Серада, 19 Кастрычнік 2022 09:43

2022 г. — 55 гадоў з часу стварэння Кобрынскай станцыі юных натуралістаў (цяпер — дзяржаўная ўстанова адукацыі «Кобрынскі раённы цэнтр экалогіі, турызму і краязнаўства»; 1967)

У 1960-я гг. у краіне сярод школьнікаў шырока разгарнуўся рух юных натуралістаў, у многіх гарадах пачалі стварацца ўстановы адукацыі — станцыі юннатаў. У снежні 1967 г. такая станцыя была створана ў г. Кобрыне Брэсцкай вобласці. Яна стала не толькі метадычным цэнтрам, але і цэнтрам працоўнай і прафесійнай арыентацыі вучняў школ горада і раёна.

 

Першым дырэктарам Кобрынскай станцыі юннатаў стала Яўгенія Пятроўна Новік. У той час станцыя займала невялікі неакультураны ўчастак зямлі, а вучэбныя кабінеты знаходзіліся ў будынку з чырвонай цэглы каля сярэдняй школы № 1. Спачатку на станцыі займалася ўсяго 180 дзяцей, якія наведвалі дзевяць гурткоў па кветкаводстве, агародніцтве і заалогіі. Юннаты са сваімі педагогамі заклалі агароднінны, кветкавы, палявы, калекцыйны ўчасткі, з міру па нітцы сабраўшы насенне. Неабыякавыя чалавечыя рукі ператварылі пустку ў квітнеючы сад.

З першых гадоў існавання ўстановы гурткоўцы пад кіраўніцтвам захопленых сваёй працай педагогаў займаліся даследчай працай, у тыя — у асноўным сортавыпрабаваннем сельскагаспадарчых культур. Па выніках неаднаразова займалі першыя месцы на конкурсах розных рэгіянальных узроўняў.

У 1970 г. дырэктарам стала маладая і энергічная Яўгенія Іванаўна Цала. З 1971 г. установу ўзначальваў Пётр Мікалаевіч Валасюк. Дырэктар садзейнічаў будаўніцтву новага, сучаснага для таго часу будынка і дзвюх цяпліц. У 1980 г. юннаты атрымалі новы вучэбны корпус (вул. Савецкая, 104а), які складаўся з кабінетаў-лабараторый з неабходным абсталяваннем, нагляднымі дапаможнікамі, і цяпліцы для кветак і агародніны. Дзейнічалі 39 гурткоў па васьмі профілях, якія наведвалі каля 650 школьнікаў.

У даследчай дзейнасці актыўна выкарыстоўваўся вучэбна-доследны ўчастак плошчай 1,5 га. Пад кіраўніцтвам вопытных педагогаў праводзілася доследная работа па заданнях навукоўцаў Цэнтральнага батанічнага сада АН БССР і спецыялістаў сельскай гаспадаркі. За добрыя вынікі ў вырошчванні трусаў юныя трусаводы былі адзначаны ў 1980 г. дыпломам І ступені Міністэрства асветы БССР. Па выніках ВДНГ БССР за 1982 г. станцыя заняла ІІ месца. Поспехі кобрынскіх навучэнцаў у доследнай і прыродаахоўнай дзейнасці не засталіся незаўважанымі і на ВДНГ СССР, дзе станцыя атрымала дыплом ІІ ступені.

Пра вялікі ўклад кіраўніка калектыву П. М. Валасюка ў працоўнае выхаванне школьнікаў сведчаць шматлікія граматы і дыпломы Міністэрства асветы БССР, гарадскога камітэта КПБ, гарсавета, гарадскога аддзела народнай адукацыі, званні «Выдатнік народнай адукацыі БССР» і «Заслужаны настаўнік Беларускай ССР».

У 1989 г. дырэктарам быў назначаны Валерый Яўгеньевіч Кірык. Пры ім быў арганізаваны першы дзіцячы кааператыў — навінка таго часу. Юннаты не толькі вучыліся вырошчваць гародніну і садавіну, разводзіць жывёл, але і рэалізоўвалі плён сваёй працы.

З 1993 г. установай кіруе Лілія Аляксандраўна Страчук. Калісьці яна была адной з першых навучэнак гэтай установы, а скончыўшы Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. С. Пушкіна, прыйшла сюды выкладчыкам. У 1994 г. станцыя юных натуралістаў была перайменавана ў Дом юных натуралістаў. Былі створаны тры аддзелы: экалогіі і аховы прыроды, кветкава-дэкаратыўны, заолага-жывёлагадоўчы.

