Серада, 23 Лістапад 2022 08:39

2022 г. — 115 гадоў з дня нараджэння Аляксея Андрэевіча Мінюка (1907–1977), фоталетапісца аг. Моталь (Іванаўскі р-н)

Алексей Андрэевіч Мінюк нарадзілася ў жніўні 1907 г. у в. Моталь Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Іванаўскі раён Брэсцкай вобласці) у вялікай і дружнай сям’і — у ёй было сямёра дзяцей (4 браты і 3 сястры).

 Старэйшы з братоў, Сцяпан Мінюк у 1933 г. атрымаў дыплом майстра каўбаснай вытворчасці. Мотальскія (а дакладней Мінюковы) каўбасы славіліся не толькі ў наваколлі, але і ў Любліне, Беластоку.

Аляксея больш вабіла зямля, родная прырода, навакольныя краявіды. Убачыўшы неяк фатографа з яго начыннем, фотаздымкі, Аляксей загарэўся жаданнем пераносіць на фотапаперу тое, што радавала і цешыла яго душу, але купіць фотапрылады было занадта дорага.  І хлопец з чатырохкласнай адукацыяй сам змайстраваў фотаапарат, павелічальнік. У каморцы-прыбудоўцы хлопец абсталяваў сваю «фоталабараторыю». Спярша здымаў для сябе, для душы, але неўзабаве пасыпаліся заказы ад суседзяў, аднавяскоўцаў, сялян з бліжэйшых вёсак. Плату ён браў мізэрную, толькі каб хапіла на фотапаперу, якую набываў у аднаго мотальскага гандляра-яўрэя.

Фотасправай Аляксей Мінюк заняўся ў 1927 г. Тады гэта рамяство толькі ўваходзіла ў моду, і многія людзі хацелі мець уласнае фота на памяць.

У гады Вялікай Айчыннай вайны Аляксей Мінюк знайшоў сваё месца ў барацьбе з захопнікамі. Работа фатографа дапамагала яму выконваць партызанскія заданні, рабіць патрэбныя падпольшчыкам здымкі, падрабляць нямецкія дакументы.

Аляксей Андрэевіч быў майстравітым чалавекам. Разам з сваім сынам змайстраваў лодачны матор — першы ў вёсцы. Маталяне, якім спрадвеку даводзілася вазіць сена на лодках, па-сапраўднаму ацанілі гэтае вынаходніцтва. Некаторы час Аляксей Мінюк працаваў касірам, прывозіў з Драгічына грошы, ніколі не затрымаўся з выплатай. Сумлення ён быў бездакорнага.

Асноўны перыяд яго творчасці прыйшоўся на 1950–1960-я гг., калі краіна ўжо аднавілася пасля вайны і наступіў этап актыўнага развіцця сельскай гаспадаркі, прамысловасці, адраджэння мясцовых рамёстваў. Аляксей Андрэевіч быў жаданым госцем у кожнай хаце, на любым свяце альбо падчас працы ў полі. Ён здымаў вяселлі, розныя ўрачыстасці, рабіў фотапартрэты землякоў, увекавечваў жыццё і працу вяскоўцаў. Да самых апошніх дзён жыцця ён не расставаўся з фотаапаратам і за перыяд сваёй творчай дзейнасці «напісаў» паўвекавую гісторыю палескай вёскі.

А. А. Мінюк памёр у 1977 г., пакінуўшы вялікую спадчыну ў негатывах і фотаздымках, стварыўшы паўвекавы летапіс палескай вёскі.

Практычна ў кожным мясцовым доме захаваліся карткі, зробленыя фатографам-самавукам. Каларытныя сцэны сялянскага побыту, аблічча палешукоў даваенных гадоў — у даматканых кашулях, вышытых кажухах, сельскія вяселлі, партрэты першых калгаснікаў. У Мотальскім музеі народнай творчасці захоўваецца больш за 4 тысячы негатываў Аляксея Мінюка. А самыя цікавыя фотаработы размешчаны ў выставачных залах, ствараючы непаўторнае візуальнае аблічча ўстановы культуры. 17 жніўня 2013 г. у Доме-музеі I з’езда РСДРП у Мінску была адкрыта выстава даваенных і пасляваенных фотаздымкаў Аляксея Мінюка «Палескае мястэчка: Моталь».

