Панядзелак, 15 Жнівень 2022 10:23

12 жніўня 2022 г. — 65 гадоў з часу стварэння Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа (1957), адасобленага структурнага падраздзялення УА «Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт»

У пасляваенны перыяд у Беларусі была вострая неабходнасць у кваліфікаваных спецыялістах для розных галін сельскай гаспадаркі. У адпаведнасці з распараджэннем  Савета Міністраў СССР ад 22 лютага 1951 г. быў выдадзены загад № 247 намесніка міністра сельскай гаспадаркі БССР «Аб перадачы Жыровіцкай аднагадовай сельскагаспадарчай школе жывёлаводаў дапаможнай гаспадаркі вайсковай часткі, размешчанай у Ляхавіцкім раёне Баранавіцкай вобласці».

 

З гадавой справаздачы Ляхавіцкай аднагадовай сельгасгаспадарчай школы тэхнікаў жывёлаводаў і малодшых ветфельчараў за 1951/1952 навучальны год даведваемся што «…школа размешчана ў гор. Ляхавічы, па Мыслабажскай вуліцы № 43 (зараз Савецкая) у двух прыстасаваных сялянскіх будынках…». Заняткі ў школе пачыналіся 1 кастрычніка 1951 г. і скончваліся 27 верасня 1952 г. Большасць адабраных кандыдатаў і залічаных ў школу ў лік навучэнцаў паспяхова скончылі поўны курс навучання. У 1952/1953 навучальным годзе набор навучэнцаў у школу праходзіў дрэнна, патрабавалася набраць 120 чалавек, а было прынята толькі 107.

У 1954 г. па загаду міністра сельскай гаспадаркі БССР з Жыровіцкага тэхнікума механізацыі сельскай гаспадаркі ў г. Ляхавічы была пераведзена аднагадовая школа па падрыхтоўцы загадчыкаў жывёлаводчымі фермамі і малодшых ветэрынарных фельчараў. Школа размяшчалася ў двух драўляных будынках па вул. Савецкай, было 4 вучэбных пакоі. Асобна знаходзілася бібліятэка. Сіламі самых настаўнікаў і навучэнцаў была пабудавана клініка для правядзення практычных заняткаў. Штогадовы набор навучэнцаў складаў 120 чалавек (60 па кожнаму профілю).

Дырэктарам аднагадовай школы быў прызначаны Мікіта Іванавіч Чанцоў, завучам — Фёдар Захаравіч Васілевіч. У сваё распараджэнне школа атрымала падсобную гаспадарку плошчай 132 га сельгасугоддзяў, 16 кароў, 19 свіней, 12 коней. Тут навучэнцы праходзілі вучэбна-вытворчую практыку. З 1954 г. па 1957 г. школа падрыхтавала 940 загадчыкаў ферм і малодшых ветфельчараў.

З выданнем 12 жніўня 1957 г. загада № 490 па Міністэрству сельскай гаспадаркі БССР «Аб сетцы навучальных устаноў Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР і плане прыёма  на 1957/1958 навучальны год» пачынаецца новы этап у жыцці навучальнай установы. У дакуменце мы чытаем, што «…у мэтах больш поўнага задавальнення патрэбы рэспублікі ў спецыялістах сельскай гаспадаркі, паляпшэння якасці падрыхтоўкі, умацавання матэрыяльнай базы вучэбных устаноў, загадваю: адкрыць на базе Ляхавіцкай аднагадовай сельгасшколы па падрыхтоўцы малодшых ветфельчароў Брэсцкай вобласці ветэрынарны тэхнікум з штогадовым прыёмам навучэнцаў ў колькасці 120 чалавек з ліку тых, хто закончыў 10 класаў сярэдняй школы».

Першым дырэктарам тэхнікума была прызначана Кацярына Кузьмінішна Інтарынава, ураджэнка в. Рытвінава Духаўшчынскага раёна Смаленскай вобласці. Прайшла ўсю вайну ў якасці медсястры ў прыфрантавым шпіталі. За вялікія заслугі ў справе абароны СССР была ўзнагароджана ордэнам Чырвонай Зоркі, мела мноства ваенных і працоўных узнагарод. Пасля заканчэння ў 1947 г. Горацкай сельгасгаспадарчай акадэміі працавала ў Баранавіцкім, а затым у Ляхавіцкім раёнах. На працягу трох гадоў была дырэктарам школы малодшых фельчароў, у 1957–1975 гг. узначальвала ветэрынарны тэхнікум.

