Панядзелак, 17 Кастрычнік 2022 15:38

25 кастрычніка 1922 г. — 100 гадоў з дня нарадження Уладзіміра Сямёнавіча Козыра (1922–?), удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, Героя Сацыялістычнай Працы (1966)

Уладзімір Сямёнавіч Козыр нарадзіўся 25 кастрычніка 1922 г. у в. Вялікая Аляксандраўка Херсонскага павета Адэскай губерні (цяпер — г. п. Вялікая Аляксандраўка Берыслаўскага раёна Херсонскай вобласці). У час Вялікай Айчыннай вайны яго бацька быў адным з арганізатараў партызанскага руху, расстраляны нямецкімі акупантамі ў гПаўлаградзе. Тая ж доля спасцігла маці і брата. Выратавацца ад пераследаванняў акупантаў удалося толькі самаму малодшаму брату Уладзіміра.

 

У студзені 1941 г.Уладзімір Козыр прызваны ў Чырвоную армію. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, ваяваў у якасці штурмана самалёта. На яе заключным этапе са снежня 1944 г.у складзе 5-га гвардзейскага бамбавальнага авіяцыйнага палка 11-й гвардзейскай бамбавальнай авіяцыйнай дывізіі. Удзельнічаў у Будапешцкай, Усходнеамеранскай, Кёнігсбергскай і Берлінскай наступальных аперацыях.

У маі 1946 г. ён быў звольнены ў запас у званні старшага лейтэнанта, прыехаў на жыхарства ў г. Пінск. Працаваў у апараце Пінскага гаркама, затым — Пінскага абкама ЛКСМБ. За кароткі час зарэкамендаваў сябе як умелы арганізатар і выхавальнік моладзі. Быў пераведзены ў Пінскі абкам КП(б)Б, дзе працаваў да скасавання Пінскай вобласці ў 1954 г.

З 1956 г. У. С. Козыр працаваў другім сакратаром у Лагішынскім райкаме КПБ. У ліку трыццацітысячнікаў у 1959 г. па ўласнай ініцыятыве Уладзімір Сямёнавіч быў накіраваны на працу ў калгас імя У. І. Леніна ў в. Валішча Лагішынскага (з 1962 г. — Пінскага) раёна. У жніўні таго ж года быў абраны старшынёй калгаснага праўлення. Гэта была эканамічна слабая гаспадарка: збожжа збіралі менш за 5 цэнтнераў з гектара, бульбы – крыху больш за 40 цэнтнераў з гектара, на ферме налічвалася каля сотні кароў малаўдойнай мясцовай пароды.

Новы старшыня вызначыў ўздым ураджайнасці сельскагаспадарчых угоддзяў, павышэнне прадукцыйнасці калгаснай жывёлагадоўлі, правільную арганізацыю працы калгаснікаў і строгую эканомію ва ўсім. З поўнай самааддачай працаваў сам і таго ж патрабаваў ад падначаленых.

Калгас імя У. І. Леніна паступальна пачаў набіраць тэмпы росту прадукцыі паляводства і жывёлагадоўлі, і да канца сёмай пашыранай пяцігодкі (19591965) стаў прыбытковай, а пазней высокапрыбытковайгаспадаркай. Істотна паднялася прадуктыўнасць грамадскага статка, нашмат павялічылася вытворчасць мяса, малака, яек, у тры разы павысілася ўрадлівая сіла збожжавага гектара. У1965 г. паляводы ўзялі з гектара па 300 цэнтнераў бульбы, па 373 цэнтнеры цукровых буракоў, а валавы збор хлеба склаў 2204 тоны.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 сакавіка 1966 г. за дасягнутыя поспехі ў развіцці жывёлагадоўлі, павелічэнні вытворчасці і нарыхтовак мяса, малака і іншай прадукцыі У. С. Козыру было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Серп и Молот».

Вывеўшы калгас імя У. І. Леніна на перадавыя пазіцыі ў раёне і вобласці, У. С. Козыр працягваў працу па далейшым павышэнні культуры земляробства, развіццю грамадскай жывёлагадоўлі, умацаванню калгаснай эканомікі, па сацыяльна-бытавой перабудове вёскі і паляпшэнню дабрабыту калгаснікаў. Пры гэтым зрабіў стаўку на жывёлагадоўчую спецыялізацыю ў калгаснай вытворчасці.

У Валішча з дапамогай калгаса было пабудавана больш за 100 жылых дамоў. Узвялі двухпавярховы Дом культуры. Усе вёскі, размешчаныя на тэрыторыі калгаса, былі радыёфікаваныя і электрыфікаваныя. Кожная сямя абзавялася матацыклам, пральнай машынай, халадзільнікам. Калгас узяў на сябе выдаткі па аплаце электраэнергіі, паліва, радыёкропак,падпіскі на газеты. Была ўведзена аплата адпачынку калгаснікаў.

