Серада, 23 Лістапад 2022 12:59

2022 г. — 115 гадоў з заснавання Бродніцкага спіртзавода (Іванаўскі р-н; 1907), вядучага прадпрыемства па вытворчасці спірта, крухмалу

Напачатку ХХ ст. Марыя-Ганна Выджга з’яўлялася ўладальніцай маёнтка Бродніца-Юхнавічы-Дубай у Пінскім павеце Мінскай губерні (цяпер в. Бродніца Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці). У 1907 г. яна заснавала броварны завод у Бродніцы. Бровары, вінакурні, броварныя заводы – вытворчасць, дзе варылі піва, гналі гарэлку. У Беларусі вядомы з ХVІ ст.

 Падчас Першай сусветнай вайны маёнтак Бродніца-Юхнавічы-Дубой быў пад нямецкай акупацыяй, падвергнуўся поўнаму разбурэнню. Былі знішчаны сад, парк, часткова разбураныя жылыя дамы, гаспадарчыя пабудовы і броварны завод.

Пасля вайны Марыя-Ганна Выджга вырашыла аднавіць разбураную гаспадарку. Заснавала ў Дубоі (цяпер у Пінскім раёне) сельскагаспадарчую школу, дзе навучэнцы вывучалі розныя дысцыпліны, у тым ліку рыбалоўства і пчалярства. У снежні 1929 г. атрымала дазвол на аднаўленне бровара ў Бродніцы. Пасля аднаўлення вытворчасці і да 1939 г. заводам кіраваў Ян-Карл Выджга. Пасля ўсталявання ў Заходняй Беларусі савецкай улады ў канцы 1939 г. завод быў нацыяналізаваны і знаходзіўся ў падпарадкаванні Беластоцкага спірттрэста.

У час Вялікай Айчыннай вайны завод трапляе пад вядзенне нямецка-фашысцкіх акупантаў. У перыяд вызвалення Беларусі завод быў часткова разбураны. На падставе пастановы Упраўлення харчовай прамысловасці БССР Бродніцкі спіртзавод аднавіў сваю дзейнасць у 1944 г.

Першая рэканструкцыя завода была праведзена ў 1961 г., што дазволіла ўвесці ў дзеянне новую кацельню, якая працавала на мазутным паліве, соладавы цэх і новыя разварнікі. З 1975 г. завод пачаў вытворчасць крухмалу фугаванага.

На пачатку «перабудовы» пачалася антыалкагольная кампанія, сталі закрываць спірт- і вінзаводы. Тады ў Бродніцы таксама была спынена вытворчасць спірту, нават абсталяванне часткова разабралі. Завод вырабляў толькі крухмал фугаваны. У 1989 г. было наладжана вытворчасць крухмалу сухога. З 1990 г. пачалося аднаўленне спіртавой вытворчасці, быў наладжаны выпуск спірту-сырца. Аднаўленне вытворчасці звязана з імем кіраўніка на працягу амаль чвэрці стагоддзя Мікалая Сцяпанавіча Данілюка, выдатнага прафесіянала, адданага сваёй справе чалавека.

З 1994 г. сталі вырабляць спірт эцілавы рэктыфікаваны вышэйшай ачысткі. З 2001 г. наладжаны выпуск спірту этылавага «Люкс». У 2012 г. укаранёна нізкатэмпературная схема апрацоўкі збожжавай сыравіны. На рэспубліканскай дэгустацыі ў Мінску сярод заводаў Беларусі, спірт «Люкс» быў прызнаны лепшым і заняў першае месца. У 2013 г. адбылося перапрафіляванне соладавага цэха пад вытворчую лабараторыю і бытавыя памяшканні. Праведзена поўная аўтаматызацыя працэсу вода-цеплавой апрацоўкі сыравіны. Залаты медаль і дыплом І ступені за спірт «Люкс» на Маскоўскім міжнародным конкурсе спіртоў (2013).

У кастрычніку 2013 г. на пасаду дырэктара быў назначаны галоўны інжынер Мікалай Адамавіч Сімончык. У 2015 г. праведзена мадэрнізацыя спіртасховішча з заменай даху, мантажом прытокава-выцяжной вентыляцыі і ўстаноўкай маланкааховы. Пачалася вытворчасць збожжавага дыстыляту, што стала прарывам, бо гэта вельмі складаны тэхналагічны працэс. Устаноўка па вырабу дыстыляту доўгі час заставалася адзінай у Беларусі. Дыплом І ступені за спірт «Люкс» на Маскоўскім міжнародным конкурсе спіртоў (2015).

