Серада, 23 Лістапад 2022 09:06

12 лістапада 2022 г. — 65 гадоў з дня трагедыі ў в. Буса (Іванаўскі р-н; 1957), пажара, у якім загінула 65 чалавек

12 лістапада 1957 г. жыхары в. Буса Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці сабраліся ў невялікай зале мясцовай школы, дзе звычайна паказвалі кіно. У пакой, які можа ўмясціць усяго 50–60 гледачоў, набілася чалавек сто. Напярэдадні вісела афіша, якая запрашала на прагляд фільма пра абаронцаў Брэсцкай крэпасці «Бессмертный гарнизон». Праз дванаццаць гадоў пасля Перамогі цікавасць да тэмы вайны была велізарная, усе хацелі паглядзець гэтую новую кінастужку.

 Кінаапаратура стаяла побач на стале. Меншыя гледачы сядзелі на падлозе перад самым экранам. Пайшлі першыя кадры. І людзі ўбачылі, што фільм ім прывезлі зусім іншы. Карціна называлася «Парень из тайги» (1941). Каб раней ведалі, многія, хутчэй за ўсё, засталіся б дома, але ж як прыйшлі, то сталі глядзець.

Прайшла хвіліна-другая, і плёнка абарвалася. Кінамеханік папрасіў пасвяціць яму лямпай электрычнасці ў тую пару ў Бусе яшчэ не было, кінаапарат працаваў ад дызельнага генератара, які запускаў памочнік кінамеханіка. А газоўку перад гэтым па злашчасным збегу акалічнасцяў заправілі бензінам. Лямпу знялі, пасвяцілі. Затым павесілі назад на кручок. Аднаго нязграбнага руху хапіла, каб яна ўпала, разбілася і кінаплёнка ўспыхнула як порах.

Людзі кінуліся да вокнаў. Калі іх разбілі, прыток паветра толькі ўзмацніў полымя. Хто быў бліжэй да акна, паспеў выскачыць. Астатнія ў таўкатні, справакаванай панікай, у лічаныя хвіліны задыхнуліся ад пароў сінільнай кіслаты. Як пазней устанавіла судова-медыцынская экспертыза, прычынай смерці сталі не апёкі, а атручэнне прадуктамі гарэння нітраплёнкі. Бо нават малая доза сінільнай кіслаты ў арганізме чалавека выклікае незваротныя працэсы.

Дасталі з пажарышча 63 целы, яшчэ два чалавекі памерлі ў бальніцы праз колькі дзён. Загінулі цэлымі сем’ямі: бацька і два сыны, маці і сын, дачка і бацька. Самай маленькай ахвяры трагедыі было восем гадоў. Абсалютную большасць гледачоў складалі дзеці і падлеткі: 50 чалавек з 65 былі маладзейшыя за 20 гадоў. Юнацтва і надзея вёскі за лічаныя хвіліны пайшлі ў вечнасць па недарэчнай выпадковасці.

Затым было пахаванне. Маракі Пінскай флатыліі выкапалі траншэі на могілках і памаглі правесці неабходны абрад. У вёсцы не было ніводнай сямі, дзе б не аплаквалі сваіх нябожчыкаў. Вёска стала як мёртвая. Расказвалі, што сабакі вылі тыдзень, а можа, і два. У Бусе жыццё быццам бы спынілася. Людзі доўгі час былі ў стане шоку, многія не знаходзілі адказу на пытанне, як жыць далей.

Для вызначэння прычын і ліквідацыі пажару пастановай Савета Міністраў БССР была створана камісія. 16–17 снежня 1957 г. адбыўся суд. На лаве падсудных аказаліся кінамеханік Выркоўскі, глядач Уладзімір Навумчык, які ўпусціў лямпу, загадчыкі школы і клуба, старшыні калгаса і сельсавета, сакратар партарганізацыі і начальнік раённай пажарнай аховы. Кінамеханіку далі дзесяць гадоў, гледачу — пяць, пажарнаму інспектару — два. Але ад таго, што многіх пакаралі, нікому лягчэй не стала.

