Панядзелак, 04 Ліпень 2022 11:08

22 ліпеня 2022 г. — 170 гадоў з дня нараджэння Марыі Яраславаўны Андрайковіч-Бутаўт (1852–1933), жывапісца, першай прафесійнай жанчыны-мастачкі з Беларусі

Марыя Яраславаўна Андрайковіч-Бутаўт нарадзілася 22 ліпеня 1852 г. ў мястэчку Баландзічы Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Іванаўскі раён Брэсцкай вобласці) у сярэднезаможнай маянтковай дваранскай каталіцкай сям’і старажытнага роду Бутаўт-Андрайковічаў. Бутаўт-Андрайковічы адносіліся да карэнных радоў сярэднезаможнай маянтковай шляхты Гродзенскага і Пінскага павета ВКЛ, дзе займалі мясцовыя земскія пасады. Поўнае яе імя, атрыманае пры хросце ў каталіцтва, было «Марыя Магдалена Эліза Бутаўт-Андрайковіч». Бацька, Яраслаў Міхалавіч Бутаўт-Андрайковіч, валодаў маёнткам Гарнастаевічы (3167 дзесяцін зямлі і лесу) у Ваўкавыскім павеце Гродзенскай губерні, маёнткамі Кабуззе і Мінкаў. У Марыі Магдалены былі дзве родныя сястры — Малгажата (Рыта) і Марыя.

 

 Раннія юнацкія гады правяла ў Пензенскай губерні, дзе яе бацька знаходзіўся ў ссылцы пасля падаўлення польскага паўстання 1863–1864 гг. З 1867 г. жыла ў Рызе. У далейшым паступіла ў Мюнхенскую каралеўскую акадэмію мастацтваў — першую такога ўзроўню ў Еўропе, якая стала даваць адукацыю жанчынам. У 1872–1874 і 1876–1879 гг. праходзіла навучанне ў вядомых педагогаў і мастакоў таго часу: А. Лізен-Майера, В. Дзіза, К. Пілоці, М. Адама і інш. Некаторы час падарожнічала па Італіі, актыўна ўдзельнічала ў мастацкім жыцці Мюнхена, уваходзіла ў склад арганізацыі мюнхенскіх мастакоў «Кунстферайн».

Творчы дэбют Марыі Магдалены Бутаўт-Андрайковіч адбыўся ў 1876 г. у Кракаве, дзе яна ўпершыню прадставіла палатно на гістарычную тэму «Ян Каханоўскі над памерлай Уршулькай». У далейшым яе творы рэгулярна з’яўляліся на выстаўках у Мюнхене, Варшаве, Вільні, дзе карысталіся вялікай цікавасцю публікі.

Марыя Магдалена Бутаўт-Андрайковіч працавала ў гістарычным жанры і ў сакральным жывапісе, радзей пісала партрэты і побытавыя сцэнкі. Праца ў жанры гістарычнай карціны з яе шматфігурнымі кампазіцыямі была рэдкай з’явай сярод першага пакалення прафесійных жанчын-мастачак. Яна патрабавала перш за ўсё саліднай акадэмічнай адукацыі, а таксама наяўнасці вялікай студыі, розных атрыбутаў, наймання мадэлей і, зрэшты, дастаткова значных фізічных намаганняў. Аматары і крытыкі адзначалі моцны «мужчынскі талент» моладой мастачкі, добры малюнак і ўдалую пабудову шматфігурных кампазіцый.

У 1881 г. Марыя Магдалена вярнулася на радзіму. Жыла ў родавым маёнтку Гарнастаевічы Ваўкавыскага павета (цяпер Свіслацкі раён Гродзенскай вобласці) і ў Варшаве. З-за хваробы вачэй з канца 1880-х гг. яна перастала пісаць карціны і занялася філантрапічнай і педагагічнай дзейнасцю. Падтрымлівала творчыя кантакты з калегамі, выкладала на мастацкіх курсах для жанчын у Варшаве, удзельнічала ў мастацкім жыцці Вільні. Стала адной з першых збіральніц твораў беларускага народнага мастацтва.

Сярод яе карцін — «Кардынал Джавані Медзічы і Пампоні Лэтус на рымскіх раскопках» (1878), «Уладзіслаў Лакетак у Айцове» (1881), «Хрыстос вяртае зрок сляпому» (1882), «Міласэрнасць каралевы Ядвігі» (1884) і інш. Дзве яе карціны захоўваюцца ў Нацыянальных музеях у Кракаве і ў Варшаве, месцазнаходжанне астатніх твораў невядома.

Ніколі не выходзіла замуж і дзяцей не мела. Ад бацькі Марыя Магдалена атрымала ў спадчыну маёнтак Гарнастаевічы ў Ваўкавыскім павеце Гродзенскай губерні. Яе сястра Марыя атрымала ў спадчыну маёнткі Кабуззе і Мінкаў.

Па прычыне таго, што Марыя Магдалена не мела мужа і дзяцей, яна запісала па тэстаменту свой маёнтак Гарнастаевічы свайму сваяку Генрыху Канстанціну Бутаўт-Андрайковічу (1882–1941) і перадала яго ў 1920-ыя гг. пры сваім жыцці. Пасля гэтага яна жыла на ўтрыманні ў Генрыха ў Гарнастаевічах. Генрых стаў апошнім уласнікам маёнтка Гарнастаевічы (да пачатку Другой сусветнай вайны).

