Аўторак, 20 Снежань 2022 16:32

2022 г. – 515 гадоў з часу першага ўпамінання ў пісьмовых крыніцах в. Бродніца (Іванаўскі р-н; 1507)

Вёска Бродніца Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў пісьмовых крыніцах упершыню ўзгадваецца ў 1507 г. У 1554 г. тут былі двары-хутары Івана Хвіцко, Мачко Кунэўча, Андрэя Шымановіча, Івана Дземяновіча. Згодна з пісцовай кнігай у 1555 г. Бродніца належала Ставецкаму двару ў Пінскім павеце, 16 гаспадарак. Па адзін бок вуліцы знаходзіліся дамы, па другі гумны.

 Пасля прыняцця «Уставы на валокі» 1557 г. сяло лічылася княжацкім. Тут пражывалі сяляне, якія плацілі падатак непасрэдна вялікаму князю, быў створаны фальварак. У канцы XVI ст. – у Пінскім павеце Трокскага ваяводства ВКЛ, шляхецкая ўласнасць. Уладальнік Бродніцы князь Альбрыхт Станіслаў Радзівіл у 1658 г. (ці раней) падараваў сяло езуітам. Паводле інвентару 1774 г. фальварак уваходзіў у маёнтак Дубай Пінскага павета і належаў пінскім езуітам. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай з 1795 г. – складзе Расійскай імперыі. З 1801 г. у складзе Пінскага павета Мінскай губерні.

У 1865 г. адкрыта народнае вучылішча. На 1882 г. у вучылішчы было 110 вучняў. У 1870 г. сяло Бродніца ў маёнтку Дубай. На 1885 г. – сяло ў Дубайскай воласці, 27 двароў, 233 жыхары, валасное праўленне, праваслаўная царква, школа. Побач з вёскай – аднайменны фальварак, уласнасць памешчыка Пятра Даманоўскага. У 1890 г. у Дубаўскай воласці налічвалася 114 несялянскіх двароў, 15 344 дзесяцін сялянскай зямлі, 30 паселішчаў, у якіх 752 двары і 9678 душ.

 14 снежня 1905 г. сяляне Бродніцы і суседняй в. Рылавічы аб’явілі забастоўку, спалілі паравы млын і малатарню, потым у лесе маёнтка Дубай учынілі самавольную рубку леса. У 1906 г. у маёнтку Бродніца таксама адбылася забастоўка. У 1909 г. у маёнтку 1 двор, 64 жыхары, у сяле 53 двары, 467 жыхароў, на хутары той жа назвы 2 двары, 6 жыхароў.

 У 1915–1918 гг. Бродніца акупіравана нямецкімі, з 1919 г. польскімі войскамі. З 1921 г. у складзе Польшчы. На 1924 г. вёска – цэнтр Бродніцкай гміны Пінскага павета Палескага ваяводства, 60 будынкаў, 327 жыхароў, у фальварку 3 будынкі, 41 жыхар. Пазней населеныя пункты зліліся ў адзін. У 1935 г. ў вёсцы 334 жыхары, у маёнтку – 42. У 1938 г. 96 двароў, 530 жыхароў.

 З 1939 г. у БССР. На 1940 г. сяло, цэнтр Бродніцкага сельсавета Жабчыцкага раёна Пінскай вобласці, 124 двары, 604 жыхары, спіртзавод (70 рабочых), медпункт. У склад сельсавета ўваходзілі 7 паселішчаў з насельніцтвам 3567 жыхароў (па іншых звестках – 3798), дзейнічаў клуб. У 1941–1944 гг. вёска акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Ад рук акупантаў загінулі 3 жыхары вёскі, на франтах – 11 воінаў-землякоў. На ўшанаванне памяці аднавяскоўцаў у 1968 г. пастаўлены абеліск.

 Паводле перапісу 1959 г. ў вёсцы 701 жыхар (у сельсавеце тады былі 23 населеныя пункты з насельніцтвам 5888 жыхароў). Паводле перапісу 1979 г. ў вёсцы 630 жыхароў. У чэрвені 1945 г. створаны калгас імя Чапаева, які ў 1950 г. увайшоў у склад калгаса імя Маленкова, Бродніца стала цэнтрам аб’яднанай гаспадаркі, у 1957 г. перайменаванай у «Запаветы Ільіча». У 1965 г. калгас быў рэарганізаваны ў саўгас «Бродніцкі». У 2003 г. на базе саўгаса створана СВП «Бродніца».

 У 1960-я гг. на базе фельчарска-акушэрскага пункта адкрыта ўчастковая бальніца, дзейнічала пачатковая школа (у 1961 г. – 54 вучні). Крухмальны завод (заснаваны ў 1907 г. як спіртзавод), лясніцтва, пачатковая школа, дзіцячы сад, амбулаторыя, аптэка, Дом культуры, бібліятэка, аддзел сувязі, сталовая, магазіны, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання. У цэнтры вёскі – Крыжаўзвіжанская царква, пабудаваная ў 1865 г., – помнік драўлянага дойлідства з элементамі позняга класіцызму і рэтраспектыўна рускага стылю. На 2019 г. у аграгарадку 428 жыхароў.