Інфармацыю пра пажар засакрэцілі, жалобу ніхто не аб’яўляў. Толькі замежныя радыёстанцыі перадалі звесткі пра пажар, суайчыннікі ва ўсім Савецкім Саюзе нічога не ведалі пра трагедыю невялікай палескай вёскі. На пасяджэнні Сакратарыята ЦК КПСС было прынята рашэнне поўнасцю адмовіцца ад выпуску таннай нітратнай кінаплёнкі. Так што цалкам верагодна, што жыхары Бусы сваёй ахвярай выратавалі некага ад такой жа трагедыі.

Памяць пра трагедыю ніколі не давала спакойна жыць. На месцы пажарышча першы помнік з цэглы зявіўся ў 1958 г. Яго пабудаваў мясцовы ўмелец Мікалай Вырвіч. На чатырох баках абеліска былі напісаны прозвішчы загінулых. Людзі даглядалі помнік, але з гадамі ён стаў разбурацца.

У канцы 1990-х, калі Пятра Іосіфавіча Навумчыка, які страціў у пажары бацьку і сястру, абралі старастам вёскі, ён пачаў бударажыць грамадскасць наконт устаноўкі новага годнага помніка.

У 2002 г. на сродкі жыхароў вёскі, прадпрымальнікаў, работнікаў кінапраката, бюджэта сельвыканкама і райвыканкама быў выраблены і пастаўлены новы помнік. Выкананы ён у форме раскрытай кнігі з высокім крыжам пасярэдзіне. На левым баку зверху надпіс: «Вечная память трагически погибшим 12 ноября 1957 года». На гранітных плітах нанеслі імёны ўсіх, хто загінуў на пажары. Штогод 12 лістапада прыходзяць да помніка людзі, запальваюць свечкі, згадваюць родных, знаёмых, суседзяў.

Трэба ўзгадаць, што гэта была не першая трагедыя жыхароў палескай вёскі. У красавіку 1944 г. нямецка-фашысцкія акупанты з гармат расстралялі Бусу, усе 87 жылых дамоў і гаспадарчыя пабудовы вёскі згарэлі, загінулі 12 чалавек. Большасць людзей паспелі ўцячы ў лес. За час акупацыі 7 жыхароў расстралялі, 14 чалавек пагналі ў рабства. Пасля вызвалення бусаўцы жылі ў зямлянках, паступова адбудавалі свае сядзібы. З вёскі 65 мужчын пайшлі на вайну, з іх 29 не вярнуліся, большасць загінула пад Кёнігсбергам. У 1954 г. каля дзвюх дзясяткаў дамоў згарэла пры пажары ад дзіцячага свавольства.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава. Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