На працягу апошняга дзесяцігоддзя на заводзе актыўна ажыццяўляецца мадэрнізацыя вытворчасці. Партнёрамі па вытворчасці сыравіны (збожжа, бульба) для завода з’яўляюцца сельскагаспадарчыя арганізацыі не толькі раёна, але і ўсёй рэспублікі. Каля паловы ўсёй нарыхтоўкі бульбы прымаецца ад грамадзян і фермерскіх гаспадарак. Завод працуе як з айчыннымі спажыўцамі, так і адпускае прадукцыю на экспарт у Расію, Малдову, Туркменію і інш.

У 2017 г. завод заваяваў дыплом І ступені і залаты медаль на Маскоўскім конкурсе спіртоў. У 2020 г. завод удзельнічаў у конкурсе «Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь» з дыстылятамі збожжавымі невытрыманымі, стаў пераможцам. Акрамя таго, было заваёвана золата і дыплом І ступені за высокую якасць спірта «Люкс Прэміум» на Маскоўскім міжнародным конкурсе спіртоў (2020).

Сёння Бродніцкі спірзавод з’яўляецца вытворчым участкам адасобленага структурнага падраздзялення «Івацэвіцкі спірзавод» ААТ «Брэсцкі лікёра-гарэлачны завод «Белалка». Гэта сучаснае высокатэхналагічнае прадпрыемства, адно з буйнейшых прамысловых прадпрыемстваў Іванаўскага раёна. Начальнік участка Анатоль Віктаравіч Бутрым. Калектыў невялікі — працуе 114 чалавек. Для рабочых створаны харошыя бытавыя ўмовы, рабочыя месцы адпавядаюць высокім стандартам. Для працоўнага калектыву арганізуюцца фізкультурныя святы, турысцкія паездкі па гістарычных месцах Беларусі.

Асноўнымі задачамі на прадпрыемстве з’яўляецца падтрыманне стабільнай сітуацыі ў працоўным калектыве, фарміраванне ў членаў калектыву высокага ўзроўню патрыятызму, дысцыпліны і выканаўчасці, стварэнне здаровага маральна-псіхалагічнага клімату, а так жа паспяховага выканання асноўных вытворча-эканамічных задач.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава. Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

 

  1. Бродницкий крахмальный завод // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 214.
  2. Бродніца // Памяць. Іванаўскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2000. С. 567.
  3. Новохрост, А. Качество с историей : [о работе Бродницкого спиртзавода па материалам беседы с начальником Анатолием Бутримом] / Александр Новохрост // 7 дней. 2021. 19–25 августа (№ 33). С. 17.
  4. Кресс, Д. Результат зависит от каждого : [о Бродницком спиртзаводе] / Диана Кресс // Янаўскі край. Iванава, 2020. 13 лістапада. С. 15.
  5. Кривецкая, Н. НаБродницком спиртзаводе освоен выпуск дезинфицирующего средства / Наталья Кривецкая // Янаўскі край. Iванава, 2020. 17 красавіка. С. 7.
  6. Кривецкая, Н. Оперативная переориентация / Наталья Кривецкая // Заря. 2020. 11 апреля. С. 3.
  7. Кресс, Д. Путь к успеху : [Бродницкому спиртзаводу – 110 лет] / Диана Кресс // Янаўскі край. Iванава, 2017. 14 лістапада. С. 1, 4.
  8. Федорук, М. Коллектив – за! : [о Бродницком спиртзаводе и его руководителе Николае Адамовиче Симончике] / Мария Федорук // Чырвоная звязда. Iванава, 2013. 15 лістапада. С. 8.
  9. Бродницкий крахмальный ждет перемен // Чырвоная звязда. Iванава, 2004. 21 верасня. С. 2.
  10. Аляксеева, Н. Прадукцыю завода ведаюць и за мяжой : [аб Бродніцкім крухмальным заводзе] / Н. Аляксеева // Чырвоная звязда. Iванава, 1998. 17 лютага.
  11. Кандратчык, Л. З прыцэлам на будучыню : [аб Бродніцкім крухмальным заводзе] / Л. Кандратчык // Чырвоная звязда. Iванава, 1993. 3 сакавіка. С. 2.

 

 

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 21 разоў Апошняя змена Чацвер, 24 Лістапад 2022 09:24