 У Бродніцы нарадзіўся жывапісец Францішак Бруздовіч (1861–1912), творчая дзейнасць якога звязана з мастацкім жыццём Беларусі і Польшчы. Вучыўся ў Варшаве і Кракаве, працаваў у галіне манументальна-дэкаратыўнага і станковага жывапісу. У 1898 г. ўдзельнічаў у размалёўцы касцёла ў Кельцах (Польшча). Выканаў шэраг насценных замалёвак у касцёлах Нясвіжа і в. Цімкавічы (Капыльскі раён, 1906–1908), Мінска (1911).

 

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава.

 

Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацы

  1. Бродница // Города и районы Брестчины: история и современность. Ивановский район / [Е. Г. Калечиц и др. ; под общей редакцией А. А. Горбацкого] ; Ивановский районный исполнительный комитет. Брест : Брестская типография, 2017. С. 759–760.
  2. Бродніца // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. Мінск, 2011. Т. 2. С. 41.
  3. Бродніца // Гарады і вёскі Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2007. Т. 3, кн. 1. С. 371–372.
  4. Бродніца // Памяць. Iванаўскi раён : гiст.-дакумент. хронiка. Мінск : БЕЛТА, 2000. С. 567.
  5. Бродніца // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1970. Т. 2. С. 400.
  6. Бродніца // Вандроўкі па Палессі : фотаздымкі 1923–1939 гадоў са збору Музея Беларускага Палесся ў Пінску / [складальнік, аўтар уступнага артыкула, тэксту і каментарыяў В. А. Лабачэўская ; фота: Д. Георгіеўскі і інш.]. Мінск, 2021. С. 148.
  7. Бродницкийсельсовет. Бродница // Памятники Ивановщины рассказывают / [сост. И. С. Шпак, Л. А. Добродей]. Иваново : Ивановская районная типография, 2018. С. 164–207.
  8. Мароз, В. В. Драўляныя і сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск, 2018. – 512 с. : іл. – Са зместу: Бродніца. С. 7, 133, 179.
  9. Бродницкий сельсовет // О подвигах, о доблести, о славе... : 75-летию образования Ивановского района и 70-летию Победы советского народа в Великой Отечественной войне посвящается / Ивановская районная организация Белорусского общественного объединения ветеранов ; сост. М. П. Горупа. Иваново : Ивановская районная типография, 2015. С. 25–44.
  10. Раманюк, М. Ф. Бруздовіч Францішак / М. Ф. Раманюк, М. М. Яніцкая // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1984. Т. 1. С. 472–473.
  11. Кулагин, А. Н. Крестовоздвиженская церковь / А. Н. Кулагин. Памятник землякам : [д. Бродница] // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 191.
  12. Воронина, Е. Едины историей, богаты людьми и традициями : [аг. Бродница отпраздновал 515-летний юбилей.] / Елена Воронина // Янаўскі край. Іванава, 2022. 9 верасня (№ 36). С. 7.
  13. Кривецкая, Н. Музей в лесу : [о работе Бродницкого лесничества, в котором находится музей] / Наталья Кривецкая // Янаўскі край. Іванава, 2022. 6 студзеня (№ 1). С. 10.
  14. Оскирко, И. Экспонаты рассказывают : [о музее, созданном в Бродницком лесничестве Пинского лесхоза] / Иван Оскирко // Белорусская лесная газета. 2022. 6 января (№ 1). С. 11.
  15. Целюк, А. ...Закрыть нельзя оставить : [о Бродницкой начальной школе, в которой мало учеников] / Анастасия Целюк // Янаўскі край. Іванава, 2020. 27 сакавіка (№ 13). С. 7.
  16. Мишковец, А. Новый остановочный пункт в Броднице / Анастасия Мишковец // Янаўскі край. Іванава, 2019. 6 верасня. С. 2.
  17. Цвирко, В. 150 золотых маршрутов моей Беларуси : авторский проект художника, реставратора, путешественника Владимира Цвирко / Владимир Цвирко // 7 дней. 2016. 29 декабря (№ 5).С.2425.
  18. Целюк, А. Бродница – в «Прямом эфире» : [акция «Прямой эфир представляет...», приуроченая к Году культуры, прошла в сельском клубе] / Анастасия Целюк // Чырвоная звязда. Іванава, 2016. 25 кастрычніка. С. 3.
  19. Алексейчик, Я. Иван да Марья : [биография ветерана Великой Отечественной войны Ивана Макаровича Евенко, после войны жил в д. Бродница Ивановского района] / Яков Алексейчик // Сельская газета. 2016. 3 мая. С. 7.
  20. Горупа, М. Куточак гэты родны Бродніцай завецца : [свята вёскі] / Мария Горупа // Чырвоная звязда. Іванава, 2007. 9 кастрычніка. С. 1.
  21. Дулеба, Г. З гісторыі праваслаўных храмаў : [у в. Бродніца – Крыжаўздзвіжанская царква (1865)] / Г. Дулеба // Чырвоная звязда. Iванава, 2007. 12 студзеня. С. 4.
  22. Аляксееў, В. Эстафета рушыла ў дарогу : [эстафета «Мой родны край» прайшла ў Бродніцкім сельсавеце] / В. Аляксееў // Чырвоная звязда. Іванава, 2000. 15 лютага.
  23. Кухарчук, В. Бродніца: ёсць такая вёсачка / В. Кухарчук // Чырвоная звязда. Іванава, 1994. 28 студзеня. С. 2.

 

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 238 разоў