У 2005 г. Дом юных натуралістаў атрымаў новую назву: раённы эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і юнацтва. Зроблены вялізны скачок у развіцці ўстановы. На яе тэрыторыі быў створаны ўнікальны эколага-біялагічны комплекс, які налічвае больш за 350 найменняў розных раслін, гарманічнае спалучэнне якіх дазволіла стварыць серыю цікавых ландшафтных праектаў. Штогод пачалі з'яўляцца новыя праектныя рашэнні, якія распрацоўваліся і рэалізоўваліся на тэрыторыі цэнтра ў рамках рэспубліканскіх конкурсаў па азеляненні.

Асаблівая ўвага надаецца рабоце з адоранымі дзецьмі. У цэнтры створана навуковае таварыства навучэнцаў «Даследчык», якое з’яўляецца для іх штуршком у навуку. Дзеці авалодваюць навыкамі навуковага ўзаемадзеяння, набываюць вопыт удзелу ў навукова-практычных канфе-рэнцыях, супрацоўнічаюць з прыродаахоўнымі арганізацыямі. Работы выхаванцаў таварыства займаюць прызавыя месцы на раённых, абласных і рэспубліканскіх навукова-практычных канферэнцыях. Вялікім дасягненнем таварыства «Даследчык» стала тое, што некаторыя яго выпускнікі зараз вучацца на біялагічных факультэтах, займаюцца ў аспірантуры, працуюць у інстытутах НАН Беларусі.

З 2019 г. эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і юнацтва пераўтвораны ў Кобрынскі раённы цэнтр экалогіі, турызму і краязнаўства. Сёння ў 82 аб'яднаннях па інтарэсах займаецца больш за 1000 навучэнцаў, якія цікавяцца прыродай, адкрываюць для сябе яе таямніцы, ставяць эксперыменты і праводзяць даследаванні на актуальныя тэмы. Гэта не проста гурткі, гэта сучасныя лабараторыі, праца ў якіх пастаўлена на навуковую аснову. У цэнтры працуе чатыры аддзелы — экалагічны, кветкава-дэкаратыўны, аддзел краязнаўства і патрыятычнага выхавання, а таксама аддзел турызму і спартыўнага арыентавання. І ў кожнага аддзела ёсць свае поспехі і дасягненні, свае выхаванцы і выпускнікі, многім з якіх заняткі ў цэнтры далі пуцёўку ў будучую прафесію.

У 2020 г. у цэнтры экалогіі, турызму і краязнаўства творчым калектывам пад кіраўніцтвам Валянціны Аляксееўны Ігнацюк была створана «Летопись центра: события, даты, люди», якая на абласным конкурсе ўзнагароджана дыпломам І ступені, а на рэспубліканскім — дыпломам ІІ ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Кобрынскі цэнтр экалогіі, турызму і краязнаўства прайшоў шлях ад невялікай станцыі юных натуралістаў да сучаснай установы дадатковай адукацыі, якая адыгрывае важную ролю ў экалагічным выхаванні моладзі. Нязменным застаюцца беражлівыя адносіны да прыроды, экалогіі,павага да сваёй малой радзімы, вядомых людзей роднага краю, яго звычаяў і традыцый, гістарычнай памяці і культуры.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкай.

Курачук Святлана Дзмітрыеўна, бібліёграф I кат. аддзела абслугоўвання і інфармацыі