  1. Молодовский сельсовет. Молодово // Памятники Ивановщины рассказывают… / сост.: И. С. Шпак, Л. А. Добродей. Иваново, 2018. С. 164–207.
  2. Рукотворная память Буссы // О подвигах, о доблести, о славе... / Ивановская районная организация Белорусского общественного объединения ветеранов ; сост. М. П. Горупа. – Иваново : Ивановская районная типография, 2015. С 111–113.
  3. Туркевіч, В. М. Бусаўская трагедыя / В. М. Туркевіч // Памяць. Іванаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мiнск, 2000. С. 450–451.
  4. Буса // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2006. Т. 3. С. 372.
  5. Яскевіч, С. Буса жыве памяццю : [65 гадоў з часу трагедыі ў в. Буса] / Святлана Яскевіч // Звязда. 2022. 4 кастрычніка. С. 8.
  6. Яскевіч, С. Самае страшнае кіно мінулага стагоддзя : [60 гадоў з часу трагедыі ў в. Буса] / Святлана Яскевіч // Звязда. 2017. 11 лістапада. С. 7.
  7. Богданова, К. Фильм, ставший ужасом : [60 лет назад в д. Бусса во время киносеанса сгорела школа] / Катерина Богданова // Вечерний Брест. 2017.10 ноября. С. 6.
  8. Шиманский, А. Н. О Буссе замолвите слово : [60 лет после трагического пожара в д. Бусса] / А. Н. Шиманский // Янаўскі край. Іванава, 2017. 10 лістапада. С. 7.
  9. Котковец, А. Дело всей жизни : [Петр Иосифович Наумчик, староста д. Бусса, устанавливает памятники землякам] / Алла Котковец // Чырвоная звязда. Іванава, 2014. 11 лістапада. С. 4.
  10. Ковальчук, Д. «Сестра сгорела, прижимая платок ко рту» : [пожар в д. Бусса] / Д. Ковальчук // Белорусская нива. 2009. 10 декабря. С. 1, 12.
  11. Бабин, В. В мирные 50-е в Беларуси случилась ещё одна Хатынь : [происшествие в д. Бусса, 1957 г.] / В. Бабин// Комсомольская правда в Белоруссии. 2008. 1723 января. С. 12.
  12. Крэйдзіч, М. Пайшлі ў кіно і не вярнуліся : [аб трагедыі ў в. Буса] / Марыя Крэйдзіч // Народная трыбуна. 2007. 10 лістапада. С. 9.
  13. Николаев, А. Крещенный огнем : [о старосте д. Бусса П. И. Наумчике] / А. Николаев // Заря. 2007. 7 июня. С. 5.
  14. Павельчук, Л. Служить добру – его ежедневная потребность : [об инициаторе установки памятника жертвам пожара в д. Бусса П. И. Наумчике] / Л. Павельчук // Чырвоная звязда. Iванава, 2005. 23 жніўня.
  15. Селицкая, Л. Реквием у гранитного креста : [об открытии нового памятника жертвам пожара в д. Бусса] / Людмила Селицкая // Советская Белоруссия. 2002. 23 ноября. С. 19.
  16. Тиборовская, Т. Жертвы «Парня из тайги» : [память о трагедии д. Бусса] / Тамара Тиборовская // Рэспубліка. 2002. 15 лістапада. С. 1, 3.
  17. Яскевич, С. «У вочы ўзiралася памяць: усё чалавечае – з вамi? I мы не хавалi вачэй» : [о торжественном открытии памятника погибшим в 1957 г. кинозрителям в д. Бусса] / Светлана Яскевич // Заря. 2002. 14 ноября.
  18. Куницкий, П. Крест из мрамора напоминает о полесской трагедии : [об открытии нового памятника жертвам пожара 1957 г. в д. Бусса] / Павел Куницкий // Брестский курьер. 2002. 14 ноября (№ 46). С. 2.
  19. Беркут, О. Фильм ужасов на все времена : [о торжественном открытии памятника 65-ти погибшим в 1957 г. кинозрителям в д. Бусса] / Ольга Беркут // Вечерний Брест. 2002. 13 ноября. С. 23.
  20. Кукса, І. У Іванаўскім раёне адкрыты помнік на месцы трагедыі 1957 г. / Іван Кукса // Звязда. 2002. 12 лістапада.
  21. Ільюкевіч, В. Пётр Іосіфавіч Наумчык – стараста нефармальны : [пра старасту в. Буса] / В. Ільюкевіч // Чырвоная звязда. Іванава, 2000. 21 сакавіка. С. 2.
  22. Сулыга, Е. Приказано молчать: смертельная осень 1957-го / Е. Сулыга // Советская Белоруссия, 1998. 21 ноября. С. 16.
  23. Сулыга, Е. Бусса: смертельная осень / Е. Сулыга // Чырвоная звязда. Іванава, 1998. 31 сакавіка. С. 2.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 20 разоў