Панядзелак, 04 Ліпень 2022 11:32

26–27 верасня 2022 г. — 80 гадоў з дня расстрэлу вязняў яўрэйскага гета г. Іванава (1942), злачынства нямецка-фашыцкіх захопнікаў

Нямецка-фашысцкія захопнікі занялі г. Іванава Брэсцкай вобласці 27 чэрвеня 1941 г. Быў усталяваны жорскі акупацыйны рэжым, ад якога пацярпелі ўсе мясцовыя жыхары. Але больш за ўсіх дасталося яўрэям. Ужо праз месяц пачаліся першыя акты генацыду над жыхарамі Іванава і Моталя.

 

У Іванава вясной 1942 г. было створана гета, куды сагналі ўсё яўрэйскае насельніцтва горада і навакольных вёсак. Для гета быў выдзелены ў цэнтры горада раён з чатырох кварталаў, у якім размяшчалася каля 70 аднапавярховых дамоў. Паводле ацэнак гісторыкаў тут размясцілася да 3,5 тысяч чалавек. У кожным пакоі па 20–30 чалавек. Каб хоць неяк падтрымліваць гігіену жыхарам загадалі пагаліцца нагала. Яўрэі старэй за 10 гадоў павінны былі насіць на адзенні жоўтую шасціканцовую зорку. Тэрыторыя гета была агароджана калючым дротам і кругласутачна ахоўвалася. Усё працаздольнае насельніцтва было задзейнічана на прымусовых работах.

Мясцовыя жыхары не засталіся абыякавымі да лёсу вязняў. Таемна ў гета перадаваліся ежа, лекі, адзенне.

Акрамя непасільнай працы і голаду яўрэі пастаянна адчувалі на сабе пабоі і здзекі немцаў і паліцаяў. Часцяком вязняў забівалі да смерці без якіх-небудзь на тое прычын. Вязні жылі ў пастаянным страху і чаканні смерці.

Сумны канец наступіў у верасні 1942 г. У Іванава сцягнуліся дадатковыя сілы СС, СД, украінскія і польскія нацыяналісты. Па загадзе нацыстаў на ўскраіне Рудскога лесу сяляне выкапалі вялікія ямы. Прадстаўнікі акупацыйнай улады казалі, што ямы будуць выкарыстоўвацца для захоўвання бензіну. Аднак іх рэальнае прызначэнне жахала.

26 верасня вязняў гета сабралі на плошчы і пад аховай калонамі адправілі ў бок вёскі Рудск. Да месца пакарання большая частка людзей ішла пакорліва, скарыўшыся сваёй долі. Тыя некалькі сотняў якія рашыліся на ўцёкі, былі расстраляныя на месцы. У лесе людзям загадалі распрануцца і легчы тварам уніз. Іх забівалі стрэламі ў галаву. Абутак і адзенне забітых пасля сартавання былі адпраўленыя ў Германію.

Па дадзеных Камісіі па расследаванні нацысцкіх злачынстваў, 26 верасня 1942 г. у Рудскім лесе былі забітыя каля 2000 чалавек.

Ліквідацыя гета працягнулася на наступны дзень. Многія тыя, што засталіся тут, паспрабавалі схавацца ў спецыяльна выкапаных норах, на гарышчах і ў падвалах, але іх лёс таксама быў сумны. Дамы гета падпалілі, а ўцекачоў ад дыму і агню расстрэльвалі на месцы. Жанчыны, спрабуючы выратаваць сваіх дзяцей, перакідалі іх цераз плот з калючага дроту. Але карнікі кідалі дзяцей назад у агонь. Ахвяр закапалі часткова тут жа, а астатніх адправілі ў Рудскі лес. Усяго ў гэты дзень былі забітыя каля 1500 вязняў. У жывых у гэтыя дні пакінулі толькі 60 рамеснікаў, якіх забілі праз месяц, калі ім знайшлі замену з мясцовых беларусаў.

Нямногім удалося выжыць у рудской бойні — крыху менш за сотню чалавек. Некаторыя далучыліся да партызанскіх атрадаў, іншыя зрабілі невялікія лагеры ў лесе і хаваліся.

