Аўторак, 20 Снежань 2022 16:42

2022 г. – 145 гадоў з часу пабудовы Спаса-Праабражэнскай царквы ў аг. Моталь (Іванаўскі р-н; 1877), помніка архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю

              Рэлігійнае жыццёў аг. Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці мае даўнюю гісторыю. Першыя пісьмовыя звесткі аб Мотальскім праваслаўным прыходзе адносяцца да 1561 г. У гэты час тут было чатыры царквы: Спаская, Прачысценская, Пятроўская і Узнясенская. Лёс гэтых храмаў невядомы.

 У 1863 г. у Моталі здарыўся вялікі пажар, згарэла шмат дамоў і разам з імі драўляная царква, закладзеная ў XVI ст. Бонай Сфорца, жонкай польскага караля Жыгімонта I Старога. У 1865 г. урад выдзеліў сродкі на пабудову новай мураванай царквы. Праект храма складзены ў 1867 г. архітэктарам М. Барташэўскім.

Будаўніцтва вялося пад наглядам архітэктара К. Увядзенскага. Гэта была першая каменная царква ў Іванаўскім раёне. Прыхаджане самі нарыхтоўвалі і выпальвалі цэглу, будавалі 12 гадоў. У 1871 г. у Моталі 274 двары, 2249 жыхароў. У 1877 г. (па іншых звестках у 1888 г., але гэта дата памылковая) будаўніцтва Спаса-Праабражэнскай царквы была завершана, неўзабаве пачаліся набажэнствы.

Пабудавана царква па кананічнай 4-часткавай схеме: размешчаныя па падоўжнай восі званіца (2 васьмерыкі на чацверыку), трапезная, кубічны храм, 5-гранная апсіда. У сілуэце будынка дамінуюць цыбулепадобныя галоўкі званіцы і 5-купалле 4-схільнага даху асноўнага аб’ёму. Фасады расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі, раскрапаваны лапаткамі, карнізам з сухарыкамі. Тры ўваходы вырашаны арачнымі парталамі з казыркамі.
У архітэктурным дэкоры выкарыстаны ліштвы аконных праёмаў, філёнгі.

Пры ўваходзе – хоры на аркадзе. Апсіда вылучана драўляным
4-ярусным іканастасам канца ХІХ ст. Абразы ХVІІІ–ХІХ стст.: «Хрыстос Пантакратар», «Хрыстос у пустыне», «Адзігітрыя», «Святое сямейства», «Праабражэнне», «Ражджаство Прасвятой Багародзіцы», «Серафім Сароўскі», «Спас Пантакратар», «Святы Феадосій», «Маці Божая Замілаванне» (у чаканным абкладзе, 1808).

У справаздачы Іванаўскага благачыннага святара Міхаіла Будзіловіча 1905 г. згадваюцца больш падрабязныя дадзеныя аб храме і прыходзе. У гэты час у Мотальскі прыход уваходзілі вёскі: Тышкавічы, Крывіца, Пнюхі. Псышчава, Упірава, Ганцавічы, Дзядовічы, Заезер'е. Прыхаджан было 3927 мужчын і 3793 жанчын. У мясцовым народным вучылішчы навучалася 115 вучняў, у дзвюх царкоўна-прыходскіх школах – 77 вучняў, у школе граматыкі – 38 вучняў.

У 1932 г. Лявонцій Былінскі быў вызначаны другім святаром Мотальскай царквы. З 1936 г. па хадатайніцтву свайго дзядзі Льва Апалонавіча Радзялоўскага, настаяцеля Мотальскага храма, святаром служыў Георгій Аляксандравіч Раздзялоўскі.

У гады Вялікай Айчыннай вайны святары Леў і Георгій Раздзялоўскія выратавалі жыццё многім маталянам. Аднойчы нямецкі афіцэр прыйшоў са спіскам членаў КПЗБ і актывістаў Савецкай улады да састарэлага айца Льва, а той сказаў, што спісак ілжывы, камуністаў у Моталі няма, і парваў спісак. У 1943 г. айцец Георгій выйшыў з крыжам насустрач карнікам і спыніў карную аперацыю фашыстаў, выратаваў палову вёскі ад знішчэння. А калі ў ліпені 1942 г. у Пінскай турме была расстраляная дырэктар Мотальскай школы, падпольшчыца Вольга Георгіеўна Міронава, айцец Георгій, які быў удаўцом і меў пяцёра сваіх дзяцей, узяў на выхаванне і яе чатырохгадовую дачку Людмілу.

Пасля вайны ў Мотальскай царкве служылі: айцец Давід, айцец Фёдар, айцец Леанід, якія ў цяжкія гады ваяўнічага дзяржаўнага атэізму неслі вучэнне Ісуса Хрыста людзям. У 1940-я гг. быў створаны царкоўны хор, які дзейнічае і дагэтуль. У 1960-я гг. з боку ўладаў былі спробы закрыць храм, але, дзякуючы актыўным намаганням вернікаў і настаяцеля, храм адстаялі, не далі закрыць.

