Серада, 26 Кастрычнік 2022 10:55

22 мая 2022 г. — 80 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Васільевіча Уродніча (1942), мастака-жывапісца, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі

Уладзімір Васільевіч Уродніч нарадзіўся 22 мая 1942 г. на хутары Лучкі паблізу в. Вялікія Арлы Давыд-Гарадоцкага раёна Пінскай вобласці (цяпер Столінскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Яго бацька, Васіль Мікалаевіч Уродніч, быў у партызанах, загінуў у баю ў лістападзе 1943 г. Дзяцінства Валодзі было азмрочана вайной і цяжкімі пасляваеннымі нягодамі. Яго выхоўвалі маці і дзед. Хлопчыкам спрабаваў свае сілы ў малюнку, захапленне перайшло ў непахіснае рашэнне вучыцца жывапісу.

 

Уладзімір Уродніч закончыў Мінскае мастацкае вучылішча (1963), Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1972). На першым курсе інстытута быў прызваны ў Савецкую армію, адслужыў тры гады ў ракетным дывізіёне. У 1972–2002 гг. працаваў у Міністэрстве культуры БССР, уплываў на мастацкія працэсы ў рэспубліцы. У 2003–2010 гг. з’яўляўся дэканам мастацкага факультэта Беларускай акадэміі мастацтваў, выкладаў спецыяльныя дысцыпліны «Жывапіс» i «Кампазіцыя» ў 2003–2013 гг.

Пастаянны ўдзельнік усесаюзных, рэспубліканскіх і іншых мастацкіх выстаў з 1973 г. З 1974 г. член Саюза мастакоў СССР, Беларускага саюза мастакоў, у якім з 2010 г. узначальвае творчае аб’яднанне «Традыцыя». Адзін са стваральнікаў Студыі ваенных мастакоў пры Цэнтральным Доме афіцэраў (2003).

Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу, пераважна ў вобласці фігуратыўнай сацыяльнай карціны. Вялікае месца ў творчасці У. В. Уродніча займае героіка-патрыятычная тэма. Мастак памятае свае пасляваеннае дзяцінства і не пакідае ваеннай тэмы ў творчасці, часта звяртаецца да вобразу родных мясцін. Яго работам уласцівы рэалістычнасць, грамадзянскі пафас. Аўтар сюжэтна-тэматычных карцін «Перад зменай» (1973), «Бацькоўскімі дарогамі» (1975), «Хлеб» (1979), «На хлебаробскім полі» (1984), «Сумны май» (1990), «І агні партызанскіх кастроў» (2000).

Карціны Уладзіміра Васільевіча вызначаюцца вобразнасцю пластычнага і кампазіцыйнага вырашэння, эмацыянальнасцю, каларытнасцю, глыбокім веданнем псіхалогіі чалавека, цікаўнасцю да самабытнасці беларускай культуры, гісторыі роднага краю. Любоўю да радзімы, лірызмам прасякнуты творы «Людзі Століншчыны» (1977), «На берагах Гарыні» (1979), «Гоман Палесся» (1982), «Хмарная раніца» (1988), «Апошнія яблыкі бабкі Тэклі» (1989). Гісторыі Беларусі прысвечаны работы «Калі я на пошце служыў ямшчыком» (1999), «Раніца Гарыні» (2001), «Сказ аб Страціме» (2001). Трагізм Чарнобыльскай трагедыі ўвасобіў у кампазіцыях «Трывожны крык» (1998), «Сад» (2001). Аўтар серыі «Хутарскія апавяданні» (1999–2002), у якой паэтызавана адлюстраваны штодзённы побыт Беларускага Палесся.

Творы У. В. Уродніча знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Беларускім музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, Літаратурна-мемарыяльным музеі Я. Коласа, літаратурных музеях Я. Купалы, М. Багдановіча, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П. Масленікава, Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, музеі Беларускага Палесся ў Пінску і інш. У 2020 г. перадаў у дар Столінскаму раёну 27 жывапісных палотнаў пад агульнай назвай «Плывуць аблокі над Радзімай», якія захоўваюцца ў раённым краязнаўчым музеі і дэманструюцца ў розных залах раёна.

Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь (1992). Лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва (2004).

У кастрычніку 2022 г. у Палацы мастацтваў адкрыта персанальная выстава твораў У. В. Уродніча «Берега моих горизонтов», прымеркаваная да 80-годдзя мастака і 50-годдзя творчай дзейнасці.

 

 Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўства

  1. Уродніч Уладзімір Васільевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2003. Т. 16. С. 253.
  2. Уродніч Уладзімір Васільевіч // Янка Купала : энцыклапедыя : у 3 т. Мінск, 2018. Т. 3. С. 315–316.
  3. Уродніч Уладзімір Васільевіч / Г. А. Фатыхава // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2015. Т. 6. С. 413–414.
  4. Уродніч Уладзімір Васільевіч // Максім Багдановіч : энцыклапедыя. Мінск, 2011. С. 524.
  5. Уроднич Владимир Васильевич / В. М. Жилевич //Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 427.
  6. Уроднич Владимир Васильевич // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. Минск, 2008. Т. 7. С. 326.
  7. Уродніч Уладзімір Васільевіч // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 495.
  8. Уродніч Уладзімір Васільевіч / Галія Фатыхава // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 2001. Т. 6, кн. 1. С. 589.
  9. Уродніч Уладзімір Васільевіч // Беларускі саюз мастакоў. 1938–1998 : энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1998. С. 542.
  10. Уродніч Уладзімір Васільевіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 365.
  11. Уроднич Владимир Васильевич// Художники Советской Белоруссии. Минск, 1976. С. 397.
  12. Уладзімір Уродніч : жывапіс / [прадмова Г. Фатыхавай]. – [Б. м. : б. в., 2008?] (Мінск : Интернешнл Транс Кэпитэл). – 43 с. : іл.
  13. Уродніч Васіль Мікалаевіч // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 297–298.
  14. Могила Уроднича Василия Николаевича : [Ремель] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 394.
  15. Овсепьян, И. Верой, правдой и памятью : [о выставке живописи В. В. Уроднича «Берега моих горизонтов» во Дворце искусств] / Ирина Овсепьян // СБ. Беларусь сегодня. 2022. 22 октября. С. 14.
  16. Боровицкая, Г. Малой родины милый уголок : [к 80-летию художника В. В. Уроднича] / Галина Боровицкая // Белорусская военная газета. 2022. 28 мая. С. 6.
  17. Вярэніч, С. Плывуць аблокі над Радзімай : [пра перасоўную выставу карцін У. В. Уродніча, якая арганізавана Столінскім раённым краязнаўчым музеем і дэманструецца ў Столінскім раёне] / Святлана Вярэніч // Сельская газета. 2021. 10 июля. С. 26.
  18. Каспяровіч, Л. Падарунак роднаму Палессю : [пра персанальную выставу У. Уродніча] / Людміла Каспяровіч // Культура. 2020. 26 верасня (№ 39). С. 3.
  19. Уроднич, В. В. Плывут облака над Родиной / [Владимир Уроднич ; беседовала] Ирина Овсепьян // СБ. Беларусь сегодня. 2020. 18 сентября. С. 14.
  20. Уроднич, В. В.«Горжусь службой под началом будущего маршала» / Владимир Уроднич ; беседовал Александр Севенко // Белорусская военная газета. 2019. 11 июля. С. 4.
  21. Мельнік, К. У. Сацрэалізм у спалучэнні з Таркоўскім : [аб выставе жывапісу У. Уродніча «Рэха памяці»] / Кірыл Мельнік // Культура. 2017. 29 ліпеня (№ 30). С. 3.
  22. Вярэніч, С. Уладзімір Уродніч і яго «Рэха памяці» / Святлана Вярэніч // Навіны Палесся. Столін, 2017. 14 ліпеня. С. 4.
  23. Шурховецкий, В. Дорогой памяти и правды : [о творчестве художника В. Уроднича] / Владимир Шурховецкий // Белорусская военная газета. 2016. 25 июня. С. 16.
  24. Куницкий, П. В Столине открылся выставочный зал : [об открытии городского выставочного зала, первая выставка живопись В. В. Уроднича] / Павел Куницкий // Вечерний Брест. 2014. 9 июля. С. 67.
  25. Фатыхава, Г. Краявіды памяці : у традыцыях суровага стылю : [аб выставе У. Уродніча «Я сёння да світанку ўстану...»] / Галія Фатыхава // Мастацтва. 2012. № 9. С. 6.
  26. 22 мая – 70 гадоў з дня нараджэння (1942) У. В. Уродніча, мастака, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі // Новыя кнігі : па старонках беларускага друку. 2012. № 2. С. 11–12. (дадатак: Даты беларускага календара).
  27. Уродніч, У. В. У мастацтве не так, як у модзе / У. В. Уродніч ; гутарыла Галія Фатыхава // Літаратура і мастацтва. 2010. 22 кастрычніка (№ 42). С. 15.
  28. Лобашов, Д. Воспевая подвиг на Буйничском поле : [о картине В. В. Уроднича «На Могилёвском направлении»] / Дмитрий Лобашов // Белорусская военная газета. 2008. 11 марта. С. 16.
  29. Уродніч, У. В. «Акунуцца ў глыбіню пачуццяў...» / У. В. Уродніч ; гутарыла Наталля Кірпічэнкава // Культура. 2007. 26 мая – 1 чэрвеня (№ 21). С. 14.
  30. Налівайка, Л. Палескі «рэнесанс» Уладзіміра Уродніча / Людміла Налівайка // Мастацтва. 2005. № 8. С. 1415.
  31. Уродніч, У. В. Не патануць у глабальным арт-плаванні / У. В. Уродніч ; запісаў Мікола Чэмер // Настаўніцкая газета. 2005. 27 студзеня.
  32. Марціновіч, А. Адраджэнне – душы наталенне : [пра паэтэсу Н. Загорскую і мастака У. Уродніча] / Алесь Марціновіч // Народная трыбуна. 2005. 22 студзеня (№ 3).
  33. Жылевiч, У. Асоба-2004 : [пра мастака У. В. Уроднiча] / Уладзiмiр Жылевiч // Навiны Палесся. Столiн, 2005. 11 студзеня.
  34. Раманенка, Л. Уроднiчы «параднiлi» Вялiкiя Арлы з Рамлём / Леанiд Раманенка // Заря. 2003. 6 декабря. С. 5.
  35. Б., К. Шляхам спасцiжэння : [пра выставу твораў У. Уроднiча ў Рэспублiканскай мастацкай галерэi] / Б. К. // Культура. 2002. № 47. С. 7.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 276 разоў Апошняя змена Серада, 26 Кастрычнік 2022 10:58