Па ўспамінах навучэнцаў і выкладчыкаў тых гадоў, гэта былі не толькі выдатныя гады станаўлення тэхнікума і развіцця вучэбнай гаспадаркі «Каменка», але і дабрыні, павагі да працы і самога чалавека. Па меркаванню Кацярыны Кузьмінішны вынікам поспеху з’яўляецца дысцыпліна, таму і патрабавала яе ад падначаленых. Для яе не існавала «цяжкіх дзяцей», шлях да сэрца кожнага навучэнца яна шукала і знаходзіла.

У 1967 г. быў уведзены ў эксплуатацыю другі навучальны корпус з спартыўным і актавым заламі, інтэрнат № 2 на 360 месцаў, сталовай на 100 пасадачных месцаў, бані. Сярэднегадавая колькасць навучэнцаў – 1500 чалавек, выкладчыкаў – болей за 100 чалавек.

Важнай старонкай у гісторыі навучальнай установы стала аб’яднанне ў 1969 г. тэхнікума з мясцовым калгасам «40 гадоў Кастрычніка» і пераўтварэнне згодна з пастановай Савета Міністраў БССР № 389 ад 21 лістапада 1969 г. і загадам Міністэрства сельскай гаспадаркі БССР № 459 ад 15 снежня 1969 г. у Ляхавіцкі саўгас-тэхнікум. Саўгасу-тэхнікуму былі перададзены ўсе зямельныя ўгоддзі, грамадскія пабудовы, жывёла, тэхніка калгаса. Пасля аб’яднання сельгас-тэхнікум меў сваю матэрыяльную базу: двароў — 343, насельніцтва – 1150 чалавек, буйной рагатай жывёлы 816 галоў, у тым ліку кароў — 420, свіней – 670, авечак — 106, коней — 50, пчол — 50 сем’яў, трактароў — 12, камбайнаў ؅— 10, аўтамашын ؅— 9. Плошча сельгасугоддзяў складала 2528 га, утым ліку ралля ؅— 1789 га, сад ؅— 55 га.

З 1975 г. па 1980 г. дырэктарам саўгаса-тэхнікума быў кандыдат эканамічных навук Павел Паўлавіч Тупіца. Беларускі спецыяліст у галіне эканамічнай сельгасгаспадарчай вытворчасці. Старэйшы навуковы супрацоўнік Брэсцкай абласной дзяржаўнай сельскагаспадарчай даследчай станцыі. Вывучаў галіновую структуру сельскагаспадарчай вытворчасці на прыкладзе буракасеючых калгасаў Брэсцкай вобласці. За перыяд яго працы адкрылася завочнае аддзяленне, удасканаліліся вучэбна-матэрыяльная і вытворчая базы. У 1973 г. быў пабудаваны інтэрнат № 3 на 400 месцаў, 18-кватэрны і 4-кватэрны жылыя дамы. Выкладчыкі выяджалі ў НДІ і ВНУ рэспублікі для сумеснай распрацоўкі мерапрыемстваў па аказанню дапамогі саўгас-тэхнікуму.

Мяфодзій Мікалаевіч Пабягайла нарадзіўся ў вёсцы Бажкі Ляхавіцкага раёна. Скончыў Брэсцкі педагагічны інстытут імя А. С. Пушкіна (1960) па спецыяльнасці «настаўнік фізікі», Вышэйшую партыйную школу пра ЦК КПБ (1979). Працаваў камсамольскім і партыйным лідэрам у Ляхавіцкім раёне. У 1980–1995 гг. ؅— дырэктар саўгаса-тэхнікума. За час яго кіравання ўведзены ў эксплуатацыю трэці навучальны корпус са спартыўным, актавым і танцавальным заламі. У 1983 г. ؅— інтэрнат № 4 на 400 месцаў, 80-кватэрны дом для работнікаў тэхнікума. Павялічылася плошча воравых зямель, з’явіліся фермы буйной рагатай жывёлы, пашырылася навучальная гаспадарка для адпрацоўкі навыкаў навучэнцамі. М. М. Пабягайла ўзнагароджаны ордэнамі «Знак Почёта» (1976), «Дружба народов» (1987), медалямі «За трудовую доблесть», «За доблестный труд» і інш.

