Серада, 10 Жнівень 2022 12:18

1 студзеня 2022 г. — 75 гадоў з дня нараджэння Сцяпана Васільевіча Герасімука (1947), грамадскага дзеяча, Ганаровага грамадзяніна Маларыцкага раёна (2019)

Сцяпан Васільевіч Герасімук нарадзіўся 1 студзеня 1947 г. на хутары ля в. Высокае Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці.У бацькоў было адзінаццаць дзяцей, выжылі шасцёра, Сцяпан — самы малодшы. Калі яму было восем, раптам памёр бацька. У канцы 1950-х гг. улады прымусілі пераехаць з хутара ў вёску. Сцяпану давялося шмат працаваць па гаспадарцы, дапамагаючы маці: даглядаў жывёлу, касіў сена. Закончыў Высокаўскую семігодку, восьмы клас вучыўся ў Лукаўскай сярэдняй школе, а потым — у Велікарыцкай сярэдняй школе, якая за 15 км ад дому.

 

З дзяцінства Сцяпан марыў стаць інжынерам і працаваць на вялікім заводзе. У Велікарыцкай школе матэматыку выкладаў заслужаны настаўнік БССР Васіль Аляксандравіч Хапалюк, дзякуючы якому Сцяпан Герасімук падрыхтаваўся да паступлення ў інстытут. У 1970 г. закончыў Беларускі дзяржаўны палітэхнічны інстытут па спецыяльнасці «Энергетыка». Пасля заканчэння ВНУ Сцяпан Герасімук пачаў працоўную дзейнасць галоўным механікам будаўнічай арганізацыі г. Верхнядзвінска Віцебскай вобласці.

У 1972 г. С. В. Герасімук вярнуўся на радзіму, працаваў інжынерам-энергетыкам, намеснікам старшыні будаўнічай арганізацыі г. Маларыта. З 1975 г. па 1990 г. працаваў на розных пасадах у райвыканкаме, райкаме КПБ, абкаме КПБ, вучыўся ў Вышэйшай партыйнай школе пры ЦК КПБ.

У 19911997 гг. — старшыняМаларыцкага райвыканкама, старшыня раённага Савета дэпутатаў. У няпростыя 1990-я гг. Сцяпану Васільевічу ўдалося не толькі захаваць, але і прымножыць матэрыяльную базу раёна. Не былі закрыты ні адна школа, ні адзін дзіцячы сад, магазін, Дом культуры, бібліятэка або ФАП. Нягледзячы на эканамічны складаны час, С. В. Герасімуку ўдавалася адшукаць сродкі, якія накіроўваліся на добраўпарадкаванне райцэнтра, будаўніцтва дамоў, выплату зарплаты.

У Маларыце за пазабюджэтныя сродкі была пабудавана ў парку танцавальная пляцоўка для моладзі, адрэстаўраваны кінатэатр, узведзены два 12-кватэрныя дамы для адзінокіх састарэлых грамадзян і інвалідаў. Вялікая ўвага надавалася добраўпарадкаванню горада, былі заасфальтаваны цэнтральныя вуліцы горада, гарадская плошча. У той час была ўведзена ў эксплуатацыю тэлефонная станцыя, аснашчаная імпартным абсталяваннем. Вырашана было пытанне з беспрацоўем. Рашэннем райвыканкама кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый давалася магчымасць звальняць пенсіянераў і на іх месца ставіцьмаладых спецыялістаў.

У 1997–2002 гг. — дырэктар Маларыцкага прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 155 сельскагаспадарчай вытворчасці (з 2008 г. — дзяржаўны прафесіянальны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці). С. В. Герасімук падтрымліваў і працягваў традыцыі, якія былі закладзены ва ўстанове адукацыі ў папярэднія гады. Вялікую ўвагу надаваў капітальнаму рамонту будынкаў, добраўпарадкаванню тэрыторыі, матэрыяльна-тэхнічнай базы. Вучылішча паспяхова спраўлялася з задачай падрыхтоўкі кваліфікаваных рабочых.

Сцяпан Васільевіч не быў кар’ерыстам і зусім не імкнуўся да ўлады. Для яго ў любых абставінах на першым месцы заставаўся просты чалавек з яго праблемамі. Асоба неардынарная, якая мае сваё разуменне і погляды на жыццё. Ніколі не мяняў сваіх перакананняў, усё жыццё застаецца верным прынцыпам і ідэям камунізму. Карыстаецца заслужаным аўтарытэтам сярод грамадзян раёна, кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый.

За значны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Маларыцкага раёна С. В. Герасімуку прысвоена званне «Ганаровы грамадзянін Маларыцкага раёна» (2019).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Маларыцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Кучына Галіна Уладзіміраўна, загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу

 

  1. Народный фотоальбом. Малорита : книга с фотографиями о Малорите и ее жителях : 1566 – 2019 / [автор текста, составитель В. А. Савастиенок]. Минск : Брестская типография, 2019. С. 67.
  2. 70 гадоў вопыту, прафесіяналізму і майстэрства / матэрыялы тэматычных старонак падрыхтаваў Мікалай Навумчык // Голас часу. Маларыта, 2022. 10сакавіка. С. 1, 4 : фат.
  3. Герасимук, С. В. Вызов времени / [Степан Герасимук ; подготовила] Екатерина Яцушкевич ; фото Олега Кременевского // Голас часу. Маларыта, 2019. 6 лістапада. С. 1, 3 : фот.
  4. Максімук, С. Месяцы, дні, імгненні – усё на далонях памяці / Святлана Максімук // Голас часу. Маларыта, 2012. 28 красавіка. С. 2.
  5. Стасюк, Г. Узрост мудрасці, асэнсавання і прафесійнага майстэрства / Галіна Стасюк // Голас часу. Маларыта, 2012. 18 красавіка. С. 5.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 288 разоў