У перыяд восьмай пяцігодкі (19661970) правялі механізаванне найбольш працаёмкіх працэсаў у паляводстве і жывёлагадоўлі. Узраслі камбайнавы і аўтамабільны паркі. На вытворчым участку ў в. Хваросназапрацаваў кармавы цэх на 3000 свіней з поўнай механізацыяй падрыхтоўкі і раздачы кармоў.

У. С. Козыр прымаў актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці рэспублікі. Абіраўся членам бюро Лагішынскага і членам Пінскага райкамаў КПБ, дэпутатам Брэсцкага абласнога, Лагішынскага і Пінскага раённых Саветаў дэпутатаў працоўных. Дэлегат XXV з’езду КПБ (1961).

Узнагароджаны двума ордэнамі Айчыннай вайны 2-й ступені (1966; 1985), медалямі «За оборону Сталинграда» (1942), «За взятие Будапешта» (1945), а таксама медалямі ВДНГ СССР – вялікім залатым (1961) і залатым (1964).

Да сакавіка 1972 г. У.С. Козыр кіраваў калгасам імя У. І. Леніна. Аднак цяжкая хвароба жонкі, для якой урачы настойліва рэкамендавалі перамену клімату, вымусіла Уладзіміра Сямёнавіча напісаць просьбу аб вызваленні яго ад абавязкаў старшыні. Просьба была задаволеная, пасля чаго сямяКозыраў пераехала на месца жыхарства ў Крымскую вобласць.

У красавіку 1972 г. У.С. Козыр быў накіраваны на пасаду дырэктара саўгаса «Сімферопальскі». Гэта гаспадарка не ўваходзіла ў лік перадавых, але новы кіраўнік здолеў у самыя кароткія тэрміны вывесці яе на высокі ўзровень даходнасці. За пяць гадоў працы У.С. Козыра ў саўгасе былі пабудаваныя жывёлагадоўчы комплекс на 1000 кароў, сярэдняя школа, дзіцячы камбінат на 280 месцаў, два 18-кватэрных і 140 індывідуальных дамоў, інтэрнат на 100 чалавек, пасаджана 200 гектараў новых садоў і 420 гектараў вінаграднікаў. З 1983 г.У.С. Козыр персанальны пенсіянер саюзнага значэння.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Янішчыц. Вайтовіч Таццяна Мікалаеўна, гал. бiблiёграф адзела абслугоўвання і інфармацыі

  1. Козырь Владимир Семенович// Твои герои, Беларусь! Герои Социалистического Труда : биографический справочник. Минск, 2014. С. 123.
  2. Козырь Владимир Семенович // Белорусская ССР: краткая энциклопедия : в 5 т. Минск, 1982. Т. 5. С. 306.
  3. Козыр Уладзімір Сямёнавіч // Беларуская ССР : кароткая энцыклапедыя : у 5 т. Мінск, 1981. Т. 5. С. 316.
  4. Козыр Уладзімір Сямёнавіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1972. Т. 6. С. 49.
  5. Вызначыліся працай : Козыр Уладзімір Сямёнавіч // Памяць. Пінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск : БЕЛТА, 2003. С. 458.
  6. Максимович, А. Тридцатитысячник : [очерк о В. С. Козыре] / А. Максимович // Земные звезды : [очерки о ГерояхСоциалистического труда Брестской области/ сост. П. П. Сутько и др.]. Мінск : Беларусь, 1978. С. 116–121.
  7. Козырь, В. С. Выгодная культура : [опыт выращивания сахарной свеклы в колхозе им. Ленина Пинского района] / В. С. Козырь ; лит. запись Д. И. Дудко. – Минск : Госиздат БССР, 1963. – 23 с.
  8. Пинщина их знает и помнит : Козырь Владимир Семенович // Пинская неделя. 1997. 10 января.
  9. Спиридонов, П. Маяк на Полесье : [о колхозе им. Ленина Пинского района – участнике ВДНХ] / П. Спиридонов, Д. Дудко // Сельское хозяйство. 1965. № 2. С. 4–5.
  10. Спиридонов, П. Ярко светит маяк на Полесье : [о колхозе им. Ленина Пинского района – участнике ВДНХ] / П. Спиридонов, Д. Дудко, А. Кожин // Заря. 1964. 4 ноября.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 313 разоў Апошняя змена Панядзелак, 17 Кастрычнік 2022 15:44