 10 лістапада.
  12. Сайдаль, І. Давыд-Гарадок : [свята 1 Мая] / І. Сайдаль // Навіны Палесся. Столін, 1968. 4 мая.
  13. Сайдаль, І. Лікуе Століншчына. У старажытным Давыд-Гарадку : [свята Кастрычніцкай рэвалюцыі] / І. Сайдаль // Навіны Палесся. Столін, 1967. 11 лістапада.
  14. Сайдаль, І. Не выкарыстоўваюць магчымасці / І. Сайдаль // Навіны Палесся. Столін, 1966. 18 кастрычніка.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 291 разоў