З 1995 г. дырэктарам саўгаса-тэхнікума быў кандыдат сельскагаспадарчых навук Вячаслаў Лукіч Сельмановіч. Для далейшага ўдасканалення падрыхтоўкі спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй на падставе загаду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь № 62 ад 29 лютага 1996 г. сельгас-тэхнікум з 31 чэрвеня 1996 г. быў рэарганізаваны ў сельскагаспадарчы тэхнікум.

З 31 жніўня 2000 г. па загаду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь № 269 сельскагаспадарчы тэхнікум пераўтварыўся ва ўстанову адукацыі «Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж» і на цяперашні час з’яўляецца дзяржаўнай сярэдняй спецыяльнай навучальнай установай. З 1 жніўня 2006 г. установа адукацыі перашла ў падпарадкаванне Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, а з 17 кастрычніка 2006 г. стала адасобленым структурным падраздзяленнем УА «Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт».

Вучэбна матэрыяльная база каледжа адпавядае патрабаванням падрыхтоўкі спецыялістаў сярэдняга звяна. Каледж мае тры вучэбныя корпусы, тры інтэрнаты, два спартыўныя, трэнажорны, актавы і танцавальны залы, добрую бібліятэку. Маюцца ўсе вытворчыя фарміраванні: навучальная гаспадарка, вытворчыя севазвароты, калекцыйна-вопытнае поле, сад з пладовым гадавальнікам, цяпліца, вучэбна-вытворчыя майстэрні, вучэбна-вытворчая ферма буйной рагатай жывёлы, ветэрынарная клініка, пчолапасека. В. Л. Сельмановіч 18 гадоў паспяхова узначальваў Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж.

З 14 лістапада 2013 г. на пасаду кіраўніка ЛДАКа заступіла кандыдат сельскагаспадарчых навук Алена Эдуардаўна Абарава. У 2016 г. ёй было прысвоена вучонае званне дацэнт. Педагогі і навучэнцы актыўна займаюцца доследамі і даследаваннямі, а вынікі ўкараняюць у практыку. А. Э. Абарава была задаволена прафесіялізмам педагогаў, іх апантаннасцю, зацікаўленнасцю справай. У 2021 г. дырэктарам назначана Ірына Баляславаўна Прыступа-Юнік, ураджэнка в. Сваятычы Ляхавіцкага раёна, скончыла Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна, Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (2008).

У Ляхавіцкім аграрным каледжы рыхтуюцца кваліфікаваныя кадры для сучаснай сельскай гаспадаркі. Навучальны працэс пабудаваны такім чынам, што тэарэтычныя веды абавязкова падмацоўваюцца практычнымі. Пры такой сур’ёзнай практычна-арыентыраванай падрыхтоўцы плодаагароднікі, аграномы, заатэхнікі і ветурачы прыходзяць у гаспадаркі краіны гатовымі да выканання працоўных абавязкаў.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Купалы. Зелянко Таццяна Уладзіміраўна, загадчык сектара аўтаматызацыі бібліятэчных працэсаў

 