У цяперашні час настаяцелем Свята-Праабражэнскай царквы Іванаўскага благачыння Пінскай епархіі з’яўляецца іерэй Пётр Адамавіч Кісель. У 2010 г. намаганнямі айца Пятра храм быў адрэстаўраваны і распісаны, была адкрыта Нядзельная школа. Пачаліся работы па добраўпарадкаванні святой крыніцы за 2 км ад Моталя. На тым месцы да сярэдзіны ХХ ст. стаяла капліца ў гонар Іаана Хрысціцеля, па вялікіх святах сюды прыходзілі вернікі хрэсным ходам, у 2016 г. святыня была адноўлена. У 2014 г. на тэрыторыі царквы ўстаноўлены памятны знак рускім воінам і ахвярам Першай сусветнай вайны.

19 жніўня 2022 г. адбылося святкаванне 600-годдзя аг. Моталь. З нагоды 145-годдзя храма Праабражэння Гасподняга адслужана святочная літургія з удзелам мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніаміна, Патрыяршага Экзарха усяе Беларусі. Пасля хрэснага ходу Патрыяршы Экзарх асвяціў плады навага ўраджаю. Прыхаджанне i дабрачынцы храма былі адзначаны ўзнагародамі Праваслаўнай Царквы і медалямі святога прападобнамучаніка Макарыя, ігумена Пінскага. У канцэртнай праграме да 600-годдзя Моталя выступіў мужчынскі хор «Всехсвятский» з Мінска.

Свята-Праабражэнская царква аг. Мотальз’яўляецца помнікам архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Храм унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (шыфр 113Г000277). З’яўляецца адным з важнейшых турыстычных аб’ектаў Моталя.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г. Іванаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Ф. І. Панфёрава.

 

Пай Вольга Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Мотальская Спаса-Праабражэнская царква// Культура Беларусі : энцыкладпеыя : [у 6 т.]. Мінск, 2014. Т. 5. С. 622–623.
  2. Мотольская Спасо-Преображенская церковь // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2010. Т. 1, кн. 2. С. 106.
  3. Царква ў гонар Праабражэння Гасподняга // Кулагін, А. М. Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. Мінск, 2007. С. 283–284.
  4. Мотольская Спасо-Преображенская церковь// Туристическая энциклопедия Беларуси. Минск, 2008. С. 81.
  5. Габрусь, Т. В. Преображенская церковь : [д. Мотоль] / Т. В. Габрусь // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 195.
  6. На ветрах столетий // Мотоль. Шесть столетий на берегах Ясельды : [рекламное издание / гл. ред. Владимир Шпарло ; фото Павла Куницкого, Сергея Пилиповича, Андрея Рыбачука]. Брест : РИА «Вечерний Брест», 2022. С. 813.
  7. Мароз, В. В. Драўляныя і сакральныя помнікі Берасцейшчыны : нарысы гісторыі, археалогіі і культуры / В. В. Мароз. – Мінск, 2018. – 512 с. : іл. – Са зместу: Моталь. С. 17, 53, 54, 78, 86, 113, 121, 185, 274, 287, 304.
  8. Беларусь Православная : [фотоальбом / худож. А.П.Маковцев]. Минск : Мин. ф-ка цв. печати, 2007. 319с. : фот.
  9. Саломка, І. Кранальнай любасці і веры свята : [аб свяце ў аг. Моталь, прысвечаным 145-годдзю мясцовага храма] / Ірына Саломка // Янаўскі край. Іванава, 2022. 26 жніўня (№ 34). С. 14–15.
  10. Кисель, П. Добрый пастырь : [о бывшем настоятеле Мотольской церкви Георгии Роздяловском] / иерей Петр Кисель // Янаўскі край. Іванава, 2021. 31 снежня (№ 52). С. 13.
  11. Соломка, И. День небесных покровителей – Вселенских учителей : [12 февраля праздник трех святителей: Василия Великого, Григория Богослова и Иоанна Златоуста, в храме Преображения Господня аг. Мотоль] / Ирина Соломка // Янаўскі край. 2018. 23 лютага. С. 13.
  12. Соломка, И....И свет благодати умножится : [о святом источнике у аг. Мотоль, где теперь построена часовня] / Ирина Соломка // Чырвоная звязда. Іванава, 2016. 28 кастрычніка. С. 7.
  13. Целюк, А. Самое главное для женщины – быть мамой : [о Татьяне Кисель, жене настоятеля Мотольского храма] / Анастасия Целюк // Чырвоная звязда. Іванава, 2016. 14 кастрычніка. С. 1, 5.
  14. Каткавец, А. Мясцовыя паданні і традыцыі : [на скрыжаванні цэнтральных вуліц Моталя ля крыжа-абярэга ляжыць камень-следавік] / Ала Каткавец // Чырвоная звязда. Іванава, 2016. 12 чэрвеня. С. 5.
  15. Сяргеева, А. Святыня : [урочышча «Крыніца» ля аг. Моталь] / А. Сяргеева // Чырвоная звязда. Іванава, 2015. 30 студзеня. С. 16.
  16. Садзіч, Б. Мотальскай царкве – 123 / Б. Садзіч // Чырвоная звязда. Іванава, 2000. 12 снежня.
  17. Старых, М. Дарога да храма : [в. Моталь] / М. Старых // Народная газета.1991. 23 красавіка.

 

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 190 разоў Апошняя змена Панядзелак, 17 Ліпень 2023 09:20