  1. Кобрынская станцыя юных натуралістаў // Энцыклапедыя прыроды Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 3. С. 49.
  2. Ад юннатаў да эколагаў і краязнаўцаў :інфармацыйна-бібліяграфічнае выданне да 55-годдзяз часу заснавання ўстановы адукацыі «Кобрынскі раённы цэнтр экалогіі, турызму і краязнаўства» / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук. – Кобрын, 2022. – 56 с. : фат. – (Серыя «Адукацыя на Кобрыншчыне»).
  3. Юбілейныя даты ўстаноў адукацыі. Дзяржаўнай установе адукацыі «Кобрынскі раённы цэнтр экалогіі, турызму і краязнаўства» (1967) – 55 гадоў // Зводны Каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021–2025 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 68–69.
  4. Заслужаныя работнікі Беларусі : Валасюк Пётр Мікалаевіч // Памяць. Кобрынскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2002. С. 430.
  5. 95 гадоў з дня нараджэння П. М. Валасюка (1927) // Зводны Каляндар дат і падзей Кобрыншчыны : краязнаўча-бібліяграфічны каляндар на 2021–2025 гг. / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 45.
  6. Валасюк Пётр Мікалаевіч // Па працы – пашана : біябібліяграфічны даведнік з серыі «Імёны на карце Кобрыншчыны» / Кобрынская раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, цэнтральная раённая бібліятэка, аддзел абслугоўвання і інфармацыі ; склад.: С. Д. Курачук, Л. С. Дардзюк. Кобрын, 2020. С. 106.
  7. Елизарова, Ж. Экзоты с кобринской пропиской : [оранжерея Кобринского центра экологии, туризма и краеведения стала домом для десятков растений со всего мира] / Жанна Елизарова // Кобрынскі веснік. 2022. 14 мая. С. 20.
  8. Савчук, М. Пальмовая аллея в Кобрине это реально / Маргарита Савчук // Кобрин-информ. 2022. 28 апреля (№ 17). С. 3.
  9. Экологический мониторинг: включайся в «зелёную жизнь»! : [по результатам республиканского конкурса среди победителей – ГУО «Кобринский центр экологии, туризма и краеведения»] // Родная прырода. 2021. № 4. С. 20–22.
  10. Гапанюк, М. Забота об экологии начинается с человека : [с декабря 2018 г. на базе Кобринского центра экологии, туризма и краеведения действует клуб экологического мониторинга Брестской области] / Маргарита Гапанюк // Кобрынскі веснік. 2020. 29 ліпеня. С. 6.
  11. Савчук, М. От внешкольных занятий к будущей профессии : [уже 27 лет успешно руководит Кобринским районным центром экологии, туризма и краеведения Л. А. Строчук] / Маргарита Савчук // Кобрин-информ. 2020. 3 декабря (№ 49). С. 4.
  12. Романюк, А. Сохрани и приумножь : [Кобринский районный центр экологии, туризма и краеведения проводит много мероприятий, направленных на экологическое воспитание] / Анастасия Романюк // Кобрин-информ. 2020. 5 ноября (№ 45). С. 3.
  13. Шемчук, О. В. Энергия солнца – Кобрину : [о работе Кобринского районного центра экологии, туризма и краеведения] / Ольга Шемчук // Родная прырода. 2020. № 9. С. 22–23.
  14. Савчук, М. Теперь мы – экологи, туристы и краеведы : [ГУО «Кобринский районный центр экологии, туризма и краеведения» становится многопрофильной площадкой для занятий детей и подростков] / Маргарита Савчук // Кобрин-информ. 2019. 15 августа (№ 33). С. 3.
  15. Павловский, Б. «Золотой фонд Брестчины» : [среди получивших звание «Человек года Брестчины» – Л. А. Строчук, директор Кобринского районного эколого-биологического центра детей и юношества] / Борис Павловский // Вечерний Брест. 2018. 11 мая. С. 2.
  16. Бакун, А. У іх руках ― прыроды дар каштоўны : [Кобрынскі раённы эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і юнацтва адсвяткаваў 50-гадовы юбілей] / Алена Бакун // Кобрынскі веснік. 2017. 13 снежня. С. 2.
  17. Пальто, К. Эколого-биологическому центру 50 / Ксения Пальто // Кобрынскі веснік. 2017. 9 снежня. С. 1, 3.
  18. Савчук, М. Лилия Строчук: «Экологическую культуру надо воспитывать...» / Маргарита Савчук // Кобрин-информ. 2017. 7 декабря (№ 49). С. 4.
  19. Савчук, М. Лилия Строчук: «Наши выпускники наше будущее и надежда» / Маргарита Савчук // Кобрин-информ. 2017. 30 ноября (№ 48). С. 4.
  20. Савчук, М. Когда-то в Кобрине открылась станция юннатов / Маргарита Савчук // Кобрин-информ. 2017. 16 ноября. С. 3.
  21. Пашковіч, Л. Чалавек вялікай справы : [былы дырэктар станцыі юнатаў, заслужаны настаўнік БССР П. М. Валасюк адзначыў 90-гадовы юбілей] / Людміла Пашковіч // Кобрынскі веснік. 2017. 22 ліпеня. С. 3.
  22. Кондрашук, Н. 45 лет движения вперед : [Кобринский районный эколого-биологический центр детей и юношества в 2012 г. отметил 45-летие] / Наталья Кондрашук // Кобрин-информ. 2013. 3 января. С. 31.
  23. Бялоў, Д. З павагай да прыроды, з любоўю – да зямлі : [раённаму эколага-біялагічнаму цэнтру – 45 гадоў] / Дзмітрый Бялоў // Кобрынскi веснiк. 2012. 11 жніўня. C. 3.
  24. Макарук, О. Окно в большую науку : [о научном обществе учащихся «Исследователь» на базе Кобрынскага Дома юных натуралистов] / Ольга Макарук // Кобрынскi веснiк. 2004. 15 снежня. С. 2.
  25. Свитич, К. Вечная жизнь красоты : [о кружке «Флородизайн» Дома юных натуралистов. Руководитель Л. А. Строчук]/ Кристина Свитич // Кобрин-информ. 2004. 26 февраля. С. 14.

 

Чытаць 367 разоў Апошняя змена Серада, 19 Кастрычнік 2022 09:50