  1. Ляхавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1999. Т. 9. С. 436.
  2. Ляховичский государственный аграрный колледж / С. А. Тарасевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 58.
  3. Ляховичский аграрный голледж // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2007. Т. 4. С. 603.
  4. 50 лет Ляховичскому аграрному колледжу / ред. кол.: Н. М. Кислая [и др]. – Брест : Альтернатива, 2007. – 136 с.
  5. Канько, Г. Як святкуе моладзь / Галіна Канько ; фота Сяргея Варановіча // Ляхавіцкі веснік. 2022. 29 чэрвеня. С. 4.
  6. Перапечка, Н. Яшчэ навучэнцы, ужо майстры / Наталля Перапечка // Ляхавіцкі веснік. 2022. 4 чэрвеня. С. 8.
  7. Перапечка Н. Прысвячэнне роднай прыродзе / Наталля Перапечка // Ляхавіцкі веснік. 2022. 4 чэрвеня. С. 8.
  8. Кухта-Маслоўская, М. На аднаго «Беларуса» больш / Маргарыта Кухта-Маслоўская ; фота Сяргея Варановіча // Ляхавіцкі веснік. 2022. 4 чэрвеня. С. 1.
  9. Перапечка, Н. Пуцёўка на працоўнае месца / Наталля Перапечка ; фота з архіва ЛДАКа // Ляхавіцкі веснік. 2022. 15 студзеня. С. 7.
  10. Перапечка, Н. Па класіцы аграмайстэрства / Наталля Перапечка : фота Сяргея Варановіча // Ляхавіцкі веснік. 2022. 15 студзеня. С. 1–2.
  11. Кухта, М. А восень такая душэўная / Маргарыта Кухта; фота Сяргея Варановіча // Ляхавіцкі веснік. 2021. 4 снежня. С. 7.
  12. Цімашок Д. Навучэнцы ў ролі выкладчыкаў / Дзіяна Цімашок ; фота Сяргея Варановіча // Ляхавіцкі веснік. 2021. 24 лістапада. С. 5.
  13. Канько, Г. Творчы штрых у агранавуцы / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. 2021. 2 кастрычніка. С. 9.
  14. Кузьміч, І. Тут правіць бал / Ірына Кузьміч ; фота Сяргея Варановіча // Ляхавіцкі веснік. 2021. 31 ліпеня. С. 9.
  15. Кузьміч, І. Папаўненне ў аграрных радах / Ірына Кузьміч ; фота Сяргея Варановіча // Ляхавіцкі веснік. 2021. 7 ліпеня. С. 5.
  16. Перапечка, Н. Спатканне праз 40 гадоў / Наталля Перапечка ; фота Сяргея Варановіча // Ляхавіцкі веснік. 2021. 23 чэрвеня. С. 4.
  17. Перапечка, Н. Прафілактыка ў рытме жыцця / Наталля Перапечка // Ляхавіцкі веснік. 2021. 17 красавіка. С. 3.
  18. Кухта, М. Дастойны вынік складаецца з агульных намаганняў / Маргарыта Кухта ; фота Сяргея Варановіча // Ляхавіцкі веснік. 2021. 24 сакавіка. С. 2.
  19. Поплавский,  Г. Долгожданная обновка / Геннадий Поплавский // Заря. 2021. 13 марта. С. 9.
  20. Прыступа-Юнік, І. Выпрабоўванне «WorldskillsBelarus – 2020» / Ірына Прыступа-Юнік // Ляхавіцкі веснік. 2020. 4 сакавіка. С. 6.
  21. Кухта, М. Трэці семестр – працоўны : [на 10 дзён студатрадаўцы сталі паўнацэннымі работнікамі сельгаспрадпрыемстваў] / Маргарыта Кухта // Ляхавіцкі веснік. 2018. 28 ліпеня. С. 9.
  22. Перапечка, Н. Дом, які завецца ЛДАКам : [да 60-гадовага  юбілею навучальнай установы] / Наталля Перапечка //Ляхавіцкі веснік. 2017. 29 лістапада. С. 1, 4–5.
  23. Канько, Г. Я павяду цябе ў музей… : [музей у ЛДАКу] / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. 2014. 18 студзеня. С. 2.
  24. Бельмач, С. У ЛДАКу вучаць на гаспадароў зямлі / Святлана Бельмач // Ляхавіцкі веснік. 2012. 17 лістапада. С. 4.
  25. Зарэчная, Г. Не гасцявалі, а практыкаваліся : упершыню ў ЛДАКу практыку праходзілі студэнты з Турцыі / Галіна Зарэчная // Ляхавіцкі веснік. 2011. 24 верасня. С. 3.
  26. Каваленка, І. Песні ля кастра : [конкурс бардаўскай песні ў ЛДАКу] / І. Каваленка // Ляхавіцкі веснік. 2009. 3 чэрвеня. С. 3.
  27. Лапіч, А. З Яльца – у Ляхавічы. За навукай : [сярод першакурснікаў ЛДАКа пяцёра замежных грамадзян] / А. Лапіч // Ляхавіцкі веснік. 2009. 26 жніўня. С. 4.
  28. Бельмач, С. Людзі зямлі : [агранамічнае аддзяленне ЛДАКа святкуе 40-гадовы юбілей] / Святлана Бельмач // Ляхавіцкі веснік. 2008. 10 снежня. С. 3.
  29. Канько, Г. Наш юны каледж : [арганізацыя БРСМ у Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы] / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. 2008. 29 кастрычніка . С. 2.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 269 разоў