У 2020 г. адміністрацыя сельвыканкама (старшыня Сяргей Піліповіч) вырашыла арыгінальным спосабам увекавечыць памяць пра фотамайстра — на пешаходнай алеі ў цэнтры Моталя былі ўсталяваны лаўкі з выявамі гістарычных фотаздымкаў Алексея Мінюка. Да ХМiжнароднага фестывалю фальклору «Мотальскія прысмакі-2021» з’явілася плошча драўляных скульптур, сярод якіх размясцілася і фігура вядомага фатографа (скульптар Сяргей Козел).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава. Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

  1. Именитые мастера Мотоля // Мотоль. Шесть столетий на берегах Ясельды : [рекламное издание / гл. ред. Владимир Шпарло ; фото Павла Куницкого, Сергея Пилиповича, Андрея Рыбачука]. Брест : РИА «Вечерний Брест», 2022. С. 2832.
  2. Мінюк, А. Фоталетапісец Моталя : [пра А. А. Мінюка расказвае яго праўнук] / А. Мінюк// Памяць. Іванаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 550–551.
  3. Міхальчук, В. Моталь вачыма фотамастака / Валерый Міхальчук ; здымкі Аляксея Мінюка // Янаўскі край. Іванава, 2022. 11 сакавіка (№ 10). С. 8.
  4. Котковец, Л. Воспитание историей : [на площади аг. Мотоль установлены скамейки со старыми фотографиями Мотоля и его жителей, сделанные АлексеемМинюком] / Людмила Котковец // Янаўскі край. Іванава, 2021. 10 верасня (№ 36). С. 4.
  5. Кривецкая, Н. История на скамье : [в аг. Мотоль на пешеходной алее установили 12 скамеек-фотоальбомов с снимками первого мотольского фотографа-самоучки Алексея Минюка (19071977)] / Наталья Кривецкая // Заря. 2020. 4 ноября. С. 13.
  6. Марчук, Р. Мотальскі летапісец : [пра выставу фотаздымкаў Аляксея Мінюка «Палескае мястэчка: Моталь» у Доме-музеі I з’езда РСДРП] / Раіса Марчук // Народная трыбуна. 2013. 1 лістапада (№ 44). С. 11.
  7. Марчук, Р. Мотальскі летапісец : [пра выставу фотаздымкаў Аляксея Мінюка «Палескае мястэчка: Моталь» у Доме-музеі I з’езда РСДРП] / Раіса Марчук // Літаратура і мастацтва. 2013. 13 верасня (№ 36). С. 15.
  8. Каткавец, А. Было ў бацькі тры сыны : [радавод сям’і Мінюкоў з в. Моталь] / Ала Каткавец // Заря. 2009. 13 июня. С. 5; 20 июня. С. 11.
  9. Крэйдзiч, М. Паміж мінулым і будучым : [у гісторыю фоталетапісу Палесся ўвайшлі імёны: Аляксей Мінюк (в. Моталь Іванаўскага раёна), Юзаф Шыманчык (в. Косава Івацэвіцкага раёна), Юзаф Амбрэўскі, Аляксей Скакун (в. Астрамечава Брэсцкага раёна)] / Марыя Крэйдзіч // Народная трыбуна. 2006. 13 мая. С. 6.
  10. Крейдич, А. Дед, которым гордится внук : [о фотографе 1930-х гг. А. А. Минюке из д. Мотоль Ивановского района] / Анатолий Крейдич // Заря. 1998. 3 марта.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 179 разоў Апошняя змена Панядзелак, 27 Сакавік 2023 12:37