Перад самым вызваленнем Іванаўшчыны (1944) фашысты паспрабавалі замесці сляды сваіх злачынстваў, загадаўшы раскапаць магілы і спаліць трупы. Чорны, злавесны дым яшчэ доўга прыводзіў у жах жыхароў навакольных весак.

Пасля вайны на месцы расстрэлу быў усталяваны мемарыял з надпісам: «Мы были молодыми. Мы хотели жить. Мы жертвы фашызма. Сделайте, чтобы это больше не повторилось».

16 верасня 2021 г., напярэдадні Дня народнага адзінства, на месцы, дзе раней размяшчалася гета, быў усталяваны памятны знак.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава. Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. И дольше века длится память // Памятники Ивановщины рассказывают… / сост.: И. С. Шпак, Л. А. Добродей. Иваново, 2018. С. 383–425.
  2. Города и районы Брестчины: история и современность. Ивановский район / [Е. Г. Калечиц и др. ; под общей редакцией А. А. Горбацкого] ; Ивановский районный исполнительный комитет. Брест : Брестская типография, 2017. 839 с., [24] л. ил.
  3. О подвигах, о доблести, о славе... / Ивановская районная организация Белорусского общественного объединения ветеранов ; сост. М. П. Горупа. – Иваново : Ивановская районная типография, 2015. – 349 с.
  4. Справочник о местах принудительного содержания гражданского населения на оккупированной территории Беларуси, 1941–1944 / Адамушко В. И., Бирюкова О. В., Крюк В. П., Кудрякова Г. А. – Минск, 2001. – 158 с.
  5. Павяльчук, Л. А. Трагедыя Іванаўскага гета / Л. А. Павяльчук // Памяць. Іванаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мiнск, 2000. С. 168–169.
  6. Черноглазова, Р. А. Трагедия евреев Белоруссии в 1941–1944 гг. : сборник материалов и документов / Р. А. Черноглазова, Х. Хеер. – Изд. 2-е, испр. и доп. – Минск, 1997. – 398 с.
  7. Валах, М. «Гитлеровцы расстреливали семьи с детьми – по 5–7 человек» / Марина Валах // 7 дней. 2022. 23–29 июня мая (№ 25). С. 24–25.
  8. Кресс, Д. Это нужно живым / Диана Кресс // Янаўскі край. Іванава, 2022. 6 мая (№ 18). С. 5.
  9. Михальчук, В. Память, обожженная войной : [о тематической выставке-экспозиции, посвященной геноциду белорусского народа, которая открылась в районной библиотеке им. Ф. И. Панферова] / Валерий Михальчук // Янаўскі край. Іванава, 2022. 18 сакавіка (№ 11). С. 7.
  10. Михальчук, В. В память об ивановском гетто / Валерий Михальчук ; фото автора // Янаўскі край. Іванава, 2021. 24 верасня (№ 38). С. 9.
  11. Резник, Л. Я выжил! : Часть 3. «Не бойся, это будет быстро, мы стреляем из пулемётов» / Лейба Резник // Янаўскі край. Іванава, 2019. 13 верасня. С. 16.
  12. Соломка, И. А. ...Ещё остаётся память : [Раиса Григорьевна Хала рассказала о еврейском гетто в Иваново во время фашистской оккупации] / Ирина Соломка // Янаўскі край. Іванава, 2019. 17 мая. С. 7.
  13. Дорогокупец, Н. Н. Много ты видела и помнишь, наша главная площадь Иванова! / Н. Н. Дорогокупец // Янаўскі край. Іванава, 2018. 28 жніўня. С. 4.
  14. Валинский, В. Трагедии – 70 лет / В. Валинский // Чырвоная звязда. Іванава, 2012. 20 ліпеня. С. 2.
  15. Павяльчук, Л. Трагедыя Іванаўскага гета / Л. Павяльчук // Чырвоная звязда. Іванава, 1997. 1 жніўня. С. 5.
  16. Мірныя жыхары яўрэйскай нацыянальнасці, растрэляныя фашыстамі // Чырвоная звязда. Іванава, 1997. 1 жніўня. С. 2.
  17. Куліч, Р. М. Памяць праростае абеліскам / Р. М. Куліч // Народная трыбуна, 1991. 26–31 жніўня. С. 5.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 262 разоў