Памерла Марыя Магдалена Андрайковіч-Бутаўт ў чэрвені 1933 г. у Гарнастаевічах, пахавана ў маёнтку Поразава (цяпер гарадскі пасёлак у Свіслацкім раёне).

20–27 жніўня 2018 г. у г. Іванаве праходзіў XV абласны пленэр разьбяроў манументальнай скульптуры, прысвечаны знакамітым пісьменнікам і мастакам, чый лёс меў дачыненне да іванаўскай зямлі. Па выніках пленэру 1 верасня 2018 г. падчас Дня беларускага пісьменства ў гарадскім парку была ўрачыста адкрыта «Алея знакамітых землякоў». Вобраз мастачкі Марыі Андрайковіч-Бутаўт стварыў гродзенскі разьбяр, член Беларускага саюза мастакоў народнай творчасці, член Таварыства польскіх мастакоў на Беларусі Мікалай Скляр. У сувязі з тым, што партрэт мастачкі не захаваўся, разьбяр зрабіў збіральны вобраз жанчыны і творчай асобы — разумнай і адукаванай шляхцянкі ХІХ ст.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава. Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Бутаўт-Андрайковіч Марыя Магдалена Эліза / І. А. Масляніцына // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 3. С. 359–360.
  2. Андрейкович-Бутовт Мария // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 20.
  3. Андрайковіч-Бутаўт Марыя Яраславаўна // Памяць. Свіслацкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2004. С. 74–75.
  4. Марыя Яраславаўна Андрайковіч-Бутаўт / Г. Г. Сокалоў-Кубай // Памяць. Іванаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 96–97.
  5. Андрайковіч-Бутаўт Марыя Яраславаўна / Г. Г. Сокалоў-Кубай // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1993. Т. 1. С. 118–119.
  6. Андрайковіч-Бутаўт Марыя / Г. Г. Сакалоў-Кубай //Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 114.
  7. Баландичи // Города и районы Брестчины: история и современность. Ивановский район / [Е. Г. Калечиц, А. А. Горбацкий, Т. М. Тохиян и др.]. Брест, 2017. С. 757–758.
  8. XV абласны пленэр разьбяроў манументальнай скульптуры / складальнік Ларыса Быцко.Брэст, 2018. С. 10.
  9. Баландичские истории // О подвигах, о доблести, о славе… / Ивановская районная организация Белорусского общественного объединения ветеранов ; [сост. М. П. Горупа]. Иваново, 2015. С. 152–153.
  10. Забыты вернісаж : творчасць мастакоў Гродзеншчыны 1860-х – 1930-х гг. / Наталля Маліноўская-Франке. – Мінск, 2012. С. 61–63, 148.
  11. Artystki polskie [Выяўленчы матэрыял] : katalog wystawy / [koncepcja i scenariusz wystawy: Agnieszka Morawińska] ; Muzeum Narodowe w Warszawie. – Warszawa, 1991. – 81 s.
  12. Гісторыя беларускага мастацтва : у 6 т. – Мінск : Навука і тэхніка, 1989. – Т. 3. Канец XVIII – пачатак ХХ стагоддзя. – 448 с.
  13. Кривецкая, Н. Филантроп из «Грифа», чудо в полене и молодовский Тесла / Наталья Кривецкая // Заря. 2020. 17 октября. С. 10–11.
  14. Цалюк, А. Алея знакамітых землякоў з’явілася ў грамадскім парку : [згадваецца М. Андрайковіч-Бутаўт] / А. Цалюк // Янаўскі край. Іванава, 2018. 7 верасня. С. 10.
  15. Аскера, В. Вандроўка па Янаўскім краі : мясціны і асобы / Вікторыя Аскера // Літаратура і мастацтва. 2018. 31 жніўня (№ 34). С. 4–5.
  16. Цалюк, А. Пачаўся плэнер разьбяроў : [згадваецца М. Андрайковіч-Бутаўт] / А. Цалюк // Янаўскі край. Іванава, 2018. 24 жніўня. С. 10.
  17. Маліноўская-Франке, Н. Жанчыны-мастачкі Гродзенчыны / Н. Маліноўская-Франке // Беларускі гістарычны часопіс. 2012. № 3. С. 34–35.
  18. Маліноўская Т. «Мужчынскі талент» маладой мастачкі / Т. Маліноўская  // Наша вера. 2010. № 1. С. 78–81.
  19. Крейдич, А. Женской руки «необычайная сила» / Анатолий Крейдич // Заря. 2006. 18 февраля. С. 12. 
  20. Крэйдзіч, А. Марыя Андрайковіч – мастачка з Баландзіч / Анатоль Крэйдзіч // Чырвоная звязда. Іванава, 1994. 25 студзеня.
  21. Жушма, В. Баландзічы : [згадваецца М. Андрайковіч-Бутаўт] / Васіль Жушма // Чырвоная звязда. Іванава, 1994. 18 студзеня. С. 2.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 345 разоў